https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь становіцца цэнтрам палітычнага і культурнага міжнароднага дыялогу


Аб гэтым заявіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка 13 ліпеня на цырымоніі закрыцця XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
Віцебскі фестываль мастацтваў набывае асаблівае значэнне ў справе ўмацавання міру і ўзаемаразумення паміж краінамі і народамі. "Мы шмат дзесяцігоддзяў таму менавіта гэта вызначылі галоўным. І хто б мог падумаць, што мы сёння будзем так актуальны ў нашым славянскім свеце? - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Таму мір, мір і яшчэ раз мір!" 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў гэтым годзе ў "Славянскім базары" прымае ўдзел рэкордная колькасць краін - 42. "Ніколі ў гісторыі такога яшчэ не было. Паверце, мы зробім усё, каб не 42, а 142 дзяржавы былі тут на гэтай міралюбівай зямлі. І ў нас для гэтага ўсё ёсць. Наша Беларусь усё больш упэўнена становіцца цэнтрам не толькі палітычнага, але і культурнага міжнароднага дыялогу", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што геаграфічны цэнтр Еўропы знаходзіцца побач з Віцебскам. "Мы свята павінны захоўваць гэту старажытную, развітую еўрапейскую цывілізацыю. І каму як не нам, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, адказваць за гэту цывілізацыю", - лічыць беларускі лідар. Паводле слоў Прэзідэнта, аб гэтым сведчыць і той факт, што на пасяджэнні савета дырэктараў Сусветнай асацыяцыі фестываляў яе кіраўніком выбраны наш дырэктар "Славянскага базару". Аляксандр Лукашэнка падтрымаў таксама ініцыятыву аб размяшчэнні штаб-кватэры Сусветнай асацыяцыі фестываляў у Віцебску.

"Славянскі базар у Віцебску" называюць летняй культурнай Алімпіядай. "Ён ужо зарэкамендаваў сябе як месца, дзе музыканты, мастакі, артысты і знатакі мастацтва знаёмяцца з новымі тэндэнцыямі і творчымі знаходкамі з усіх канцоў зямнога шара. Тут людзі разумеюць, як многае збліжае ўсіх нас і як патрэбны нам мір", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, гэты "Славянскі базар" надоўга запомніцца багаццем ідэй, радасцю сустрэч і выключна разнастайнай праграмай. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх паклоннікаў фестывалю з папаўненнем Алеі зорак. "Наша Алея аб`ядноўвае куміраў розных пакаленняў і служыць сімвалам культурнай пераемнасці. Сёння тут стала на адну зорку больш - яна належыць выдатнаму выканаўцу, кампазітару і проста цудоўнаму чалавеку Паладу Бюльбюль аглы. Няхай жа гэты праект з году ў год узбагачаецца новымі імёнамі і наша Алея ператвараецца ў сапраўдную Плошчу зорак", - пажадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адрасаваў самыя цёплыя віншаванні пераможцам і прызёрам песенных конкурсаў сярод дарослых і дзяцей. "Няхай поспех на такім прэстыжным першынстве стане для кожнага з вас важнай прыступкай да шырокага прызнання. Спадзяюся, аднойчы і вашы імёны ўпрыгожаць гэту цудоўную Плошчу зорак. Дарэчы, месца для вас там шмат і гэтыя месцы ўжо для вас зарэзерваваны", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да лаўрэатаў.

"Перамога ў такім няпростым спаборніцтве - гэта сур`ёзная заяўка на будучае. Ва ўмовах конкурснай барацьбы чалавек праяўляе не толькі яркасць свайго даравання, але і сілу характару", - дадаў ён.

"Дух саперніцтва ўласцівы чалавечай прыродзе. У антычнай Грэцыі людзі спаборнічалі ў спорце і мастацтве на арэнах Дэльфійскіх і Алімпійскіх гульняў, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Старажытныя людзі ўсвядомілі - спаборнасць народаў і дзяржаў няхай лепш выяўляецца ў спартыўных і творчых спаборніцтвах, а не ў ваенных канфліктах, якія, на жаль, адбываюцца і ў дваццаць першым стагоддзі".

Маштабныя творчыя праекты, конкурсы адыгрываюць выключна важную ролю ва ўмацаванні дружбы паміж народамі, дапамагаюць людзям розных нацыянальнасцей і культур лепш зразумець адзін аднаго. Калі гавораць музы, хацелася б, каб гарматы маўчалі, рэзюмаваў Прэзідэнт.


14 ліпеня 2015, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:14.07.2015
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2588
 
Ключевые слова:
Славянский базар Віцебск Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме