https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Яркая зорка беларускага адраджэння



Яркая зорка беларускага адраджэння
Кастусь Цвірка

Лёгкасць ды яшчэ агонь,
проста піндараўскі...

               Адам Міцкевіч

Яшчэ Максім Багдановіч сваім пільным мастакоўскім вокам здолеў разгледзець на захмараным літаратурным небе Беларусі надзвычай яркую, вельмі адметную і вабную зорку, імя якой - Ян Чачот. Называючы самых першых «будзіцеляў» нацыі, пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, якраз гэтае імя вылучыў аўтар «Слуцкіх ткачых» сярод іншых пісьменнікаў першай паловы ХІХ стагоддзя.

У артыкуле «Беларускае адраджэнне» ён зазначыў: «Больш каштоўны ўклад у беларускую літаратуру ўнёс Ян Чачот... Шчыры дэмакрат, які горача любіў беларускі народ, ён збіраў і выдаваў творы беларускай паэзіі, пісаў па-беларуску маралізатарскага характару брашуркі (яны, аднак, не былі надрукаваны), а ў зборніку «Piosnki wiesniacze» (1844 г.) змясціў каля трох дзесяткаў сваіх беларускіх вершаў, напісаных на ўзор народных песень. Стыль быў вытрыманы Чачотам так удала, што гэтыя п'ескі неаднаразова перадрукоўваліся рознымі этнографамі як чыста народныя».

Такая высокая ацэнка творчасці Яна Чачота давалася ў той час, калі яшчэ не былі вядомыя яго некалі вельмі папулярныя сярод студэнтаў і іншай моладзі, поўныя агню і маладога шалу беларускія філамацкія вершы і песні, яго выключна цікавыя, заснаваныя на беларускіх народных паданнях балады, што зрабілі вялікі ўплыў на Адама Міцкевіча, урэшце, яго, знойдзеныя толькі нядаўна, «Спевы пра даўніх ліцвінаў» - своеасаблівая гісторыя старажытнай Беларусі ў песнях. Па сутнасці мы ўсё яшчэ адкрываем для сябе Яна Чачота, творчасць якога была распылена па розных, амаль не даступных цяпер выданнях і шматлікіх архівах. Дарэчы, яшчэ не знойдзены зборнік Чачотавых твораў, які збіраўся выдаць у Маскве сасланы туды яго сябар-філамат Ануфры Петрашкевіч...

Значэнне творчасці Яна Чачота цяжка пераацаніць. Ян Чачот - гэта досвітак новай беларускай літаратуры, яе першыя крокі, прадвесне нашага нацыянальнага адраджэння. Ён быў сапраўднай пуцяводнай зоркай для многіх пакаленняў беларусаў, яркім прыкладам самаадданага служэння свайму народу.

Нарадзіўся Ян Чачот у вёсцы Малюшычы Наваградскага павета на самым схіле ХVІІІ стагоддзя - 24 чэрвеня 1796 г., якраз на свята Яна Купалы - таму і атрымаў такое імя. Хрысцілі малога Яна, «сына радавітай шляхецкай сям'і Чачотаў - Тадэвуша і Клавы з дому Гаціскіх», як даводзяць метрыкі, у парафіяльным касцёле ў Варончы. Прычым ён быў ахрышчаны двойчы - спачатку, 6 ліпеня, вуніяцкім, а потым, 19 ліпеня, - каталіцкім святаром, які даў яму і другое імя - Антоні. З Малюшычаў Чачоты, якія арандавалі там фальварак, праз нейкі час перабраліся пад Баранавічы. Гаспадар сям'і Тадэвуш Чачот наняўся там да пана Тызенгаўза служыць аканомам у маёнтку Рэпіхава Навамышскай парафіі таго ж Наваградскага павета (цяпер - Ляхавіцкі раён). Тут, на берагах ракі Мышанкі, і «прамільгнуў ранак жыцця» Яна Чачота, як сведчыць яго балада «Мышанка».

Адсюль, з-пад Новай Мышы, Ян Чачот падаўся на вучобу ў павятовы горад Наваградак, у дамініканскую школу, дзе шчыра, на ўсё жыццё пасябраваў са сваім аднакласнікам, таксама ўраджэнцам Наваградчыны, будучым вялікім паэтам з сусветным імем Адамам Міцкевічам. Пра пачатак гэтага сяброўства, пра гады вучобы ў Наваградскай школе святых дамініканцаў, ці «белакаптурных», як называлі іх вучні (ад адзення - белы каптур), паэтычна расказвае Адам Міцкевіч у вершы, напісаным 24 чэрвеня 1819 года ў час святкавання імянін Яна Чачота:

О Ян! Б'юцца музы за верш твой, каб быў адмысловы!
Мне ж не памагаюць! Але - сам спяваць я гатовы!
Са мной ты заўсёды - я дома ці дзесьці на волі.
Каго ж больш люблю я, хто змалку мілейшы мне болей?
Яшчэ на парозе жыццёвым, у галасе вуліц.
Адны ў нас навукі былі, перапалкі і гулі.
І хто ж апроч нас з табой, Яне, так шумна сваволіў,
Што трэсліся тоўстыя сцены, здаецца, у школе?
І хто ж да нас белакаптурным так смела пярэчыў,
Пад палкі іх горда свае падстаўляючы плечы?..
Хаця пра чарцей мы спрачаліся да пасінення,
Хаця, пра душу маю дбаючы, ў часе малення
Мяне ты з аблокаў, куды я ўсё лётаў у марах,
Ізноўку вяртаў на зямлю, таўхануўшы мне ў карак.
Адны былі думкі ў нас, як і ў навуках рахуба,
Пакуль не ўхапіў цябе ў лапы свае Людвік Дзюба.
Пачаў ты тады ўжо ад стоіцкіх цнот ухіляцца
І жыць не занадта набожна, жыццём захапляцца.
Тады, паднабраўшыся сіл, бы з крыніцы чароўнай,
Ва ўсім перамог ты Адама - фізічна й духоўна...

Як відаць з гэтых сяброўскіх прызнанняў, ні Адама Міцкевіча, ні Яна Чачота ўжо не задавальнялі казённыя, часта схаластычныя «навукі», якія ім убівалі ў галовы з дапамогай бізуноў «белакаптурныя», каго яны не раз «абдурвалі» сваёй «шыфраванай мовай». З затхлых цемнаватых калідораў дамініканскай школы іх неадольна цягнула на волю, на прастор, дзе віравала сапраўднае жыццё, з усімі яго бядотамі і радасцямі, з яго дзівоснымі кантрастамі і супярэчнасцямі і дзе людзі рупіліся зусім іншымі, чым у школе, вельмі далёкімі ад кніжных турботамі. Неадрыўныя ад жыцця, ад свайго мінулага і сучаснасці, гэтыя людзі часта ў саміх сябе неслі гісторыю: напрыклад, бацька Адама Міцкевіча быў удзельнікам паўстання пад кіраўніцтвам авеянага легендамі Тадэвуша Касцюшкі і мог нямала цікавага расказаць сыну, як і яго сябру Яну Чачоту.

Успаміны бывалых людзей, асабліва такіх, як Мікалай Міцкевіч, паўстанцаў, мэты якіх так і засталіся няспраўджаныя, бунтавалі розум і сэрцы дапытлівых юнакоў, гэтакіх непадобных да іншых, часта старэйшых узростам («даўгіх, як чаплі») і тупаватых, няздатных да навукі, але паслухмяных «шкаляроў». Ды і самі сябры добра бачылі праявы ганебнага нацыянальнага і сацыяльнага ўціску.
Пра гэта ўжо тады, у школьныя часы, пачыналі задумвацца абодва юнакі, надзеленыя ад прыроды чулай душой і добрымі сэрцамі. Ужо тады са спагадай, з павагаю глядзелі яны на просты люд, з якім сустракаліся ўсюды - і ў самім Наваградку, і ў ваколіцах. Якраз гэта спагада, гэта павага і цягнула іх больш уважліва прыгледзецца да народнага жыцця, вывучаць вусную паэзію беларуса-селяніна, яго звычаі, абрады, вераванні. Пра зацікаўленасць Яна Чачота і Адама Міцкевіча народнай творчасцю ў часы навучання ў Наваградку сведчыць іх блізкі сябар і зямляк, таварыш па Віленскім універсітэце і Таварыстве філаматаў Ігнат Дамейка, які піша ў сваіх успамінах: «Два нашы студэнты Наваградскай школы з гадоў маленства добра ведалі наш літоўскі (гэта значыць беларускі. - К.Ц.) люд, палюбілі яго песні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй, да чаго, вядома ж, прычынілася і тое, што малое мястэчка Наваградак не шмат чым адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было хутчэй сельскае. Сябры хадзілі на кірмашы, на царкоўныя ўрачыстасці, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. У тыя школьныя часы ўбогая страха і народная песня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь. Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў. Ян жа да смерці застаўся верны народнай паэзіі...»

У 1815 годзе, развітаўшыся часова з Наваградкам, Ян Чачот і Адам Міцкевіч скіравалі ў Вільню - шукаць сваю долю. Не здолеўшы трапіць у лік «казённакоштных» студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, як гэта ўдолося Адаму Міцкевічу, Ян Чачот мусіў шукаць нейкую працу. Спачатку меў невялікі заробак за паслугі віленскім адвакатам, а потым знайшоў пасаду пісара, альбо «пішчыка», як ён сам сябе называў, у Масе радзівілаўскай - створанай царом Аляксандрам І спецыяльнай камісіі для разбору архіваў нясвіжскіх Радзівілаў пасля смерці апошняга іх нашчадка Дамініка Радзівіла.
Толькі праз год пасля пераезду ў Вільню Ян Чачот змог ажыццявіць сваю мару - стаць студэнтам «галоўнай школы Літвы» - Віленскага ўніверсітэта. Паступіў ён на факультэт маральных і палітычных навук з мэтай вывучыцца на адваката. Таму заўсёды хадзіў «пад руку» са «Статутам Вялікага Княства Літоўскага». «Так я заглыбіўся ў «Статут», - пісаў Чачот сябру Ануфрыю Петрашкевічу, - што калі з Жэготам (Ігнатам Дамейкам. - К.Ц.) пачынаем спяваць, то ён з кнігі нямецкай, а я са «Статута» што-небудзь спяваю». Праўда, вучобу трэба было спалучаць са службай у Масе.

Разам з тым дзейсны па натуры Ян Чачот не мог адгарадзіцца ад свету стосамі папер ды кнігамі. Гэта ж быў час нарастання грамадска-палітычнага руху, накіраванага супраць царскага самадзяржаўя, барацьбы за адмену прыгонніцтва. Абвешчаныя Вялікай французскай рэвалюцыяй палымяныя лозунгі свабоды, роўнасці, братэрства былі з энтузіязмам падхоплены перадавымі грамадскімі коламі многанацыянальнай Расейскай імперыі.

Калі ў 1817 годзе ўтварылася тайная арганізацыя студэнтаў Віленскага ўніверсітэта Таварыства філаматаў (аматараў навук), Ян Чачот, не задумваючыся, уступае ў гэтае згуртаванне, каб прыняць у ім самы актыўны ўдзел. Разам з Тамашом Занам, Адамам Міцкевічам, Юзафам Яжоўскім, Ануфрыем Петрашкевічам, Францішкам Малеўскім, Міхалам Рукевічам, Юзафам Кавалеўскім, Ігнатам Дамейкам і іншымі сябрамі-філаматамі ён рабіў усё, каб аб'яднаць беларускую моладзь для актыўнай грамадскай дзейнасці. Чачот надзвычай актыўна выступаў на філамацкіх пасяджэннях са сваімі творамі, з разглядам творчасці сяброў, з навуковымі паведамленнямі, рабіў агляды варшаўскага друку. Аб грунтоўнасці і сур'ёзнасці яго выступленняў сведчыць хаця б прачытаная на адным з такіх пасяджэнняў рэцэнзія на баладу Адама Міцкевіча «Курганок Марылі». Але больш за ўсё любілі філаматы Яна Чачота за яго вясёлыя і смелыя песні і вершы, якія ён пісаў да ўсіх сходак і вечарынак філамацкай сям'і. Ян Чачот быў як бы штатным «песняром», ці «дударом» згуртавання. Прычым, як падкрэслівае «Польскі слоўнік біяграфічны», «спецыяльнасцю яго былі беларускія песні, якія ён складаў да падзей дня на ўзор народных песень».

Паколькі розныя згуртаванні, тым больш тайныя, строга забараняліся, філаматы былі вельмі асцярожнымі ў падборы новых сяброў. Выбіраліся толькі надзейныя і здатныя да навуковай дзейнасці і літаратурнай творчасці студэнты. Таму Таварыства філаматаў было нешматлікай арганізацыяй. За ўвесь час свайго існавання ў яго ўваходзіла толькі дзевятнаццаць чалавек. Але гэта было па сутнасці толькі ядро больш шырокай арганізацыі моладзі. Філаматы імкнуліся пашырыць свой уплыў на ўсю моладзь акругі Віленскага ўніверсітэта - гэта значыць Беларусі, Летувы і часткова Украіны. Таму яны шмат намаганняў прыкладалі для стварэння больш прадстаўнічых арганізацый. Першы імі быў створаны Саюз сяброў, у які за адзін год увайшло 30 студэнтаў. У 1820 годзе намаганнямі Тамаша Зана было арганізавана Таварыства прамяністых, якое пасля было пераўтворана ў тайнае Таварыства філарэтаў (прыхільнікаў маральнай чысціні), якое падзялялася на чатыры аддзелы - фізіка-матэматычны (ён падзяляўся на саюзы - Малінавы, Ружовы, Зялёны), юрыдычны (саюзы - Белы, Ліловы), літаратурны (Блакітны саюз) і медыцынскі (Цёмна-сіні саюз). Ян Чачот узначаліў літаратурны аддзел. Ён вельмі актыўна ўзяўся за згуртаванне мясцовых творчых сілаў, за выхаванне літаратурнай моладзі, з вялікай патрабавальнасцю ставячыся да яе творчасці, за што маладыя літаратары жартам празвалі яго Ментарам.

Кажучы пра філамацкі перыяд Чачотавай біяграфіі, нельга не адзначыць і яго дзейнасці як выдаўца і рэдактара твораў Адама Міцкевіча. Якраз Чачоту - як сябру і выдатнаму паэту - даручыў Міцкевіч выдаць у Вільні зборнік сваёй паэзіі. Сам ён у гэты час настаўнічаў у Коўне і не заўсёды мог адтуль прыехаць. Ян Чачот, нягледзячы на вялікую загружанасць, з усёй адказнасцю ўзяўся за працу. Ён быў і рэдактарам, і карэктарам Міцкевічавай кнігі. Аўтар быў пастаўлены ў жорсткія тэрміны, таму спяшаўся дапісваць сваю кнігу. Ён сам адчуваў, што ў творах не ўсё ладна, але тут ён поўнасцю пакладаўся на паэтычны густ свайго рэдактара, якому даручаў папраўляць дзе трэба тэкст. Чачот уважліва чытаў прысланыя з Коўна творы сябра, рабіў у іх неабходныя праўкі. З некаторымі аўтар не мог згадзіцца, некаторыя ж з удзячнасцю прыняў. З гэтымі Чачотавымі папраўкамі мы і сённы чытаем асобныя творы вялікага Адама Міцкевіча.

Увогуле Таварыства філаматаў была праўдзівая сям'я пабрацімаў, надзіва моцная і дружная. Узаемная дапамога ў вучобе, у побыце была звычайнай нормай у стасунках філаматаў.
У 1823 годзе было выкрыта царскімі ўладамі Таварыства філарэтаў, а ўслед за ім і Таварыства філаматаў. Для высвятлення ступені вінаватасці яго сяброў, маштабу дзейнасці згуртаванняў моладзі ў Вільню быў пасланы сенатар Навасільцаў. Яго загадам каля 100 філарэтаў і філаматаў было кінута ў халодныя сцены розных віленскіх кляштараў, ператвораных у турму. Аж да красавіка 1824 года вялося следства. З яго сканчэннем зняволеных выпусцілі. Апрача чатырох - Тамаша Зана, Яна Чачота, Адама Сузіна і Яна Янкоўскага. Для вынясення прысуду цар Аляксандр І стварыў спецыяльны камітэт, у які ўвайшлі сенатар Мікалай Навасільцаў, міністр асветы Аляксандр Шышкоў і генерал Аляксей Аракчэеў. Згодна з прысудам, які быў зацверджаны царом, дзесяць філаматаў і дзесяць філарэтаў высылаліся ў «аддаленыя губерні» Расеі. Адам Міцкевіч, Юзаф Яжоўскі, Францішак Малеўскі і іншыя філаматы і філарэты былі вывезены ў Пецярбург. Самы суровы прысуд вынеслі тром найбольш актыўным удзельнікам згуртаванняў моладзі - Тамашу Зану, Яну Чачоту і Адаму Сузіну, якіх высылалі аж на Урал, дзе яны павінны былі яшчэ адсядзець у «крэпасці»: Зан - год, Чачот і Сузін - па паўгода. Ян Чачот трапіў у крэпасць Кізіл. Адтуль, пасля адсідкі, яго перавялі ва Уфу. У 1830 годзе ён змог пераехаць у Маскву, а праз чатыры месяцы - у Цвер, пасля - у Таржок. У 1833 годзе яму дазволілі - пад нагляд паліцыі - вярнуцца ў Беларусь, у Лепель, дзе ён уладкаваўся на службу ў дырэкцыі Бярэзінскага канала. У Лепелі Ян Чачот заняўся зборам народных песень, якія потым увайшлі ў яго зборнікі. Толькі ў 1839 годзе «государь император высочайше повелеть соизволил», як гаворыцца ў цыркуляры, адпусціць Яна Чачота дамоў, на Наваградчыну, і зняць з яго паліцэйскі нагляд. Яна Чачота, здароўе якога было падарвана за гады зняволення і ссылкі, узяў на пасаду бібліятэкара былы апякун філаматаў ліберальны граф Храптовіч, які валодаў адной з найбагацейшых у Эўропе бібліятэк, што знаходзілася ў яго маёнтку ў Шчорсах. Пасля смерці гаспадара ў 1844 годзе Чачот жыў у сваіх сяброў на Наваградчыне - у вёсках Бортнікі, Вольная і Далматаўшчына, займаўся выданнем зборнікаў беларускага фальклору.

Пасля цяжкая хвароба прывяла яго ў Друскенікі, «на воды». Але, на жаль, лячэнне не дало чаканага выніку, і 23 жніўня 1847 года Яна Чачота не стала. Пахавалі яго ў блізкай ад Друскенікаў вёсцы Ротніца, на парафіяльным цвінтары. Адам Міцкевіч, са спазненнем даведаўшыся пра смерць свайго сябра, з болем у сэрцы пісаў 26 чэрвеня 1853 года Ігнату Дамейку з Парыжа ў Чылі: «Дарагі Ігнат, вось што-кольвек пра нашых былых сяброў і мінулыя часы. З двух канцоў зямлі, якія аддалілі нас адзін ад аднаго, мы бачым па-рознаму цяперашнія часы, у мінулым жа мы сустракаемся па-ранейшаму. Не ведаю, ці вядома табе, што ад нас пайшоў твой ранейшы таварыш, а мой стары друг (з першага класа) Ян Чачот. Дзень яго смерці нам не вядомы. Мы даведаліся толькі, што ён памёр. Прыблізна ў той час, калі ён памёр, мне ўсё снілася пра яго адно і тое ж: што ён прыехаў у Парыж, а я з-за нейкіх перашкод не магу з ім пабачыцца. Гэта мучыла мяне ў сне, і я прачынаўся сумны. Мне доўга не хацелася верыць весткам пра яго смерць, якія ў нас так цяжка праверыць. Цяпер я ведаю пэўна, што ён памёр. Доўгія гады і многія ўспаміны звязвалі мяне з ім. Перад смерцю ён выдаў беларускія песні, і яны там мелі вялікую прыхільнасць...»

Праз дзесяць гадоў пасля смерці Яна Чачота сябры паставілі на яго магіле годны помнік, на якім і сёння можна прачытаць словы верша Антонія Эдварда Адынца, маладзейшага сябра паэта:

Сваю маладосць ён аддаў для навукі і Цноты,
За век свой ён зведаў і холад, і змрок сутарэння.
Спагада да бліжніх - вось існасць ягонай істоты,
Цяжкое жыццё яго ўсё - гэта шлях да збавення.
Імя яго будзе ў краіне навекі звязана
З Адамам Міцкевічам, з іменем Томаша Зана.
Хто ведаў яго - перад каменем гэтым схіліся,
Пастой, памаўчы і за ўсіх за траіх памаліся.

Першыя вядомыя літаратурныя творы Яна Чачота з'явіліся недзе каля 1818 года і, так ці інакш, былі звязаны з філамацкім жыццём. Песні і вершы з нагоды студэнцкіх урачыстасцяў пісалі разам з Янам Чачотам і Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ануфры Петрашкевіч, Міхал Рукевіч, Тэадор Лазінскі. «Аднак, - заўважае вядомы польскі фалькларыст і літаратуразнавец Станіслаў Свірка ў кнізе «З кола філамацкага перадрамантызму», - наймацней адбілася ў жыцці філаматаў песенная творчасць якраз Чачота. Не было імянінаў, маёўкі ці сяброўскага сходу, якога б Янак (альбо Ян з Мышы, як яго таксама звалі) не аздобіў сваімі сардэчнымі «песенькамі», як заўсёды, патрыятычнымі, народнымі сваім духам, нярэдка напісанымі на матыў песні беларускага люду...»

Тыя песні і вершы Яна Чачота, і польскія, і беларускія, якія дайшлі да нас дзякуючы публікацыі Яна Чубака («Паэзія філаматаў», т.1-2, Кракаў, 1922) і іншых польскіх даследчыкаў, паказваюць нам цудоўны песенны талент паэта. Напеўнасць, шчырая непасрэднасць і празрыстасць вершаў Чачота дазвалялі ім вельмі лёгка класціся на музыку. Зрэшты, Ян Чачот часта і пісаў іх на гатовы ўжо матыў вядомых яму беларускіх народных песень. Пры гэтым ён не забываў пазначыць, на матыў якой канкрэтна народнай песні трэба было спяваць напісаныя ім вершаваныя строфы.

Вельмі любілі філаматы, ды і наогул віленская моладзь, напрыклад, вясёлую жыццярадасную песню Яна Чачота «Што старыя за вар'яты», напісаную дзесьці ў 1818 ці 1819 годзе на матыў беларускай народнай песні «Чаму дзеўку не любіць, калі дзеўка ладна», што адзначыў у прыпісцы сам аўтар. Такой жа бадзёрай, аптымістычнай была вельмі папулярная сярод моладзі Чачотава песня «Прэч, сум, нудоты...». У прыпісцы да яе аўтар даводзіў, што напісана яна на матыў песні «крывічанаў», г.зн. беларусаў, песні, якая пачынаецца словамі: «Сем дзён малаціла, шастак зарабіла...». Ахвотна спявала моладзь і тыя Чачотавы песні, якія былі напісаны на матывы беларускіх народных песень «Ой валы ж мае да палавыя...», «Бяду сабе купіла да за свае грошы...», «Як не бачу Петруся, то я з ветру валюся...» і інш. Шмат такіх песень напісаў Ян Чачот у турэмных засценках. Усе яны прызначаліся для паэтавай каханай Зосі Малеўскай - вельмі прыгожай дачкі рэктара Віленскага ўніверсітэта, у доме якога часта збіраліся філаматы, бо яго сын, Францішак Малеўскі, таксама быў сябрам Таварыства. Гэтыя песні Зося ахвотна выконвала пад фартэпіяна.

У многіх песнях Яна Чачота адбіліся антыўрадавыя настроі моладзі, вольналюбівыя ідэі аўтара. Гэтыя творы віленская моладзь заўсёды прымала бурнымі воплескамі, а самога аўтара часам падымала «на ўра». Але самы вялікі поспех, асабліва ва ўніверсітэцкай моладзі, якая ў асноўным паходзіла з апалячанай беларускай шляхты, мелі тыя філамацкія творы Яна Чачота, што былі напісаны па-беларуску. Сам факт звароту да мовы запрыгоненага, бяспраўнага мужыка-беларуса гаварыў пра многае, і перш за ўсё - пра адкрыты дэмакратызм паэта.

Першыя з беларускіх твораў Яна Чачота, якія дайшлі да нас, адносяцца да 1819 года. Значыць, ужо на самым пачатку свайго творчага шляху Ян Чачот звярнуўся да мовы свайго народа, пачаў уводзіць яе ў літаратурны ўжытак. Шчасліва захавалася яго напісаная па-беларуску паэтычная сцэнка (Ул.Казбярук назваў яе драматычнай паэмай), прымеркаваная да 7 сакавіка 1819 г. - як своеасаблівае віншаванне з днём нараджэння старшыні Таварыства філаматаў Юзафа Яжоўскага, родам з Украіны. Умоўна гэты твор названы - «Яжовыя імяніны»: пад такім агульным загалоўкам падаваліся ў згаданай вышэй кнізе «Паэзія філаматаў» усе матэрыялы, што адносіліся да святкавання дня нараджэння Яжоўскага, або Ежа, як называлі яго філаматы. Сам Ян Чачот, які заўсёды выступаў са сваімі вершамі на падобных урачыстасцях, тым разам прыехаць на свята не здолеў. Як службовец Масы ён у гэты час быў накіраваны ў Менск. Адтуль паэт і прыслаў свае вершы ў Вільню, выказаўшы пры гэтым - зноў-такі ў вершаванай форме - шкадаванне, што ў той час, як яго прыяцелі «апаражняюць бутэлькі» ў вясёлым застоллі, ён «посціць, як святы», у Менску, дзе яго прымушае «маршчыніць чало мазольная пасада пісара». Прысланыя вершы Яна Чачота зачытаў на ўрачыстасці Тамаш Зан, а сцэнку разыгрывалі гуртам.

Пра тое ўражанне, якое рабілі на слухачоў першыя беларускія вершы і песні Яна Чачота, сведчыць хоць бы той факт, што адзін з гэтых слухачоў, вучоны з сусветным імем Ігнат Дамейка нават праз 50 гадоў успомніў у далёкай Чылі Чачотаву песню «Што ж мы вашэці скажам...», якая ўваходзіла ў тую паэтычную сцэнку і якую асобна спявалі потым філаматы на ўсіх сваіх урачыстасцях.
Папулярная сярод моладзі была і жартоўная песня «Да пакіньце горла драць». Напісаў яе Чачот да імянін сябра-філамата Дзіянісія Хлявінскага. Выконвалася яна - з адпаведнымі папраўкамі - і на імянінах іншых філаматаў. Да нас песня дайшла (праўда, не цалкам) у варыянце, які спяваўся на імянінах Францішка Малеўскага (Яроша).

Пра той вялікі поспех, які выпаў на долю гэтай вясёлай беларускай песні, расказвае ў пісьме да Адама Міцкевіча 16 лістапада 1819 года сам аўтар: «На імяніны Дзіянісія я напісаў некалькі мужыцкіх песень (заўважце - некалькі беларускіх песень! - К.Ц.), сярод якіх апошняя «Да пакіньце горла драць» найбольш прыйшлася даспадобы Тамашу (Зану. - К.Ц.), ён прыдумаў да яе, як я ўжо казаў, матыў і лез з ёй да ўсіх, як цыган на кірмашы. А раз спадабалася песня, я мусіў напісаць вершы і для Яроша і той самы верш «Да пакіньце горла драць» перарабіць для яго. І не толькі гэтыя, але і «Што ж мы вашэці скажам», разахвочаныя, спявалі. Словам, на імянінах і чыталі, і спявалі...»

Адаму Міцкевічу не проста спадабаліся беларускія песні Яна Чачота - і тыя, што ён сам чуў на імянінах сяброў, і гэтая апошняя, «Да пакіньце горла драць», якую ён неўзабаве змог пачуць. У гэтых песнях ён бачыў нешта больш значнае, больш важнае, чым звычайныя творы. Сваё захапленне песнямі Яна Чачота ён выказаў у пісьме да яго ад 27 лістапада таго ж года: «Што мяне... узрадавала - прызнаюся табе па-філамацку - гэта твая песня, дакладней, твае песні, я бачу агромністы і хуткі прагрэс з часу твайго ўступлення на пісьменніцкую дарогу. Лёгкасць ды яшчэ агонь, проста піндараўскі, пераўзышлі нават тыя надзеі, якія я ўскладаў на цябе. Прэч з дарогі, Заны, прэч, Адамы! Не лянуйся, калі ласка! Ты пішаш усё лепш...»

Беларускія песні Яна Чачота ведалі і спявалі ўсе філаматы. Ведаў і спяваў іх з сябрамі і Адам Міцкевіч. Адзін маленькі факт, пададзены ў пісьме Тамаша Зана да Верашчакаў ад 31 кастрычніка 1820 года. Едучы ў Вільню, Тамаш Зан заначаваў у заездным доме ў Канвалішках. Раптам сярод ночы яго будзіць гучны і вясёлы спеў:

Да пакіньце горла драць!..
Калі ён прахапіўся, то ўбачыў перад сабой двух сваіх сяброў - Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Яны ехалі з Вільні ў Наваградак і таксама спыніліся на гэтай станцыі. Даведаўшыся, што тут начуе іх сябар Тамаш Зан, яны гэтакім во чынам і выказалі сваю радасць ад сустрэчы.

Ведаючы, з якой прыхільнасцю ставіўся Адам Міцкевіч да твораў на беларускай мове, Ян Чачот у гонар ягонага вельмі чаканага ўсімі філаматамі прыезду з Коўна піша па-беларуску прывітальны верш, у якім выказвае свае шчырыя сяброўскія пачуцці да яго:

Без цябе усё тут смутна,
Па табе плача гай,
І рэчкі плывуць мутна,
У жалобе увесь край...

Засталіся згадкі яшчэ пра адну беларускую песню Яна Чачота, якую ён напісаў у Віленскай турме перад самай адпраўкай на Урал і якой, па сутнасці, заканчваецца філамацкі перыяд у творчасці паэта. Гэта - успаміны Антонія Адынца: «Было нас некалькі дзесяткаў вечарам у камеры Тамаша Зана, куды неўзабаве зайшлі Сузін і Чачот. Апошні заспяваў пад гітару толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы:

Да лятуць, лятуць да дзікія гусі,
Да нас павязуць да далёкай Русі...

Далей у песні апавядалася пра гусей, якія адлятаюць на поўдзень, у той час, як асуджаных павязуць на поўнач, і хто ведае, ці вернуцца яны калі-небудзь назад. І так глыбока ўзрушыла ўсіх гэтая песня, што яна выклікала агульны плач, а спявак стаў аб'ектам абдымкаў».

Як паказвае Адам Мальдзіс у кнізе «Падарожжа ў ХІХ стагоддзе» (Менск, 1969), у Яна Чачота былі ў той час і іншыя беларускія творы, і сярод іх п'еса ў гонар Адама Міцкевіча, напісаная для тэатра: пра яе ўспамінае ў адным з пісем Рамуальд Зямкевіч. На жаль, гэтая п'еса, як і шмат іншых твораў паэта, да нас не дайшла.

На маю думку, беларускія песні і вершы Яна Чачота філамацкага перыяду да сённяшняга дня не ацэнены як трэба ў літаратуразнаўстве. Вядома, калі мераць іх сённяшнімі меркамі, у іх можна знайсці свае хібы. Але ж не трэба забываць, што Ян Чачот быў першапраходцам у беларускай паэзіі, ён ішоў па цаліку, яму трэба было яшчэ ўзнімаць гэтую, кажучы купалаўскімі словамі, «скібіну слова».
Тым не менш, у беларускіх творах Яна Чачота і праўда ёсць тая лёгкасць, той паэтычны «агонь», пра які казаў Адам Міцкевіч. Мова Яна Чачота, калі апусціць не такія ўжо шматлікія паланізмы, мала чым адрозніваецца ад сённяшняй беларускай літаратурнай мовы. Яна ў яго даволі багатая, гнуткая, з многімі адценнямі. Узорам для Яна Чачота служыла мова беларускіх народных песень.

У філамацкіх беларускіх творах Яна Чачота, і перш за ўсё драматычнай сцэнцы, можна ўбачыць выразныя адзнакі часу, некаторыя асаблівасці побыту дарэформеннай вёскі, яе сацыяльную структуру. Даволі жывым, «бачным» паўстае перад намі, напрыклад, вобраз цівуна, які выступае тут ад імя сялян, не адрываючы і сябе ад іх. Хай, можа, ён тут трохі і ідэалізаваны, але ўсё ж няма ў ім той аднабаковасці, якую мы прывыклі бачыць праз літаратуру ў гэтым сацыяльным тыпе, што стаў сімвалам прыгонніцтва. Вельмі прываблівае ў сцэнцы вобраз дзяўчат-сялянак. Хоць яны спачатку - такі ўжо ў беларусаў характар - і «прыбядняюцца» (быццам не могуць «звязаць» песні, бо ў іх, бачыце, «мысль не багата»), але ж папраўдзе ўмеюць яны і «звязаць» словы, і скласці цудоўную песню. Ды і пачуццё годнасці ў іх ёсць: яны прама кажуць панічу, што сярод іх знойдуцца і такія, што будуць вартыя і яму ў жонкі, трэба толькі ўмець пасватацца. Праўдзівая ў Чачота і характарыстыка вясковых хлопцаў. Хоць «яны ад сахі, ад бараны... пісаць, чытаць не учаны», але ж таксама ўмеюць і песню спець, і выказацца як трэба. З твора відаць і іх адносіны да рэкруцтва, ад якога яны звычайна ўцякаюць у лес. Надзвычай цікава тое, што сялянскія хлопцы турбуюцца за сваю мову, называючы яе «рускай» (у адрозненне ад польскай), мову, якой цураюцца паны, што «па-польску ўсё гавораць». Вядома ж, Ян Чачот у вусны сваіх герояў уклаў уласную заклапочанасць мовай народа.

На беларускай мове пісаў Ян Чачот і пасля разгрому Таварыства філаматаў, у час, калі ён зноў вярнуўся на Беларусь з уральскай ссылкі. Змясціў ён гэтыя беларускія вершы ў фальклорных зборніках 1844 і 1846 гадоў. Адрасаваны яны былі непасрэдна сялянам. У іх паэт таксама праявіў сваю павагу да роднага народа, выказаў сваё спачуванне да яго долі. Так, у вершы «Да мілых мужычкоў» паэт пісаў:

Да і я ж вам памагу
Песеньку спяваці,
Ды я ж між вамі ўзрос
Пры бацьку і маці.
І мне Бог на свеце даў
Гора гараваці,
Штобы лепш я вас любіў
І ўмеў спагадаці.
Ой, што ж вы напелі тут,
Да якога дзіва!
Шкода, што на голас ваш
Старонка драмліва.
А як прачнецца з сна
Гэта Дабрадзейка,
Пэўна, будзе слухаць вас
Лепш, як салавейка.

У большасці вершаў Ян Чачот імкнуўся прымірыць селяніна з панам. «Дабрачынных паноў» ён заклікаў (звычайна ў польскамоўных творах) клапаціцца «пра добры быт сялян», любіць іх, даводзячы, што за гэта Бог узнагародзіць такіх апекуноў «шчасцем... і ў нябёсах, і на зямлі». У сваю чаргу і сялян вучыў Чачот любіць свайго пана, слухацца яго, добраахвотна ісці на паншчыну, не чакаючы, пакуль іх пагоніць туды цівун бізуном. У гэтых «прымірэнчых» вершах праявіўся характэрны для многіх прадстаўнікоў грамадска-палітычнага руху ХІХ стагоддзя так званы класавы салідарызм перад абліччам агульнай небяспекі - агрэсіўнай палітыкі царскага самаўладства.
Галоўную ўвагу ў адрасаваных сялянам вершах Ян Чачот звяртаў на іх маральнае ўдасканаленне. Ён вучыў сялян простым рэчам: не губіць сваё жыццё ў гарэлцы, не гультайнічаць, быць сумленнымі, гаспадарлівымі.

Грамадзянскі пафас беларускіх, адрасаваных сялянам вершаў вельмі выразны. Вось якое жаданне выказвае сам аўтар у прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» (1844), друкуючы там свае творы: «Ці не перанесліся б яны як-небудзь да вёсак? Ці не дайшлі б да сэрцаў дабрачынных паноў і ці не звярнулі б больш чулую ўвагу на сялян, а разам з тым ці не прычыніліся б да палепшання нораваў гэтых працавітых суайчыннікаў?»

З літаратурнай спадчыны Яна Чачота вялікую цікавасць маюць таксама напісаныя ім у 1818-1819 гадах на польскай мове балады, што адыгралі надзвычай важную ролю ў творчай біяграфіі яго славутага сябра - Адама Міцкевіча. Да нас дайшло восем баладаў Яна Чачота. Усе яны напісаны паводле беларускіх народных паданняў.

Балады Яна Чачота - сапраўдныя шэдэўры літаратуры. Напісаны яны жыва, у свабоднай манеры, вельмі маляўніча. У кожнай з іх - свой цікавы сюжэт, за якім чытач сочыць з неаслабнай увагай. Думаецца, яны яшчэ па-сапраўднаму не ацэнены крытыкай. Доўгі час яны былі невядомыя грамадскасці. Толькі зусім нядаўна, у 1972 годзе ўсе яны былі апублікаваныя Станіславам Свіркам у памянёнай кнізе «З кола філамацкага перадрамантызму». Балады Яна Чачота надзвычай зацікавілі Адама Міцкевіча, які падчас іх напісання толькі шукаў сваю дарогу ў літаратуру. Як вядома, у першых сваіх творах ён прытрымліваўся прынцыпаў класіцызму, якія стрымлівалі творчыя магчымасці літаратараў. Адзін з галоўных шляхоў абнаўлення літаратуры перадавыя яе прадстаўнікі бачылі ў звароце да народнага жыцця, да фальклору, што было характэрным для рамантызму. Гэты шлях якраз і выбраў шчыры народалюбец Ян Чачот, які з поўным усведамленнем важнасці свайго пачынання ўзяўся за мастацкае асваенне фальклорнай спадчыны беларускага народа. Станіслаў Свірка ў сваіх кнігах пераканаўча паказаў уплыў Яна Чачота на Адама Міцкевіча, ён прыйшоў да высновы, што «...тыя «песенькі» і «балады» Чачота былі галоўным імпульсам, які падштурхнуў Міцкевіча ў кірунку народнасці, а калі казаць больш канкрэтна, у кірунку баладнасці...» Вядома, даводзіць даследчык, на Адама Міцкевіча ўплывалі і іншыя філаматы, але «найвыдатнейшым піянерам народнасці сярод філаматаў быў Чачот, якраз яго ўплыў на Міцкевіча ў гэтым плане аказаўся наймацнейшым...» Так, разважае далей польскі вучоны, Ян Чачот «не навучыў... Міцкевіча пісаць рамантычную паэзію, таму што сам гэтага не ўмеў; аднак паказаў яму новую крыніцу творчасці і новую дарогу. Таму што быў Чачот філамацкім маяком, які стаяў на віленскіх ростанях класіцызму і рамантызму і які нязменна паказваў на народнасць. Міцкевіч пайшоў у тым кірунку, і дарога тая прывяла яго да вялікай рамантычнай і народнай паэзіі».

Супаставіўшы балады Яна Чачота з пазнейшымі баладамі Адама Міцкевіча, Станіслаў Свірка знайшоў вельмі многа прыкладаў творчага выкарыстання вялікім паэтам таго багатага фальклорнага і жыццёвага матэрыялу, які быў у творах яго сябра. Адам Міцкевіч, вядома ж, быў яму вельмі ўдзячны за ўсё. Нездарма, прысвячаючы сваю першую кнігу паэзіі сябрам-філаматам, першым сярод іх ён назваў імя Яна Чачота.

Сярод іншых твораў Яна Чачота трэба вылучыць яго шматлікія вершы і песні, прысвечаныя Зосі Малеўскай - праўдзівай музе паэта, якой ён быў верны з часоў студэнцтва і да канца жыцця, хоць сама яна не падавала асаблівай надзеі на ўзаемнасць. Зося выдатна спявала пад фартэпіяна розныя песні, у тым ліку беларускія народныя, ёю заслухваліся філаматы, якія амаль усе крадком уздыхалі па гожай рэктаравай дачцы і сястры свайго пабраціма Францішка. Ян Чачот спецыяльна для яе пісаў песенныя тэксты на матывы беларускіх народных песень. Больш за сто гэтакіх твораў «дапамагла» яму напісаць турма. Тут, можа, упершыню адчуў ён цеплыню і спагаду да яго сваёй каханай, якая імкнулася неяк падтрымаць у бядзе шчырага ўлюбёнца. Дарагія словы спагады так акрылілі паэта, што на дзень ён пісаў па некалькі «Зосіных песень». Усе гэтыя песні толькі параўнаўча нядаўна, у 1922 годзе - праз сто гадоў пасля напісання! - адшукаў у Лодзі прафесар Вітальд Клінгер у так званым «Малым архіве філаматаў». Напісаныя шчыра, бясхітрасна, часта з налётам сентыменталізму, гэтыя песні не могуць не хваляваць чытача. Сваёй адзінай каханай паэт прысвяціў і шмат твораў у далёкай уральскай ссылцы. У іх яскрава адбілася трагічная доля паэта. Але «Зосіны песні» - гэта не толькі шчырае прызнанне аўтара ў каханні. Ёсць сярод іх і творы высокага грамадзянскага гучання (напр., «О ты край мой нешчаслівы!..»), і проста «жыццёвыя» вершы («Што старыя за вар'яты!..»).
У тым жа «Малым архіве філаматаў» знайшліся і Чачотавы «трэны» (журботныя элегіі) пад агульнай назвай «Заблудны», якія літаратуразнаўцы называюць своеасаблівай «аўтабіяграфічнай паэмай», дзе папраўдзе адбіліся шмат якія моманты з жыцця паэта.

З твораў віленскага перыяду Чачота трэба адзначыць яшчэ лірычную сцэнку «Сапфо», прысвечаную старажытнагрэцкай паэтэсе, драматычную паэму «Малгажата з Зэмбаціна» пра жаночую вернасць у рыцарскія часы, паэму «Тыртэй», напісаную да дня нараджэння Адама Міцкевіча (снежань 1819 года), якога аўтар параўноўвае са спартанскім героем Тыртэем і ў асобе якога ўжо тады, на самым пачатку яго творчага шляху, бачыў вялікага паэта і народнага абаронцу, нарэшце, вадэвіль у двух актах «Апалон на калядаванні», напісаны ў форме народнай каляднай містэрыі, у якой разам з філаматамі дзейнічаюць багі і якая нечым нагадвае «Тараса на Парнасе». Для лепшага разумення «біяграфіі душы» Яна Чачота і філамацкага жыцця нямала могуць даць строфы напісанай у турме ў 1823 годзе невялікай паэмы «Новая Сафіеўка» пра тыя пачуцці, якія выклікалі наведванні раней саду Малеўскіх у Вільні і незабыўныя сустрэчы там з любай Зосяй - Софіяй.

Надзвычай цікавыя ў шмат якіх аспектах зусім нядаўна адшуканыя даследчыкамі «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года». Задума расказаць у паэтычных радках пра гістарычнае мінулае роднай Беларусі, пра часы Вялікага Княства Літоўскага ўзнікла ў Чачота таксама ў багаты на творчыя здзяйсненні і намеры віленскі перыяд. Спачатку ён хацеў паказаць славутых жанчын мінулага, у першую чаргу «ліцвінак», але потым вырашыў ногул напісаць паэтычную гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. Высылка за межы Беларусі, суровыя выпрабаванні, з якімі паэт пазнаўся на чужыне, - усё гэта перашкодзіла задуме. Толькі праз дваццаць гадоў, вярнуўшыся дамоў і ўладкаваўшыся ў Шчорсаўскай бібліятэцы, змог ён прыступіць да ажыццяўлення даўняй мары. Недзе ў 1842-1844 гадах і з'явіліся з-пад яго пяра «Спевы пра даўніх ліцвінаў...». Заснаваў іх паэт на гістарычных фактах, узятых з «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага і дзевяцітомнай «Гісторыі літоўскага народа» Тэадора Нарбута. Аўтар пазначае нават старонкі гэтых выданняў, адкуль ён браў факты для сваіх «спеваў». «Спевы пра даўніх ліцвінаў...» у жывых вобразах узнаўляюць нашу далёкую мінуўшчыну, вельмі цікава асвятляюць шмат якія яе старонкі.
Нягледзячы на несумненны паэтычны талент Яна Чачота, на яго пісьменніцкую актыўнасць асабліва ў віленскі перыяд, ён разам з тым не лічыў літаратуру галоўным заняткам у сваім жыцці. Сваё прызванне ён бачыў у іншым - у збіранні і вывучэнні беларускага фальклору, якому ён надаваў вялікае значэнне ў змаганні за народнасць літаратуры, за яе дэмакратычнасць.

У беларускай фалькларыстыцы Ян Чачот - постаць, можна сказаць, першай велічыні. Яго дзейнасць у гэтым кірунку яшчэ чакае свайго шырокага асвятлення. Гэта быў сапраўдны подзвіг паэта-фалькларыста, які здолеў на працягу 1837-1846 гадоў сабраць і выдаць у шасці зборніках беларускія народныя песні «з-над Нёмана і Дзвіны», а таксама іншыя жанры фальклору. Прычым, калі спачатку ён даваў іх у перакладзе на польскую мову, то потым публікаваў у арыгінале, на беларускай мове. Сваімі публікацыямі ён паказаў свету, якія неацэнныя культурныя скарбы мае беларускі народ.

Вялікай увагі заслугоўвае

 

Кoличество переходов на страницу: 4409