https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як камбаджыец стаў беларусам. Дзве радзімы — два крылы


Для смуглявага, з нетыповай для Беларусі знешнасцю трактарыста-машыніста КУСГП «Вялікадолецкае» Ушацкага раёна Ра Вутха наша краіна даўно стала «другім домам» настолькі, што, пэўна, замяніла першы. Тут мужчына жыве ўжо больш за 40 гадоў, менавіта ў Сінявокай ён атрымаў адукацыю, сустрэў каханне і пабудаваў моцную сям’ю.
На Віцебшчыну юнак з гарачых тропікаў, а канкрэтна — з сонечнай Камбоджы, трапіў, калі яму было крыху больш за 20 гадоў. Тады хлопцу і яго аднагодкам прапанавалі прайсці навучанне ў адной з дружалюбных рэспублік Савецкага Саюза — БССР. Пакінуўшы дома ў Камбоджы брата і сястру, Вутх разам з некалькімі суайчыннікамі трапіў у Полацкае сярэдняе прафесійнае вучылішча, якое размяшчалася ў Ветрына. Там ён і асвоіў прафесію трактарыста-машыніста, пасля з’явіўся варыянт працягнуць навучанне ў Беларусі. Такі шанц выпадаў не многім замежным студэнтам, таму Вутх з радасцю згадзіўся, але перад гэтым вярнуўся на год дадому. На радзіме яго сустрэлі амаль як прафесара сельскагаспадарчых навук: буйная гаспадарка прасіла падзяліцца досведам работы на знакамітым трактары «Беларус». Увогуле тэхніка МТЗ там, за восем тысяч кіламетраў ад паўночнага рэгіёна Беларусі, папулярная і карыстаецца вялікім аўтарытэтам, бо надзейная.

Застацца ў нашай краіне назаўсёды Ра Вутху дапамог жыццёвы выпадак, які яшчэ раз даказаў мужчыне, што беларусы — душэўны народ, што заўсёды гатовы дапамагчы. Каб атрымаць вышэйшую адукацыю, якая для замежных студэнтаў была платнай, сіраце Вутху далёкі сваяк выслаў грашовы чэк, але той напярэдадні ўступных экзаменаў знік з пакоя інтэрната... У роспачы малады чалавек вырашыў звярнуцца па дапамогу да дзяўчыны, з якой пасябраваў падчас навучання ў Ветрына. А яна сказала проста: «Чакаю на Ушаччыне, працу знойдзем».

Вось ён і прыехаў туды, дзе жыла нераўнадушная беларуска, — у вёску Косары Ушацкага раёна. Мясцовыя людзі ўспамінаюць, што тады гарачай знешнасці «жаніх» з’явіўся ў вёсцы з доўгай чорнай касой — класічнай прычоскай кхмерскіх мужчын. З Алінай Клачок — майстрам-плодаагароднінаводам — стварылі незвычайную інтэрнацыянальную сям’ю. Вутх і Аліна вось ужо больш за 30 гадоў ідуць па жыцці разам, выхавалі пяцярых дзяцей, маюць дваіх унучак.

Па Камбоджы, дзе нарадзіўся і вырас, мужчына, вядома, сумуе. Не забывае родную мову, размаўляе па інтэрнэце з братам і сястрой, хацеў і дзяцей навучыць кхмерскай мове, аднак справа не пайшла. Нашы сосны і бярозы яму за 40 гадоў сталі ўжо раднейшымі, чым пальмы. Аб далёкай радзіме Вутху на Ушаччыне нагадвае нацыянальная кхмерская баваўняная хустка.

Цяпер у «Вялікадолецкім», якому мужчына аддаў амаль 30 гадоў, ён працуе трактарыстам-машыністам на «Беларусе», развозіць рагулям корм строга па раскладзе, бо менавіта ад якаснага кармлення залежаць высокія надоі гаспадаркі. Калегі характарызуюць яго як адказнага і руплівага працаўніка, чалавека з сонечнай энергіяй і аптымізмам. Яно і нядзіўна, бо нават прозвішча мужчыны Ра азначае «сонца». Пакуль кожныя пяць гадоў Вутху падаўжаюць від на жыхарства, але беларус па душы, а не па нацыянальнасці, марыць, што аднойчы возьме ў рукі асабісты пашпарт у сіняй вокладцы.

Аўтар: Аляксандра Гвоздзева
Звязда, 22 сакавіка 2025
 
Дата публикации:22.03.2025
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:63
 
Ключевые слова:
Косары Сельское хозяйство Камбоджа Кхмеры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме