https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У судзе па "справе графіцістаў" абвешчаны перапынак да пятніцы


На працэсе па "справе графіцістаў", які пачаўся 25 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска, абвешчаны перапынак да пятніцы.
Асноўная частка сённяшніх слуханняў была прысвечана зачытванню матэрыялаў чацвёртага тома крымінальнай справы. Зачытваў іх пракурор Уладзімір Сцяпурка.

У чацвёртым томе ўтрымліваліся даследаванні старонак у сацыяльных сетках абвінавачваных — Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага і Вячаслава Касінерава, а таксама расшыфроўкі іх тэлефонных размоў у асобныя дні з мая па жнівень 2015 года ўключна. Пракурор рабіў акцэнт на тэлефонныя перамовы трох абвінавачваных, у якіх, згодна з расшыфроўкай, былі дэталі падрыхтоўкі да акцыі — нанясення беларускамоўных графіці "Беларусь мае быць беларускай" і "Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...", а таксама да псавання фарбай сацыяльнага бігборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі. У прыватнасці, абмяркоўвалася тэма набыцця фарбаў, пластыліну і ўсіх складнікаў, неабходных для вырабу лямпачак, з дапамогай якіх быў запэцканы бігборд.

Практычна на ўсе ўдакладняючыя пытанні пракурора абвінавачваныя адказвалі, што не памятаюць акалічнасцяў гэтых размоў. Паводле іх слоў, гэтыя перамовы тычыліся ў асноўным велапаездак і сумеснай творчасці.

Пракурор таксама зачытаў расшыфроўкі допытаў Жаромскага супрацоўнікам ГУБАЗ Ігарам Луневічам у перыяд, калі абвінавачваны знаходзіўся ў СІЗА № 1. Гэты факт абурыў Жаромскага, які палічыў няправільным абнародаваць без згоды адвакатаў матэрыялы допыту. Паводле яго слоў, той допыт праводзіўся пад націскам праваахоўнікаў. "На некаторыя пытанні я адказваў так, як ім было патрэбна", — заявіў Жаромскі, дадаўшы, што Луневіч яго запалохваў і аказваў націск на сям`ю.

Луневіча цікавілі тры эпізоды, звязаныя з абвінавачваным, у прыватнасці са з`яўленнем графіці "Беларусь мае быць беларускай" у маі мінулага года, з псаваннем бігборда з сацыяльнай рэкламай аб міліцыі ў сярэдзіне ліпеня, а таксама з`яўленнем графіці "Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе..." у пачатку жніўня. Следчага ў ходзе допыту цікавіла сувязь Пякарскага з інтэрнэт-рухам "Пошуг".

Сённяшняе пасяджэнне доўжылася каля дзвюх гадзін, пасля чаго суддзя Ала Скуратовіч абвясціла ў працэсе перапынак да 14.30 29 студзеня. Сваё рашэнне суддзя ніяк не аргументавала.

Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў былі затрыманыя 11 жніўня 2015 года. 20 жніўня ім выставілі абвінавачанне па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асобаў), што прадугледжвае пакаранне да шасці гадоў пазбаўлення волі. Каля месяца ўсе трое знаходзіліся пад арыштам, затым іх вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

У дачыненні да Пякарскага абвінавачанне перакваліфікавалі з арт. 339 на арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, грамадскіх работ або арышту да трох месяцаў. Акрамя таго, з яго знялі абвінавачанне ў пашкоджанні бігборда, але пакінулі абвінавачанні па двух эпізодах з нанясеннем графіці. Экспертыза графіці не выявіла ў выявах прыкмет экстрэмізму.

Жаромскі абвінавачваецца па ч. 2 арт. 339 (хуліганства, учыненае групай асобаў) і арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) КК у сувязі з трыма эпізодамі справы: нанясенне надпісу "Беларусь мае быць беларускай" і арнаменту, перакрэсленага сярпом з молатам, свастыкай, іншымі сімваламі і выявамі, а таксама нанясенне на былой ваеннай часці надпісу "Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе..." з выявай сілуэта чалавека, які кідае бутэльку з запальнай сумессю. Жаромскі таксама абвінавачваецца ў псаванні фарбай сацыяльнага банера з выявай супрацоўнікаў міліцыі па вуліцы Гарэцкага ў Мінску, што, паводле ацэнак следства, нанесла матэрыяльную шкоду ў 2,2 млн. рублёў.

Па справе Касінерава следчыя знялі абвінавачанне ў нанясенні графіці, але пакінулі эпізоды з псаваннем бігборда, а таксама матэрыяльны ўрон, які графіцісты цалкам кампенсавалі. Канчатковае абвінавачанне Касінераву выстаўлена па ч. 2 арт. 339 (хуліганства, учыненае групай асобаў) і арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) КК.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 26 студзеня 2016
 
Дата публикации:26.01.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:701
 
Ключевые слова:
Граффити Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме