https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Урачыстыя провады ўдзельнікаў моладзевай патрыятычнай акцыі "Поезд Памяці" з Расіі, Арменіі і Кыргызстана абыліся ноччу на Беларускім вакзале Масквы


21 чэрвеня каля 13 гадзін яны прыбудуць у Брэст, дзе да іх далучацца беларускія старшакласнікі і дзе будзе дадзены афіцыйны старт гэтай акцыі.
"Гэт не толькі "Поезд Памяці" - гэта поезд вялікай дружбы. Вы на самай справе цяпер дакранаецеся да чагосьці вельмі вялікага, вельмі важнага і вельмі патрэбнага. Брэст - гэта гераічны горад, які першым сустрэў націск страшнага ворага - фашыста і ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны праявіў надзвычайны гераізм, які, уласна, і задаў тон астатнім бітвам і стаў прадвеснікам нашай агульнай Вялікай Перамогі", - даў наказ удзельнікам акцыі пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой. Ён выказаў упэўненасць, што гэту паездку юнакі і дзяўчаты запомняць на ўсё жыццё.

"Поезд Памяці" - гэта зварот да нашай гісторыі, гісторыі подзвігу народа адзінай краіны, калі Беларусь, Арменія, Казахстан, Украіна, Кыргызстан, Грузія і іншыя рэспублікі адзінага Савецкага Саюза з`ядналіся для таго, каб перамагчы і стаць мацнейшымі. Цаной вялікіх намаганняў адзіны народ атрымаў гэту перамогу", - падкрэсліў на ўрачыстай цырымоніі дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.

Віцэ-спікер Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ, сустаршыня аргкамітэта акцыі Канстанцін Касачоў выказаў упэўненасць, што ўдзельнікі "Поезда Памяці" атрымаюць незабыўныя ўражанні. "Вас чакае падарожжа ад самай заходняй кропкі тагачаснай граніцы СССР - Брэста да сярэдзіны тагачаснага Савецкага Саюза - да Уральскіх гор. Вы ўбачыце надзвычайныя мясціны, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны і сучаснасцю дзвюх дзяржаў - Расіі і Беларусі, якія стварылі Саюзную дзяржаву", - сказаў ён.

Пасол Арменіі ў Расіі Вагаршак Аруцюнян прызнаўся, што па-добраму зайздросціць тым, хто адпраўляецца на "Поездзе Памяці". "Я вам жадаю, каб вы праехалі гэты шлях, спасцігаючы гісторыю, завязваючы новыя знаёмствы, але самае галоўнае - калі вы вернецеся дадому, раскажыце сваім равеснікам аб гэтай дзіўнай акцыі", - заклікаў дыпламат.

"Памяць аб Вялікай Перамозе аб`ядноўвае нашы народы. Няма ніводнай сям`і, якую не закранула б жорсткае дыханне гэтай вайны. І гэта памяць не будзе забыта", - выказала ўпэўненасць часовая павераная ў справах Кыргызстана ў Расіі Айдай Амуркулава.

Упершыню праект "Поезд Памяці" быў рэалізаваны ў 2022 годзе па ініцыятыве старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і спікера Савета Федэрацыі Валянціны Мацвіенка пад эгідай верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі. У перыяд з 22 чэрвеня па 4 ліпеня 2022 года амаль 200 старшакласнікаў з Беларусі і Расіі ў спецыялізаваным чыгуначным саставе ажыццявілі падарожжа па 7 гарадах Беларусі (Брэст, Гродна, Віцебск, Орша, Магілёў, Гомель, Мінск) і 7 гарадах Расіі (Смаленск, Вязьма, Ржэў, Масква, Санкт-Пецярбург, Вялікі Ноўгарад, Пскоў). Таксама ўдзельнікі праекта наведалі парк "Патрыёт" у Маскоўскай вобласці. А ў час памятных мерапрыемстваў у Мемарыяльным комплексе "Курган Славы" 3 ліпеня з удзельнікамі акцыі сустрэўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

У бягучым годзе рашэннем прэзідэнтаў Беларусі і Расіі праект атрымаў статус мерапрыемства Саюзнай дзяржавы. У сваю чаргу Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД падтрымаў прапанову пашырыць у 2023 годзе фармат праекта да ўзроўню ЕАЭС, а ў далейшым - да ўзроўню СНД. На гэты раз да ўдзельнікаў акцыі з Беларусі і Расіі далучацца 20 старшакласнікаў з Арменіі і Кыргызстана. У далейшым арганізатары разлічваюць, што да праекта падключацца і іншыя краіны.

У гэтым годзе працягласць акцыі павялічана на 2 дні: яна прадоўжыцца да 6 ліпеня. Пасля ўдзелу ў Брэсце ў памятных мерапрыемствах, прысвечаных трагічнай даце пачатку Вялікай Айчыннай вайны, старшакласнікі з 4 краін адправяцца ў Гродна, Санкт-Пецярбург (уключаючы наведванне фестывалю "Пунсовыя ветразі"), Уфу (з магчымасцю наведаць мерапрыемствы Х Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі), а таксама Самару, Валгаград, Курск, Гомель, Жлобін, Магілёў, Горкі, Оршу, Мінск (у Дзень Незалежнасці Беларусі), парк "Патрыёт" у Маскоўскай вобласці і Маскву.

У кожным горадзе па шляху руху "Поезда Памяці" запланаваны памятна-мемарыяльныя мерапрыемствы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной і іншымі важнымі гістарычнымі датамі Беларусі і Расіі, ускладання вянкоў і кветак да помнікаў загінулым воінам, мітынгі, сустрэчы з ветэранамі і прадстаўнікамі органаў улады, культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. У прыватнасці, запланавана наведванне мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой", помніка дзецям - ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў Жлобінскім раёне, мемарыяла "Буйніцкае поле", мемарыяльнага комплексу "За нашу Савецкую Радзіму" ў Оршы, Кургана Славы, мемарыяльнага комплексу "Хатынь".

Генеральным партнёрам праекта з`яўляецца ААТ "Расійскія чыгункі", якое прадастаўляе новы сучасны камфартабельны поезд з двухпавярховымі вагонамі-купэ, што адпавядае ўсім сучасным санітарным нормам і патрабаванням бяспекі. У дарозе ўдзельнікаў будуць суправаджаць вопытныя педагогі, важатыя, медыцынскія работнікі, прадстаўнікі СМІ.

21 чэрвеня 2023, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА
 
Дата публикации:21.06.2023
Тематика:Транспорт, Культура
Просмотров:330
 
Ключевые слова:
Акция Поезд памяти Великая Отечественная война Российские железные дороги Патриотизм
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме