У славян-хрысціян серада лічылася нешчаслівым днём, посным, таму што менавіта ў гэты дзень Іуда Іскарыёт здрадзіў свайму настаўніку Ісусу Хрысту. Адсюль узнікла маральна-этычная рэгламентацыя: "Хто ў сераду мяса не есць, таму Бог менш выпрабаванняў дасылае". Старыя людзі былі перакананыя: калі прытрымлівацца гэтага правіла, то жыццёвы і паслясмяротны шлях чалавека будзе больш лёгкім. У вернікаў поснай з'яўляецца не толькі серада, але і пятніца, калі Хрыста ўкрыжавалі. Адсюль і народныя выслоўі: "Чаго глядзіш, як серада на пятніцу".
У сістэме ўяўленняў аб парадкаванні часу серада выконвала ролю "скрыжавання дарог". З аднаго боку, яна несла адбітак сваіх папярэднікаў, а з другога — паварочвала тыдзень да дня адпачынку. Адным словам, "у сераду нарадзіўся, да ўсяго прыгадзіўся".
У сераду на працягу года выконваліся абрадавыя дзеянні,
зарыентаваныя на перасцярогу ад маланкі і граду, таму пярэдадзень дня Перуна (чацвярга) атрымаў назву Градавая серада (Градабой, Градабойная, Градовая, Градоўніцы, Градовы дзень).
Калі серада прыпадала на малады месяц, то гэты час лічыўся спрыяльным для пачатку будаўніцтва печы. У сераду сеялі гарбузы; восенню закладвалі капусту. Серада была спрыяльнай для таго, каб здымаць цяжкія сурокі, радавыя праклёны, лячыць родавую гарачку.
Разам з тым шматгадовыя назіранні нашага народа паказваюць: "Хто родзіцца ў посны дзень, у сераду або пятніцу, той будзе скупы". Парасяты, якія нарадзіліся ў сераду, звычайна не выжываюць; не саджалі агуркі ў сераду і пятніцу, не пачыналі сеяць збожжа: "зямля яго не прыме, не праросціць". Нездарма казалі: "На памежжы — ужо не маё і яшчэ не тваё".
Аксана Катовіч, Янка Крук.
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1875
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |