https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Білінгвізм на карысць


У сеціве блукае сацыяльная рэклама. У ёй члены нібыта клуба ананімных карыстальнікаў беларускай мовы па чарзе расказваюць пра свой вопыт: як даўно размаўляюць, з кім, з чаго ўсё пачалося і навошта яны ўвогуле гэта робяць. Дык вось, я размаўляю па-беларуску ўжо два гады, а, можа, і болей. І не стала б пра тое казаць, калі б выкарыстанне мовы кардынальна не змяніла маё жыццё ў лепшы бок.

Уплыў на інтэлект

Гэта адчуваецца адразу. Першыя месяцы практыкі пайшлі на тое, каб навучыцца размаўляць без рускіх слоў, выключна па-беларуску. Да гэтага пісьмовую мову яшчэ ў школьныя часы мне добра паставілі, таму справа заставалася за невялікім. Але штодзённа мозг супраціўляўся, галава так і «закіпала» ад нежадання напружыцца і запомніць новыя слоўцы. Пасля колькіх месяцаў патугаў, сесія, якую было вырашана здаваць цалкам на беларускай мове, аказалася найлепшай па адзнаках за тры папярэднія гады навучання. І першая за ўсе тры курсы выдатная!

Як сцвярджае Таццяна Дзьячэнка, рускі псіхолаг, якая жыве апошнія гады ў Амерыцы, білінгвізм карысны для развіцця мозга. Даследаванні паказваюць, што ў людзей, якія валодаюць і актыўна карыстаюцца дзвюма мовамі, больш гібкае мысленне, вышэйшая канцэнтрацыя ўвагі, больш развітыя агульныя маўленчыя здольнасці.

Вывучэнне яшчэ адной мовы стымулюе памяць, рост і выжыванне новых клетак мозга. Даследаванні ў Ізраілі, праведзеныя з людзьмі ва ўзросце 80 гадоў і старэйшымі, дэманструюць станоўчы ўплыў мультылінгвізму на запаволенне працэсу старэння. Людзі, якія валодаюць некалькімі мовамі, маюць вышэйшы каэфіцыент інтэлекту, і іх душэўнае здароўе значна лепшае, чым у тых, хто гаворыць толькі на адной мове. Вывучаючы і выкарыстоўваючы другую мову, мозг вырошчвае зусім новую, дадатковую сістэму нейронаў, якая апрацоўвае інфармацыю ўжо па-іншаму. А гіпакампус, адказны за памяць, стымулюе іх рост. Аб'ём некаторых участкаў мозга ў прамым сэнсе расце.

Сапраўды, акрамя таго, што за час карыстання беларускай мовай значна палепшылася памяць, таксама стала лягчэй успрымаць інфармацыю, выкладаць свае думкі вусна і на паперы.

Асоба білінгваў

З цягам часу, калі беларуская мова была вывучана, а амаль забытая за гэты перыяд руская згадана, я стала разумець, што калі гавару то на адной, то на другой мове — адчуваю сябе па-рознаму. Як высветлілася, калі мы валодаем дзвюма або больш мовамі, то можам думаць рознымі спосабамі, таму што кожная з іх мае ўласныя законы мыслення, логіку, граматыку, сінтаксіс, семантычныя палі і структуру слоўніка, што адлюстроўваецца на пэўных асаблівасцях нацыі.

Напрыклад, на фанетычным узроўні беларуская мова больш мілагучная, напеўная, на ёй нават складана павысіць голас. Разумею, што так адбылося не толькі з-за мовы, хоць і не без яе ўдзелу, але маё жаданне канфліктаваць з навакольным асяроддзем амаль цалкам сышло на нішто. Наш дом, які раней поўніўся па-італьянску эмацыянальнымі выказваннямі і гутаркамі, стаў прытулкам спакою і шчырых размоў.

Мае здагадкі пацвярджаюць праведзеныя даследаванні, якія паказваюць, што адказы на пытанні псіхалагічнай анкеты могуць залежаць ад таго, на якой мове яны падаюцца. Напрыклад, калі кітайска-англійскіх білінгваў прасілі запоўніць анкету на кітайскай мове на тэму пачуцця ўласнай годнасці, яны давалі адказы, якія сведчылі пра больш нізкую ступень самапавагі, чым калі тую ж самую анкету ім прапаноўвалася запоўніць па-англійску. Прычына гэтаму — культурныя адрозненні. Чытаючы пытанні на англійскай мове, бікультурныя рэспандэнты наладжваюцца на амерыканскую хвалю самасцвярджэння, але калі бачаць пытанні на кітайскай — праяўляюць традыцыйную ўсходнюю сціпласць.

Новыя эмоцыі і сэнс

Некаторыя словы ў беларускай мове маюць яшчэ больш адценняў і значэнняў, чым у рускай. Напрыклад, праз пераклад слова «чай» я даведалася, што тое, што заварваюць у пакеціку, так і называецца. Калі выкарыстоўваюць ліставую заварку ці дадаюць зёлкі — гэта ўжо «гарбата». Яна засыпаецца ў імбрык і заліваецца кіпнем з чайніка. За сталом пад гарачы напой вядуцца гутаркі, размовы, бяседы. Яшчэ болей развіваюць фантазію і эмпатыю беларускія дзеясловы. Акрамя таго, што з'явілася розніца, кахаеш ты (хлопца) ці любіш (маці), новыя сэнсы атрымала слова цешыцца, шкадаваць, шчыраваць... На ўсё сваё слова і эмоцыя! Але гэта толькі вяршыня айсберга.

Калісьці, блукаючы па прасторах Facebook, адшукала запіс, апублікаваны мужчынам, што родам з Палесся: «Палескі жаночы ген перадаецца праз слова «гараваць». Палескі мужчынскі ген перадаецца праз слова «змагацца». Калі я жыў у Мінску, да мяне часта прыязджаў брат, прывозіў бульбу-варэнне ад маці. На развітанне казаў: «Ну, давай, змагайся». Маўляў, я табе дапамог, чым мог, далей цягніся да сонца сам. А потым тэлефанавала маці: «Трэба гараваць. А як ты думаў — што ўсё лёгка будзе?»

Аўтар сцвярджае, што гэтыя два словы не перакладаюцца на рускую мову. На Палессі яны татэмныя, складаюць своеасаблівую структуру «інь і ян», у якой гараванне стрымлівае змаганне. Мужчынская энергія стрымліваецца жаночай. Стрымліваецца не для знішчэння, а для захавання». У гэтым, маўляў, і ёсць філасофія беларускай мовы, а не ў вызначэнні дробных значэнняў.

P.S. Аднойчы падзялілася з калегай, Валянцінай Доўнар, якую добра ведаюць чытачы «Звязды», што часам напішу слова, перачытаю і не разумею, што яно значыць. Праверу ў слоўніку — і высвятляецца, што яго выкарыстанне ў гэтым сказе самае трапнае. Чаму так? «Гэта голас продкаў унутры вас падказвае», — смяецца Валянціна Аркадзеўна. І, напэўна ж, мае рацыю. Ёсць штосьці чароўнае ў тым, што патрэбныя беларускія словы прыходзяць нібыта з паветра. Бо незалежна ад таго, карыстаемся мы імі ці не, яны прыродай упісаны ў генетычны код беларусаў, які хоцькі-няхоцькі ўздзейнічае на характар, жыццё і лёс кожнага з нас.

pustavit@zviazda.by

zviazda.by



 

Кoличество переходов на страницу: 569