https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У аб’ектыве памяці — подзвіг народа


Фотавыстаўка «Памяць у аб’ектыве — 80 гадоў подзвігу», прысвечаная юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, працуе ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.
Падзеі Вялікай Айчыннай вайны закранулі кожнага беларуса, адбіліся на жыцці кожнай сям’і, боль роднай зямлі перадаецца з пакалення ў пакаленне, а ўспаміны сведкаў служаць напамінам пра тое страшнае, што перажыў наш народ. 

Праект складаецца з трох асноўных раздзелаў: архіўныя фатаграфіі, «фіксацыя» захавання памяці ў сучаснасці, фота і запісы з сямейных архіваў удзельнікаў выстаўкі. У экспазіцыі прадстаўлена больш чым 200 фотаздымкаў 1940–2000-х гадоў. Работы вельмі разнапланавыя: рэпартажныя здымкі з фронту, памятныя фотапартрэты ад салдат з сямейных архіваў, фотахроніка ваенных карэспандэнтаў, а таксама тэматычныя цыклы сучасных фатографаў — членаў Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў Вадзіма Качана, Аляксандра Кузняцова, Вячаслава Сухадольскага, Сяргея Міхалюка, Яўгена Залужнага, Наталлі Еўмяненкі, Алены Данбровай, Уладзіміра Маслыкі, Аляксандра Чаюкова і іншых. 

Асновай для праектаў «Ад сына салдата», «На захаванне маці», «На памяць пра сябе родным і блізкім», «Чакай мяне, і я вярнуся» сталі фотакарткі з такімі ж памятнымі подпісамі, якія ўцалелі падчас Вялікай Айчыннай вайны і дайшлі да нас. Праз адлегласць, перашкоды, вайну і разбурэнні яны прыйшлі да адрасата толькі з адной мэтай — пацвердзіць, што «ён яшчэ жывы». Сёння гэтыя пажаўцелыя фотаздымкі захоўваюць памяць чалавечых лёсаў.

Праект Наталлі Еўмяненкі «Дачыненне» пачаўся з невялікай каробкі з перакручанымі негатывамі фотастужак, якія належалі яшчэ дзеду аўтара Уладзіміру Мельнікаву. «Мае дзядуля і бабуля прайшлі вайну. Дзед ваяваў на фронце зенітчыкам, а бабуля ў акупацыі працавала доктарам, дапамагала не толькі мясцовым жыхарам, але і партызанскаму атраду. Мой праект „Дачыненне“ — гэта не проста фрагменты пасляваеннай эпохі, якія засталіся на старой стужцы, у першую чаргу праект гэты прысвечаны людзям, дзякуючы якім я ёсць», — падзялілася на адкрыцці экспазіцыі Наталля Еўмяненка.

На выстаўцы таксама можна пазнаёміцца з работамі і біяграфіямі фотакарэспандэнтаў і кінааператараў, якія здымалі на вайне. Выкарыстоўваючы абсталяванне таго часу, яны перадавалі эмоцыі, боль і надзею праз чорна-белыя фотаздымкі. Вайна не здымаецца здалёку — яна фіксуецца знутры. За ўдалы кадр фотакарэспандэнт мог заплаціць жыццём.

— Гэтыя фатографы сапраўды не задумваліся пра ўласнае жыццё і бяспеку. Сёння адбываецца тое ж самае. Людзі з аб’ектывам у руках лезуць пад кулі, каб атрымаць той самы фотаздымак, што стане маленькім сімвалам эпохі. Задача нашага аб’яднання — захоўваць памяць пра ваенных фатографаў, папулярызаваць іх творчасць і адкрываць новыя імёны, — падкрэсліла намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў Алена Данброва.

У экспазіцыі прадстаўлены работы франтавых карэспандэнтаў Вольгі Ландэр (газета «Савецкі воін»), Цімафея Мельніка (газеты «За Радзіму» і «Знамя Саветаў»), Мікалая Фінікава (газета «Баявы напор»), Міхаіла Калашнікава (газета «Праўда»), Наталлі Бадэ (газета «Чырвоная Армія»), Навума Граноўскага (газета «Трывога»), Сямёна Шэйніна (кінастудыя «Масфільм») і іншых. 

У аб’ектыў фатографаў трапілі такія знакавыя падзеі, як вызваленне Віцебска, Полацка; бітвы на Курскай дузе, пад Оршай, Смаленскам і іншымі гарадамі Савецкага Саюза; парады савецкіх войскаў у Берліне і Маскве; падпісанне капітуляцыі Германіі. Работы аўтараў сталі важным матэрыялам для гістарычных даследаванняў, кніг, зборнікаў і мемуараў. Кадры, знятыя Сямёнам Шэйніным, увайшлі ў дакументальныя фільмы «Вызваленне Украіны», «Берлін», «Вызваленая Чэхаславакія», «Вялікая Айчынная».

Большасць работ сучасных аўтараў прысвечана святкаванню Дня Перамогі ў апошнія дзесяцігоддзі. Праект Яўгена Залужнага «Апошні прызыў» (2010–2025) — гэта серыя партрэтаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жылі ці жывуць у Мінску. «Гэты праект, у якім я імкнуся ўвасобіць і захаваць твары людзей, рукамі якіх стваралася гісторыя маёй Радзімы. У кожнай маршчынцы іх твараў прасочваецца не толькі характар, але і цяжкія перажыванні тых гадоў. Мастацтва ў твары чалавека стаіць перада мной. Гэтыя людзі выкаваныя, выплаўленыя ў эпахальных падзеях, у штодзённым чаканні сустрэчы з Богам. У праекце больш як 100 унікальных здымкаў, на якіх можна ўбачыць не проста герояў, а гісторыю краіны», — апісвае сваю работу Яўген Залужны.

Сучасны свет змяняецца вельмі хутка, аднак нязменным для фатографа застаецца адно: імгненне, захаванае для наступных пакаленняў, — непарыўная сувязь часоў.

Выстаўка працуе да 1 чэрвеня.

Лізавета Крупянькова
Звязда, 10 траўня 2025
 
Дата публикации:10.05.2025
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:79
 
Ключевые слова:
Выставка Искуство Живопись Великая Отечественная война
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме