Ергалі Булегенаў адзначыў, што дзякуючы даверным адносінам кіраўнікоў дзяржаў стратэгічнае партнёрства паміж краінамі ідзе па ўзыходзячай. Ёсць дамоўленасць на вышэйшым узроўні павялічыць узаемны тавараабарот, які цяпер набліжаецца да мільярда долараў, у 2 разы. "Але для таго каб выканаць намечанае кіраўнікамі краін, патрэбна больш актыўнае супрацоўніцтва рэгіёнаў. У прыватнасці, Гомельская вобласць мае пагадненні з многімі нашымі абласцямі. Тым не менш, тое супрацоўніцтва, якое цяпер ёсць, - гэта толькі невялікі працэнт з таго, што можна было зрабіць", - адзначыў ён.
Як паведаміў дыпламат, на красавік бягучага года запланаваны візіт у Беларусь прэм`ер-міністра Казахстана. Пасольства занята падрыхтоўкай дакументаў да гэтага візіту, у тым ліку і прапаноў па развіццю супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні. "Таму я хачу сам паглядзець, сустрэцца з кіраўнікамі прадпрыемстваў, якія могуць выклікаць цікавасць для закупак прадукцыі, а таксама для стварэння сумесных прадпрыемстваў. Вядома, што прадукцыя, якая вырабляецца ў Беларусі, вельмі якасная: і ў машынабудаванні, і ў сельскай гаспадарцы, і ў лёгкай прамысловасці", - падкрэсліў Ергалі Булегенаў.
У ходзе візіту ў Гомельскую вобласць пасол Казахстана наведае прамысловыя прадпрыемствы рэгіёна. У прыватнасці, ён пабывае ў вытворчым аб`яднанні "Гомсельмаш", дзе азнаёміцца з выстаўкай сельскагаспадарчай тэхнікі. Прадугледжваецца таксама наведванне ААТ "Гомельагракамплект", "Гомельдрэў" і "Гомельскі тлушчавы камбінат".
Завершыцца візіт сустрэчай Ергалі Булегенава са старшынёй Гомельскага аблвыканкама Уладзімірам Дворнікам, на якой будуць абмяркоўвацца пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы эканомікі.
26 сакавіка 2013, Гомель
Валерый Сідорчык - БЕЛТА