З асартымэнтам інтэрнэт-крамы, якая гандлюе гэтымі вырабамі, і з самім прадпрымальнікам Уладзімерам Рамановічам пазнаёмілася карэспандэнтка Свабоды.
Нацыянальна-арыентаваны бізнэс пачаўся для яго зь беларускага слова — нават, дакладней, зь літараў беларускага альфабэту, апавядае Ўладзімер Рамановіч:
«У нас з жонкай двое дзетак. А тады, калі ўсё пачыналася, у нас яшчэ быў толькі адзін хлопчык, і мы хацелі ня толькі размаўляць зь ім па-беларуску, але й шукалі нейкіх мэтадычных дапаможнікаў. Каб размалёўваць, гуляць зь ім, чытаць... А паколькі чытаць яшчэ рана, а мова пачынаецца з гукаў, зь літар, зьявілася ідэя зрабіць магніцікі на лядоўню зь беларускімі літарамі і словамі. А ўжо потым, перад пачаткам гэтага навучальнага году, захацелася нешта зрабіць і для дзяцей трошкі старэйшых. Мы вырашылі, што гэта будуць беларускія сшыткі. Адны зь іх — з арнамэнтам, другія — з радком Ларысы Геніюш, а для матэматыкі — з табліцай множаньня».
Дарэчы, працоўны сшытак, у якім прадпрымальнік робіць нейкія зацемкі, — таксама з уласнай сэрыі: чырвоны, з арнамэнтам... Была ідэя выпусьціць яшчэ сшыткі з Пагоняй і надпісам «Будзь беларусам, будзь пераможцам!», аднак віцебская абласная друкарня адмовілася такое друкаваць. Спаслаліся на тое, што бракуе тэхнічных магчымасьцяў, кажа Ўладзімер Рамановіч. Праўда, альбомы для маляваньня з такімі самымі малюнкамі крыху раней удалося выпусьціць без аніякіх перашкодаў.
Прадпрымальнік гандлюе канцтаварамі праз інтэрнэт-краму, узоры вырабаў разьмяшчае ў сацыяльных сетках. Старонкі з «Фэйсбуку» і «Ўкантакце» сталі таксама і плятформамі для абмеркаваньня ідэяў будучай прадукцыі, кажа Ўладзімер Рамановіч:
«Мне прыходзіць у галаву нейкая ідэя, мы абмяркоўваем яе з жонкай. Ну, напрыклад, вось давай зробім шалікі з арнамэнтам. Ага, шалікі — гэта файна! Я распрацоўваю арнамэнты, і мы выкладваем гэта на абмеркаваньне ў інтэрнэце. І вылічваем прыкладны кошт — а гэта ня толькі выдаткі на вытворчасьць, але і выдаткі на тое, што мы працавалі, распрацоўвалі фасон, колеры, гэтак далей. А таксама выдаткі на будучае разьвіцьцё. Бо ў наступным годзе хацелася б ужо зрабіць поўную калекцыю і, можа, адкрыць у Менску нейкую мультыбрэндавую краму. Каб тых самых швэдраў выставіць там дваццаць штук у розных памерах».
На сёньняшні дзень швэдар — самы дарагі выраб з усіх, якімі гандлюе Ўладзімер Рамановіч. Швэдар з парай птушак — сымбаляў сямейнага шчасьця — каштуе 650 тысяч рублёў. Прыкладна столькі ж можа каштаваць і швэдар з Пагоняй. Такіх яшчэ няма ў продажы, пакуль вядзецца праца з прадпрыемствамі, якія б маглі ўвасобіць гэтую ідэю ў жыцьцё. А прапанавалі яе беларусы замежжа, кажа прадпрымальнік:
«Некаторыя людзі пачалі мне пісаць — маўляў, ці не распрацуеце нешта з Пагоняй? Цікава, што прапановы гэткія былі ня столькі зь Беларусі, колькі з замежжа — з Амэрыкі, Ізраілю, Польшчы, Нямеччыны. Гэтыя людзі ня лічаць сябе апазыцыйнымі актывістамі ці то нацыяналістамі — проста яны вымушаныя былі зьехаць з нашай краіны дзеля нейкіх акалічнасьцяў. І Пагоня для іх — гэта гістарычная сувязь з Радзімай»...
Дарэчы, выява Пагоні ў стылізаваным выглядзе прысутнічае і на гербе Віцебскай вобласьці, падкрэсьлівае Ўладзімер Рамановіч. Так што новы швэдар можа камусьці нагадаць і пра малую радзіму. Бо вельмі крыўдна і недарэчна, калі Віцебск апошнім часам згадваюць толькі як месца, дзе аўтамабілістам раздаюць расейскія сьцяжкі або дзе праводзяцца фэстывалі расейскага «Газпраму». І што да беларускай сымболікі, то менавіта ў Віцебску зьявіліся першыя сшыткі з арнамэнтам і альбомы з Пагоняй.
Радыё Свабода
6 лістапада 2014, Менск
Радыё Свабода
6 лістапада 2014, Менск