https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь поўнасцю забяспечыла сваю харчовую бяспеку і пастаўляе на экспарт каля палавіны вырабленай прадукцыі


Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся 30 красавіка са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
"Сельская гаспадарка - гэта і прадукты харчавання, якія ўсім патрэбны кожны дзень, і сыравіна для перапрацоўчай прамысловасці, і сфера дзейнасці значнай часткі насельніцтва. Ад стану спраў у гэтым сектары эканомікі залежыць дабрабыт народа і стабільнасць дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з усіх відаў бяспекі краіны харчовая мае асаблівае значэнне, а галодныя бунты - гэта вялікая небяспека для любой дзяржавы і трагедыя для грамадства. У сувязі з гэтым ён нагадаў пра нялёгкія 90-я гады, калі часам нават у Мінску запасаў мукі для выпечкі хлеба заставалася ўсяго на 2-3 дні, а харчовыя тавары ў магазінах размяркоўваліся па талонах. "Таму перад аграрыямі была пастаўлена задача - адрадзіць сельскагаспадарчую вытворчасць, значна перасягнуць аб`ёмы і тэмпы часоў СССР і тым самым забяспечыць харчовую бяспеку нашай краіны. Спатрэбіліся вялікія намаганні і мабілізацыя ўсіх унутраных рэсурсаў, каб пераадолець гэтыя цяжкасці", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Менавіта тады мы пераканаліся ў абсурднасці рэкамендацый тых замежных і мясцовых "экспертаў", якія сцвярджалі, што не трэба развіваць сваю сельскую гаспадарку, маўляў, "закапаем грошы ў зямлю", а лепш закупляць замежную прадукцыю. Але харчовая залежнасць - гэта кабала і беспрасветны тупік. Таму мы зрабілі стаўку на развіццё і падтрымку айчыннага аграрнага сектара", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер Беларусь поўнасцю задавольвае свае патрэбнасці ў прадуктах харчавання і каля палавіны пастаўляе на экспарт. Па выніках 2012 года яго аб`ём склаў больш як $5 млрд., а да канца 2015 года павінна быць $7 млрд. "Можна ганарыцца тым, што ў разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь займае першае месца сярод краін СНД. Па вытворчасці мяса мы зраўняліся з Германіяй, а па вытворчасці малака прыкладна ўдвая перавышаем асноўныя развітыя ў аграрных адносінах еўрапейскія краіны", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб рэалізацыі ў 2005-2010 гадах маштабнай дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі. Калі тады асноўны ўпор рабіўся на развіццё сацыяльнай сферы, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для жыцця людзей у вёсцы, то сёння, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, неабходна сканцэнтравацца на развіцці вытворчай сферы. Цэнтрам сельскага жыцця ў перспектыве павінны стаць сучасныя аграгарадкі, а сельская гаспадарка ў цэлым павінна быць больш эфектыўнай. "Нам ні ў якім разе нельга рэзаць буйныя гаспадаркі на кавалкі. Мы не супраць фермераў, але за буйнатаварнай гаспадаркай будучыня", - упэўнены беларускі лідар. Усяго ў Беларусі створана амаль паўтары тысячы аграгарадкоў, дзе забяспечаны сацыяльныя стандарты для пражывання.

Акрамя таго, адзначыў Прэзідэнт, вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню неабходнай базы для паспяховага развіцця аграпрамысловага комплексу. "Вы ведаеце, што аснова канкурэнтаздольнасці аграрнай вытворчасці - гэта сучасныя высокаэфектыўныя тэхналогіі як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Таму мы надаём першарадную значнасць пастаяннай тэхнічнай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. Толькі за два апошнія гады на абнаўленне машынна-трактарнага парку затрачана больш як Br7,5 трлн. Вядзецца рэканструкцыя і будаўніцтва новых малочнатаварных і жывёлагадоўчых комплексаў, птушкафабрык", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Для паспяховага развіцця сельскай гаспадаркі не менш важная і падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў. Тут Аляксандр Лукашэнка патрабуе ў першую чаргу рабіць упор на практычную падрыхтоўку студэнтаў у час навучання ў ВНУ.

30 красавіка 2013, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА
 
Дата публикации:30.04.2013
Тематика:Образование, Экономика
Просмотров:1302
 
Ключевые слова:
Продовольственная безопасность Сельское хозяйство Образование в Беларуси Агропромышленный комплекс Товары из Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме