https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Скарына прыехаў!


Да 13 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе выстава "Францыск Скарына: вяртанне на радзіму", арганізаваная сумесна Міністэрствам культуры Беларусі і Пасольствам Федэратыўнай Рэспублікі Германія.

З Германіі адмыслова на выставу прывезлі ўнікальны старажытны канвалют (збор розных кніг пад адной вокладкай), які ўключае 11 прыжыццёвых выданняў Бібліі Скарыны з фонду Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі нямецкага горада Гёрліца.

— У 2005 годзе ў фондах Верхнялужыцкай бібліятэкі прафесар Роберт Рандау знайшоў гэты, датуль невядомы канвалют кніг Скарыны, — распавядае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія Вольфрам Маас, — што выклікала неверагодны рэзананс. Аказалася, што гэта найкаштоўнейшае выданне, якое стагоддзямі захоўвалася ў прыватных бібліятэках, перш чым патрапіць у будучую бібліятэку Гёрліца. Я вельмі рады, што адзіны экзэмпляр "Бібліі" Скарыны, які мае Германія, экспануецца на радзіме першадрукара.

Пасля Мінска канвалют ненадоўга адвязуць на экспазіцыю ў культурную сталіцу-2012 Нясвіж. Потым, на жаль, Біблія вернецца ў Гёрліц. Але з дазволу дырэктара бібліятэкі спадара Маціса Венцэля беларускія спецыялісты ўжо зрабілі алічбоўку прывезенага канвалюта і змогуць змясціць яе ў электроннай бібліятэцы, а ў будучыні — у Нацыянальнай электроннай бібліятэцы.

— Гэты важны міжнародны праект паміж Беларуссю і Германіяй рыхтаваўся на працягу некалькіх гадоў, але варта было яго чакаць, — перакананы міністр культуры Беларусі Павел Латушка. — Як і працаваць на тое, каб вярталіся на нашу зямлю тыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія калісьці страціў беларускі народ. Я перакананы, што гэта павінна быць галоўнай місіяй нашай краіны ў сферы культуры. Менавіта вяртаць. Можа, праз душы, сэрцы ў першую чаргу. Але вяртаць і матэрыяльныя аб`екты. І гэты праект з`яўляецца прыкладам хоць і ўскоснага, але вяртання адной з нашых самых славутых гісторыка-культурных каштоўнасцяў. А лічбавая копія гэтага ўнікальнага выдання назаўсёды застанецца ў Беларусі. Варта прыгадаць і тое, з каго праект пачаўся: ухапіўся за гэтую ідэю колькі гадоў таму Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Германіі Андрэй Гіро.

Ці можна пераацаніць спадчыну Скарыны для беларускага народа? Не. Імя Францыска Скарыны ўпісана ў нашу гісторыю, хутчэй за ўсё, пад нумарам адзін. І праз 5 гадоў адбудзецца яшчэ адна значная падзея для Беларусі, бо 6 жніўня 1517 года Скарына выдаў першую кнігу для ўсходніх славян "Псалтыр". І я перакананы, што мы павінны зрабіць усё, каб гэта была яшчэ і знакавая падзея для ўсяго свету. Каб сапраўды яшчэ раз голасна сказаць, што мы, беларусы, 500 гадоў таму выдалі першую кнігу, што мы былі заўсёды адукаваным інтэлігентным народам, які сёння павінен ганарыцца сваёй спадчынай.

Канвалют кніг Францыска Скарыны, які прывезлі з Германіі, цікавы вось яшчэ чым. Па-першае, ён захаваўся ў абсалютна ідэальным стане, так што магчыма разгледзець усе літары і гравюры. Па-другое, менавіта ў гэтым канвалюце захаваўся знакаміты партрэт Скарыны, якога, на жаль, не захавалася ў выданнях, якія мае наша НББ. Па-трэцяе, і што зусім неверагодна, канвалют змяшчае агульны тытульны ліст да ўсёй Бібліі, які друкаваўся толькі адзін раз і якога таксама няма ў выданнях, што захоўваюцца ў Беларусі.

— Як кнігазнаўца, я трошку засмуцілася, што ў Германіі знайшоўся канвалют з 11 кніг Скарыны — распавядае Галіна Кірэева, загадчыца навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства НББ, — Таму што дагэтуль беларуская калекцыя (10 кніг у 6 пераплётах) лічылася ў свеце 5-й па колькасці пасля расійскай і дацкай. Але тым не менш вельмі прыемна, што кнігі Скарыны, як некалі і ён сам, падарожнічаюць па свеце і што наша багацце знаходзіцца ў розных краінах і там вывучаецца.

Разам з прывезенымі кнігамі на выставе можна пабачыць і кнігі Францыска Скарыны з беларускай калекцыі. Наш збор быў набыты ў 1925 годзе ў Ленінградзе ў прыватнага калекцыянера Камарніцкага і складаецца з кніг, выдадзеных у Празе ў перыяд з 1517 па 1518 гг.: 4 кнігі Царстваў, кніга Ёва, Песня Песняў, Кніга Прамудрасці Ісуса Сына Сірахава, Эклізіяст, Кніга Прамудрасці Саламона.

Постаць Францыска Скарыны настолькі значная для беларусаў, што здаецца, быццам мы ведаем пра яго ўсё. Але насамрэч застаецца яшчэ вельмі шмат белых плям у біяграфіі нашага слыннага гуманіста з Полацка. А таму нам ёсць да чаго імкнуцца — трэба яшчэ шмат зрабіць да 6 жніўня 2017 года. Вось дырэктар НББ Раман Матульскі паабяцаў, напрыклад, да гэтай даты набыць яшчэ адну арыгінальную кнігу для фондаў бібліятэкі.

Вольга Чайкоўская
Звязда, 6 кастрычніка 2012

 
Дата публикации:06.10.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2694
 
Ключевые слова:
Беларусь-Германия Францыск Скарына Книгоиздание Библия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме