Такая ж i Багрымава зорка. Больш за сто гадоў праляцела з таго дня, як счарнела для яго беларускае неба, а для нас у гэтым вечным небе i па сёння ззяе ўкраса — зорка Паўлюка Багрыма.
Не прыгадаеш iншага паэта, якi б гэтак жа, як Багрым, заставаўся адначасова вядомым i невядомым. Вядомым нават школьнiку. Невядомым нават лiтаратару-даследчыку.
Адзiны яго верш, што дайшоў да нас праз стагоддзе, агорнуты такой жа таямнiцай, як i некалькi сшыткаў Паўлюковых вершаў, якiя, кажуць, у час вобыску забрала палiцыя.
Адны кажуць: саслалi Багрыма ў рэкруты. Дваццаць пяць гадоў цярпеў ён там пакуты.
Другiя пярэчаць: не быў у рэкрутах, бо якi ж знясiлены старэча здолеў бы потым пасля рэкруцтва ўлюбiць у сябе маладую прыгажуню, а менавiта такой была яго абраннiца Карнелiя, верная жонка i мацi траiх дзетак.
Адны кажуць: не меў ворагаў паэт-каваль, маўляў, усiх чараваў сваiм талентам.
Другiя пярэчаць: накшталт ваўкалака ён быў. Кажуць, калi памёр, то на яго дамавiну ў магiлу камянёў накiдалi. Каб на тым свеце цяжэй было...
Ды што далёка за прыкладам хадзiць. Вось, напрыклад, адзiн чалавек (гэта я кажу пра Сымона Свiстуновiча, выдатнага журналiста, сённяшнага супрацоўнiка «Звязды»), вось гэты чалавек сам выкаваў помнiк Багрыму. Зрабiў усё высокапрафесiйна, бо мае, да таго ж, талент мастака i каваля.
А другi чалавек (прабачце мне, што ўжываю аднолькавае слова для зусiм розных з’яў), вось гэты другi чалавек той помнiк знiшчыў. Дзеля сваёй кiшэнi. Самi разумееце: каляровыя металы ўсё часцей пераўтвараюцца ў чорныя ўчынкi...
Толькi ж хiба ўсё гэта хоць на крышку зацямнiць Багрымаву зорку? На могiлках каля касцёла з’явiўся новы помнiк. Больш сцiплы. Але ўсё ж такi з’явiўся! У мясцовай школе дзятва шчыруе, каб зрабiць яшчэ большай экспазiцыю пра лёс Багрыма — тая экспазiцыя займае вялiкую частку ў краязнаўчым музеi.
А ў мясцовым касцёле на радасць крошынцам льецца святло з жырандолi, якую калiсьцi выкаваў Багрым.
Падвешаная на трох цягах, адкаваная з жалеза, жырандоль упрыгожана дробнымi кветачкамi люцiкамi i вiнаградным лiсцем (таксама металiчнымi!). На жырандолi прыселi лiтыя з волава жаўрукi. Трохi крылцы расхiнулi — вось-вось паляцяць далей. На верхнiм вобадзе каваль высек лацiнкай: «Павел Багрым выкаваў у Крашыне над Шчарай у 1881 годзе».
Пра гэтую люстру, выкаваную з узвышаных мараў паэта i зямнога распаленага металу, пiсаў Максiм Танк:
У кузнi крашынскай — гром, грым,
Куе ў ёй люстру-цуд Багрым,
Якая перад алтаром
Змрок будзе рассяваць святлом...
Яўген ПЯСЕЦКI
(вёска Крошын).
Звязда 15 верасня 2000г.
Кoличество переходов на страницу: 1714
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |