Роўна ў поўнач усё наваколле напаўнялася чароўнымі гукамі царкоўных званоў. На Пасху званіца аказвалася даступнай для ўсіх вяскоўцаў. Як толькі заканчвалася пасхальная літургія, на званіцу ўздымаліся ўсе, хто хацеў далучыцца да тайнаў прыроды: той, хто цяжка хварэў, той, хто доўга не мог зацяжарыць, у каго не ладзіліся адносіны з членамі сям'і і аднавяскоўцамі, хто хацеў ды не мог знайсці скарб.
Аднак самым незвычайным было наступнае: каб у гэтым годзе добра ўрадзіла жыта, першай на званіцу павінна была ўзняцца жанчына і напоўніць наваколле святочным трызвонам.
Тым часам святары пры вялікай колькасці вернікаў здзяйснялі хрэсны ход вакол храма. У іх руках былі крыжы, харугвы, ліхтары. Гэтае шэсце ўвасабляла сабой наведванне жанчынамі-міраносіцамі Гроба Гасподняга. Таму людскі натоўп спыняўся каля зачыненай царкоўнай брамы.
Святар узыходзіў на прыступкі і з вялікай радасцю абвяшчаў: "Хрыстос уваскрос!" Усе прысутныя ў адзіным парыве зліцця людскіх душ падхоплівалі пачатак літургічнага дыялогу і з неапісальным уздымам пацвярджалі пачатак магічнай формулы: "Сапраўды ўваскрос!"
Роўна ў поўнач пачыналася першае пасхальнае набажэнства. У храме запальвалі ўсе свечкі і панікадзілы. На царскіх варотах адсоўвалі заслону, пачынаўся святочны перазвон.
Адзначым яшчэ адну важную дэталь у паводзінах людзей, якія вітаюць вестку пра Уваскрэсенне Хрыста словамі: "Сапраўды ўваскрос!" Як толькі прагучыць гэты вокліч, усе прысутныя ў храме пачынаюць тройчы цалавацца паміж сабой — усе з усімі. У адпаведнасці з царкоўным паданнем, звычай цалавання пакладзены вучнямі Хрыста, якія паведамлялі адзін аднаму аб цудзе Уваскрэсення. Звычай "хрыстосавацца" — славіць Хрыста і пры гэтым цалавацца — вытрымліваўся ў адных месцах на працягу першых трох святочных дзён, у некаторых — на працягу ўсяго Светлага тыдня, аднак хрысціянская традыцыя прадпісвала штодзённа вітацца такім чынам аж да Узнясення (саракавога дня пасля Вялікадня).
"Хрыстосаваліся" паміж сабой усе члены сям'і, такім чынам віталі адзін аднаго любыя стрэчныя людзі, гэта ж рытуальнае дзеянне выконвалася на могілках у дачыненні да памерлых.
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда
Кoличество переходов на страницу: 1414
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |