https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


УсВЯДОМліваем і ДаСЛЕДУЕМ?..


Пытанне, ці быў Скарына ў Маскве, ужо не гучыць надта актуальна, калі ўявіць, як яго ў той час маглі там прыняць. Адчуванне таго, які агонь ён насіў у сабе, магло б стаць лепшым тлумачэннем тым фактам яго жыцця, што падаюцца нам незразумелымі. Усё гэта ёсць у п’есах, якія з’явіліся дзякуючы рэспубліканскаму конкурсу «Францыск Скарына і сучаснасць» (п’есы змешчаны ў зборніку), правядзенне якога ініцыяваў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і пры падтрымцы Беларусбанка, і ў двух гучных спектаклях, што ўбачылі свет. І пастаноўка Саўлюса Варнаса «Скарыны» паводле Мікалая Рудкоўскага ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры, і спектакль Аляксандра Гарцуева «Кар’ера доктара Рауса» (па п’есе Віктара Марціновіча) у РТБД аказаліся надзвычай рэзананснымі. Сёння спрабуем разабрацца: якія матывы кіравалі стваральнікамі, у чым карысць звароту да гістарычных асоб у тэатры ў наш час? І ці можна праз гісторыю зацікавіць людзей тэатрам, і наадварот? Прапануем думкі экспертаў і стваральнікаў спектакляў.
__________________________________________________

Алена Мальчэўская, тэатральны крытык, член журы конкурсу «Францыск Скарына і сучаснасць»:

— Беларускі тэатр перажыў «гістарычны выбух» у 1990-я гады. У значнай ступені гэта былі п’есы, што адкрывалі гледачам невядомыя, малавядомыя, неасэнсаваныя і забароненыя старонкі мінулага, выводзілі на сцэну гістарычных Асоб. Потым на некаторы час цікавасць да гістарычных тэм у тэатры спала: у нас выявілася шмат праблем з сучаснасцю.

На маю думку, цяпер інтарэс пакрысе аднаўляецца, але ў іншай якасці. У 2010-я ўжо неактуальна тлумачыць гледачам сутнасць асноўных падзей і значнасць імёнаў гераічнай мінуўшчыны.

Актуальным пытаннем становіцца барацьба з гістарычнымі стэрэатыпамі, пэўнай плоскасцю гістарычных постацей у грамадскай свядомасці. Яскравы прыклад — п’есы «Скарына» Мікалая Рудкоўскага і «Кар’ера Доктара Рауса» Віктара Марціновіча, якія сталі пераможцамі конкурсу «Францыск Скарына і сучаснасць».

Саўлюс Варнас, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, пастаноўшчык спектакля «Cкарына»:

— Я прапанаваў Мікалаю Рудкоўскаму напісаць п’есу для будучай пастаноўкі, патлумачыў, што мяне цікавіць у жыцці Скарыны. Мікалай прапанаваў літаратурны варыянт, але я падышоў да тэксту свабодна.

Тэма мне блізкая: жыву ў Вільнюсе за 20 крокаў ад дома, дзе былі яго друкарскія станкі… У першую чаргу мне быў цікавы яго асобасны пачатак: як ён выспяваў. Я глыбока перакананы, што тыя асобы, якія больш за ўсё далі краіне, часцей за ўсё выходзілі з асяродка, дзе сувязь з прыродай цесная, бліжэй да зямлі, ёсць большае адчуванне таго, што тоеснае ў жыцці. Хоць я разумею, што былі часы, калі Полацк меў большае значэнне як культурны цэнтр, чым ужо ў часы Скарыны.

Але Скарына — гэта чалавек, які адбыўся. Ён ішоў за сваёй марай. Мне здаецца, гэта вельмі важна ў цяперашні час, калі мы залежныя ад культурнага асяродка, у якім жывём, у якім склаліся пэўныя меркаванні. Мы часта жывём не сваім жыццём. А ён, мне здаецца, быў верны сваім унутраным адчуванням. Мне было цікава прасачыць, як ён прайшоў гэты шлях, што значылі яго розныя сустрэчы. Верагодна, у той час ён мог належаць да аднаго з таемных таварыстваў, што мяне таксама цікавіла.

Ці ўцягваем гледача, думаю, гэта залежыць ад таго, як пастаноўка зроблена, якая размова сёння ідзе, на якой тэатральнай мове. Ці ёсць кантакт-дыялог... З водгукаў мяне здзівіла, што педагогаў са школы бянтэжыць, напрыклад, дзяўчына ў пеньюары, нібыта шмат эротыкі ў спектаклі, хоць пра гэта казаць смешна, калі тэлебачанне нават у дзённы час можа паказваць значна болей адкрытасці.

Мне хацелася раскрыць любоў чалавека ў шырокім сэнсе гэтага слова: каханне да жанчыны, яго любоў да абранай прафесіі, да сваёй ідэі. Чыста гістарычнае часам успрымаецца гледачом як нешта чужое, далёкае. Складана прыцягнуць толькі тым, што гэта гісторыя.

Зусім іншае — праз Скарыну прывесці да таго, што сёння можа быць актуальна, што можа адгукнуцца ў душы, каб чалавек зразумеў: вось тут мне баліць ці я павінен спыніцца, каб разабрацца ў сабе. Таму што ўсё, што мы пражываем, — спроба апраўдаць сваё існаванне на зямлі, упісаць сябе ў гэты час. І аддаць тое, што праз цябе можа прыйсці ў гэты свет.

Віктар Марціновіч, пісьменнік, аўтар п’есы «Кар’ера доктара Рауса»:

— Скарына — вельмі характэрная для беларускай гісторыі постаць. Ён класічны «чалавек памежжа». Драмы ягонага жыцця адбываліся менавіта з-за таго, што краіна нашая месціцца паміж Усходам і Захадам, на месцы сустрэчы дзвюх культур — праваслаўнай, кірылічнай, і заходняй, лацінскай.

У ягонай біяграфіі я пабачыў тыповыя павароты, якія пазней паўтараліся ў лёсах шмат якіх выбітных беларусаў. Пры гэтым мне нецікава было ствараць яшчэ адну (якую па ліку!) гістарычную п’есу пра Скарыну, і я прыдумаў гэты незвычайны расповед пра сучасны свет, у якім проста не прыдумалі кніг...

Мне хацелася, каб у першых актах гледачу было весела, у другім — сумна, бо фінал жыцця пана Францыска я лічу менавіта драмай. Але ягоныя кніжкі засталіся, і менавіта ў гэтым — у здольнасці кнігі трываць у часе, перажываць людзей, якія яе стварылі, — я бачу аптымізм Скарынавай сітуацыі.

Калі гаварыць пра тэатр, то, на мой погляд, ягоная сіла не ў тым, «каб нешта тлумачыць людзям», — з гэтым выдатна спраўляецца кніга. Перавага тэатра ў тым, каб нешта паказаць людзям, змясціць іх у цэнтр дзеі, прымусіць забыцца на тое, кім гледачы ёсць. Таму тэатр часцяком уздзейнічае мацней за тэкст.

Анатоль Бутэвіч, пісьменнік, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, член журы конкурсу «Францыск Скарына і сучаснасць»:

— Конкурс парадаваў. Здзівілі вынікі, што за кароткі тэрмін было напісана больш за 30 твораў. Калі казаць пра больш шырокае ўвасабленне постаці Скарыны, то тут могуць быць розныя пазіцыі, думкі. Да таго, што паставіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ў спектаклі «Кар’ера доктара Рауса», ставіцца можна па-рознаму, але пры гэтым ёсць погляд, які дасць вынік. Не трэба мысліць прамалінейна: ён герой, і не можа быць ніякіх іншых падыходаў. Але ж гэта надзвычай загадкавая постаць нават дагэтуль.

1. Пра гэта сведчаць жыццёвыя факты: то ён быў асабістым сакратаром у біскупа (спрачаюцца, хто ён па веравызнанні: католік, праваслаўны ці пратэстант), то служыў у аднаго караля, які быў праціўнікам другога, а потым раптам апынуўся з іншага боку.

Некаторыя прапануюць версію, што ён быў з разраду вужоў, але ж гэтыя факты патрабуюць даследавання, бо такая асоба проста так да караля не трапіць.

І калі на Скарыну будзе шырокі погляд — не толькі як на першадрукара, — і нават такі нетрадыцыйны, як паказаў тэатр беларускай драматургіі, можа, ў грамадстве будзе большая цікавасць да асоб. Рабіць з кагосьці ікону, напэўна, несправядліва. Шырокі сцэнічны погляд дазваляе зрабіць са Скарыны жывога чалавека, не адмаўляючы таго гераічнага, што ён зрабіў.

Таму што па сённяшніх мерках за такія пераклады не толькі Дзяржаўную прэмію варта было б даваць, але званне героя краіны: унікальная праца з усіх пазіцый — ад змястоўных аналітычных падыходаў у прадмовах да ілюстрацый, перакладаў ды іншай працы па арганізацыі справы.

Трэба ўлічваць факт, што гэта было зроблена ў Еўропе, якая карысталася лацінскім шрыфтам. А ён працаваў з кірыліцай у той Еўропе, якая спавядала каталіцызм, значыць, адразу была скіраванасць на нашыя землі. І каб гэта здзейсніць, патрабавалася мужнасць. Калі разглядаць яго працу як камерцыйны праект, хто мог даць гарантыю, што ўсё гэта акупіцца?

Але справа была зроблена. І дзякуй Богу, што яна ў нашай свядомасці пачынае абрастаць чалавечымі рысамі. Сцэна — той арганізам, што дазваляе больш шырока знаёміцца з гісторыяй.

Паглядзіце, колькі гадоў у Купалаўскім тэатры ідзе «Чорная панна Нясвіжа» Аляксея Дударава, і, можа, гэта паспрыяла таму, што Барбара Радзівіл стала больш таямнічай і прывабнай для нас, а разам з ёй — і тая частка жыцця нашай радзімы.

2. Калі мы глыбока імкнёмся спазнаць Скарыну, то разумеем, што таго, чаго пра яго не ведаем, нават больш, чым таго, што вядома. Беларусь мае выбітнага ва ўсіх іпастасях — ад перакладчыка да кнігавыдаўца — чалавека, мы павінны быць больш зацікаўленыя, каб пра яго ведалі і мы самі, і іншыя.

Далёка не кожная еўрапейская краіна можа пахваліцца 500-годдзем нацыянальнага кнігадрукавання. Але калі мы зірнём на постаць самога Скарыны, то ён і яго дзейнасць да гэтага часу загадкавыя.

Пра гэта сведчаць і факты: за 3 гады выдадзена 23 кнігі. Мы некалі жартавалі з дырэктарам і галоўным рэдактарам «Мастацкай літаратуры», што нават буйное выдавецтва не здолела б і сёння перакласці і выдаць столькі.

Значыць, альбо Скарына працаваў не адзін, а з вялікай арцеллю, і не адзін ці не тры гады, калі выдаваліся кнігі, а рыхтаваўся загадзя. А ён мала таго, што перакладаў, яшчэ пісаў прадмовы для твораў. І арганізоўваў працэс. Скарына — гэта, напэўна, адзіны аўтар перакладаў (нават без духоўнага сану), партрэт якога аказаўся змешчаны ў Бібліі. Напэўна, унікальны выпадак у біблейскай справе. І гравюры ў яго кнігах — таксама загадка. Усё яшчэ трэба разгадваць і даследаваць.

3. Даследчую працу трэба рабіць не толькі ад юбілею да юбілею, а нястомнаняспынна. Ёсць даследчыкі Скарыны ў Маскве, наогул у Расіі, у іншых краінах, ёсць краіны, якія звязаныя са Скарынам. Нам бы ўзяць — ці Інстытуту гісторыі, ці Інстытуту літаратуры Акадэміі навук — і аб’яднаць усіх навукоўцаў, скласці «дарожную карту», што можна было б каму даследаваць, магчыма, быў бы большы плён. Таму што кірункаў у скарыназнаўстве шмат. Як і загадак асобы Скарыны. Нават даты нараджэння і смерці дакладна не ўстаноўленыя, і месца пахавання невядомае.

Дзеля пошуку месца пахавання Францыска Скарыны летась па ініцыятыве Беларускага фонду культуры створана грамадская ініцыятыва, якую я ўзначальваю. Сёння да яе далучыліся і вучоныя, і святары, і ўвогуле ўсе неабыякавыя.

Гэтую ініцыятыву падтрымлівае Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў Беларусі. Мы былі ў Празе, кантактавалі з нашым пасольствам, з мясцовымі даследчыкамі. Рабілі пэўныя захады ў Празе, ездзілі ў Крумлаў, дзе сын Скарынаў жыў. Пошук можа даць плён: цяпер магчымасці ідэнтыфікацыі большыя, чым раней. Магчыма, знойдзем месца, дзе можна будзе аддаць Скарыну даніну пашаны.


 

Кoличество переходов на страницу: 388


Комментарии