Дарагія суайчыннікі!
Прыміце мае віншаванні з Раством Хрыстовым.
Светлыя калядныя дні прыносяць з сабой асаблівую атмасферу, якая ўзвышае над буднямі ў радасным чаканні цуду. Простая евангельская гісторыя, якая адбылася больш як дзве тысячы гадоў таму, і сёння натхняе мільёны людзей ва ўсім свеце, заахвочваючы іх стаць чысцейшымі і дабрэйшымі, накіраваць сілы на дапамогу бліжняму, адкрыўшы сэрцы насустрач міласэрнасці і любові.
У Беларусі вернікі па старадаўняй традыцыі адзначаюць гэтае сямейнае свята ў асяроддзі блізкіх каля дамашняга ачага, адчуваючы непарыўнасць сваяцкіх сувязяў і дзелячыся адзін з адным усімі багаццямі душы. Упэўнены, што вы, мае дарагія суайчыннікі, сустракаеце яго ў добрым настроі, з удзячнасцю ўспамінаючы адыходзячы год і з надзеяй гледзячы ў будучыню.
Няхай жа Раство аб`ядноўвае нас, дапамагае рабіць дабро і працаваць дзеля працвітання нашай цудоўнай Беларусі.
Зычу вам моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях, здзяйснення жаданняў, шчасця і дабрабыту.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Звязда, 22 снежня 2012