https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Маці Божая вітае


Будслаўскі фэст, які традыцыйна праходзіць у пачатку ліпеня, сабраў дзясяткі тысяч удзельнікаў з усёй краіны.
Пехатою, на роварах, аўтамабілях і аўтобусах... Людзі, як маглі, дабіраліся на ўрачыстасць да Маці Божай Будслаўскай. Група палякаў наогул арганізавана прыехала на Мядзельшчыну на матацыклах. Але асабліва складана было пілігрымам, што сотнямі ішлі да святыні з Мінска, Ліды, Ракава, Баранавічаў, Віцебска, Полацка, Жодзіна, Маладзечна і іншых гарадоў і мястэчак краіны. Сонца моцна прыпякалаіх на шляху. Дажджу не было. Але фізічныя складанасці для паломнікаў нішто ў параўнанні з той духоўнай радасцю, якую яны атрымалі, калі прыйшлі ў Будслаў.

— Мне складана было не фізічна, а духоўна, — кажа мінчанка Юлія Казіміровіч, для якой пілігрымка ў Будслаў стала ўжо чатырнаццатай. — За апошні год у мяне назбіралася шмат пытанняў, якія хацелася вырашыць сам-насам з Богам. І гэта мяне найбольш хвалявала. Падчас дарогі пэўны час адчувала сябе не надта добра, аднак гэта ўсё роўна дробязі ў параўнанні з тым, што я адчула пасля. Калі першы раз пасля шляху заходзіш у касцёл і бачыш абраз Маці Божай Будслаўскай, узнікаюць неверагодныя адчуванні і моцныя ўражанні.

Традыцыя фэстаў у гэтым мястэчку мае даўнюю гісторыю. У 1598 годзе Папа Рымскі Клімент VІІ падараваў абраз мінскаму ваяводу Яну Пацу. Пасля яго смерці ікона аказалася ў капэлана Ісака Салакая. Ён перавёз яе ў Даўгінава, а ў 1613 годзе падарыў бернардынам у Будслаў. Абраз стаў вядомы сваімі цудамі, якія яшчэ ў кнізе «Задыяк на зямлі», выдадзенай у 1650 годзе, апісаў пробашч Зялевіч. З часам у Будславе пачалі праходзіць фэсты, а з пачатку 1990-х культ абраза аднавілі. Доўгія кіламетры пачалі адмерваць пілігрымы. Неўзабаве Маці Божая Будслаўская была абвешчана патронкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, а 2 ліпеня 1998 года Казімір Свёнтак укаранаваў цудадзейны абраз папскімі каронамі.

Сучасны фэст, безумоўна, адрозніваецца ад тых, што былі раней. У 1937-м тут прайшлі нават конныя спаборніцтвы, паказвалі кіно. Але і гэтым разам на Краснай плошчы можна было ўбачыць шмат цікавінак. За ахвяраванні, напрыклад, частавалі смачным квасам, хрушчамі ці кавай капучына, чарга па якую была асабліва вялікай. Ахвотныя маглі паглядзець фотавыставу.

Гэтых урачыстых ліпеньскіх дзён чакаюць не толькі вернікі, але і жыхары самога Будслава і блізкіх вёсак. Як распавялі карэспандэнту «Звязды», людзі спецыяльна на час фэсту бяруць адпачынак, каб прыехаць да сваякоў, сустрэцца з сябрамі, старымі знаёмымі і, безумоўна, укленчыць у касцёле перад цудадзейным абразом. Колькасць людзей на прыкасцёльным пляцы адчувальна пачала зашкальваць перад працэсіяй з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. Свечкі з залатымі агеньчыкамі ў руках тысяч чалавек ператварыліся ў сапраўдную раку, што нібыта плыла за абразам.

— У цяжкія часы ганенняў на веру наш народ даверыўся Марыі, і сёння наша Апякунка — Божая Маці Будслаўская — у працэсіі правяла да алтара, каб на ім скласці еўхарыстычную ахвяру падзякі за свабоду веравызнання і дар адраджэння веры, — пасля звярнуўся ў гаміліі да прысутных Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. — Перапрасіць за не да канца выкарыстаныя магчымасці, якія нам дае Божы Провід, і таксама прасіць бласлаўлення на будучыню.

Галоўнае набажэнства на наступны дзень узначаліў кардынал Крыстаф Шонбарн, пасланнік Папы Рымскага на ўрачыстасцях у Будславе. Сотні людзей хаваліся ад пякучага сонца пад парасонамі і ўважліва слухалі кардынала, які ў тым ліку сказаў, што стаў сведкам моцнай веры беларусаў.

Дадому вернікі вярталіся па-рознаму: цягнікамі, на роварах, аўтамабілях, пехатою, на аўтобусах... Урачыстасць толькі завершылася, але многія з іх ужо чакаюць, каб Маці Божая Будслаўская зноў паклікала іх да сябе.

Аўтар: Якаў Журбін
Звязда, 5 ліпеня 2016
 
Дата публикации:05.07.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:752
 
Ключевые слова:
Христианство Религия Фэст культуры Будслаў
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме