https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Віленскі "Буквар" праз тры стагоддзі


Факсімільнае выданне Віленскага буквара 1767 года днямі прэзентавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.
Якой была адукацыя тры стагоддзі таму? Што яна магла даць свайму пакаленню? І наколькі прыдатнымі яе дасягненні можна лічыць для дня сённяшняга? Факсімільнае выданне Віленскага буквара 1767 года днямі прэзентавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Адметна і тое, што разам з перавыданнем старой кнігі выйшаў пераклад на сучасную рускую мову з навуковымі каментарыямі.

Над выданнем працавалі на працягу некалькіх гадоў. Зараз яно з`яўляецца першым значным праектам Апякунскага савета Нацыянальнай бібліятэкі і прадстаўніцтва кампаніі "ХЕRОХ" у Рэспубліцы Беларусь. Буквар стаў першым значным крокам на шляху папулярызацыі кніжнай спадчыны нашай краіны.

Узноўлены "Буквар", акрамя алфавіта, складоў, лічбаў, змяшчае яшчэ і малітвы, павучэнні, гімны. А таксама такія цікавыя раздзелы, як "Надрадковыя знакі прыпынку", "Для выпраўлення мовы отракаў", "Павучэнні дзецям пра тое, як шанаваць бацькоў", "Восем евангельскіх вышэйшых асалод", "Тры душэўныя сілы", "Тры ворагі нашай душы", "Тры апошнія рэчы"...

Факсімільнае перавыданне "Буквара" падрыхтавана з захаваннем усіх асаблівасцяў арыгінала (фона паперы, пацёртасцяў і дэфектаў, пазнак на кнізе, першапачатковага памеру). Дзве кнігі: "Буквар языка славенскага" (што з`яўляецца факсімільным) і "Буквар у жыцці нашых продкаў" Алеся Сушы — змяшчаюцца ў адной картоннай абгортцы.

Кіраўнік Апякунскага савета Раман Матульскі на прэзентацыі, прымеркаванай да Года кнігі і Дня ведаў, з гумарам адзначыў, што ў перамогі заўсёды шмат бацькоў, а вось калі нешта не ўдаецца, тады цяжкавата высветліць, чыя гэта была ідэя:

— Ідэя факсімільнага перавыдання помнікаў кніжнай культуры — яна не новая, і мы не аднойчы прэзентавалі свае прапановы, што неабходна вярнуць пэўныя выданні на радзіму. А самае галоўнае — увесці іх у шырокі ўжытак. Бо зразумела, што рэдкую кнігу, якая знаходзіцца ў музеі ў адзіным экзэмпляры, шырокае кола чытачоў не ўбачыць... Хачу падкрэсліць некалькі важных рэчаў. Вучэбная кніга, буквар — тая кніга, з якой мы пачынаем ісці па жыцці, знаёмімся з сусветам. Зараз у сем`ях адно-два дзіцяці, а раней іх лічылі дзясяткамі. Таму гэтая кніжка пераходзіла з рук у рукі. Калі дзеці малыя, яшчэ да школы яны і малявалі ў ім, і крэмзалі, і пісалі, і лізалі — і ў канчатковым выніку дралі на кавалкі. Таму буквары захаваліся ў свеце вельмі-вельмі дрэнна, калі не сказаць ніяк. Гэтым яны адрозніваюцца ад іншых выданняў, якія ўсё ж такі шанавалі.

Віленскага "Буквара" 1767 года ў свеце захавалася толькі два экзэмпляры. З іншымі старажытнымі кнігамі для навучання адбылося прыкладна тое ж: існуюць адзінкавыя экзэмпляры. Для параўнання Раман Матульскі нагадаў:

— Сёння ва ўсім свеце вядома толькі два экзэмпляры Псалтыра Францыска Скарыны, які, зразумела, быў у свой час у першую чаргу падручнікам — абодва знаходзяцца ў Расіі. Адзін асобнік "Азбукі" Фёдарава 1574 года знаходзіцца ў Злучаных Штатах Амерыкі. Толькі два перавыданні Астрожскім гэтай жа "Азбукі" ў 1578 годзе ёсць у Даніі і Германіі. Адзін экзэмпляр "Азбукі" Мамонічаў 1590 года знаходзіцца ў Расіі. Два экзэмпляры першага "Буквара" 1618 года цяпер у Вялікабрытаніі і Даніі.

— Вельмі каштоўна тое, што гэтыя выданні ўвогуле захаваліся, — дадае Матульскі. — Таму было б выдатна, каб іх, нават і ў выглядзе факсіміле, пабачыла як мага больш людзей. Тым больш што гэта не проста носьбіты інфармацыі. Гэта захавальнікі культурнай спадчыны, духу эпохі — метадалогіі падыходу да выхавання і навучання дзяцей.

У кіраўніка кампаніі "ХЕRОХ" у Беларусі Аляксандра Швеца свае матывы, каб папулярызаваць кніжную спадчыну. Ён упэўнены, што наша краіна мае шматвекавую асветніцкую традыцыю, багатую гістарычную спадчыну, многія сведчанні якой мы, на жаль, страцілі, аддаўшы суседзям і нават захопнікам. Таму прадставіць Беларусь як краіну славутай гісторыі на падставе каштоўных матэрыяльных сведчанняў ён лічыць справай асабліва важнай:

— Я сам ураджэнец старажытнага Турава. Праблема Беларусі ў тым, што мы жывём у такім своеасаблівым сусветным калідоры з Захаду на Усход, праходзячы па якім усе любілі рабаваць, захопліваць, спальваць. Гэта можна назіраць і на прыкладзе гістарычных археалагічных каштоўнасцяў, якія былі знойдзены на Тураўшчыне выбітнымі навукоўцамі-археолагамі. Нашы набыткі прэзентавалі, вывозілі з Мінска ў Маскву. І тыя ж захопнікі шмат чаго забіралі і вывозілі. А на самой Тураўскай зямлі захаваўся фактычна толькі фундамент царквы ХІ стагоддзя, які накрылі сучасным купалам, укачаўшы ў замкавую гару сотні кубаметраў бетону... Таму наша бяда заключаецца ў тым, што і месца размяшчэння, і гістарычная перспектыва склаліся так, што саміх помнікаў гісторыі і культуры захавалася няшмат, нягледзячы на вялікую гістарычную значнасць Беларусі ў еўрапейскім і сусветным гістарычным працэсе.

Швец упэўнены, што тая ж праблема датычыцца і кніг. Таму, вырашаючы яе, звярнуліся да самага пачатку — да "Буквара". Кіраўнік "ХЕRОХ" абгрунтаваў і тое, чаму выдадзена другая кніга з перакладам і каментарыямі:

— Зноў вяртаюся да дзяцінства. У маёй бабулі было "Жыціе Святых", я яго часам гартаў. І мяне раздражняла, што я не магу зразумець усяго, што ў ёй напісана... Таму наша ідэя: зрабіць "Буквар" двухадзіным. З аднаго боку, мы робім факсіміле, што дакладна адпавядае арыгінальнай кнізе. З другога, яна толькі тады будзе адыгрываць сваю культурна-асветніцкую ролю, калі нашы дзеці і мы без перакладчыка зможам разумець тую мову. І нам гэта будзе падставай яшчэ раз задумацца над сучаснай адукацыяй, над тым, наколькі плённую глебу яна стварае для нашых дзяцей. Адсюль і з`явілася другая кніга — гэта фактычна пераклад на рускую мову з навуковымі каментарыямі. Я лічу, што і першая, і другая кнігі надзвычай важныя, але найбольш каштоўныя яны разам.

Віленскі "Буквар" будзе адпраўлены ў бібліятэкі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, каб ім сапраўды маглі карыстацца. Яго ж будуць уручаць пераможцам гуманітарных алімпіяд і, натуральна, пераможцам бібліятэчных конкурсаў, каб кніга набыла шырокі ўжытак.

Апякунскі савет Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, як адзначае Швец, бачыць два шляхі папулярызацыі і вяртання нашай кніжнай спадчыны. Па-першае, гэта збор кніг па ўсім свеце, на аўкцыёнах. Гэта асноўная праца, яна абмяркоўваецца з кіраўніцтвам бібліятэкі. У параўнанні з Беларуссю, напрыклад, у Расіі знаходзяцца гіганцкія кніжныя фонды. Але нам іх вярнуць адзіным крокам немагчыма. Іх трэба вяртаць цярпліва, паступова. І гэта праца ўсіх: і дыпламатаў, і бізнэсу, і гісторыкаў, і навукоўцаў — гэта наш агульны клопат. Па-другое, гэта не толькі стварэнне факсімільных выданняў, але і іх папулярызацыя — рабіць іх сацыяльна карыснымі праектамі.

— Я лічу, што беларусы па сваёй ментальнасці вельмі дамавітыя, яны моцна паважаюць сваю культуру, — дадаў швец. Таму я ўпэўнены, што гэты кірунак па зборы нашых кніжных помнікаў і яго папулярызацыі будзе мець плённае развіццё.

Відавочна, вяртанне нашай кніжнай спадчыны патроху набірае абароты. Выданне факсімільнага Віленскага "Буквара", ды яшчэ і з каментарыямі і перакладамі, — значная падзея. Варта прыгадаць і нядаўняе вяртанне на Беларусь Трэцяга Статута ВКЛ, якое арганізаваў студэнт Андрэй Радкоў. Зараз ён жа вядзе збор сродкаў на набыццё "Вялікага мастацтва артылерыі" Казіміра Семяновіча 1651 года. Калі і студэнту, і бізнэсменам удаецца вяртаць ці аднаўляць нашы спрадвечныя каштоўнасці — значыць, не ўсё яшчэ страчана.

Ніна Шчарбацэвіч
Звязда, 1 верасня 2012
 
Дата публикации:01.09.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2845
 
Ключевые слова:
Раритет Белорусская литература Віленскі буквар Книжное наследие Факсимильное издание
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме