https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прыярытэты абітурыентаў: праграмаванне, медыцына, замежныя мовы


31 ліпеня прыёмныя камісіі ВНУ завяршылі прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія прэтэндавалі на бюджэтную форму навучання.
Як заўсёды, апошні дзень і асабліва апошнія гадзіны падачы дакументаў атрымаліся вельмі напружанымі. Абітурыенты збіралі і аналізавалі інфармацыю, пралічвалі свае шанцы трапіць на бюджэт, забіралі свой пакет дакументаў і перападавалі іх не толькі на іншую спецыяльнасць у рамках той жа ВНУ ці факультэта, але і везлі іх у іншыя ўстановы адукацыі. У БНТУ такі ажыятаж стаў ужо традыцыйным, бо аднолькавы набор сертыфікатаў тут можна падаць на мноства тэхнічных спецыяльнасцяў. Да таго ж за тры гадзіны да закрыцця прыёмнай камісіі тут апублікавалі падказку для абітурыентаў — спецыяльнасці, дзе яшчэ заставаліся свабодныя бюджэтныя месцы.

Шанцы стаць архітэктарам

Як паведаміла прэс-служба БНТУ, за 31 ліпеня ва ўніверсітэт падалі дакументы 1318 чалавек. Што датычыцца агульнай колькасці пададзеных заяў за сем дзён прыёму на бюджэт, то гэтая лічба складае 5409 пры плане прыёму 2977.

Адметнасцю сёлетняй уступнай кампаніі стала абнаўленне інфармацыі аб пададзеных заявах у рэжыме анлайн, а не адзін раз у тры гадзіны. Таксама ў абітурыентаў была магчымасць аформіць заяву і ліст рэгістрацыі анлайн у асабістым кабінеце і папярэдне запісацца на дзень і час падачы дакументаў. Гэтай магчымасцю скарысталася больш як 2300 чалавек.

Самы высокі конкурс на дзённае аддзяленне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту сфарміраваўся традыцыйна па спецыяль-
насці «Маркетынг» факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва — 7,5 чалавека на месца (план прыёму на бюджэт — 2), максімальны бал тых, хто прэтэндаваў, — 355. Гэта значыць, што абітурыенты мэтанакіравана плануюць паступаць на платную форму навучання нягледзячы на складанасці атрымання эканамічнай адукацыі ў тэхнічнай ВНУ, дзе ў праграме немалая колькасць спецыяльных прадметаў політэхнічных кірункаў.

Далей ідзе спецыяльнасць «Архітэктура» з конкурсам 5,2 чалавека на месца, максімальны бал — 271 (трэба ўлічваць, што на гэту спецыяльнасць, акрамя двух прадметаў на ЦТ, трэба здаваць яшчэ і ўнутраны іспыт). Трэцяе месца займае спецыяльнасць «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі з конкурсам 5 чалавек на месца (153 чалавекі ўказалі менавіта гэтую спецыяльнасць прыярытэтнай пры паступленні на факультэт), максімальны бал — 368.

На чацвёртай пазіцыі спецыяльнасць «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці (прыборабудаванне)» машынабудаўнічага факультэта з конкурсам у 4,3 чалавека на месца. Спецыяльнасць «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці (машынабудаванне)» таго ж факультэта заняла шостую пазіцыю ў спісе: конкурс склаў 3,87 чалавека на месца. Характэрна, што на 25 бюджэтных месцаў у групе гэтых спецыяльнасцяў пададзена 101 заява. Пяты радок займае спецыяльнасць «Аўтасэрвіс» аўтатрактарнага факультэта з конкурсам 4 чалавекі на месца, максімальны бал — 329.

Максімальны бал у абітурыентаў, што падалі дакументы ў БНТУ, — 388.

Высокая планка

Традыцыйна адны з самых высокіх балаў рэгіструюцца штогод на пэўных спецыяльнасцях у БДУ і БДУІР. Так, у апошні ўніверсітэт падала дакументы абітурыентка з сумай балаў 394. Вікторыя Бобр скончыла Мазырскі дзяржаўны абласны ліцэй з залатым медалём. Два апошнія гады дзяўчына вучылася ў фізіка-матэматычным класе. Абодва профільныя прадметы — матэматыку і фізіку — яна здала на 98 балаў, а па беларускай мове атрымала максімум — «сотку». Сярэдні бал атэстата абітурыенткі — 9,8. Вікторыя хоча стаць праграмістам і падала дакументы на факультэт камп`ютарных сістэм і сетак (ФКСІС) на спецыяльнасць «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Увогуле сюды на 85 бюджэтных месцаў была пададзена 331 заява.

Затым планка паднялася яшчэ вышэй: на інжынерна-эканамічны факультэт на спецыяльнасць «Эканоміка электроннага бізнесу» падала дакументы Валерыя Рамановіч, у актыве якой 396  балаў. Яна атрымала максімум балаў па англійскай мове і матэматыцы. Тэст па рускай мове здала на 96 балаў. Лунінецкую гімназію дзяўчына скончыла на выдатна — у яе атэстаце чаканыя 10 балаў.

Абітурыентаў, якія па суме балаў патрапілі ў прамежак ад 381 да 390, у БДУІР — адзінаццаць. Восем з іх выбралі факультэт камп`ютарных сістэм і сетак і трое — інжынерна-эканамічны факультэт.

Але не ўсе спецыяльнасці ў БДУІР зацікавілі абітурыентаў. Нават на такую перспектыўную, як «Нанатэхналогіі і нанаматэрыя-
лы ў электроніцы», было ўсяго 7 ахвотных на 25 бюджэтных месцаў. На спецыяльнасці «Праграмна-кіруемыя электронна-аптычныя сістэмы» — 8 ахвотных на 20 месцаў, «Мадэляванне і камп`ютарнае праектаванне радыёэлектронных сродкаў» — 11 ахвотных на 25 месцаў. На факультэце радыётэхнікі і электронікі на ўсіх спецыяльнасцях колькасць пададзеных заяў была меншай за кантрольныя лічбы прыёму.

Праўда, варта адзначыць, што залічэнне ў БДУІР адбываецца па агульнаўніверсітэцкім конкурсе. І калі абітурыент не праходзіць па першай згаданай ім спецыяльнасці, то электронная сістэма праверыць, ці праходзіць ён па сваіх балах на другую спецыяльнасць у яго спісе прыярытэтаў, на трэцюю і гэтак далей. Тых, хто не прайшоў ні на адну з іх, камісія запісвае яшчэ ў адзін спіс. І пры наяўнасці свабодных месцаў гэтыя абітурыенты могуць залічвацца на іншыя спецыяльнасці.

Пасяджэнне прыёмнай камісіі, на якой адбудзецца залічэнне, пройдзе ў БДУІР 6 жніўня. Пратакол аб залічэнні будзе апублікаваны на сайце да 18 гадзін. У электронным кабінеце абітурыента таксама з`явіцца інфармацыя аб тым, на якую спецыяльнасць ён прайшоў. Аднак гэта не апошняе рашэнне прыёмнай камісіі. Некаторыя абітурыенты забіраюць дакументы з-за таго, што не патрапілі на спецыяльнасць, якая была ў прыярытэце. Яны падаюць дакументы на платную форму навучання або забіраюць іх з універсітэта наогул. У выніку могуць яшчэ вызваліцца бюджэтныя месцы.

101 «стабальнік» у БДУ

Падвялі першыя вынікі ўступнай кампаніі і ў БДУ. 71,3 % яго абітурыентаў маюць высокі сумарны вынік — вышэй за 300 балаў (у 2019 годзе іх было 66,5 %). На дзённую бюджэтную форму навучання пададзена 3496 заяў пры плане прыёму 2140. Сярэдні конкурс склаў 1,63 чалавека на месца.

Сярод тых, хто будзе залічаны без экзаменаў, 72 пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд. Абітурыентаў, якія скончылі сярэднюю школу з медалём або сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з дыпломам з адзнакай, — 898, гэта чвэрць ад агульнай колькасці. Сярод тых, хто падаў дакументы, 1737 выпускнікоў ліцэяў і гімназій. Абітурыентаў, якія атрымалі на ЦТ 100-бальны вынік, — 101 чалавек (у 2019 годзе было 86).

На факультэце міжнародных адносін БДУ адразу ў васьмі абітурыентаў сума балаў — ад 391 да 400. Але ёсць абітурыенты з сумай балаў, набліжанай да максімуму, і на іншых факультэтах: юрыдычным, гістарычным, факультэце журналістыкі, факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, фізічным, філалагічным, хімічным.

Там, дзе праводзяцца ўнутраныя выпрабаванні, найбольш высокія конкурсы склаліся на спецыяльнасцях «Дызайн» (кірунак — камунікацыйны) — 13,7 чалавека на месца пры плане прыёму — 6; «Дызайн» (кірунак — дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя) — 10 чалавек на месца пры плане прыёму — 6; «Правазнаўства» (скарочаная форма навучання) — 3,9 чалавека на месца пры плане прыёму — 10.

На завочную бюджэтную форму навучання падалі дакументы 565 абітурыентаў пры плане прыёму 218 чалавек, конкурс склаў 2,6 чалавека на месца.

У тым ліку на скарочаны тэрмін навучання падалі дакументы 323 абітурыенты пры плане прыёму 68, конкурс склаў 4,8 чалавека на месца.

Хачу быць перакладчыкам

Не адчувае дэфіцыту абітурыентаў традыцыйна Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Тут на лячэбны факультэт на 220 месцаў было пададзена 387 заяў. На стаматалагічным факультэце на 50 месцаў — 113 ахвотных, на педыятрычным — 180 бюджэтных месцаў і 284 ахвотныя, на фармацэўтычным — 60 месцаў і 109 прэтэндэнтаў на іх. У шасці абітурыентаў БДМУ сума балаў была ў дыяпазоне ад 391 да 400.

Вельмі высокія прахадныя балы склаліся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Што вельмі важна, у гэтай ВНУ папярэднюю інфармацыю аб прахадных балах і спісы абітурыентаў, рэкамендаваных да залічэння на першы курс, размясцілі яшчэ 31 ліпеня.

На перакладчыцкім факультэце на спецыяльнасці «Англійская мова і другая замежная мова» прахадны бал склаў 382, на спецыяльнасці «Нямецкая мова і другая замежная мова» — 372, «Іспанская мова і другая замежная мова» — 364, «Турэцкая і другая замежная мова» — 355, «Французская і другая замежная мова» — 344.

На факультэце міжкультурных камунікацый паўпрахадны бал на спецыяльнасці «Англійская мова і другая замежная мова» быў 371. На спецыяльнасці «Італьянская мова і другая замежная мова» прахадны бал — 366, «Нямецкая мова і другая замежная мова» — 362. А на факультэце кітайскай мовы і культуры на спецыяльнасці «Кітайская мова і другая замежная мова» прахадная планка склала 365 балаў.

Нагадаем, што яшчэ адзін шанц, якім абітурыенты могуць скарыстацца, — гэта дадатковы набор на бюджэтныя месцы, што засталіся вакантныя. На іх змогуць прэтэндаваць абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе пры паступленні ў іншыя ВНУ, але маюць на руках патрэбныя сертыфікаты або паступалі на іншыя спецыяльнасці ў тую ж ВНУ.

Ваенная акадэмія, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, Інстытут пагранічнай службы і ваенныя факультэты павінны праінфармаваць абітурыентаў аб наяўнасці вакантных месцаў да 6 жніўня, астатнія дзяржаўныя ВНУ — да 12 жніўня.

Ад абітурыентаў, якія паступаюць на платнай аснове, але не здаюць уступныя экзамены ў ВНУ, дакументы будуць прымацца да 10 жніўня — у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС і Універсітэце грамадзянскай абароны МНС; да 13 жніўня — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў; да 15 жніўня — ва ўсіх іншых установах вышэйшай адукацыі.

Да 19 жніўня ў Міністэрстве адукацыі працуе «гарачая лінія» (017) 222 43 12, на якую прымаюцца званкі па ўсіх пытаннях, звязаных з паступленнем ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 4 жніўня 2020
 
Дата публикации:04.08.2020
Тематика:Новости, Образование в Беларуси
Просмотров:450
 
Ключевые слова:
Вступительная кампания Высшее образование
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме