На Радаўніцу праваслаўныя наведваюць могілкі, моляцца пра супакой душаў сваіх блізкіх і дзеляцца з імі радасцю ад Уваскрэсення Хрыста. У Беларусі Радаўніца непрацоўны дзень.
Напярэдадні Радаўніцы гаспадыні гатавалі стравы для памінання на могілках, прычым колькасць страваў мела быць няцотная. Усё прыгатаванае складалі ў вялікую палатняную хустку, туды ж клалі асвечаныя на Вялікдзень фарбаваныя яйкі. Уранку людзі ішлі ў царкву, паміналі блізкіх, а пасля абеду адпраўляліся на могілкі.
Жанчынам над магіламі належала галасіць, а мужчыны мелі качаць асвечанае яйка са словамі “Хрыстос уваскрэс”. Затым усе моўчкі рассаджваліся вакол магілы і даставалі стравы. Урачыстая бяседа пачыналася з запрашэння нябожчыка. Пасля крыху ежы і пітва пакідалі для памерлых, а рэшткі раздавалі жабракам.
belsat.eu
24 красавіка 2012