У шпіталі яму зрабілі складаную аперацыю. Пасля цяжкага ранення служыць камандзір ужо не мог. Ён вярнуўся дадому, дзе яго ўжо даўно чакалі любімая жонка Людміла і маленькая дачушка Алеся...
Ваенныя гены
...Кузьміч Мяркулаў, палкоўнік, пасля Вялікай Айчыннай вайны пасяліўся ў Пржавальску. Яго сыны, акрамя Мікалая, былі афіцэрамі. Мікалай працаваў начальнікам забеспячэння трэстам. Яго жонка была бухгалтарам на тытунёвай фабрыцы. У іх было пяцёра дзяцей. Адзін з іх — Юра — герой артыкула, будучы афганскі камандзір, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Хлопчык радаваў сваімі поспехамі ў школе. Яшчэ калі "хадзіў пад стол пешшу", ведаў: будзе ваенным. Лётчыкам. Выбраць гэтую прафесію, напэўна, прымусілі гены. І папулярны ў той час фільм — "У бой ідуць адны старыя", ад якога тады ўсе хлопцы былі ў захапленні.
Так сталася, што Юра захварэў ангінай, і яго дзядзька — начальнік пагранвучылішча — сказаў: "На лётчыка не пройдзеш медкамісію". Ад гэтага жадання насіць форму ў хлапчука менш не стала. Проста змяніўся прыярытэт — замест паветра, Юрый "пераключыўся" на зямлю. Вырашыў выўчыцца на марскога пехацінца. Выбраў вучылішча ў Благавешчанску. Бацькі адмовілі: маўляў, гэты горад знаходзіўся на "краі свету". Параілі паступаць у Алма-Ату: ад дома — паўтары гадзіны на самалёце. Конкурс туды быў вялікі — сямнаццаць чалавек на месца. Але і гэты факт не спалохаў мэтанакіраванага Мяркулава. Ён паступіў з першага разу!
На чацвёртым курсе юнаку спадабалася Людміла — яна працавала ў вучылішчы і была там самай прыгожай. Дзяўчына таксама паклала вока на сімпатычнага маладога чалавека, які выдзяляўся сярод іншых. На чацвёрты дзень пасля першай сустрэчы пара пайшла ў загс. Хутка згулялі вяселле.
Уручэнне дыпломаў і атрыманне запаветных "ромбікаў" афіцэры алма-ацінскага вучылішча вырашылі адсвяткаваць у кавярню. Люда, якая ўжо была цяжарнай, папрасіла мужа ўзяць яе з сабой. Пасля гадзіны ўгавораў, той згадзіўся. У разгар вечарынкі Юрый выйшаў пакурыць. Праз хвіліну прыбеглі сябры і "аглушылі" яго навіной: у Люды пачаліся роды. Бачылі б вы твар мужа...
Хлопцы выскачылі на праспект — у сталіцы Казахстана ён не меншы, чым у Мінску. Злавілі таксі. На машыне Людмілу адвезлі ў радзільнае аддзяленне. Урачы мужа супакоілі: "У вашай жонкі "ўсяго" толькі схваткі". А назаўтра, у восем раніцы, на свет з'явілася Алеся.
Праз колькі часу начальнік вучылішча, дзе працавала Люда і некалі вучыўся Юра, спытаў: "Дзе будзеце служыць?". Яна адказала: "Куды Радзіма пашле"...
Радзіма паслала ў Афганістан
— Нармальна гэтую навіну ўспрыняў, — успамінае Юрый Мікалаевіч. — У савецкія часы паняцці "патрыятызм", "гонар афіцэра", "Радзіма", "доўг" былі свяшчэннымі. На вайну адмаўляліся ісці толькі адзінкі. Сорак працэнтаў майго выпуску адразу пасля вучылішча паехалі ў Афган. За год праз вайну прайшлі ўсе. Загінула шмат, кожны з тых, хто ўцалеў, атрымаў раненні...
Малпачка "Макс"
У Кабул на самалёце Мяркулаў трапіў праз Ташкент. На афганскай зямлі навічкоў накіравалі ў штаб арміі. Юру тады ішоў дваццаць першы... Вайну ён, як і многія яго аднагодкі, успрымаў праз "ружовыя" акуляры: рамантыка, новыя ўражанні, прыгоды. Усё гэта разам скончылася, калі хлопец убачыў першую смерць...
Юрый Мікалаевіч быў прызначаны камандзірам узвода, у якім служылі дваццаць два салдаты. На іх была ўскладзена, напэўна, самая складаная і адказная задача — разведка. Ніхто ўжо сёння дакладна і не падлічыць баявыя аперацыі, у якіх паўдзельнічаў Мяркулаўскі ўзвод. Не раз і не дзесяць хлопцы былі на валасок ад смерці. Баі былі амаль штодзень, рэдкія без страт...
...Не можа без смеху Мяркулаў расказваць пра "баявога сябра" афіцэраў — малпачку Макса. Гэта была "дзяўчынка", але чамусьці яе назвалі, як "хлопчыка". Мянушка прыжылася. Афіцэр Жэня Рашэтнікаў купіў яе на рынку і "пасяліў" у свой пакой. Таварышы з першага знаёмства палюбілі "прашчура чалавека". Малпа была не большай за паўметра. Жвавая, няўрымслівая. І шкадлівая.
У афіцэраў была традыцыя, якую яны захавалі да самага "дзембеля": пасля кожнага бою падняць "сто грамаў" за тых, хто ўцалеў і загінуў. Аднойчы налілі Максу. Ён пакаштаваў, зморшчыўся. А назаўтра сам сеў за стол і, на здзіўленне ўсіх, "папрасіў" выпіць. Налілі. Выпіў. На мордачцы з'явілася ўсмешка, якая азначала задавальненне. Вось так Макс стаў разам з афіцэрамі выконваць святую традыцыю. І за гэта ледзь не паплаціліся.
Аднойчы малпачка з жылета афіцэра, які вісеў на вешаку, дастала "лімонку". Стала з ёй гуляць. Афіцэры ўбачылі, але "гульнюшку" не забралі: былі ўпэўнены, што жывёлінка не дастане "чаку" (зрабіць гэта без спецыяльнай падрыхтоўкі не ўсякі чалавек зможа — Аўт.). Неўзабаве, нехта ўбачыў, што Макс у адной лапе трымае гранату, а ў другой — кальцо...
Сказаць, што афіцэры ў адзін момант ледзь не страцілі прытомнасць, — нічога не сказаць. Самы смелы з іх падскочыў да малпы і выкінуў лімонку ў адчыненае акно. Якраз туды, куды сцякалі нечыстоты з лазні...
Афіцэры паспелі легчы на падлогу. Граната ўзарвалася ўжо на вуліцы. А адходы праз, тое самае акно, "заляцелі" у пакой, дзе затаіўшы дыханне ляжалі людзі. Макса за ўчынак пакаралі — на дзень пазбавілі законных "ста грамаў". Малпа пакрыўдзілася. Але хутка "адышла". Напэўна, выпіўка для яе была даражэй за ўласны гонар...
"Чудзіў" Макс яшчэ не раз. Выцягваў зараджаны пісталет, страляў, кусаў прапаршчыкаў і гэтак далей. Параіўшыся, хлопцы вырашылі збыць сябра. А каб "тавар" карыстаўся большым попытам у "нагрузку" да яго давалі яшчэ дзве бутэлькі гарэлкі. Пакупнікі, хоць і не адразу, бо ведалі пра Макса, знайшліся. Праз тыдзень яны вярнулі малпу разам са скрыняй гарэлкі...
Усё такі жывёлінка дабыла з гаспадаром да "дзембеля". Як склаўся яе далейшы лёс, гісторыя не гаворыць...
Сын...
Пасля вайны Мяркулаў вярнуўся ў Кіргізію. Служыў камандзірам узвода горада Рыбачае.
Параненая ў Афгане нага ўсё часцей давала аб сабе знаць. Юрый
нейкі час практычна не мог хадзіць. З-за хваробы яго перавялі ў Таджыкістан на пасаду намесніка ваенкама. У 1991 годзе Мяркулавых "перакінулі" ў Беларусь, у Вілейку. Хутка ў іх павінна было нарадзіцца чацвёртае дзіця...
Хацелі — зразумела чаму — хлопчыка. Нарадзілася ж Даша... Калі маёр Мяркулаў прыйшоў з трыма дочкамі ў раддом, медперсанал не хаваў усмешак...
І ўсё ж такі ў 1998 годзе ў Юры і Люды з'явіўся сын — Сяргей.
— Жонка пачула па радыё, што ў Жодзінскім прытулку праводзіцца дзень адчыненых дзвярэй, — дзеліцца ўспамінамі афіцэр. — Патэлефанавала мне на работу і прапанавала туды з'ездзіць. Хлопчыка мы хацелі даўно. Не толькі таму, што ў нас адны дзяўчынкі.
Калі ў Нагорным Карабаху быў землятрус, мы жылі ў Таджыкістане. Не расказаць, колькі давялося ўбачыць дзяцей, у якіх загінулі бацькі. Ужо тады вырашылі да сябе ўзяць сірату. Не паспелі — мяне перавялі. Таму, калі ехалі ў Жодзіна, ведалі, што дамоў вернемся ўтраіх... Сярожу тады было ўсяго чатыры годзікі. Супрацоўнікі прытулку вельмі здзівіліся, калі мы ім сказалі, што ў нас ужо ёсць чацвёра дзяцей. Не верылі, як такое можа быць...
Сяргей для бацькоў такі ж родны, як і астатнія дзеці. Зараз ён вучыцца ў адзінаццатым класе. Хутчэй за ўсё, па бацькавых слядах не пойдзе. Яго цікавяць тэхнічныя спецыяльнасці.
Юрый Мікалаевіч пасля Вілейкі адзінаццаць гадоў працаваў ваенкамам у Мядзеле. Кожны яго тут ведае і ніхто дрэннага слова пра баявога афіцэра не скажа — рэпутацыя Мяркулава бездакорная. Зараз яму пяцьдзясят гадоў, і ён на заслужаным адпачынку. Агульны воінскі стаж — 34 гады. Але на пенсіі Мяркулаў сядзець на канапе і глядзець тэлевізар ніколі не збіраўся — характар не той. Вось ён і працягвае працаваць — ахоўвае банк, узначальвае раённую арганізацыю "Саюз афіцэраў Беларусі".
У доме Мяркулавых рэдка бывае ціха: часценька ў іх збіраюцца знаёмыя, прыязджаюць дзеці. Выхаваныя на традыцыях Сярэдняй Азіі, Юрый і Людміла заўсёды рады любому госцю. Гасціннасці яны вучаць сваіх дзяцей. А таксама таму, што ў любой сітуацыі, якой бы складанай яна ні была, трэба заставацца ЧАЛАВЕКАМ...
Аляксандр Сянюць
Звязда
Родныя Юрыя Мяркулава, якія насілі або носяць ваенную форму
Прадзед Ермалай — контр-адмірал царскага флота на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у руска-японскай вайне 1904-1905 гг. у бітве пры Порт-Артуры.
Дзед Кузьміч — палкоўнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Службу закончыў у Пржавальску, Кіргізія.
Дзядзька Мацвей — генерал-лейтэнант, Герой Савецкага Саюза. Начальнік пагранічнага вучылішча ў Алматы, Казахстан.
Дзядзька Сяргей — капітан, камандзір танкавага батальёна. Загінуў у Чэхаславакіі падчас "Пражскай вясны".
Старэйшы брат Сяргей — падпалкоўнік у запасе. Служыў у Маскве ў спецыяльным падраздзяленні "Альфа", у 9-м упраўленні. Ахоўваў партыйную эліту СССР.
Старэйшая дачка Алеся — маёр міліцыі Ленінскага РАУС горада Брэста. Скончыла Акадэмію МУС.
Дачка Аляксандра — старшы лейтэнант узброеных сіл РБ, камандзір узвода. Скончыла Ваенную акадэмію РБ, дзе зараз праходзіць службу.
Кoличество переходов на страницу: 1564
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |