https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Экспазіцыя "Мы ідзём да цябе, Беларусь!" адкрыецца ў Музеі гісторыі ВАВ


Аб гэтым расказала загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Святлана Прыбыш.
Часовая экспазіцыя "Мы ідзём да цябе, Беларусь!", прымеркаваная да 75-годдзя пачатку вызвалення Беларусі, адкрыецца 23 лістапада ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

"Экспазіцыя складаецца з дзвюх вялікіх частак. У першай прадстаўлены маляўнічыя палотны і графіка з нашых калекцый, якія ствараюць вобраз воіна-вызваліцеля, дапамагаюць убачыць чалавека на вайне, уявіць байцоў і камандзіраў, якія 75 гадоў таму пачалі цяжкі шлях да поўнага вызвалення Беларусі. У вітрынах можна ўбачыць прадметы з калекцый музея: салдацкія шынялі, боты, рэчмяшок, каску, кацялок, пляшку і іншыя, якія дапаўняюць вобраз воіна-вызваліцеля. Другая частка выстаўкі будуецца на апавяданні аб канкрэтных героях, подзвігах, баях, можна прасачыць гісторыю пачатковага перыяду вызвалення Беларусі. У прыватнасці, вылучаны такія раздзелы, як "Героі Дняпра. Фарсіраванне Дняпра і пачатак вызвалення", "У баях на плацдармах. Вызваленне Гомельшчыны", "Процістаянне. Вызваленне Віцебшчыны і Магілёўшчыны", - сказала Святлана Прыбыш.

Адзін з раздзелаў экспазіцыі будзе прысвечаны памяці аб загінулых.

"Акрамя таго, выбудаваны своеасаблівы кампазіцыйны цэнтр пад назвай "Дом беларуса" - менавіта гэты "дом", які сімвалізуе ўсю краіну, прыйшлі вызваліць савецкія воіны", - адзначыла загадчыца аддзела.

Назва часовай экспазіцыі ўзята з загалоўка франтавой газеты 1943 года. "Яна гаворыць аб першых кроках, якія былі зроблены па вызваленні Беларусі, калі воіны-вызваліцелі толькі пачалі баі ва ўсходніх раёнах краіны. Вызваленне Беларусі - значная старонка ў гісторыі нашай дзяржавы.

Экспазіцыя "Мы ідзём да цябе, Беларусь!" з`яўляецца данінай памяці ветэранам, усяму ваеннаму пакаленню і адначасова зваротам да моладзі, нашчадкаў вызваліцеляў", - падкрэсліла Святлана Прыбыш.

Акрамя таго, у час адкрыцця часовай экспазіцыі запланавана перадача музею ў дар ад урада Кітайскай Народнай Рэспублікі аўтамабіля МАЗ. Часовая экспазіцыя будзе працаваць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з 23 лістапада па 27 студзеня 2019 года.

21 лістапада 2018, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:21.11.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:194
 
Ключевые слова:
Музей истории Великой Отечественной войны Выставка Освобождение Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме