Алімпіяда праводзіцца ўжо шосты раз. Папярэднія праходзілі ў Гомелі, Полацку і Смаленску. Фінансуецца алімпіяда з бюджэту Саюзнай дзяржавы. На думку арганізатараў, яна "садзейнічае практычнай рэалізацыі асноўных мэтаў Саюзнай дзяржавы ў сферы сацыяльнай палітыкі, у тым ліку па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі і фарміраванні адзінай адукацыйнай прасторы", заявілі ва ўпраўленні ідэалагічнай працы Гомельскага аблвыканкама.
Праграма заключнага этапу алімпіяды ў Гомелі ўключае два абавязковыя туры (напісанне сачынення і выкананне комплекснай працы па рускай мове і літаратуры) і творчыя конкурсы (рытарычнага майстэрства, выразнага літаратурнага чытання, знаўцаў). Такім чынам, удзельнікі алімпіяды змогуць прадэманстраваць свае паэтычныя, музычныя і акцёрскія здольнасці.
У склад журы ўвайшлі беларускія і расійскія вучоныя, вядучыя выкладчыкі ВНУ, настаўнікі-практыкі.
Апрача ўдзелу ў алімпіядзе расійскія навучэнцы пабываюць у школах Гомеля, на кандытарскай фабрыцы "Спартак", у цырку і драмтэатры. Падчас мерапрыемства запланаваны майстар-класы педагогаў і вучоных, сустрэча з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Алена Германовіч, БелаПАН
Гомель, 30 кастрычніка 2011