https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Расіі і яе лідара Уладзіміра Пуціна няма намераў паглынуць Беларусь


Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1-га сакавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ.
"Ніякіх замашак збоку, прынамсі, Прэзідэнта Расіі, што Беларусь трэба інкарпарыраваць або ўключыць у склад Расіі, я ні разу не чуў, нават настрою такога не было. Няма ніякіх намераў у велізарнай краіны паглынуць Беларусь", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што за час, які прайшоў пасля распаду Савецкага Саюза, вырасла пакаленне, якое прывыкла жыць у незалежнай дзяржаве. "Калі сёння вынесці пытанне на рэферэндум у Беларусі аб аб`яднанні дзвюх дзяржаў і, як многія ў Расіі кажуць, аб уключэнні Беларусі ў склад Расіі, 98 працэнтаў прагаласуюць супраць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Не таму, што ў нас грамадства настроена супраць Расіі. Вырасла новае пакаленне, ды і старое зразумела, што мы можам жыць і супрацоўнічаць зусім у іншай форме, як родныя, блізкія. І беларусы сёння хочуць быць разам з Расіяй, але жыць у сваёй кватэры. Што ў гэтым дрэннага?"

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што расіяне ў сваю чаргу абсалютна не баяцца любых інтэграцыйных структур і "гатовы хоць заўтра да аб`яднання". "Я жартам гавару, вось давайце ў склад Беларусі ўключым Расію. Думаеце, што, калі б мы сур`ёзна паставілі гэта пытанне, расіяне былі б супраць? Не. А чаго ім баяцца?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што расійскі бок, на жаль, не заўсёды гатовы прытрымлівацца прынцыпу раўнапраўя ў пабудове саюзніцкіх адносін.

Напрыклад, пры абмеркаванні сумеснай валюты Саюзнай дзяржавы Расія, відавочна, мае на ўвазе свае рублі, на што Прэзідэнт Беларусі з доляй іроніі адказвае: "Сёння нам прапануюць сумесную валюту - мы "за". Вядома, гэта будзе рубель. У нас рубель і ў вас рубель. Навошта нам выдумляць талер? Толькі пытанне ж не ў гэтым. Гэта будзе не расійскі і не беларускі рубель. Гэта будзе наш агульны рубель, калі ён будзе. Пры гэтым важна дасягнуць згоды ў пытанні размяшчэння эмісійнага цэнтра, і Беларусь гатова абмяркоўваць розныя варыянты.

Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным перш за ўсё наладзіць больш эфектыўную работу дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы. Аднак ні ў якім разе нельга "пераціскаць" сітуацыю, рабіць крокі, якія будуць на шкоду. Таму ў час сустрэч на вышэйшым узроўні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі магчымыя шляхі вырашэння праблемных пытанняў беларуска-расійскіх адносін.

Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што ў Саюзнай дзяржаве створаны органы кіравання - Вышэйшы дзяржсавет саюзнай дзяржавы, саюзны Саўмін, парламент - і вырашэнне многіх праблем знаходзіцца ў іх кампетэнцыі. "Існуюць пэўныя органы, якія валодаюць вялікімі паўнамоцтвамі для вырашэння пытанняў. Давай пытанні, якія сёння хвалююць людзей, вырашаць на Вышэйшым дзяржсавеце", - сказаў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што рабіць гэта трэба крок за крокам, удумліва, без спешкі.

"Калі мы не здымем праблемы беларуска-расійскіх адносін, якія сёння рубам стаяць, мы аб якіх-небудзь глабальных мэтах, аб аб`яднанні гаварыць нават не павінны. Элементарнае трэба вырашыць. Пакуль кіраўніцтва Расіі, перш за ўсё ўрад, не гатова ісці гэтым шляхам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт канстатаваў, што часта рашэнні, прынятыя нават на ўзроўні прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, не выконваюцца. Адбываецца гэта не па віне Беларусі. У адпаведнасці з дамоўленасцямі Беларусь стварыла рабочую групу для вырашэння праблемных пытанняў, якая гатова пачаць работу. Аднак аналагічная група з расійскага боку яшчэ да работы не гатова. "Пакуль у гэтым ключы работы няма, яна не рухаецца наперад. Але гэта не катастрафічна для беларуска-расійскіх адносін, таму што ў нас калідор магчымасцей і шырокі і доўгі, мы можам спакойна вырашаць нашы праблемы", - сказаў Прэзідэнт.

1 сакавіка 2019, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:01.03.2019
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:285
 
Ключевые слова:
Большой разговор с Президентом Россия Интеграция
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме