https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Новы фестываль "Палескія сустрэчы" з`явіўся ў Мінскай вобласці


Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведаміў Міхаіл Фінберг, народны артыст Беларусі, прафесар, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра, які рыхтуе музычную праграму форуму.
Новы фестываль з`явіўся ў Мінскай вобласці. Першае абласное свята мастацтваў "Палескія сустрэчы" прыме 5 кастрычніка горад Любань.

Паводле слоў маэстра, новы праект адрозніваецца ад іншых фестываляў, якія праводзіць аркестр. Канцэртная праграма форуму змяшчае класіку, эстраду і джаз. "Пакажам усе вытокі беларускай музыкі, якія нарадзіліся ў горадзе Любань. Мы аднолькава ставімся да эстраднай, джазавай і акадэмічнай музыкі, галоўнае, каб яна адпавядала некалькім крытэрыям. Па-першае, была прафесійна выканана, па-другое, каб музыка была напісана добрымі кампазітарамі, па-трэцяе, каб творы мелі нацыянальную аснову", - адзначыў Міхаіл Фінберг.

Творчы праект прысвечаны 190-годдзю з дня нараджэння знакамітага паэта, краязнаўца Уладзіслава Сыракомлі і этнографа, фалькларыста Паўла Шпілеўскага - на Любаншчыне 2013-ы аб`яўлены Годам землякоў. У час фестывалю пройдзе сустрэча з вядомымі суайчыннікамі - пісьменнікам Іванам Муравейкам, дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Мікалаем Калядкам, мастацкім кіраўніком дзіцячага хору гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка Марыяй Ліпніцкай, салісткай Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцінай Альшанскай.

Упершыню на музычным свяце будуць уручаны 16 пасведчанняў стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў навучэнскай моладзі.

Сюрпрызам для публікі стане прэзентацыйны канцэрт салістаў аркестра - спевака і кампазітара Юрыя Вашчука (Тэа), а таксама новага голасу калектыву, уладальніцы Гран-пры рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні "Маладзечна-2013" Валерыі Грыбусавай. На музычным свяце таксама пройдзе ўшанаванне ўладальніка трэцяй прэміі XXII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2013" Аляксандра Салаўёва.

Да правядзення форуму прымеркавана і адкрыццё выстаўкі заслужанага работніка культуры Расіі, удзельніка міжнародных экспазіцый Сяргея Мікуліча "Душой заўсёды я разам з вамі" з фондаў Любанскага музея народнай славы.

На фестывалі адбудзецца прэзентацыя кнігі "У гонар Любані: пяць музычных крокаў па Міншчыне" доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Дадзіёмавай. Выданне раскажа аб фестывалях канцэртнага аркестра ў Нясвіжы, Заслаўі, Маладзечне, Чысці. Любань стане яшчэ адным крокам на шляху музычнай асветы Мінскай вобласці.

Акрамя таго, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі Любанскай дзіцячай школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пры ўдзеле старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры. Яшчэ адным падарункам для жыхароў горада стане прэзентацыя песні, прысвечанай Любані. "Ідэя, якая закладзена ў назве мерапрыемства - першы абласны фестываль - сведчыць аб тым, што мы маем намер арганізаваць і наступныя фестывалі", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Руслан Трухан.

Арганізатарамі форуму выступаюць Мінаблвыканкам, Любанскі райвыканкам, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

30 верасня 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:30.09.2013
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1680
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Любань Палескія сустрэчы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме