У продкаў сучасных беларусаў пачатак новага года быў звязаны з днём веснавога раўнадзенства. Асабліва жаданымі гасцямі ў кожнай сям’і ў гэты час былі валачобнікі. Яны абыходзілі ўсе вясковыя двары, песняй велічалі і праслаўлялі гаспадара, яго працу. Велічалі таксама і гаспадыню, як мудрую дарадчыцу і памочніцу свайго мужа, дарослую дачку, нежанатага сына. Гаспадары шчыра дзякавалі валачобнікам, дарылі ім абрадавыя падарункі - яйкі, сыр, каўбасы.
Старажытны валачобны абрад пачаў знікаць з побыту нашых продкаў у Сярэдневякоўі, калі хрысціянская царква, якая актыўна змагалася з язычніцкімі традыцыямі, значна ўзмацніла свае пазіцыі. Адбыліся змены і ў календары - пачатак новага года быў перанесены з вясны на зіму.
Прыкладна з Х стагоддзя практычна па ўсёй Еўропе паступова замацавалася традыцыя пачынаць новае гадавы круг ад Калядаў.
Доўгі час у розных рэгіёнах Беларусі Новы год святкавалі ў розны час. На тэрыторыі, якая ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, сустракаць новы год 1 студзеня пачалі з 1364 года. Ва ўсходняй частцы Беларусі з 1493 па 1700 новы год пачынаўся па візантыйскай царкоўнай традыцыі - 1 верасня. У 1699 годзе Пётр І выдаў указ, паводле якога пачаткам года сталі лічыць 1 студзеня.
З пераносам каляндарнага пачатку года на зіму паступова сфарміравалася зімовае навагодняе свята. Яго галоўнымі героямі сталі калядоўшчыкі. Яны, прыбраўшыся ў калядныя касцюмы казы, мядзведзя і іншых жывёл, абыходзілі дамы і спявалі велічальныя калядныя песні.
Важнай часткай навагодняга свята была ўрачыстая абрадавая вячэра, якую кожная сям’я рыхтавала па прынцыпу "як новы год сустрэнеш, такім ён і будзе". Таму ставілі на стол 12 розных страў, кожная з іх сімвалізавала тую ці іншую пару года. На свята падавалі каўбасу, катлеты і іншыя стравы са свініны або ялавічыны, масла, сыр, абавязкова бліны, салёную і марынаваную агародніну, кісялі ці кампот, рыбу, грыбы.
Абавязковай абрадавай стравай была куцця, таму і вячэра называлася "куццёй". Накрываўся шчодры навагодні стол. Людзі верылі і спадзяваліся, што такі самы дастатак будзе ва ўсёй сям’і на працягу ўсяго года.
У час навагодніх свят нашы продкі праводзілі шматлікія абрады, рытуалы і варажбу, з дапамогай якіх яны спадзяваліся забяспечыць у новым годзе мір і дастатак сабе і сваёй сям’і, зазірнуць у будучыню. Так, у некаторых рэгіёнах Беларусі раніцай новага года праводзіўся абрад засявання. Яго выконвалі дзеці, якія хадзілі з торбай, напоўненай зернем, па вёсцы, заходзілі ў дамы, віталі гаспадароў і імітавалі сяўбу - пасыпалі падлогу зернем жыта, аўса, ячменю. Выконвалі абрад моўчкі або суправаджалі яго сімвалічнай кароткай песняй, у якой жадалі гаспадарам дабрабыту, багатага ўраджаю ў новым годзе. Дзякавалі за гэта маленькім выканаўцам падарункамі.
Існаў цікавы рытуал, які, як лічылася, спрыяў дабрабыту ў сям’і і ўзаемаразуменню паміж яе членамі. За 15 хвілін да заканчэння старога года ўся сям’я садзілася за святочны стол, каб аддзячыць мінулы год і разам з тым пакінуць у ім усе праблемы, беды, хваробы. Старэйшы ў сям’і браў невялікую гліняную пасудзіну, напалову напоўненую вадой, і ставіў яе на сярэдзіну стала. Усе прысутныя за сталом працягвалі левую руку і роўна хвіліну трымалі яе над гэтай пасудзінай. Пры гэтым кожны прысутны ў думках аддаваў вадзе хваробы, страты, зайздрасць, неўраджай - усе тое, што яго ў першую чаргу не задавальняла ў мінулым годзе. Прычым калі ў сям’і былі немаўляты, то дарослыя саджалі іх да сябе на калені, бралі іх руку і трымалі над вадой разам са сваёй. Роўна праз хвіліну той жа чалавек браў рытуальны посуд і выліваў ваду з усімі бедамі праз акно. Як толькі надыходзіла поўнач, той жа посуд зноў напаўняўся вадой да самага краю і ставіўся на стол. Цяпер усе прысутныя працягвалі над ім правую руку і самі сабе прагаворвалі пажаданні дабра, здароўя, поспехаў, удачы, сямейнага дабрабыту. Праз хвіліну рытуальную чашу пускалі па крузе па сонцу і кожны выпіваў сваю "долю пажаданняў".
У нашы дні многія вераць, што калі на новы год, як толькі гадзіннік пачынае адбіваць поўнач, на лісце паперы запісаць самае запаветнае жаданне і паспець спаліць паперу з апошнім, дванаццатым ударам, то жаданне абавязкова здзейсніцца.
Магія першага дня, як любога пачатку, паслужыла асновай шэрагу прымет, забарон, правіл паводзін, якія адносяцца да Новага года. Перад навагоднімі святамі людзі стараліся вярнуць усе пазыкі, таму што былі ўпэўнены, што калі гэтага не зрабіць, то ўвесь год давядзецца разлічвацца. Нашы продкі верылі, што калі ў Новы год з чалавекам што-небудзь здарыцца, то тое самае будзе адбывацца з ім на працягу ўсяго года. Не дазвалялася ў першы дзень года выконваць якую-небудзь цяжкую работу, а то будзешь увесь год працаваць без адпачынку і без задавальнення ад выкананай работы. Гандляры на Новы год першаму пакупніку прадавалі тавар за невялікую цану, бо гэта гарантавала паспяховы гандаль на ўвесь год. У маладых дзяўчат існавала традыцыя некалькі разоў на дзень пераапранацца ва ўсё новае. Лічылі, што тады ўвесь год будуць абноўкі. У час першага навагодняга ўмывання трэба было ў посуд пакласці медныя або залатыя грошы, каб на працягу ўсяго года быць моцным і прыгожым, а сярэбраныя грошы і рэчы - каб твар быў чыстым і светлым.
З назіранняў за прыродай паступова склаліся навагоднія прыметы, якія давалі магчымасць прадказаць, якім будзе год у земляробаў. У народзе казалі: "Які першы дзень студзеня, такі і першы дзень лета", "Калі на Новы год неба зорнае - чакай добрага ўраджаю, будзе багата ягад".
У другой палавіне ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў у Беларусі паступова распаўсюдзіўся звычай ставіць навагоднюю ёлку. Ён прыйшоў з Заходняй Еўропы, дзе з'явіўся даволі даўно. Самы стары дакумент, у якім упамінаецца калядная ёлка, знойдзены ў горадзе Селеста (правінцыя Эльзас, Францыя) і датуецца 1521 годам. Спачатку ёлку надзялялі асаблівай магічнай сілай, пакланяліся ёй. Упрыгажэнне ёлкі было своеасаблівым абрадам ахвярапрынашэння, задобрывання. Так людзі імкнуліся дагадзіць дрэву, задобрыць яго жыццёвую сілу, якая нібы магла дапамагчы чалавеку, дабрабыту сям'і. У больш старадаўнія часы ёлку ўпрыгожвалі са значэннем: яблыкамі (сімвал грэхападзення) і аплаткамі (сімвал збаўлення). Затым з'явіліся папяровыя кветкі, гірлянды, пазалочаныя арэхі, прысмакі. Шкляныя ж цацкі ўзніклі выпадкова. У год, калі не ўрадзілі яблыкі і арэхі, умелыя шкладувы Латарынгіі замянілі іх шклянымі. Новаўвядзенне мела вялікі поспех. Паступова рэлігійны сэнс абраду пачаў знікаць. Зялёная ўпрыгожаная ёлка стала сімвалізаваць жыццё, здароўе, шчасце і паступова ператварылася ў галоўны сімвал навагодняга свята. Хоць трэба заўважыць, што ў Беларусі на рубяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў упрыгожаная ёлка з'яўлялася ў дамах багатых людзей. Сярод беларускіх сялян, рамеснікаў, рабочых гэты звычай прыжыўся значна пазней.
З часам адбыліся змены і ў складзе навагодніх персанажаў. У ХХ стагоддзі ў Беларусі, як і ў большасці еўрапейскіх краін, галоўным героем навагодніх свят стаў Дзед Мароз. Яго вобраз складваўся стагоддзямі, і кожны народ уносіў у яго штосьці сваё. Продкамі Дзеда Мароза ў адных краінах лічаць гномаў, а ў іншых - сярэдневяковых вандроўных жанглёраў.
У беларускай міфалогіі ёсць персанаж, які моцна паўплываў на ўяўленне беларусаў аб тым, як выглядае навагодні дзед. Гэта старажытнае бажаство Зюзя, які з’яўляецца ўвасабленнем зімовай сцюжы. У народзе ў час правядзення навагодніх святочных абрадаў яго згадвалі аж да ХІХ стагоддзя: "Зюзя на дварэ - куцця на стале". Згодна з фальклорнымі сведчаннямі, беларусы ўяўлялі сабе Зюзю сівым тоўстым дзедам, нізкага росту з кудлатай барадой, босым, без шапкі, з жалезнай булавой. Верылі, што большую частку зімы Зюзя праводзіць у лесе, але час ад часу наведваецца і ў вёскі, прыносячы туды моцны мароз. Раззлаваўшыся, Зюзя б'е булавой аб пень, тады пачынаюцца траскучыя маразы. На Каляды яму пакідалі частку куцці, каб не быў такі люты. А часцей за ўсё гаспадар кідаў за акно першую лыжку кашы, прыгаворваючы "Мароз, хадзі куццю есці".
Акрамя міфалагічных, сярод продкаў у Дзеда Мароза ёсць і цалкам рэальны чалавек. У ІV стагоддзі ў візінтыйскім горадзе Міра жыў архіепіскап Мікалай. Паводле падання, ён быў вельмі добры, не баяўся заступацца за пакрыўджаных, дапамагаў усім, хто меў патрэбу. Пасля смерці цудатворца Мікалай стаў адным з самых паважаных хрысціянскіх святых. У Беларусі для народа Мікола быў другім пасля Бога заступнікам ад усіх бед і няшчасцяў. Дзень свяціцеля і цудатворцы Мікалая, які святкуецца 19 снежня, адзін з самых шаноўных царкоўных свят. У Міколаў дзень перад ежай заўсёды чыталася асаблівая малітва ўгодніку Мікалаю з просьбай аб дабрабыце ў доме, аб ураджаі будучага года, аб прыплодзе скаціны, сямейнай згодзе і міры. З зімовага Міколы пачыналася падрыхтоўка да святочных пасядзелак, прыходзіла адчуванне надыходзячага свята. Магчыма, манавіта таму такія рысы цудатворца Мікалая, як дабрыня, здольнасць адорваць па заслугах, паступова перайшлі да галоўнага навагодняга героя - Дзеда Мароза.
На працягу ХХ стагоддзя навагоднія абрады і традыцыі прадаўжалі змяняцца. Большасць з іх страціла свой магічны сэнс, ператварылася ў гульню, забаву. Разам з Дзедам Марозам у госці да дзяцей і дарослых стала прыходзіць Снягурачка, а на вялікіх святах сталі з’яўляцца матуля Зіма і іншыя зімовыя персанажы.
Першае дзесяцігоддзе ХХІ стагоддзя прынесла шмат новага і цікавага ў навагодні адпачынак. У жыхароў рэспублікі складваецца традыцыя ў святочныя дні не толькі запрашаць на святочныя балі і да сябе дадому Дзеда Мароза, але і ездзіць да яго ў госці. Гэта стала магчымым, таму што ў Дзеда Мароза ў Беларусі цяпер ёсць пастаяннае месца жыхарства. Яго казачная сядзіба размясцілася на плошчы 15 га сярод некранутых лясоў Нацыянальнага парку "Белавежская пушча".
Старажытны Зюзя пасяліўся ў беларускім Паазер'і. Месцам яго пастаяннай прапіскі стала сядзіба ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Зюзя Паазерскі славіцца сваёй гасціннасцю. У навагоднія дні ён сустракае турыстаў з усёй Беларусі, частуе гасцей гарачым травяным чаем з самавара, які распальваецца дровамі, блінамі і пернікамі, выпечанымі па старадаўніх рэцэптах.
У апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі падтрымліваецца цудоўная традыцыя правядзення дабрачынных ёлак для дзяцей. Святы праходзяць ва ўсіх раёнах рэспублікі. Яны - маленькае навагодняе цуда, якое дарослыя дораць дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам, дзецям з малазабяспечаных сем’яў. Галоўнай падзеяй Новага года для многіх маленькіх беларусаў становіцца свята каля галоўнай ёлкі краіны, у якім прымае ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
Новы год - адзін з самых любімых народных свят. Яго з нецярпеннем чакаюць і дарослыя, і дзеці. Пачатак новага года - гэта пачатак новага жыцця, у якім можна будзе пазбегнуць памылак і няўдач. Таму за навагоднім сталом сярод блізкіх людзей гучаць такія ж старадаўнія, як і сама традыцыя сустракаць Новы год, пажаданні пакінуць у адыходзячым годзе ўсе праблемы і няшчасці, а ў новы ўзяць з сабой усё самае светлае і добрае.
Звязда
24 снежня 2011
Кoличество переходов на страницу: 1824
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |