Вясна — час, калі прачынаецца не толькі прырода. Беларусы пачынаюць актыўна выкарыстоўваць экалагічны мабільны транспарт. Гэта электрасамакаты, электравеласіпеды, манаколы і іншыя сродкі індывідуальнай мабільнасці. Акрамя выгод, якія яны даюць, штогод сотні выпадкаў, якія адбіваюць любоў да хуткасці. Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі Фрунзенскага раёна сталіцы арганізавалі спецыяльны рэйд, падчас якога даведаліся больш пра культуру кіравання і правілы, што могуць зберагчы ад непрыемных сітуацый.
«Самае галоўнае — не больш за 25 кіламетраў у гадзіну»
Яшчэ ўчора на вуліцах сталіцы ляжаў снег. Сёння ж цёплае вясновае сонца адарыла мінчан не толькі добрым надвор’ем, але і настроем. Разам з гэтым людзі сталі актыўна выкарыстоўваць самыя розныя сродкі індывідуальнай мабільнасці. Не паспелі далёка ад’ехаць ад Фрунзенскага аддзела ДАІ, што размешчаны ў раёне станцыі метро «Пушкінская», як сустрэлі маладую пару, якая ехала на арандаваных электрасамакатах. Разам з упаўнаважанымі асобамі пацікавіліся, ці ведаюць мінчане асноўныя правілы перамяшчэння на сродках індывідуальнай мабільнасці.
Мінчук Дзмітрый прызнаўся, што карыстаецца электрасамакатам не ўпершыню, у яго нават ёсць свой, так што практыка кіравання такімі агрэгатамі маецца: «Арандаваным электрасамакатам ад гэтай фірмы карыстаюся другі раз. Ведаю асноўныя правілы перамяшчэння на сродках індывідуальнай мабільнасці. Самае галоўнае — хуткасць перамяшчэння не больш за 25 кіламетраў у гадзіну. Дарэчы, такая максімальная хуткасць абмежавана самой тэхнічнай праграмай. Акрамя таго, ёсць некаторыя месцы, дзе максімальная хуткасць не павінна перавышаць 15 кіламетраў у гадзіну. Як правіла, гэта зоны з інтэнсіўным рухам пешаходаў. У цэлым, выкарыстанне сродкаў індывідуальнай мабільнасці — зручна і практычна».
Супрацоўнікі ДАІ нагадалі маладому чалавеку асноўныя правілы перамяшчэння на сродках індывідуальнай мабільнасці, паведамілі, што перамяшчэнне на іх павінна ажыццяўляцца па веласіпеднай дарожцы. Акрамя таго, на адным сродку індывідуальнай мабільнасці забараняецца перавозіць адразу двух чалавек за выключэннем тых сродкаў, тэхнічнымі параметрамі якіх прадугледжана такая перавозка. Пры перасячэнні пешаходнага перахода на электрасамакаце дазваляецца не спешвацца. Пры гэтым хуткасць перамяшчэння не павінна перавышаць хуткасці звычайнага пешахода. Супрацоўнікі ДАІ ўручылі маладому чалавеку тэматычную памятку, у якой дакладна прапісаны асноўныя правілы перамяшчэння і бяспекі. «Самае галоўнае — гэта бяспека людзей», — падкрэслілі супрацоўнікі Фрунзенскага аддзела ДАІ.
«Хуткасць рэгуляваць складана, таму еду павольна...»
Праехаўшы крыху далей, літаральна на суседнюю вуліцу, заўважаем дзяўчыну, якая перамяшчаецца на арандаваным электрасамакаце. Крыху разгубіўшыся, яна спынілася па просьбе супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. Як высветлілася, мінчанка Анастасія ўпершыню карыстаецца арандаваным сродкам індывідуальнай мабільнасці, таму трохі хвалюецца, едзе павольна, імкнучыся выконваць усе правілы дарожнага руху і бяспекі. Яна адзначыла зручнасць і камфортнасць перамяшчэння на такіх прыладах: «Разам з гэтым у мяне ўзнікаюць складанасці з рэгуляваннем хуткасці на электрасамакаце, таму стараюся ехаць павольна, не разганяцца. Дагэтуль ніколі не карысталася такімі сродкамі, але сёння ў мяне шмат спраў, таму і вырашыла апрабаваць. Мой вердыкт — электрасамакат даволі зручная і недарагая рэч, асабліва калі ў цябе няма пасведчання кіроўцы. Самае галоўнае — выконваць усе правілы перамяшчэння і падтрымліваць хуткасны рэжым. Думаю, усё прыйдзе з практыкай». Супрацоўнікі Фрунзенскага аддзела ДАІ расказалі мінчанцы аб асноўных правілах перамяшчэння і падарылі тэматычную памятку. Цяпер Анастасія будзе адчуваць сябе больш упэўнена за «рулём».
Грузіце самакаты тысячамі…
Літаральна на суседняй вуліцы каля прыпыначнага пункта — цэлы шэраг электрасамакатаў. Сюды іх падвозіць супрацоўнік адной шэрынгавай кампаніі Уладзімір. Мужчына прызнаўся, што такім чынам ён проста падзарабляе: «У асноўным я збіраю электрасамакаты, пакінутыя ў дварах, і перавожу іх ва ўстаноўленыя месцы, каб сродкі індывідуальнай мабільнасці былі ва ўсіх навідавоку. Як правіла, гэта паркоўкі і месцы каля прыпыначных пунктаў. Дарэчы, гэтыя электрасамакаты карыстаюцца даволі вялікім попытам. Не паспеў адкрыцца сезон, а я ўжо гадзіны дзве не магу выехаць з двароў гэтага раёна. Сам электрасамакатамі не карыстаюся. Калісьці ў мяне быў свой асабісты, але я яго прадаў: перарос ужо гэту справу. Але заўсёды імкнуся данесці да маладых, якія арандуюць электрасамакаты, што самае галоўнае пры перамяшчэнні на іх — акуратнае кіраванне. Калі ліхачыць і не выконваць правілы перамяшчэння, чакай самых сумных наступстваў».
«Штогод колькасць сродкаў індывідуальнай мабільнасці на вуліцах сталіцы павялічваецца, — адзначыў начальнік аддзела ДАІ Фрунзенскага раёна Мінска падпалкоўнік міліцыі Яўген Казарын. — Сёння на тэрыторыю нашай краіны прыйшла яшчэ адна шэрынгавая кампанія, а гэта, як мінімум, плюс тры тысячы сродкаў індывідуальнай мабільнасці ў адной толькі сталіцы. Усяго на сёння ў Мінску налічваецца каля 15 тысяч шэрынгавых сродкаў».
Ехалі ўдваіх — трапілі пад машыну…
Толькі сёлета на тэрыторыі Фрунзенскага раёна ўжо было здзейснена восем наездаў на ўдзельнікаў дарожнага руху на сродках індывідуальнай мабільнасці, адзін з іх — са смяротным зыходам. Мужчына загінуў на пешаходным пераходзе (ехаў, не спешыўшыся і трапіў пад тралейбус). На жаль, сёлета ўжо быў здзейснены наезд на дзяцей, якія перамяшчаліся па праезнай частцы на сродку персанальнай мабільнасці ўдваіх.
Яўген Казарын адзначыў, што на чарговым пасяджэнні Мінскага гарвыканкама, якое адбылося перад пачаткам сезона, тэма сродкаў індывідуальнай мабільнасці актыўна абмяркоўвалася. Акрамя таго, на пасяджэнне былі запрошаны прадстаўнікі шэрынгавых кампаній: «Тады мы пазначалі месцы захоўвання шэрынгавых сродкаў для забеспячэння бяспекі і зручнасці простых пешаходаў. Зразумела, што сёння імі карыстаюцца даволі актыўна. Пры гэтым нельга забываць аб правілах перамяшчэння на іх.
Перамяшчэнне на такіх сродках дазваляецца толькі з дасягнення 14-гадовага ўзросту. Пры гэтым перавозіць на адным сродку адразу двух чалавек забараняецца. Акрамя таго, катэгарычна забараняецца кіраваць сродкам індывідуальнай мабільнасці ў стане алкагольнага ап’янення.
«У адпаведнасці з заканадаўствам, калі чалавек упершыню прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў перамяшчэння на сродках персанальнай мабільнасці, у дачыненні да яго прадугледжаны штраф у памеры ад адной да трох базавых велічынь, — тлумачыць Яўген Казарын. — Калі правапарушэнне было здзейснена ў стане алкагольнага ап’янення, прадугледжана штрафная санкцыя ад трох да пяці базавых велічынь з далейшай забаронай выкарыстання такіх сродкаў».
Дык ці спешвацца на пераходзе?
Начальнік аддзела ДАІ Фрунзенскага раёна акцэнтаваў, што сёння ПДР не прадугледжваюць спешванне са сродкаў індывідуальнай мабільнасці пры перасячэнні пешаходных пераходаў: «Пры гэтым распрацоўваецца ўказ змены правілаў дарожнага руху. У яго рамках мы выходзілі з прапановай аб тым, каб усё ж прымусіць спешвацца карыстальнікаў гэтых сродкаў пры перасячэнні пешаходных пераходаў. Акрамя таго, мы абмеркавалі з прадстаўнікамі шэрынгавых кампаній максімальную хуткасць перамяшчэння. Сёння праграмнае забеспячэнне арандаваных электрасамакатаў не дазваляе развіць максімальную хуткасць вышэй чым 25 кіламетраў у гадзіну. Пры гэтым застаюцца сродкі персанальнай мабільнасці, якія грамадзяне набываюць ва ўласнасць праз інтэрнэт-крамы. Вядома, на такіх сродках, як правіла, няма абмежаванняў па хуткасці, таму з гэтай катэгорыяй мы змагаемся асабліва актыўна».
Не меншую ўвагу супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ўдзяляюць прафілактыцы — праводзяць тлумачальную работу з бацькамі і дзецьмі, даводзяць элементарныя правілы. Але за тысячамі самакатаў і веласіпедаў нагляд не ўстановіш. Таму кожнаму трэба памятаць, што індывідуальная не толькі мабільнасць, але і адказнасць.
___________________________
Мы спыталі ў мінчан, як яны ставяцца да электрасамакатаў
Максім, студэнт: «Станоўча. Калі цёпла, часта карыстаюся сам. Праехацца з ветрыкам, ды яшчэ з сябрамі — чаму б і не? Бывае, калі людзей няшмат, яшчэ і навыперадкі можам пакатацца...»
Анастасія, прадавец: «Для мяне самакаты — суцэльны кашмар, асабліва ўвечары. Бывала, хочаш прайсціся ад метро да дома пешшу, дык гэта ж рызыка для жыцця! З аднаго боку — самакатчыкі з веласіпедыстамі, з другога — сабачнікі з гадаванцамі. Звычайнаму чалавеку ступіць няма дзе!»
Аляксандр, выкладчык: «Сам не езджу, а маладыя — хай катаюцца сабе. Толькі як іх прымусіць правілы выконваць? За кожным жа не адсочыш... Калегу пару гадоў назад такі вось самакатчык на тратуары з ног збіў, як вынік — складаны пералом ключыцы, два месяцы ў бальніцы. Так што я на ўсякі выпадак заўсёды адыходжу ўбок і прапускаю самакатчыка...»
Людміла, актыўная дачніца: «Лічу, што гэта забава для маладых, а людзям за пяцьдзясят няма чаго выдумляць. А то вунь мой сусед па дачы на свой шасцідзесяцігадовы юбілей вырашыў пакатацца на ўнукавым электасамакаце, ды паблытаў нейкія рычажкі — не затармазіў, а наадварот. Уляцеў у кучу друзу, абадраўся ўвесь. Хіба ж гэта занятак для сталага чалавека?»
Аўтар: Данііл Хмяльніцкі
Звязда, 20 сакавіка 2025
Звязда, 20 сакавіка 2025
Кoличество переходов на страницу: 8
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |