Да пачатку сакавіка 1940 года ўрад Фінляндыі зразумеў, што, нягледзячы на заклікі працягваць змаганне, ваеннай дапамогі ад Швецыі, Брытаніі і Францыі Фінляндыя не атрымае. Запасы ўзбраенняў вычэрпваліся. Цаною 100-тысячных стратаў Чырвоная армія прарвала «лінію Манэргейма». Дарога на Хельсінкі заставалася адкрытай. Краіне пагражала акупацыя. У такіх умовах урад Фінляндыі звярнуўся да СССР з прапановай аб мірных перамовах. 7 сакавіка фінская дэлегацыя вылецела ў Маскву. А 12 сакавіка была падпісана мірная дамова на ўмовах Сталіна: фіны саступалі СССР Карэлію з Выбаргам. Перамір'е павінна было ўступіць у сілу з 12.00 13 сакавіка.
Аднак уранку 13-га Маскоўскае радыё ўрачыста паведаміла, што савецкія войскі з боем узялі «старинный русский город Выборг». Заснаваны, між іншым, шведамі ў 1293 годзе.
А Сталін, тым часам, пазваніў Цімашэнку і з мацюкамі запатрабаваў горад Выбарг узяць.
Шэсць гадзін ішоў апошні кровапралітны бой Зімовай вайны. Роўна а 12-й гадзіне агонь спыніўся, і фіны пакінулі горад. З 6-й да 12-й загінулі 862 савецкія салдаты. Затое горад быў узяты з боем, а не падараваны нейкімі там белафінскімі недабіткамі!
Еўропа прыціхла. Польшча ляжала ў руінах. Аўстрыя, Чэхія здаліся без бою. Літва, Латвія і Эстонія — фактычна, таксама. Яны ўпусцілі савецкія войскі на сваю тэрыторыю, і цяпер ліквідацыя іх суверэнітэту заставалася толькі пытаннем часу.
Фінляндыя была першай, якая бой прыняла і выстаяла, хоць і змушана была пакінуць гістарычную Карэлію.
А Парыж і Лондан працягвалі сваю «дзіўную вайну» (фр. Drôle de guerre), яна ж «сядзячая вайна» (ням. Sitzkrieg), яна ж і«фальшывая вайна» (англ. Phoney War). А Трэці Рэйх з Трэцім Рымам ліхаманкава дзялілі Еўропу.
Савецкае кіраўніцтва спадзявалася захапіць Фінляндыя за 2—3 тыдні. Савецкія маршалы радасна абвяшчалі: «Малой кровью и на чужой территории».
Для прыкрыцця агрэсіі было абвешчана стварэнне Фінляндскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Паколькі быў урад Дэмакратычнай Фінляндыі, яму патрабавалася і армія. Яе спешна сфарміравалі з ацалелых у часе татальных рэпрэсій 1937-га карэлаў, вепсаў, іжоры ды інгерманландскіх фінаў. Да іх дадалі бялявых беларусаў, апранулі ў польскія мундзіры, узятыя з захопленых падчас «вызвольнага» паходу на Польшчу складоў, і правялі цырыманіяльным маршам па Ленінградзе. «Мінскія фіны пайшлі на фінскія міны» — гэта сумны піцерскі жарт тых часоў.
Фінляндыя ў той вайне страціла каля 27 тысяч забітымі, замарожанымі і зніклымі без вестак. Савецкі Саюз — 127 тысяч (поўны падлік савецкіх стратаў быў ажыццёўлены толькі шляхам пайменнай праверкі спісаў у 1949—1951). Прычым доля беларусаў сярод іх была непрапарцыйна вялікай…
«Принимай нас, Суоми-красавица…» Прапагандысцкая песня была напісана яшчэ з восені
Рэвалюцыйным «выдвиженцам» з Коннай арміі супрацьстаяў стары таленавіты расійскі генерал Манэргейм. (Дарэчы, адзіны нават на сёння маршал Фінляндыі.) Дый астатнія фінскія генералы практычна ўсе прайшлі расійскую ваенную школу і мелі досвед Першай сусветнай вайны. І яны ўлічылі ўсё: і мясцовасць, на якой ад танкаў не было карысці на валунах ды расколінах, і халодную зіму, і салдацкія ўменні, і непадрыхтаванасць праціўніка.
Але галоўнай была здольнасць кіраўніцтва Фінляндыі забяспечыць нечуваны патрыятычны ўздым, так званы «дух Зімняй вайны». Будучы прэзідэнт Маўна Койвіста, якому тады было 17 гадоў, у сваіх успамінах пісаў аб настроі людзей: «Гэтую краіну варта абараняць».
Нават зацятыя праціўнікі буржуазнага ладу — камуністы — пагалоўна ішлі ў армію. Былыя чырвонагвардзейцы, удзельнікі фінскай рэвалюцыі 1918 г., прасіліся на фронт. Хаця і адсядзелі ў лагерах не адзін год. Іх бралі, і яны ваявалі. І атрымлівалі ўзнагароды ад галоўнага буржуя Манэргейма.
Генеральны сакратар Камуністычнай партыі Фінляндыі А.Туомінен, да якога ў Стакгольм прыслалі эмісараў з прапановай увайсці ў склад марыянеткавага ўрада О.Куусінена, адмовіўся ў рэзкіх выразах. Болей за тое, ён напісаў адкрыты ліст да камуністаў і рабочых Фінляндыі, у якім сказаў, што ў выпадку перамогі СССР іх чакае не свабода, а новае рабства, і заклікаў іх ісці на фронт.
Усе жыхары з памежнай паласы адышлі ўглыб краіны. НІВОДЗІН не захацеў стаць грамадзянінам СССР. Савецкія войскі знаходзілі руіны, спусцелыя вёскі, карацей — пустую мясцовасць, у якой не было дзе нават пагрэцца. Наступ спыніўся.
Савецкае камандаванне здолела падцягнуць рэзервы і распрацаваць новы план ваенных дзеянняў толькі ў лютым. Байцоў цяплей апранулі, абсталявалі пункты падагрэву і ўвялі «наркамаўскія сто грам». Нягледзячы на адчайнае супраціўленне фінаў, лінія Манэргейма ўтрымацца не магла. Умацаванні там былі не самыя моцныя, пераважна земляныя. А галоўнае, Фінляндыя мела ўсяго толькі адзін парахавы і два збройныя заводы. А боепрыпасаў на момант пачатку вайны было з разліку толькі на месяц ваенных дзеянняў. Пастаўкі ж з Брытаніі і Францыі не былі дастатковымі.
І тым не менш, Сталін не рашыўся працягваць ваенную аперацыю. Упартасць супраціўлення фінаў прывяла яго да думкі, што ў выпадку прасоўвання ўглыб краіны ён сутыкнецца з упартым партызанскім рухам. Нават тры месяцы вайны сур'ёзна знякровілі савецкую армію. Дый санкцыі Еўропы мелі ўплыў: СССР як агрэсара выключылі з Лігі Нацый.
А Фінляндская Дэмакратычная Рэспубліка? Пра яе рэзка перасталі ўспамінаць савецкія СМІ. Адзін толькі Ота Вілі Куусінен (1881—1964) застаўся на публічнай пасадзе, дажыў да старых гадоў…
13 сакавіка гарматы змоўклі. Зімняя вайна, яна ж «фінская кампанія», «незнаменитая вайна» скончылася. Ваяваць з Еўропай Сталін пакуль што не меў моцы.
Амаль паўсюдна ў Фінляндыі стаяць помнікі з надпісам PRO PATRIA – ЗА РАДЗІМУ.
Як бы там ні было, а краіна з насельніцтвам у 3 695 000 чалавек не паддалася гіганту, дзе насельніцтва было каля 180 мільёнаў.
Якуб Лапатка, Хельсінкі
Наша Ніва, 13 сакавіка 2015
Кoличество переходов на страницу: 682
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |