Наша краіна славіцца працавітымі, адукаванымі і таленавітымі людзьмі. Сваёй дзейнасцю яны здольны не толькі значна павысіць дабрабыт і якасць жыцця жыхароў Беларусі, але і забяспечыць эканамічны рост, бяспеку нашай дзяржавы.
Стварэнне спрыяльных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці з'яўляецца адным з асноўных стратэгічных фактараў устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі.
Разняволенне дзелавой ініцыятывы і творчага патэнцыялу грамадзян садзейнічае фарміраванню развітога канкурэнтнага асяроддзя, укараненню новых вытворчых і кіраўніцкіх тэхналогій, развіццю інавацыйнай дзейнасці, стварэнню новых рабочых месц, насычэнню рынку таварамі і паслугамі, павелічэнню падатковых паступленняў у бюджэт дзяржавы, павышэнню дабрабыту і якасці жыцця.
У апошнія гады ў сацыяльна-эканамічным развіцці Рэспублікі Беларусь адбыліся відавочныя пазітыўныя змяненні ў галіне вызначэння правіл вядзення бізнесу, накіраваныя на паляпшэнне дзелавога клімату і павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці нашай дзяржавы.
Паслядоўна рэалізуюцца меры па лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці, устараненню залішняга ўмяшання дзяржаўных органаў у дзейнасць юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, ліквідацыі неабгрунтаваных адміністрацыйных бар'ераў для развіцця дзелавой ініцыятывы. Новае значэнне набывае дыялог улады і бізнэсу па выпрацоўцы рашэнняў у сферы развіцця эканомікі і стымуляванню дзелавой актыўнасці.
Разам з тым для забеспячэння дынамічнага развіцця беларускай эканомікі трэба будзе нямала зрабіць па далейшай лібералізацыі гаспадарчай дзейнасці.
З боку дзяржавы патрабуецца прыняцце комплексу мер, якія маглі б істотна ўзняць ролю прадпрымальніцтва, рэальна павысіць яго ўклад у фарміраванне тэмпаў эканамічнага росту, забеспячэнне высокай эфектыўнасці функцыянавання беларускай эканомікі на аснове максімальнага выкарыстання прыватнай ініцыятывы.
Не выпадкова адным з прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь у будучым пяцігоддзі з'яўляецца развіццё чалавечага патэнцыялу, ініцыятывы і прадпрымальніцтва. Гэта азначае фарміраванне паўнацэннага партнёрства прыватнай і дзяржаўнай форм уласнасці, што дасягаецца ўдасканаленнем дзелавога клімату для ўсіх суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці (дзяржаўных і прыватных, айчынных і замежных) і ў канчатковым выніку — стварэннем безбар'ернага дзелавога асяроддзя.
Галоўны прынцып у гэтай сферы: канкурэнцыя — усюды, дзе магчыма, дзяржаўнае рэгуляванне — там, дзе неабходна.
У мэтах далейшай лібералізацыі беларускай эканомікі, павышэння яе канкурэнтаздольнасці і стварэння спрыяльных умоў для дынамічнага і ўстойлівага развіцця:
1. Забяспечыць далейшае развіццё добрасумленнай канкурэнцыі суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці незалежна ад формы ўласнасці. У гэтых мэтах:
1.1. неабходна:
ажыццявіць пераход да рыначных механізмаў цэнаўтварэння, якія садзейнічаюць павышэнню якасці і канкурэнтаздольнасці тавараў (работ, паслуг);
выключыць умяшанне органаў дзяржаўнага кіравання ў працэс цэнаўтварэння суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці;
адмяніць абмежаванне надбавак у аптовым і рознічным гандлі і абавязковае складанне эканамічнага абгрунтавання ўзроўню прымяняемых цэн (тарыфаў) на тавары (работы, паслугі);
захаваць дзяржаўнае рэгуляванне цэн толькі на прадукцыю арганізацый-манапалістаў і сацыяльна значныя тавары (работы, паслугі), якія вызначаюць жыццёвы ўзровень насельніцтва;
1.2. не дапускаць устанаўлення міжабласных і іншых рэгіянальных абмежаванняў пры ажыццяўленні гандлю таварамі, выкананні работ (аказанні паслуг);
1.3. праводзіць адкрытую канкурэнтную і антыманапольную палітыку, накіраваную на папярэджанне манапалістычнай дзейнасці і нядобрасумленнай канкурэнцыі, дасягненне эфектыўнага функцыянавання таварных рынкаў;
1.4. забяспечыць увядзенне ў Рэспубліцы Беларусь магчымасці электроннай дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, у тым ліку стварэнне вэб-партала Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь.
2. Прымаць самыя сур'ёзныя меры па абароне і развіцці прыватнай уласнасці. Ствараць умовы для бесперашкоднага ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку:
2.1. гарантаваць добрасумленным пакупнікам маёмасці захаванне правоў уласнасці і карыстання гэтай маёмасцю. Пры гэтым:
выключыць прыняцце (выданне) нарматыўных прававых актаў, якія прадугледжваюць магчымасць канфіскацыі маёмасці пры ўчыненні адміністрацыйных правапарушэнняў, калі гэтыя правапарушэнні не звязаны з незаконным абаротам такой маёмасці;
забараніць канфіскацыю, іншае адабранне маёмасці ў суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якія з'яўляюцца яе добрасумленнымі пакупнікамі. Пры наяўнасці спрэчкі аб добрасумленнасці пакупніка гэту катэгорыю спраў разглядаць у судах у першачарговым парадку;
забараніць дзеянні, накіраваныя на пазбаўленне (спыненне) маёмасных правоў суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку прымусовае спісанне грашовых сродкаў з рахункаў (за выключэннем спагнання падаткаў, збораў (пошлін), іншых плацяжоў у бюджэт, дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды або плацяжоў, якія ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь), пры адсутнасці рашэння (пастановы) суда, якое ўступіла ў законную сілу;
гарантаваць незваротнасць прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці пры ўмове выканання суб'ектам прыватызацыі патрабаванняў заканадаўства;
2.2. забяспечыць спрашчэнне парадку прадастаўлення зямельных участкаў суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці;
2.3. прадастаўляць суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ажыццяўляюць інвестыцыйныя праекты па стварэнні аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, ільготы па зямельнаму падатку (арэнднай плаце за зямельныя ўчасткі) на працягу двух гадоў пасля завяршэння будаўніцтва такіх аб'ектаў, іншыя льготы, аналагічныя ўстаноўленым для арганізацый, якія ажыццяўляюць вытворчую дзейнасць у сельскай мясцовасці, малых населеных пунктах;
2.4. вызваліць:
інвестараў ад выплаты зямельнага падатку (арэнднай платы) за зямельныя ўчасткі, занятыя пад будаўніцтва аб'ектаў, на перыяд тэрміну будаўніцтва такіх аб'ектаў, а таксама правядзення праектных работ;
юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў ад унясення платы за права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка пры перадачы ў залог капітальнай пабудовы (будынка, збудавання), незавершанай закансерваванай капітальнай пабудовы, размешчанай на арандаваным зямельным участку, плата за права заключэння дагавора арэнды якога не спаганялася;
2.5. забяспечыць па прапановах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў адчужэнне інвестарам (пры рэалізацыі імі інвестыцыйных праектаў) за адну базавую велічыню аб'ектаў нерухомай маёмасці і не завершаных будаўніцтвам аб'ектаў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці і не выкарыстоўваліся больш як два гады;
2.6. прадаставіць права пераважнага набыцця маёмасці (акрамя зямельных участкаў), што знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці, якія арандуюць гэту маёмасць не менш як тры гады, з растэрміноўкай плацяжу на пяць гадоў.
Кошт пры продажы арандатару аб'екта арэнды, які знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці (акрамя зямельных участкаў), павінен быць зменшаны на затраты, панесеныя арандатарам на паляпшэнне стану і спажывецкіх якасцей такога аб'екта, калі названыя паляпшэнні ўлічаны пры вызначэнні ацэначнага кошту і арандатару не кампенсаваліся гэтыя затраты;
2.7. заканадаўча замацаваць, што ажыццяўленне арандатарам неаддзельных паляпшэнняў арандаванай дзяржаўнай маёмасці не з'яўляецца падставай для павелічэння арэнднай платы гэтаму арандатару;
2.8. стварыць на працягу 2011 года адзіную інфармацыйную базу аб невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці, прызначанай для продажу і здачы ў арэнду, і забяспечыць да яе свабодны і бясплатны доступ усім карыстальнікам глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт.
3. Ліквідаваць залішнія адміністрацыйныя бар'еры пры ўзаемадзеянні паміж дзяржаўнымі органамі і юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі. Для гэтага:
3.1. кардынальна скараціць колькасць адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца ў дачыненні да суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку шляхам забеспячэння рэалізацыі прынцыпу "адно акно";
3.2. не дапускаць устанаўлення і ажыццяўлення адносна юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў адміністрацыйных працэдур, не прадугледжаных у законах і міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь, рашэннях Кіраўніка дзяржавы і Урада Рэспублікі Беларусь;
3.3. забяспечыць максімальнае пашырэнне сферы прымянення электроннага дакументаабароту:
у галіне ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур адносна юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў на бясплатнай аснове;
у сістэме выплаты падаткаў, збораў (пошлін) і іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт і дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды, мінімізаваўшы затраты плацельшчыкаў з улікам стварэння і развіцця Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь дзяржаўнай сістэмы кіравання адкрытымі ключамі праверкі электроннага лічбавага подпісу;
пры ажыццяўленні гаспадарчага судаводства;
3.4. стварыць адзіны інтэрнэт-рэсурс адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца ў адносінах да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, забяспечыўшы магчымасць бясплатнага атрымання форм дакументаў, якія патрабуюцца для ажыццяўлення гэтых працэдур;
3.5. перайсці пераважна да дэкларавання адпаведнасці тавараў абавязковым патрабаванням бяспекі і якасці непасрэдна вытворцамі, імпарцёрамі і прадаўцамі з поўным ускладаннем на іх адказнасці за бяспеку і якасць тавараў;
3.6. прызнаваць у Рэспубліцы Беларусь выдадзеныя ў дзяржавах — удзельніцах Мытнага саюза і краінах, з якімі заключаны адпаведныя міжнародныя дагаворы, сертыфікаты адпаведнасці і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць адпаведнасць прадукцыі абавязковым патрабаванням.
4. Завяршыць гарманізацыю падатковай сістэмы Рэспублікі Беларусь з дзеючымі ў еўрапейскіх краінах. Надаць падатковаму заканадаўству характар, які стымулюе добрасумленнае выкананне падатковых абавязацельстваў і дзелавую ініцыятыву. Пашырыць прымяненне ў Рэспубліцы Беларусь міжнародных стандартаў у бухгалтарскім уліку, радыкальна скараціць фінансавую справаздачнасць. У гэтых мэтах:
4.1. забяспечыць правядзенне на пастаяннай аснове работы па зніжэнні падатковай нагрузкі, уключаючы пытанні размеркавання пенсійнай страхавой нагрузкі паміж наймальнікамі і работнікамі;
4.2. забяспечыць увядзенне ў падатковай сістэме механізмаў, якія даюць магчымасць плацельшчыкам, якія атрымалі страты (у тым ліку ў пачатку дзейнасці), мінімізаваць іх за кошт будучага прыбытку;
4.3. фарміраваць інавацыйныя фонды выключна за кошт адлічэнняў арганізацый, што знаходзяцца ў падпарадкаванні (якія ўваходзяць у склад, маюць долю дзяржаўнай уласнасці ў статутных фондах) дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь;
4.4. прымаць меры па ўдасканаленні сферы прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, прадугледзеўшы на 2011 год яе прымяненне пры памеры валавой выручкі не больш як 12 млрд. рублёў нарастаючым падрахункам на працягу каляндарнага года. Рэгулярна пераглядаць гранічныя памеры выручкі ў наступныя гады;
4.5. прадаставіць права мікраарганізацыям, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання з выплатай падатку на дабаўленую вартасць, весці спрошчаны ўлік выплаты названага падатку без абавязковага вядзення бухгалтарскага ўліку ў агульнаўстаноўленым парадку;
4.6. забяспечыць істотнае скарачэнне пераліку абавязковых для прымянення першасных уліковых дакументаў і колькасці рэквізітаў у іх;
4.7. павялічыць гранічны памер выручкі ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) для суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якія падлягаюць абавязковаму аўдыту па крытэрыю аб'ёму выручкі;
4.8. забяспечыць прымяненне ў Рэспубліцы Беларусь на шырокай аснове міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці ў бухгалтарскім уліку;
4.9. адмяніць патрабаванні для суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці па абавязковай здачы наяўнай выручкі ў банк, узгадненні лімітаў рэшты ў касе, а для суб'ектаў малога прадпрымальніцтва — таксама і па мэтавым выкарыстанні наяўнай выручкі.
5. Надаць кантрольнай (нагляднай) дзейнасці папераджальны характар, перайсці да пераважнага выкарыстання прафілактычных мер, накіраваных на прадухіленне правапарушэнняў пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці. Для гэтага:
5.1. забяспечыць абарону права кіраўнікоў суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці на дзелавую рызыку;
5.2. устанавіць, што:
5.2.1. праверкі не павінны парушаць вытворча-гаспадарчую дзейнасць правяраемых суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці. Любое прыпыненне дзейнасці можа:
ажыццяўляцца толькі ў вызначаных заканадаўчымі актамі выпадках спецыяльна ўпаўнаважаным кантралюючым (наглядным) органам або судом выключна ў мэтах забеспячэння нацыянальнай бяспекі, аховы жыцця і здароўя грамадзян, аховы навакольнага асяроддзя; прадаўжацца выключна па рашэнні суда;
5.2.2. планавыя праверкі ў дачыненні да суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якія добрасумленна выконваюць абавязацельствы перад бюджэтам і не маюць фактаў парушэнняў заканадаўства, павінны праводзіцца не часцей як адзін раз у пяць гадоў;
5.3. кантралюючым (наглядным) органам пры ажыццяўленні ў дачыненні да суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці маніторынгаў і іншых аналагічных мерапрыемстваў, якія не з'яўляюцца праверкамі, забараняецца выкарыстоўваць паўнамоцтвы, прадастаўленыя гэтым органам для правядзення праверак;
5.4. не прымяняць меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту да асоб, якія абвінавачваюцца вы ўчыненні менш цяжкіх злачынстваў супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці (за выключэннем вырабу, захоўвання або збыту падробленых грошай ці каштоўных папер, кантрабанды і легалізацыі ("адмывання") матэрыяльных каштоўнасцей, атрыманых злачынным шляхам), — пры ўмове, што гэтыя асобы не скрываюцца ад органаў папярэдняга следства і (або) суда;
5.5. перагледзець існуючую сістэму адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за правапарушэнні ў галіне прадпрымальніцкай дзейнасці, забяспечыўшы суразмернасць адказнасці характару правапарушэння і ступені прычыненага ўрону, у тым ліку шляхам:
зніжэння мінімальнага і максімальнага памераў штрафаў за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў у галіне прадпрымальніцкай дзейнасці;
удакладнення і канкрэтызацыі пералікаў змякчаючых і абцяжваючых адказнасць абставін. Неабходна заканадаўча прадугледзець змяншэнне памераў штрафаў у два разы па адміністрацыйных правапарушэннях пры наяўнасці змякчаючых абставін, у тым ліку ў выпадках добраахвотнай кампенсацыі ці ўстаранення нанесенага ў выніку ўчыненага правапарушэння ўрону або іншых шкодных наступстваў такога правапарушэння або выканання ўскладзенага на адпаведную асобу абавязку (нават у далейшым), учынення фізічнай асобай адміністрацыйнага правапарушэння з прычыны збегу цяжкіх асабістых, сямейных ці іншых акалічнасцей;
пашырэння сферы прымянення такога віду адміністрацыйнай адказнасці, як папярэджанне па парушэннях фармальнага характару, якія не прыводзяць да нявыплаты (няпоўнай выплаты) падаткаў, збораў (пошлін) і іншых плацяжоў у бюджэт, дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды ці прычынення іншага матэрыяльнага ўрону;
выключэння з артыкулаў главы 12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях норм, якія прадугледжваюць канфіскацыю маёмасці, што не знаходзіцца ва ўласнасці асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне;
выключэння адміністрацыйнай адказнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за адміністрацыйныя правапарушэнні, не звязаныя з атрыманнем імі якой-небудзь выгады;
5.6. забяспечыць прыпыненне прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, прадугледжанай у артыкуле 23.17 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за парушэнне парадку складання (афармлення) таварных, таварна-транспартных накладных, плацежных інструкцый і іншых першасных уліковых дакументаў да ўступлення ў сілу закона аб унясенні адпаведных змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях;
5.7. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнаму Суду, Вышэйшаму Гаспадарчаму Суду, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Генеральнай пракуратуры, Нацыянальнаму банку, Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам арганізаваць сістэматычнае канструктыўнае ўзаемадзеянне кантралюючых (наглядных) органаў і аб'яднанняў прадпрымальнікаў (саюзаў, асацыяцый) па пытаннях практыкі прымянення і ўдасканалення заканадаўства, што рэгулюе прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці.
6. Удасканаліць інфраструктуру і сістэму фінансавання малога прадпрымальніцтва ў мэтах актывізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і забеспячэння эфектыўнай падтрымкі прадпрымальніцтва (прававой, арганізацыйнай і фінансавай), асабліва на этапах пачатку і станаўлення ўласнай справы. Сфарміраваць эканамічныя стымулы да ўдзелу ў развіцці бізнэс-асяроддзя суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці прыватнай формы ўласнасці, грамадскіх аб'яднанняў, у тым ліку прадпрымальніцкіх саюзаў (асацыяцый).
7. Выключыць залішняе рэгуляванне рынку працы. У гэтых мэтах:
7.1. пашырыць правы наймальнікаў па ўстанаўленні гібкіх умоў аплаты працы работнікаў, якія максімальна ўлічваюць выніковасць укладу кожнага работніка і фінансавыя магчымасці суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці;
7.2. надаць рэкамендацыйны характар прымяненню Адзінай тарыфнай сеткі работнікаў Рэспублікі Беларусь;
7.3. пашырыць прымяненне гібкіх форм занятасці насельніцтва;
7.4. уключыць у праграмы павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў дзяржаўных органаў пытанні стымулявання прадпрымальніцкай і іншай ініцыятыўнай дзейнасці грамадзян ва ўсіх сферах эканомікі краіны;
7.5. стварыць эфектыўную нацыянальную сістэму дзелавой адукацыі. Прадаставіць права некамерцыйным арганізацыям, у тым ліку прадпрымальніцкім аб'яднанням (саюзам, асацыяцыям), цэнтрам падтрымкі прадпрымальніцтва, на правядзенне ва ўстаноўленым парадку вучэбных мерапрыемстваў у сферы кіравання і прадпрымальніцкай дзейнасці з самастойным устанаўленнем тэрмінаў такога навучання і выдачай сертыфіката ўласнага ўзору.
8. Сфарміраваць прававую базу, што стымулюе развіццё ў Рэспубліцы Беларусь механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
9. Забяспечыць адназначнае прававое рэгуляванне і стабільнасць заканадаўства, павысіць якасць падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць прадпрымальніцкую дзейнасць. У гэтых мэтах:
9.1. устанавіць, што ў выпадку незразумеласці або недакладнасці прадпісанняў актаў заканадаўства суды, іншыя дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, службовыя асобы прымаюць рашэнні на карысць суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці і грамадзян;
9.2. пры прыняцці нарматыўных прававых актаў (падрыхтоўцы адпаведных праектаў), якія замацоўваюць і (або) змяняюць умовы вядзення бізнэсу, дата ўступлення ў сілу такіх нарматыўных прававых актаў павінна ўстанаўлівацца зыходзячы з разумных тэрмінаў, неабходных суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці для падрыхтоўкі да ажыццяўлення дзейнасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі, што ўстанаўліваюцца гэтымі нарматыўнымі прававымі актамі, але, як правіла, не раней як праз тры месяцы з дня іх афіцыйнага апублікавання (за выключэннем выпадкаў, калі такія нарматыўныя прававыя акты накіраваны на забеспячэнне эканамічнай бяспекі краіны і (або) рэалізацыю міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, а таксама на паляпшэнне прававога становішча суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці);
9.3. выключыць наданне нарматыўным прававым актам, якія рэгулююць прадпрымальніцкую (гаспадарчую, эканамічную) дзейнасць, зваротнай сілы, за выключэннем актаў, якія змякчаюць ці адмяняюць адказнасць за правапарушэнні пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці або іншым чынам паляпшаюць умовы такой дзейнасці;
9.4. увесці ў практыку работы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама абавязковае грамадскае абмеркаванне праектаў актаў заканадаўства, якія могуць аказаць істотны ўплыў на ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, у тым ліку шляхам стварэння пры гэтых дзяржаўных органах (арганізацыях) грамадска-кансультатыўных і (або) экспертных саветаў з удзелам прадстаўнікоў суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, іх аб'яднанняў (саюзаў, асацыяцый), а таксама размяшчэння названых праектаў на афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў, іншых арганізацый у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт і (або) сродках масавай інфармацыі.
10. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальным банкам, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам у трохмесячны тэрмін распрацаваць і зацвердзіць план мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў гэтай Дырэктывы з пазначэннем выканаўцаў і тэрмінаў выканання.
Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям забяспечваць выкананне палажэнняў гэтай Дырэктывы, у тым ліку пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў.
11. Персанальную адказнасць за выкананне гэтай Дырэктывы ўскласці на Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, Старшыню Праўлення Нацыянальнага банка, старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.
12. Кантроль за выкананнем гэтай Дырэктывы ўскласці на Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Улічваючы важнасць ролі прадпрымальніцтва ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, з а к л і к а ю:
усе органы дзяржаўнага кіравання, кантралюючыя органы, мясцовыя Саветы дэпутатаў усіх узроўняў, грамадскія аб'яднанні і грамадзян аказваць актыўнае садзейнічанне ў рэалізацыі палажэнняў гэтай Дырэктывы.
Толькі сумесныя намаганні, праяўленне ініцыятывы і адказнае стаўленне да сваёй справы дадуць магчымасць забяспечыць устойлівы эканамічны рост Беларусі і павысіць дабрабыт грамадзян.
Прэзідэнт
Рэспублікі Беларусь
А. Лукашэнка.
31 снежня 2010 г.
г. Мінск.
Звязда
4 студзеня 2011
Кoличество переходов на страницу: 3951
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |