https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзяржава заўсёды будзе прыхільная да міжканфесійнага міру ў Беларусі


Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 лістапада на сустрэчы з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.
Аб асабістай сустрэчы кіраўнік дзяржавы і Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі дамовіліся ў пачатку кастрычніка ў час цырымоніі адкрыцця новага храма ў аграгарадку Шаршуны Мінскага раёна. Прэзідэнт растлумачыў, што неабходна абмеркаваць існуючыя ў дзяржаве праблемы.

"Вы ведаеце, што мы вельмі цэнім той канфесійны мір, які нам удалося сфарміраваць за чвэрць стагоддзя. Можа, вельмі нясціпла, але я ганаруся, што гэта адбылося ў гады, калі мне давялося служыць нашай айчыне. Я вельмі гэта цаню, гэта глыбока асабістае. Вы павінны разумець, што мы той міжканфесійны мір, які ў нас склаўся, нікому не аддадзім. Мы заўсёды будзем да яго прыхільныя, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым, бываючы ў царкве, я заўсёды гаварыў, што апорай гэтага міру з`яўляецца праваслаўная царква. Проста таму, што яна гіганцкая па сваіх памерах, калі параўнаць з іншымі канфесіямі".

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў Беларусі зарэгістравана мноства рэлігійных канфесій і напрамкаў, у тым ліку праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія арганізацыі, абшчыны старавераў, іўдзейскія аб`яднанні, мусульманскія і будысцкая абшчыны. "Нам удалося захаваць гэту раўнавагу і баланс пры ўсіх падзеях, якія адбываліся і яшчэ адбываюцца, асабліва ў Мінску. Вядома, не без памылак і з боку ўлад, і з боку нашых канфесій. Але (хачу, каб вы мяне разумелі і пачулі іншыя) калі хоць адна арганізацыя ў Беларусі, грамадская гэта або рэлігійная, будзе нацэлена на разбурэнне дзяржавы, я, вядома, буду вымушаны на гэта рэагаваць. Я як кіраўнік дзяржавы па Канстытуцыі абавязаны абараняць гэту дзяржаву, гэта мой найпершы абавязак", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сітуацыі з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які "ездзіў у Польшчу і атрымліваў кансультацыі, як разбураць краіну". Падобнае, папярэдзіў кіраўнік дзяржавы, нікому не дазволена.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што, акрамя праваслаўнай царквы, беларуская дзяржава актыўна супрацоўнічае і з іншымі канфесіямі. У якасці прыкладу ён прывёў будаўніцтва мячэці ў Мінску.

"Мусульмане ніколі нам не стваралі праблем. Я часта гавару, што мусульмане на ўсіх выбарах практычна на 100 працэнтаў падтрымлівалі ўладу і мяне як Прэзідэнта. Мы ніколі сабе не дазволім тое, што нядаўна пачаў заяўляць Прэзідэнт Францыі аб свабодзе слова і рэлігійных пачуццях: што табе дасць гэта ў краіне, што ты пачынаеш крытыкаваць мусульман? Можа, яму якраз трэба пасрэдніцтва паміж ім і мусульманамі? Я магу яму тут дапамагчы, таму што ў мяне з мусульманамі вельмі добрыя адносіны. Але катэгарычна непрымальна ўмешвацца ў пачуцці вернікаў. Мы ніколі сабе не дазволім кідаць камяні ў вернікаў. Мая пазіцыя была заўсёды такой: кожны чалавек павінен знайсці сваю дарогу да храма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым, на яго думку, дзяржава і грамадства павінны лічыцца з тым, што большасць грамадзян аддае перавагу якой-небудзь плыні, у выпадку Беларусі - праваслаўю. "Трэба ўсім абшчынам з гэтым лічыцца. Гэта ісціна садзейнічала таму, што ў нас баланс у грамадстве, раўнавага. У нас вялікая праваслаўная царква ніколі не крыўдзіла меншую, ніколі не было гэтых сутыкненняў і супярэчнасцей, як бы камусьці ні хацелася. Таму што народ гэта не прыме: ён хоча спакойна маліцца, займацца сваімі справамі", - перакананы кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама закрануў тэму пандэміі. Ён адзначыў, што наступствы распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі сур`ёзна паўплывалі на эканоміку як дзяржавы, так і царквы.

"Прыходы крыху збяднелі, таму што менш людзей прыходзіць, хоць мы храмы ніколі не закрывалі і закрываць не будзем, таму што любая бяда - ідзі і маліся, каб Гасподзь дапамог. Што значыць закрыць храмы ў бяду? Ды мы ў вайну храмы не закрывалі. Таму мы ніколі гэта рабіць не будзем. Гэта справа кожнага чалавека: хоча памаліцца, няхай пойдзе памоліцца - адзін, удваіх, з сям`ёй. У гэтым плане мы гатовы зразумець становішча, трэба прапрацаваць гэта пытанне ва ўрадзе - калі трэба царкву падтрымаць у гэтыя цяжкія часы, значыць, трэба падтрымаць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Беларуская праваслаўная царква налічвае 1709 рэлігійных суполак, у якіх працуюць 1892 свяшчэннаслужыцелі. У Беларусі зарэгістравана 35 праваслаўных манастыроў, 15 брацтваў і 10 сястрыцтваў, адна місія, шэсць духоўных навучальных устаноў. У распараджэнні вернікаў 1683 храмы, будуецца яшчэ 190.

Рэспубліка Беларусь і Беларуская праваслаўная царква прадаўжаюць рэалізацыю заключанага ў 2003 годзе пагаднення аб супрацоўніцтве. Яго выкананню садзейнічаюць створаны па рашэнні ўрада Каардынацыйны савет па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і БПЦ, які ўзначальвае ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей.



Усяго ў Беларусі зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій і напрамкаў. Паводле даных на пачатак года, у краіне працуюць 3563 рэлігійныя арганізацыі, уключаючы 3389 абшчын і 174 арганізацыі, якія маюць агульнаканфесійнае значэнне (рэлігійныя аб`яднанні, манастыры, місіі, брацтвы, сястрыцтвы, духоўныя навучальныя ўстановы).

Канфесійная палітыка дзяржавы накіравана на падтрыманне і ўмацаванне міжканфесійнага міру і згоды ў беларускім грамадстве, развіццё ўзаемадзеяння з гістарычна традыцыйнымі канфесіямі. Ва ўзаемаадносінах з рэлігійнымі арганізацыямі дзяржава кіруецца заканадаўча замацаваным прынцыпам роўнасці рэлігій перад законам і ўлічвае іх уплыў на фармаванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

2 лістапада 2020, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:02.11.2020
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:221
 
Ключевые слова:
Религия Межконфесссиональное согласие Христианство Ислам
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме