https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дні міжнароднага фестывалю тэатра лялек і анімацыйнага кіно для дарослых "Лялька таксама чалавек" пройдуць у Магілёве 25-26 верасня


Аб гэтым паведаміла намеснік дырэктара па арганізацыі гледача Магілёўскага абласнога тэатра лялек Таццяна Глушакова.
Арганізатарам мерапрыемства выступае польскае творчае аб`яднанне "Немагчымы тэатр" на чале з яго кіраўніком Маракам Хадачыньскі. Акцёры ўжо на працягу 17 гадоў прапагандуюць у розных краінах свету тэатр лялек для дарослых. "Дні фестывалю ў Магілёве з`яўляюцца часткай маштабнага форуму, які штогод праходзіць у Варшаве з 2006 года, - адзначыла Таццяна Глушакова. - Аналагічны паказ польскіх спектакляў і анімацыйных фільмаў гэтымі днямі адбыўся ў Маладзечне".

У праграме - ужо знаёмы магіляўчанам спектакль для дарослых "Другі пакой". У імпрэсіі паводле п`есы польскага паэта, драматурга Збігнева Херберта тэкст скарочаны да мінімуму. Пастаноўка ўяўляе сабой кароткія дыялогі двух галоўных герояў, якія гучаць на фоне карцін, павялічаных да памераў сцэны.

Упершыню "Немагчымы тэатр" пакажа ў Магілёве пастаноўку для самых маленькіх гледачоў. "Спектакль "Сцяна банана" прызначаны для дзяцей ад двух гадоў, - расказала Таццяна Глушакова. - Тут задзейнічаны двое акцёраў, якія не выкарыстоўваюць слоў, песень і нават лялек. Усе іх прылады - крэйда, дошка, вільготная ануча і кардон. Пры дапамозе малюнкаў і рухаў акцёры пакажуць дзецям звычайныя сцэны з жыцця, даказваючы, што стварыць свой унікальны свет можна пры дапамозе фантазіі і падручных прадметаў".

Па традыцыі пасля заканчэння спектакляў гледачоў чакае паказ анімацыйных фільмаў для дарослых польскай кінастудыі "Семафор".

Сам фестываль тэатраў лялек і анімацыйнага кіно для дарослых "Лялька таксама чалавек" адбудзецца ў Варшаве з 10 па 17 кастрычніка, паведаміла Таццяна Глушакова. На форум запрошана трупа Магілёўскага абласнога тэатра лялек з пастаноўкай "Драма неверагодная". Спектакль па творы французскага драматурга XIX стагоддзя Луі Лемерсье дэ Нэвіля стаў вынікам сумеснай работы аб`яднання "Немагчымы тэатр" і магілёўскіх акцёраў. Яго прэм`ера адбылася ў Магілёве летам 2013 года.

25 верасня 2014, Магілёў
Вольга Емяльянава - БЕЛТА
 
Дата публикации:25.09.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1467
 
Ключевые слова:
Театр кукол Магілёў Анимация Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме