Гэты горад, як і Рым, размешчаны на сямі пагоркахЗ чым асацыіруецца ў нашай краіне, і асабліва для жыхароў беларуска-польскага памежжа, горад Беласток? Па-першае, вядома ж, з візамі і пагранпераходамі, мытнямі, дзе, здараецца, можна надоўга "прытармазіць" у чэргах . А па-другое, з так званым "шопінгам" і, адпаведна, з цэнамі на тыя ці іншыя тавары, умовамі і нормамі іх увозу. На жаль, гэтым пакуль і абмяжоўваюцца нашы "турыстычныя" інтарэсы ў суседнім горадзе. Вось і атрымліваецца, што мы практычна не ведаем, а чым жа ён цікавы, акрамя шматлікіх, велізарных і не надта гандлёвых устаноў? Хоць Беласток прывабны не толькі імі.
Вось толькі некаторыя штрыхі да яго аблічча.Гістарычная даведкаПершае ўпамінанне пра Беласток у пісьмовых крыніцах датуецца 1514 годам. Аднак яго гісторыя, паводле легенды, пачынаецца значна раней, у 1320 годзе, калі літоўскі князь Гедымін паляваў у пушчы на тура. Адпачываючы пасля пагоні ля ляснога ручая, ён сказаў: "Чысты, белы сток. Тут можна пабудаваць паляўнічы двор альбо нават заснаваць вёску. "Сток" — гэта даўняя назва ручая, які цячэ і сёння ў выглядзе рэчкі Белая. У 1692 годзе Беласток атрымлівае гарадскія правы, а ў 1749 годзе яму прадастаўляецца магдэбургскае права.
Супараўнальны з Гроднам па колькасці жыхароў амаль 300-тысячны Беласток — буйнейшы горад паўднёва-ўсходняй Польшчы, сталіца Падляскага ваяводства, дзе здаўна пражываюць палякі, беларусы, яўрэі, літоўцы, немцы, рускія, татары, людзі рымска-каталіцкага, праваслаўнага (каля 25 працэнтаў жыхароў), іўдзейскага, пратэстанцкага і ісламскага веравызнанняў. Гэтыя рэаліі, верагодна, і паўплывалі на тое, што тутэйшы ўраджэнец Людвік Заменгоф пачаў працу над стварэннем універсальнай міжнароднай мовы — эсперанта. Не выпадкова цяпер менавіта ў Беластоку праводзяцца сусветныя кангрэсы эсперантыстаў. Заменгофу ўстаноўлены помнік, з яго жыццёвым шляхам знаёміць музей, а справу доктара Эсперанта працягвае цэнтр даследаванняў праблем моўнай камунікацыі.
Знакавай для Беластока з`яўляецца, вядома, і асоба вялікага гетмана, мецэната мастацтва і навукі Яна Клеменса Браніцкага. Дзякуючы яму ў горадзе пабудавалі бальніцу, цэйхгаўз (зброевы склад), ратушу, пошту, тэатральны будынак, манастыр Сясцёр міласэрнасці ... А галоўнай архітэктурнай жамчужынай сталіцы Падлясся па сёння з`яўляецца палац Браніцкіх, які ўжо з ХVІІІ стагоддзя сталі называць "польскім Версалем", паколькі сваёй раскошай магнацкая рэзідэнцыя працягвае традыцыі барочных палацаў французскіх каралёў.
Дарэчы, у сённяшнім палацавам садзе, нягледзячы на значна меншую ў параўнанні з першапачатковай плошчу, і цяпер шмат слядоў арыгінальнай старажытнай кампазіцыі, дзякуючы чаму ён лічыцца адным з найлепш захаваных у Польшчы барочных садоў. Увогуле ж зялёныя насаджэнні займаюць прыкладна трэцюю частку тэрыторыі горада: тут ажно восем паркаў і два запаведнікі. Пры гэтым ствараюцца спрыяльныя ўмовы і для прагулак пехатой, і для аматараў аздараўленчага бегу, веласіпедыстаў. Ёсць таксама схілы для спуску на лыжах і санях, а той, каго цягне ў неба, можа скарыстацца паслугамі аэрапорта Крыўляны для заняткаў авіяцыйным, дэльталётным і паветраплавальным спортам.
Зрэшты, вернемся да гістарычных аб`ектаў, якіх у Беластоку некалькі соцень, у тым ліку каля 150 унесеных у рэестр помнікаў. Цікава, што заснаваная каля 1745 года гетманам Янам Клеменсам Браніцкім беластоцкая ратуша з самага пачатку служыла не для пасяджэнняў членаў магістрата, а выконвала... гандлёвую функцыю. У чатырох вуглавых эркерах знаходзіліся купецкія крамкі. А паколькі вакол Ратушы знаходзіўся рынак, Браніцкі загадаў пабудаваць побач гарадскія вагі. Тады і ўзнік мураваны аднапавярховы будынак з аркамі, дзе размясцілі пазначаныя членамі магістрата ўзоры мер аб`ёму і даўжыні. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ратушная вежа, якая дамінавала над усім горадам, служыла ў якасці пажарнай каланчы. А ў 1939 годзе, калі прыйшла савецкая ўлада, гістарычную пабудову знеслі, а на яе месцы хацелі паставіць помнік Сталіну, ды не паспелі — вайна...
Аднаўляць ратушу пачалі ў 1954 годзе. Зараз, праўда, яна ўжо не мае ранейшага гандлёвага прызначэння, ды і гарадскія вагі вярнуць было немагчыма. Затое там цяпер Падляскі музей з археалагічнымі, этнаграфічнымі калекцыямі, а таксама выдатнай галерэяй польскага жывапісу за перыяд з канца ХVІІІ да пачатку ХХ стагоддзя.
Працягваем прагулку па гістарычным цэнтры Беластока. Непадалёк, на вуліцы Ліпавай, размешчаны праваслаўны кафедральны сабор св. Мікалая Цудатворца, пабудаваны ў 1843—1846 гадах на месцы старажытнай царквы. У саборы знаходзяцца мошчы падляскага святога пакутніка Гаўрыіла Заблудоўскага і цудатворная ікона Беластоцкай Божай Маці.
У беластоцкім раёне Дайліды знаходзіцца адзін з чатырох у Польшчы жаночых праваслаўных манастыроў. А прадоўжым мы падарожжа па буйнейшым цэнтры праваслаў`я ў гэтай краіне ў наваколлі горада. Напрыклад, у населеным пункце Беласточак, у старой драўлянай сядзібе сабраныя старажытныя, тыповыя для тутэйшых мясцін музычныя інструменты. У вёсках Козлікі, Рыбалы, Цялушкі і Паўлы зачароўваюць маленькія шматколерныя драўляныя цэрквы. А крыху далей, у вёсках Соцы, Пухлы і Трасцянка, акрамя царквы і каплічкі, можна ўбачыць так званую Краіну Адчыненых Аканіц. Адметнасць гэтых унікальных па архітэктуры вёсак — у багатых разных упрыгажэннях драўляных дамоў — і на фасадах, і на вуглах, вокнах.
Дарэчы, па гэтай тэрыторыі праходзіць унікальны падляскі бусліны маршрут, які спалучае нацыянальныя паркі ваяводства: Белавежскі, Наравянскі, Бебжанскі і Вігерскі. Прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Беластока знаходзіцца еўрапейская бусліная вёска — Пентава. Тут налічваецца больш за дваццаць бусліных гняздоўяў і ўстаноўлены вежы для назірання за птушкамі. А непадалёк, у Кермусах — так званыя мясціны "зубра і шляхецкіх традыцый", з музеем-запаведнікам, алеяй дубоў, умацаваным замкам. І, зразумела, старапольскай карчмой.
...Крыху далей ад Кермусаў на поўдзень — і мы ў заснаваным у ХІ стагоддзі Суражы ля дзікай рэчкі Нарэў. Вельмі каштоўны гістарычны помнік у гэтым мястэчку, які называюць польскай Амазоніяй — Замкавая гара (гара каралевы Боны), дзе ў раннім сярэднявеччы быў умацаваны горад, а потым замак каралевы. Можна быццам вярнуцца ў тыя часы, наведаўшы славянскі пасёлак "Навія" з яго крамкамі і "майстар-класам" па вырабе дзёгцю, вайсковай амуніцыі і іншых рэчаў. А потым пабываць у заснаваным яшчэ перад Другой сусветнай вайной мясцовым земляробам Уладзіславам Літвінчуком грамадскім археалагічным музеі, якім цяпер кіруе ягоны сын Віктар.
Побач з Беластокам, у Асовічах, турыстам прапануюць убачыць, як выглядалі тутэйшыя вёскі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. На тэрыторыі 27 гектараў размешчаныя дзясяткі разнастайных драўляных аб`ектаў — старыя хаты, сядзібы, рыгі, ветраныя млыны, свіраны, манежы...
Знаходзячыся на Беласточчыне, варта наведаць і мясціны, звязаныя з яўрэйскай культурай і традыцыямі (36 аб`ектаў яўрэйскай спадчыны), а таксама пабываць у Крынках. Гэта мястэчка з тыпова падляскім выглядам з рынку — на царкву, касцёл і сінагогу. Толькі тут у Польшчы можна ўбачыць круглую плошчу з адыходзячымі ад яе дванаццаццю (!) вуліцамі. Другая такая ў Еўропе, больш позняя, знаходзіцца ў Парыжы на плошчы дэ ля Канкорд.
У дзесяці кіламетрах ад Крынак размешчаны населены пункт Горка, які першапачаткова належаў татарскай сям`і Мурзы Кшачкоўскага. Кажуць, што ў бітве пад Парканамі ён выратаваў жыццё каралю Яну Трэцяму Сабескаму і кароль наведаў яго па шляху на Сейм у Гродне. Дарэчы, бліжэй да мяжы з Беларуссю знаходзіцца вёска Крушыняны, якую некалі называлі "трохсвяточнай". У пятніцу святкавалі мусульмане — татары, у суботу — яўрэі, у нядзелю — каталікі і праваслаўныя.
... Цяпер у Беластоку праходзіць грамадскае абмеркаванне "Стратэгіі развіцця горада на перыяд 2011 — 2020 гадоў". Наперадзе новыя праекты. Але што застаецца нязменным, дык гэта добразычлівасць жыхароў беласточчыны, у чым ужо неаднойчы пераконваўся і аўтар гэтых радкоў. Прычым, што прыемна, у шэрагу выпадкаў для мясцовых жыхароў была зусім не чужой беларуская мова. Нічога дзіўнага, бо менавіта Беласточчына з`яўляецца галоўным цэнтрам польскіх грамадзян беларускай нацыянальнасці.
Барыс Пракопчык
Звязда Ссылка на источник:
Невядомы Беласток