https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Міжнародны дзень роднай мовы (рэферат да свята)


ЗМЕСТ

1.Уступ
2.Гісторыя свята
3.Беларускія дзеячы пра беларускюю мову
4.Адам Міцкевіч пра беларускую мову
5.Верш Максіма Танка
6.Байкі Кандрата Крапівы і Адама Міцкевіча
(беларускі гумар)
7.Інтерактыўны тэст
8.Песня Сокалава-Воюша
9.Статыстыка
10.Пра ўласнае
11.Запавет Мацея Бурачка

*****
УСТУП

«Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову».

Гэтыя словы Якуба Коласа сёння набываюць асаблівы сэнс для беларусаў: 21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. 

Падчас сусветнай глабалізацыі, калі амаль паўсюдна адбываецца змешванне народаў і культур, як ніколі востра паўстала праблема абароны моўнай разнастайнасці. Паколькі менавіта мова адлюстроўвае нацыянальны характар, лад жыцця, традыцыі, звычаі і мараль кожнага народа.

І гэтак жа мова адрознівае беларускую нацыю ад іншых – аб гэтым на апошняй сустрэчы з супрацоўнікамі Акадэміі навук (у лютым 2022) нагадаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 

*****
ГІСТОРЫЯ СВЯТА

Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы,

На іншых афіцыйных мовах ААН:

англ.: International Mother Language Day,
гісп.: Día Internacional de la Lengua Materna,
фр.: la Journée internationale de la langue maternelle,
араб. اليوم العالمي للغة الأم‎‎,
кіт.: 國際母語日,
руск.: Международный день родного языка

Гэта адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА па прапанове Бангладэш ў 1999-м годзе.

Дата мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. 

Дзень святкавання — 21-га лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952-м загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Свята было заснавана рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999-га года і адзначаецца з 2000 года.

ЮНЕСКА мае намер стварыць сістэму адсочвання стану моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і садзейнічаць выпраўленню становішча. Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Генеральная Асамблея ААН падтрымала рашэнне пра абвяшчэнне Міжнароднага дня роднай мовы і заклікала дзяржаў-членаў ААН і Сакратарыят ААН садзейнічаць абароне і захаванню ўсіх моў народаў свету.

Трэба адзначыць, што сярод 25 суаўтараў рэзалюцыі ЮНЕСКА аб гэтым свяце была і Беларусь.

Сёння ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.

Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

Няхай сёння родная мова моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць. Сярод якіх, на жаль, знаходзіцца і наша мова.

Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Будзь жа разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляй па-беларуску, бо заўтра наша мова табе, тваім дзецям і ўнукам стане неабходнай. І не саромейся недасканалай гаворкі.

Мова – жывая існасць, якая жыве там, дзе ёсць людское жаданне.

Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на “трасянцы”, а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове. 

А дзеля пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзіны дзень у год, напрыклад, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску.

*****
РОДНАЯ МОВА
Максім Танк (1943)

З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, -
Ты выткана, дзiўная родная мова.

Няма на зямлi таго шчасця i гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такiх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння
Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй –
Над тым, што было i што век будзе вольным.
Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваiм
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калi ж ападзе і развеецца дым
I нiвы васкросшыя закаласяцца, –
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасi iх сарэбраны гром
I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.

*****
БЕЛАРУСКІЯ ДЗЕЯЧЫ ПРА МОВУ

Полска квитне лациною,
Литва квитне русчизною.
Без той в Полсце не пребудзеш,
Без сей в Литве блазнем будзеш.
Той лацина езык дает,
Та без Руси не вытрвает.
Ведзь же юж Русь, иж тва хвала
По всем свете юж дойзрала.
Весели ж се ты, Русине,
Тва слава никгды не згине.

(Аўтар: Ян Казімір Пашкевіч, 22 жніўня 1621 году.
Аўтограф паэт пакінуў на старонках рукапісу Літоўскага Статута 1529 года, с. 28.)

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Я.Колас)

Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. (Я.Колас)

Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю. (Я.Колас)

Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я – англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, рускі і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважываемся празнацца ў тым, што мы – беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. (Я.Колас)

Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам. (Я.Сіпакоў)

Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ.(І.Мележ)

Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова. (З.Бядуля)

Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі. (В.Ластоўскі)

Хто саромеецца роднай мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся. (В.Ластоўскі)

Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. (Ф.Багушэвіч)

Ігнараваць мову – гэта значыць ігнараваць народ, нацыю (П.Пестрак)

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. (Ф.Скарына)

Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўдзеў чужую апратку – той адышоў ад народу далёка-далёка. Ён чужы ў роднай вёсцы, у сваёй сям’і. І на яго браты глядзяць як на чужынца. (Цётка)

Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка)

Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова. (А.Разанаў)

Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. (А.Крывіцкі)

Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў. (У.Караткевіч)

Мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка ‒ сродак сувязі між душамі людзей, вышэйшы сродак.(У.Караткевіч)

Выбірай: быць пасрэднасцю на мове суседа або нечым значным на сваёй. (У.Караткевіч)

Існуе няпісаны (і неабвержны) закон, які цудоўна ведаюць усе па-сапраўднаму адукаваныя і культурныя людзі: чым лепей ведаеш нейкую мову (і гэта можна сказаць не толькі пра мову, але і пра краіну, навуку, сяброў, многіх жанчын, мастацтва і г.д.) – тым больш яна прыгожая і значная. (У.Караткевіч)

Беларусь-католік, ці беларус-праваслаўны павінны то помніць, што ў іх адна Бацькаўшчына – Беларусь, адна мова родная – беларуская, адны звычаі і абычаі, адвеку перадаваныя з пакалення ў пакаленне. (Я.Купала)

Хто не разумее роднай мовы, той не павінен займаць урадавай пасады на Беларусі. (Я.Купала)

Там, дзе не шануюць роднай мовы,
Мялеюць рэкі, нішчацца дубровы,
Народ той мёртвы, а той край нямы.
(Г.Бураўкін)

Што ў цябе ёсць, акрамя мовы, з якой складаюцца твае думкі і словы? (В.Марціновіч)

Мова – гэта этыка. Гэта наша спрадвечнае разуменне таго, што ёсць дабро і што ёсць зло, зашыфраванае ў словах. (В.Марціновіч)

Сёння для нас важней за ўсё – мова, на першым плане павінна быць мова. Будзе мова – будзе нацыянальная свядомасць і будзе Беларусь. Ня будзе мовы – ня будзе Беларусі. (Н.Гілевіч)

Без усведамлення, што такое мова ў жыцці народа, што такое нацыянальная культура, нацыянальная гісторыя, у народа не можа быць будучыні. (Н.Гілевіч)

Паміраньне мовы такая ж натуральная зьява, як і нараджэньне яе. Быць можа, што і мая мова некалі памрэ. Як памру я сам, чалавек. І я аніяк не баюся натуральнай сьмерці. А от калі насільна паміраць – страшна. (Я.Скрыган)

Нам мова далася крывёю. (А.Сыс)

Мова – аснова ня толькі нацыянальнай культуры, але і існаваньня нацыі, існаваньня этнасу. (В.Быкаў)

Бог размаўляе з табой на тваёй роднай мове.(Л.Дайнека)

Беларусі расейская мова — гэта тэрыторыя ўлады, а беларуская — тэрыторыя свабоды.(В.Акудовіч)

Беларуская мова – нашая галоўная сакральная каштоўнасць. Усё найлепшае, што было створанае на гэтай зямлі, створанае на беларускай – ад Бібліі Скарыны да Статута ВКЛ. І яна гэтай каштоўнасцю будзе заставацца, нават калі знікне. (В.Акудовіч)

Ва ўсім свеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас зусім інакш. Кожны раз, калі на людзях мы прамаўляем па-беларуску, дык не проста сумовімся, а як бы ладзім грамадзянскую акцыю ці мастацкі перформанс, паколькі ўвага ўсіх, хто выпадкова апынуўся побач, адразу засяроджваецца на нечаканым дзіве. (В.Акудовіч)

Мова — той азонавы слой, які дазваляе больш-менш устойліва функцыянаваць, развівацца і нарошчваць свой патэнцыял усім астатнім чыннікам культуры нават у неспрыяльных для яе ўмовах. (В.Акудовіч)

Мова — гэта код, які адкрывае дзверы ў тую або іншую культурную прастору. А культура — гэта пераемнасьць, спадчына, традыцыя, алюзія. (С.Абламейка)

*****

АДАМ МІЦКЕВІЧ ПРА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ

Мова поўдня Расеі - маларуская, на якой гаворыць амаль дзесяць мільёнаў чалавек, бясспрэчна, самая музычная, самая паэтычная і звонкая, але яна ніколі не была настолькі развітой, каб стаць мовай літаратурнай. На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай, таксама размаўляе каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і выдатна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі. Мова вялікаросаў, на якой гаворыць амаль гэтулькі ж чалавек (трэба выключыць адсюль фінска-маскоўскі дыялект, які моцна ад яе адрозніваецца), вылучаецца багаццем і чысцінёй, але ў ёй няма ні цудоўнай прастаты беларускай мовы, ні гарманічнасці і музычнасці маларускай...

(цытата з лекцыі А. Міцкевіча ў Парыскім каледжы Дэ-франс. 4-ы том, старонка 325 "А Мицкевич. Собр. соч. Т.1-5. - М., 1948-1954".)

*****
БАЙКІ КАНДРАТА КРАПІВЫ І АДАМА МІЦКЕВІЧА

Як прыклад роднага гумару прапаную дзве байкі тытанаў літаратуры: "беларускага Лафонтэна" - Кандрата Крапівы і польскамоўнага паэта з Наваградчыны Адама Міцкевіча. Дарэчы, Міцкевіч ў гэтай байцы згадвае Ашмяны, бо тыя прыгоды здарыліся там. Міцкевіч пісаў па-польску, бо ў тагачаснай Расіі беларуская мова была забароненая... Такія былі часы.

Але, хаця Міцкевіч і лічыцца нібыта польскім паэтам, ён заўсёды чэрпаў сюжэты з беларускага асяроддзя. Гэта і "Гражына", якая натхніла Лермантава на напісанне паэмы "Ліцвінка", і "Свіцязь" і  "Свіцязанка", па матывах якіх знакаміты Шапэн стварыў першую і другую балады для фартэпіяна,  і пра трох сыноў Будрыса: 

"Stary Budrys trzech synów, tęgich jak sam Litwinów,
Na dziedziniec przyzywa i rzecze:
Wyprowadźcie rumaki i narządźcie kulbaki,
A wyostrzcie i groty, i miecze."

 - гэтую баладу пераклаў на рускую мову Пушкін, які ганарыўся сяброўствам з няскораным Адамам. Таксама Пушкін пераклаў і Крымскія санеты Міцкевіча...

Беларушчына наўсцяж пранізвае творчасть Адама Міцкевіча, напрыклад, ягонае з "Пана Тадэвуша":

"Litwo, Ojczyzno moja! ty jesteś jak zdrowie;
Ile cię trzeba cenić, ten tylko się dowie,
Kto cię stracił. Dziś piękność twą w całej ozdobie
Widzę i opisuję, bo tęsknię po tobie."

А "Дзяды"? Гэта ж натуральны літаратурны помнік ладу, традыцый і нораваў тых часоў. І гераічны "Конрад Валенрод"..

...Дыяменты беларускай культуры... Хаця і па-польску.

І яшчэ цікава - Якуб Колас меў сапраўднае прозвішча - Міцкевіч... Толькі быў Канстанцінам.
_________________________________

Дзед і Баба
Кандрат Крапіва

Ехаў Дзедка на кірмаш,
3 ім на возе — Баба.

Конік з выгляду — дарма,
Ды цягнуў ён слаба:
Меў не болей двух гадоў,
Як суседзі кажуць.

Баба ж тая — сем пудоў,
Сама меней, важыць.
Пад узгорак або ў гразь —
Конь насілу возьме.

Стала Баба памагаць...
Седзячы на возе.

Што ж, каню другі гадок.
Дык яна — за білы
Ды нагамі у перадок
Пхне, як мае сілы.

— Кінь, дурная, бо зганю! —
Дзед тут Бабе кажа. —
Ты паможаш так каню,
Як хваробе кашаль.

— Ах ты, ёлупень стары! —
Баба Дзеда лае. —
Стой жа тут, хоць ты згары!
Мне бяда малая.

Потым — гоп яна з калёс,
Села ля дарогі,
А каня як чорт панёс, —
Дзе ўзяліся й ногі!

Ва ўстановах часам ёсць
Вось такія ж "бабы":
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы — слабы.

Ды такая не ўцячэ!
Скажам ёй нарэшце: —
Мо без вас было б лягчэй?
Паспрабуйце злезці!
- - - - -
Przyjaciele
Adam Mickiewicz

Nie masz teraz prawdziwej przyjaźni na świecie;
Ostatni znam jej przykład w oszmiańskim powiecie.
Tam żył Mieszek, kum Leszka, i kum Mieszka Leszek.
Z tych, co to: gdzie ty, tam ja, - co moje, to twoje.

Mówiono o nich. że gdy znaleźli orzeszek,
Ziarnko dzielili na dwoje;
Słowem, tacy przyjaciele,
Jakich i wtenczas liczono niewiele.
Rzekłbyś; dwójduch w jednym ciele.

O tej swojej przyjazni raz w cieniu dąbrowy
Kiedy gadali, łącząc swojo czułe mowy
Do kukań zozul i krakań gawronich,
Alić ryknęło raptem coś koło nich.

Leszek na dąb; nuż po pniu skakać jak dzięciołek.
Mieszek tej sztuki nie umie,
Tylko wyciąga z dołu ręce: "Kumie!"
Kum już wylazł na wierzchołek.

Ledwie Mieszkowi był czas zmrużyć oczy,
Zbladnąć, paść na twarz: a już niedźwiedź kroczy.

Trafia na ciało, maca: jak trup leży;
Wącha: a z tego zapachu,
Który mógł być skutkiem strachu.

Wnosi, że to nieboszczyk i że już nieświeży.
Więc mruknąwszy ze wzgardą odwraca się w knieję,
Bo niedźwiedź Litwin miąs nieświeżych nie je.

Dopieroż Mieszek odżył... "Było z tobą krucho! -
Woła kum, - szczęście, Mieszku, że cię nie zadrapał!

Ale co on tak długo tam nad tobą sapał.
Jak gdyby coś miał powiadać na ucho?"

"Powiedział mi - rzekł Mieszek - przysłowie niedźwiedzie:
Że prawdziwych przyjaciół poznajemy w biedzie".

 - - - - -

Гэтую байку я калісь чытаў у вольным перакладзе Льва Талстога на рускай мове і тое дужа тады здзівіла мяне, бо гэта было ў пачатковай школе, а польскі арыгінал Міцкевіча прачытаў крыху раней..

*****
ТЭСТ


/карткі - паасобку, пытання - на экране/

*****
БЕЛАРУСЬ МАЯ..


/гукавыя калонкі, выкарыстанне экрану/

*****
СТАТЫСТЫКА

На сённяшнi дзень у Беларусі каля 3 тысяч устаноў агульнай сярэдняй адукацыi. З iх каля 48 адсоткаў — тыя, ў якiх адукацыя вядзецца па-беларуску, 51 адсотак — на рускай мове. 

Астатнiя — дзе навучанне вядзецца на лiтоўскай i польскай мовах.

У рускіх, літоўскіх і польскіх школах выкладаецца таксама беларуская мова. 

У Беларусі існуе палажэнне: калі звярнуўся да чыноўніка па-беларуску - мусіш атрымать адказ таксама па-беларуску. Калі па-руску - таксама адкажуць па-руску. 

*****
ПРА ЎЛАСНАЕ

І, можа як цікавы прыклад - у "слаўных" 90-х я раз-пораз наведваў сваякоў у Магілёве, Вільні і ў Беластоку.

Я тады меў пасаду камерцыйнага дырэктара адной алма-ацінскай турыстычнай фірмы і прыходзілася вандраваць па гэтых справах, бо інтэрнет яшчэ не працаваў такім чынам, каб можна было нейкія дагаворы завочна састаўляць.

Дык вось, і ў Вільні, і, тым больш у Беластоку, я размаўляў выключна па-беларуску, і з прадстаўнікамі ўлады на мытні і ў паліцыі (і такое было, бо казахстанскія турысты ня горшыя за расійскіх), і з выпадковымі мінакамі... Зрэдку, праўда, пераходзіў на польскую - ня ўсе ж там беларусы.

У Падляшшы беларуская мова з'яўляецца другой дзяржаўнай і мясцовыя ўлады яе, вядома, разумеюць.. А ў Вільні заўжды было шмат беларусаў, але цяпер паменела, так.

Так і няма было моўных праблемаў. Беларуская мова ў тым асяроддзі быццам лінгва-франка. Але гэта было яшчэ за пастсавецкім часам, калі беларуская мова знаходзілася як бы ў цені ў паўсядзённым выкарыстанні...

А пра сучасны стан нават не гавару... Цяпер беларуская мова ў трэндзе. Пазалетась запытаў нешта ў двух маладзёнаў па-беларуску ў Каменнай Горцы, дык яны спачатку ад нечаканасці збянтэжіліся, бо са мной быў такі каларытны казах і яны пэўна чакалі, што і ён раптам загаворыць па-беларуску.. Але неўзабаве хлопцы ачунялі і чысцютка распавялі, як нам дайсці да бліжэйшага казіно.. Мінск жа з большага рускамоўны горад, бо мегаполіс..

Цяпер беларуская моладзь выдатна валодае роднай мовай.

І ў сеціве кожнае выданне пераважна на дзвюх: на рускай і беларускай, а часцей на трох мовах і болей: плюс ангельская, кітайская.. і іншыя. Напрыклад, Радыё Беларусь аж на дзевяці мовах вяшчае.

*****
ЗАПАВЕТ МАЦЕЯ БУРАЧКА

Таму на заканчэнне прамовы хачу прывесці словы Францішка Багушэвіча:

"Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займае, пасля зусім замерлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі."

===========================
М.Буланаў
Алматы, 21 лютага 2022
(у рэфераце выкарыстаныя дадзеныя з вольных крыніц сеціва)


 

Кoличество переходов на страницу: 252


Комментарии