Даўно гэта было. Многа соцень гадоў таму на месцы Капыля стаяў замак багатага князя. Непадалёку ад замка цякла рэчка, якая разлівалася шырокім возерам каля княжых палацаў.
У князя была адна дачка, ды такой прыгажосці, што князь надзвычай ганарыўся ёю і не дазваляў, каб на яе пазіралі простыя людзі Князёўна жыла ў святліцы, якая была ў высокай замкавай вежы. Адтуль яна магла пазіраць праз вакно на навакольны свет, любавацца хараством палёў, лесу, ракі. Звалі князёўну Паліна, або проста Поля.
Аднойчы, летам, каля замка з`явіўся малады пастух, які вельмі хораша йграў на дудачцы, якую ён сам і зрабіў. Князёўна пачула дзіўную песню дудара і вельмі зацікавілася музыкам і яго ігрою. Яна пераапранулася ў сялянскую дзяўчыну і непрыкметна выйшла з вежы і прыбегла на бераг возера, дзе пастух пасвіў свой статак. Тут яна ўбачыла прыгожага юнака, які, ўгледзеўшы прыгажуню-дзяўчыну, не мог адвесці вачэй ад яе. Ён адразу пакахаў яе, як толькі ўбачыу, і зайграу так, што ўсё навокал было зачаравана тою ігрою.
Коля (так звалі пастуха) дамовіўся з Поляй, што ноччу, як толкі ўзыдзе месяц, яны будуць катацца на чоўне па возеры. Князь быў у паходзе, і яны так сустракаліся некаторы час. Вярнуўшыся з паходу, князь даведаўся аб сустрэчах закаханых. Князёўну замкнулі ў вежы. Бацькі яе меркавалі выдаць замуж за багатага прынца. І вось у канцы лета ў цёмную рабінавую ноч, калі палыхала навальніца і бушавала возера, пастух падплыў на чаўне па возеры да самага замка і на жалейцы падаў голас сваёй каханай. Князёўне ўдалося выбрацца з вежы, і маладыя людзі кінуліся наўцёкі. Стража падняла шум. Князь падняў на ногі ўсю чэлядзь, каб злавіць уцекачоў. Ён убачыў дачку і пастуха на чаўне сярод хваль, калі возера асвяціла бліскавіца. І зноў усё знікла ў непрагляднай цемры. Мала-памалу навальніца прайшла, а як стала зусім светла, на возеры нікога ўжо не было. Возера паглынула ўцекачоў. Тады ў роспачы бацька пракляў і возера, і рэчку, якія ў той самы момант праваліліся ў зямлю. Месца гэтае пасля таго сталі клікаць па імені закаханых: Колі і Полі - Ко-Поль, а пазней Капыль, ды так і засталося - Капыль. І сёння Капыль.
Ссылка на источник:
Адкуль Капыль