https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — флагман беларускай навукі і вышэйшай адукацыі


Пра гэта заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён прыняў удзел ва ўрачыстым пасяджэнні Савета БДУ з нагоды дня заснавання ВНУ.
«БДУ ствараўся ў сапраўды складаных умовах. Тады ля вытокаў стаялі ўсяго толькі 49 выкладчыкаў. І за гэты перыяд універсітэт вырас у мацнейшы комплекс з навукова-даследчым інстытутам і тэхнапаркам, рознымі інавацыйнымі падраздзяленнямі, са сваім ліцэем, каледжам. Гэта флагман беларускай навукі і вышэйшай адукацыі», — сказаў Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, сёння ў БДУ створаны і паспяхова працуюць унікальныя прадпрыемствы, якія выпускаюць проціпухлінныя прэпараты, распрацоўваюць абсталяванне для МКС. «Гэта сёння сапраўды важная ВНУ ў сістэме адукацыі, якая актыўна працуе, у тым ліку і з рэгіянальнымі вну, у галіне рэалізацыі сумесных праектаў», — адзначыў міністр.

Сёння ў сценах БДУ дадзены старт святочным мерапрыемствам да 100-годдзя ўніверсітэта. Юбілей вядучая ВНУ краіны адзначыць 30 кастрычніка 2021 года. Адлік часу да юбілейнай даты далі праз націск сімвалічнай кнопкі. Яго запусцілі прадстаўнікі кіраўніцтва, прафесарскай і студэнцкай супольнасці БДУ, а таксама рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні юбілейных мерапрыемстваў. На афіцыйным сайце БДУ з’явіўся таймер з адлікам дзён да знакавай даты.

У юбілейны год запланавана 100 падзей. Ключавыя пройдуць з удзелам запрошаных гасцей, выпускнікоў і замежных партнёраў. Адбудуцца яркія акцыі для моладзі, будзе арганізаваны цыкл мерапрыемстваў, што адлюстроўваюць ролю БДУ ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Універсітэт сустрэне свой юбілей з абноўленымі вучэбнымі карпусамі, у ліку якіх знакавы будынак нумар 1, замацаваны за гістарычным факультэтам. У першыя гады існавання тут знаходзілася кіраўніцтва БДУ, некаторы час жыў і працаваў першы рэктар вядомы гісторык-славіст Уладзімір Іванавіч Пічэта.

Як дадаў рэктар БДУ Андрэй Кароль, да юбілею ВНУ пачала рыхтавацца яшчэ ў 2018 годзе. «100-годдзе БДУ мае міжнароднае значэнне. Нагадаю, юбілей нашай ВНУ ўнесены ў спіс памятных дат ЮНЕСКА. Таму гэта не проста лакальныя, разавыя мерапрыемствы. У падрыхтоўку і правядзенне значнай падзеі ўключана вялікая колькасць людзей, у тым ліку, вядома, студэнты, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай БДУ», — сказаў ён.

Паводле слоў рэктара, у аснове будучага развіцця любой ВНУ — карпаратыўны дух. «Калі кожны студэнт, выкладчык і супрацоўнік незалежна ад пасады будзе нацэлены на раскрыццё і рэалізацыю сябе ў кантэксце ўніверсітэцкіх мэт і задач, тады ўсё атрымаецца. Гэта значыць, хтосьці праявіць сябе ў навуцы, хтосьці — у адукацыйным працэсе, хтосьці — у спорце, а ў выніку гэтыя рэзультаты будуць на карысць універсітэта і яго працвітання. Гэта і ёсць аснова магутнага ўніверсітэта XXI стагоддзя, калі фактычна злучаецца рознае ў адным», — падкрэсліў ён.

100-годдзе БДУ — значная падзея для Беларусі і нацыянальнай сістэмы адукацыі. БДУ — флагман вышэйшай адукацыі краіны, яе навуковы і культурны цэнтр. Універсітэт дастойна прадстаўляе краіну ў сусветнай адукацыйнай і навуковай прасторы.

Сучасны БДУ ўключае 18 факультэтаў, 4 адукацыйныя інстытуты, 7 устаноў адукацыі, 6 навукова-даследчых інстытутаў, 42 навукова-даследчыя лабараторыі, 8 інавацыйных вытворчых прадпрыемстваў, 177 кафедраў, 3 вучэбна-доследныя станцыі, 4 музеі. Фонд фундаментальнай бібліятэкі БДУ налічвае каля 2 млн тамоў айчыннай і замежнай літаратуры. Калектыў БДУ складаюць больш за 8 тыс. супрацоўнікаў. Адукацыйны працэс забяспечваюць больш за 3,5 тыс. выкладчыкаў, з якіх 8 акадэмікаў, 11 членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі, больш за 210 дактароў навук і прафесараў, звыш 980 кандыдатаў навук.

Колькасць навучэнцаў складае амаль 30 тыс. студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў. Сярод іх 3208 замежных грамадзян з 61 краіны.

Студэнт 3 курса факультэта міжнародных адносін Максім Слесаровіч лічыць БДУ сваім другім домам. «І гэта менавіта так. Я праводжу тут практычна кожны дзень, вучуся, развіваюся, даведваюся пра нешта новае. Я заўсёды марыў вучыцца ў БДУ, паступіў і вельмі рады гэтаму», — заявіў ён.

Студэнт 4 курса біялагічнага факультэта Глеб Латушкаў ужо лаўрэат спецфонду Прэзідэнта. «Для мяне, як і для любога студэнта Беларусі, БДУ — гэта высокая ступень і ў кар’еры, і ў жыцці, і ў сферы прафесійных інтарэсаў. Думаю, ніхто не будзе спрачацца, што БДУ — адна з лепшых ВНУ краіны. І таму, зразумела, вельмі многія мараць сюды паступіць. Як вы бачыце, маё жаданне споўнілася, і за гэтыя гады я ніколькі не расчараваўся, — расказаў ён. — Я хачу звязаць сваё жыццё з навукай і пакуль не бачу ў гэтым ніякіх перашкод. Хацелася б займацца чымсьці карысным і актуальным, каб сапраўды мае работы былі запатрабаваны. Напрыклад, сфера малекулярнай біялогіі або вірусалогіі».

За амаль стагадовы перыяд БДУ падрыхтаваў каля 185 тыс. спецыялістаў, 4,7 тыс. кандыдатаў навук, 700 дактароў навук, больш за 15 тыс. замежных спецыялістаў, магістрантаў і аспірантаў. У ліку выпускнікоў — вядомыя вучоныя, акадэмікі, прафесары, лаўрэаты дзяржаўных прэмій СССР, БССР і Беларусі, менеджары вышэйшага звяна вялікіх кампаній. Са сцен БДУ выйшлі народныя паэты, заслужаныя дзеячы, прызёры Алімпійскіх гульняў.

БДУ ўваходзіць у 1,5 працэнта лепшых універсітэтаў свету, займаючы высокія пазіцыі сярод 30 тыс. існуючых устаноў вышэйшай адукацыі. Сёння вядучая беларуская ВНУ прадстаўлена ў рэйтынгах 12 агенцтваў, уключыючы «вялікую тройку» QS, THE.

Звязда, 30 кастрычніка 2020
 
Дата публикации:30.10.2020
Тематика:Культура, Образование в Беларуси
Просмотров:497
 
Ключевые слова:
Белорусский государственный университет Высшая школа Юбилей
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме