Нагадаем, абвінавачанне арыштаванаму праваабаронцу было выстаўлена 12 жніўня. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі абвінавачваецца згодна з часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Паколькі 10-дзённы тэрмін з моманту затрымання Бяляцкага скончыўся вечарам 14 жніўня, тэарэтычна заставалася магчымасць для змены яму меры стрымання — напрыклад пад падпіску аб нявыездзе.
Згодна з матэрыяламі праверкі перад следствам дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, на працягу 2009—2010 гадоў Бяляцкі падаваў у падатковыя органы не адпаведныя рэальнасці дэкларацыі аб даходах, у тым ліку атрыманых за мяжой. "Праверачнымі мерапрыемствамі ўстаноўлена, што сума даходу, не ўказаная ім у падатковых дэкларацыях, якая падлягала падаткаабкладанню, склала больш за 1 мільярд рублёў, а сума не выплачанага гэтым грамадзянінам падаходнага падатку склала 143,7 мільёна рублёў, гэта значыць у асабліва буйным памеры", — гаварылася ў паведамленні камітэта.
Падставай для затрымання Бяляцкага стала інфармацыя пра яго банкаўскія рахункі, перададзеная беларускім уладам органамі юстыцыі Літвы і Польшчы ў межах двухбаковых дагавораў аб аказанні прававой дапамогі. І ў Вільнюсе, і ў Варшаве заяўляюць, што ўлады Беларусі злоўжылі сістэмай міжнародных працэдур і дагавораў для рэпрэсій у дачыненні да сваіх грамадзян.
Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасен у адкрытым лісце на імя прэм`ер-міністра Літвы Андруса Кубілюса растлумачыла: сродкі, пералічаныя міжнароднымі арганізацыямі на банкаўскія рахункі Бяляцкага, выкарыстоўваліся не ў яго асабістых мэтах, а ішлі на фінансаванне дзейнасці праваабарончага цэнтра "Вясна", які аказваў дапамогу рэпрэсаваным грамадзянам Беларусі.
Сродкі на фінансаванне праваабарончай дзейнасці даводзілася пераводзіць на банкаўскі рахунак за мяжой у сувязі з тым, што ў Беларусі "Вясна" вымушана дзейнічаць нелегальна з прычыны "рэпрэсіўнага заканадаўства, мэтай якога з`яўляецца пераслед актывістаў грамадзянскай супольнасці", падкрэслівалася ў лісце Белхасен.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 15 жніўня 2011