https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Для беларускіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў рынак Вялікабрытаніі ўяўляе вялікую цікавасць


Аб гэтым заявіў 18-га чэрвеня ў Мінску старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Юрый Назараў на перамовах з прадстаўнікамі брытанскіх кампаній, паведаміла прэс-служба канцэрна.
"Мы бачым тут значны патэнцыял, — падкрэсліў ён. — Летась Вялікабрытанія толькі піламатэрыялаў імпартавала на 2 млрд долараў ЗША. Гэтую прадукцыю пастаўляюць нашы суседзі з краін Балтыі, Германіі і Польшчы. У шэрагу выпадкаў паходжанне тавараў, што рэалізуюцца ў Вялікабрытанію, — Рэспубліка Беларусь. Па вялікім рахунку, вы набываеце беларускую прадукцыю ў пасрэднікаў, мы ж прапануем працаваць непасрэдна з беларускімі вытворцамі".

"Гэта сапраўды так, — пацвердзіў дырэктар брытанскай кампаніі Kullik & Rullmann AG Лоўрэнс Вэбстэр. — Мы ведаем, што прадукцыя, якую мы купляем, напрыклад, у Літве ці Латвіі, з беларускіх матэрыялаў, і нас цалкам задавальняе яе якасць".

"У той жа час мы зацікаўленыя мець прамыя кантакты тут і працаваць непасрэдна з першымі пастаўшчыкамі. Таму мы выкарыстоўваем гэты візіт для знаёмства з беларускімі прадпрыемствамі і ўстанаўлення супрацоўніцтва з імі", — адзначыў бізнесмен.

Падчас перамоў прадстаўнікі брытанскіх кампаній выказалі цікавасць да розных тавараў з драўніны. У прыватнасці на рынку Вялікабрытаніі запатрабаваныя мяккая і садовая мэбля, малыя архітэктурныя формы для сядзібаў, будаўнічыя канструкцыі, тэрасная дошка і іншыя паганажныя вырабы. Ёсць цікавасць і да розных матэрыялаў і дэталяў для вытворчасці мэблі, магчыма пастаўляць гатовыя зборныя камплекты мэблі.

Адразу пасля перамоў прадстаўнікі кампаній накіраваліся на беларускія прадпрыемствы. Яны азнаёмяцца з вытворчасцю мэблі ў ЗАТ "Маладзечнамэбля", міжпакаёвых дзвярэй і розных канструкцый з драўніны ў ААТ "Буддэталі" (Вілейка, Мінская вобласць). Запланаванае наведванне вытворчасці ААТ "Барысаўскі ДОК", дзе вырабляюць дэталі для дамоў з клеенага бруса, шырокую лінейку вырабаў з драўніны, а таксама драўнянае паліва — пялеты. З вопытам вядзення лясной гаспадаркі бізнесмены азнаёмяцца на базе Вілейскага і Барысаўскага лясгасаў.

Паводле вынікаў наведванняў прадпрыемстваў 19 чэрвеня адбудзецца кантактна-кааперацыйная біржа, падчас якой зацікаўленыя ў супрацоўніцтве кампаніі змогуць аформіць дамоўленасці і акрэсліць планы.

Візіт дзелавых колаў Вялікабрытаніі арганізаваны пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў гэтай краіне і брытанскай Федэрацыі трэйдараў таварамі ў развіццё дамоўленасцяў, дасягнутых падчас міжнароднай выставы Timber Expo-2017 у Бірмінгеме, дзе ўпершыню быў прэзентаваны стэнд беларускай дрэваапрацоўкі.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 18 чэрвеня 2018
 
Дата публикации:18.06.2018
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:800
 
Ключевые слова:
Деревообработка "Беллесбумпром" Великобритания
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме