https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Старонкі літаратурнай гісторыі


iakub_kolas_i_ianka_kupala22

У 2022 годзе – 140 гадоў з дня нараджэння народных песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вялікая падзея для культурнага, асветніцкага жыцця!.. Несмуненна, будуць праведзены многія і многія мерапрыемствы. Вечарыны, конкурсы, рознага характару творчыя імпрэзы… Пройдуць сустрэчы ў Коласаўскім і Купалаўскім музеях. Вось і традыцыйны красавіцкі суботнік калектыў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь правёў па знакавых адрасах – на мемарыяльных коласаўскіх аб’ектах “Ласток” і “Смольня” у Стаўбцоўскім раёне.

...Адкруцім час на паўстагоддзя назад. Зазірнём у 1972 год. Некалькі дакументаў, знойдзеных у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, дапамогуць нам уявіць хаця б невялікі фрагмент той шматабсяжнай працы, што праводзілася даўным-даўно... 8 верасня 1972 года першы намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Іван Шамякін звяртаецца да сакратара ЦК КПБ А.Т.Кузьміна...

«Паважаны Аляксандр Трыфанавіч! 27 верасня 1972 года Саюз пісьменнікаў СССР у Калоннай зале Дома Саюзаў праводзіць юбілейны вечар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. Мяркуецца, што вечар адкрые вядомы паэт, лаўрэат Ленінскай прэміі Мікалай Ціханаў. З уступным словам аб жыцці і творчай дзейнасці Янкі Купалы выступіць народны паэт Беларусі, акадэмік Максім Танк.

Саюз пісьменнікаў рэкамендуе для ўдзелу ў вечары дэлегацыю ў складзе:

Максім Танк
Пятрусь Броўка
Максім Лужанін
Кастусь Кірэенка
Янка Скрыган
Генадзь Бураўкін

З практыкі правядзення такіх вечароў у Маскве вядома, што ў іх прымаюць удзел адказныя партыйныя і дзяржаўныя дзеячы рэспублік. Просім зацвердзіць нашу дэлегацыю, вырашыць пытанне аб камандзіроўцы ў Маскву на юбілейны вечар Янкі Купалы 3-4 адказных работнікаў рэспублікі і даць указанне Міністэрству культуры БССР аб падрыхтоўцы канцэрта на юбілейным вечары Янкі Купалы ў Маскве...» Коратка ясна і зразумела!..

З пошты сакратара ЦК па ідэялогіі зварот аднаго з кіраўнікоў пісьменніцкай арганізацыі трапляе ў аддзел культуры вышэйшай рэспубліканскай партыйнай інстанцыі.

Намеснік загадчыка аддзела культуры Я.Парватаў 20 верасня піша дакладную запіску: «...27 верасня 1972 г. Саюз пісьменнікаў СССР праводзіць у Калонным зале Дома саюзаў юбілейны вечар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У гэтай сувязі Саюз пісьменнікаў БССР звярнуўся ў ЦК КПБ з просьбай паслаць для ўдзелу ў гэтым вечары дэлегацыю беларускіх пісьменнікаў у складзе шасці чалавек, а таксама даць распараджэнне Міністэрству культуры пра падрыхтоўку канцэрта на юбілейным вечары Янкі Купалы ў Маскве.

Лічылі б магчымым падтрымаць прапанову Саюза пісьменнікаў БССР і пагадзіцца з прапанаваным складам дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў на юбілейны вечар Янкі Купалы. Міністэрству культуры БССР дадзена ўказанне падрыхтаваць канцэртную праграму для гэтага вечара».

Падобнага характару ліст Іван Пятровіч Шамякін адпраўляе А.Т.Кузьміну 16 лістапада 1972 г. Ужо — на коласаўскую тэму. Чытаем: «... У адпаведнасці за пастановай сакратарыята праўлення Саюза пісьменнікаў СССР ад 5 красавіка 1972 г. у Маскве, у Калоннай зале Дома Саюзаў 30 лістапада г. г. , — піша Іван Пятровіч, — адбудзецца вечар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Старшынстваваць на вечары будзе Мікалай Ціханаў. Ад Саюза пісьменнікаў БССР са словам пра Якуба Коласа выступіць народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Прапануем Вам склад дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў, якія прымуць удзел у коласаўскіх урачыстасцях у Калоннай зале Дома Саюзаў:

Максім Танк
Іван Шамякін
Іван Мележ
Іван Навуменка
Хведар Жычка
Даніла Міцкевіч, сын Якуба Коласа, дырэктар Літаратурнага музея Якуба Коласа.

Просім Вас зацвердзіць вышэйпамянёныя кандыдатуры, а таксама даручыць Міністэрству культуры БССР падрыхтаваць канцэрт майстроў мастацтваў рэспублікі на вечар у Калоннай зале...»

Супольнымі намаганнямі (Саюза пісьменнікаў БССР, Міністэрства культуры БССР і Саюза пісьменнікаў СССР) пры падтрымцы ЦК Кампартыі Беларусі ў Маскве ўспомнілі беларускіх класікаў.

Прайшло пяцьдзесят гадоў... З развалам Савецкага Саюза зніклі многія ініцыятывы, якія дазвалялі шырыць прастору вядомасці пра беларускую літаратуру і Беларусь. Якуб Колас і Янка Купала засталіся і будуць працягваць жыць сваёй неўміручасцю, сваімі творамі. Але ж не лішнім было б і з самой Беларусі вылучаць справы па ўшанаванню нашых народных песняроў, іх вялікіх творчых здзяйсненняў з разлікам, каб увесь свет гэта і адчуваў, і бачыў, і ўсведамляў. 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа — самая што ні ёсць для гэтага вялікая нагода.

Аўтар: Мікола Берлеж
Звязда, 17 красавіка 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 154