https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы


Рашэнне адзначаць гэты дзень, каб абараніць моўную і культурную разнастайнасць свету, было прынятае на 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года.
Поспехі роднай мовы ў беларускім грамадстве ў апошні час відавочныя. Такое меркаванне выказалі БелаПАН старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў і сузаснавальнік моўных курсаў "Мова нанова" Глеб Лабадзенка з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага.

Глеб Лабадзенка адзначае рост колькасці грамадзян, якія ў паўсядзённым жыцці аддаюць перавагу беларускай мове. "За апошні год ці крыху болей людзі сталі па-іншаму рэагаваць, калі з імі размаўляеш па-беларуску. Людзі сталі часцей адказваць па-беларуску ў крамах, на вуліцы, у выпадковых кантактах. Раней была пераважна рэакцыя здзіўлення, а цяпер — нармальная. Гэтыя змены наўпрост сведчаць пра падвышэнне колькасці беларускамоўных людзей", — сказаў ён. 

На думку Лабадзенкі, галоўнае ў сённяшнім працэсе беларусізацыі тое, што ён "ідзе знізу". Насуперак прымітыўным стэрэатыпам пра тое, што беларуская мова ёсць атрыбутам апазіцыі, пытаннямі мовы ўсё больш цікавяцца звычайныя людзі, якія не належаць да нейкіх палітычных груп, "гэты міф разбураецца", адзначыў папулярызатар беларускай мовы. 

"За месяц да Дня роднай мовы мы пачалі ладзіць акцыю, у межах якой людзі стваралі карцінкі пад агульным загалоўкам "Гэта я беларускамоўны…" ці "беларускамоўная…", дадаючы сваю прафесію, — расказаў Лабадзенка. — Было згенеравана больш за 1.900 карцінак. Дык вось, прыемна, што такія карткі стваралі людзі ў тым ліку тэхнічных прафесій. Напрыклад, сярод іх былі чыгуначнік, электразваршчык, праграміст, фізік". Гэта, паводле яго слоў, сведчыла пра тое, што беларускамоўныя людзі ёсць, па-першае, па ўсёй Беларусі, а не толькі ў Мінску, а па-другое — сярод прадстаўнікоў розных сацыяльных груп і прафесій. 

У сваю чаргу Алег Трусаў ацэньвае сітуацыю з беларускай мовай як "пярэстую, якая спалучае як пазітыўныя, гэтак і негатыўныя праявы". 

Так, адзначае ён, пагаршэнне моўнага стану па-ранейшаму назіраецца ў галіне адукацыі: "Мы бачым, што колькасць дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску, змяншаецца. Апрача таго масава закрываюцца беларускамоўныя школы ў вёсках, адначасова з тым аніводнай беларускамоўнай школы за апошні час не адкрылі. Адзінае, што дзякуючы сябрам ТБМ дзе-нідзе ствараюцца беларускамоўныя класы ў школах, як, напрыклад, у Лідзе ды іншых гарадах". 

У той жа час старшыня ТБМ нагадаў, што атрымалася дамагчыся "павелічэння колькасці гадзін на беларускую мову ў школе", а таксама "моўных факультатываў". 

З іншага боку, паводле слоў Трусава, сёння назіраюцца відавочныя поспехі беларускай мовы ў грамадстве: "За мінулы год прыхільнасць простых людзей да мовы, асабліва ў Мінску і буйных гарадах Беларусі, значна павялічылася, пра гэта сведчыць цікавасць людзей да кампаніі "Мова нанова", а таксама вялікая колькасць беларускамоўнай рэкламы". 

"Прадпрымальнікі, спартсмены загаварылі па-беларуску. А самае галоўнае, дзякуючы спадару Уладзіміру Макею (міністр замежных спраў Беларусі) па-беларуску загаварыла Міністэрства замежных спраў. Яно ўжо даўно абагнала ў пытанні падтрымкі мовы Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі, якія нічога ў гэтым плане не робяць", — заявіў Трусаў.

Старшыня ТБМ лічыць, што на сучасным этапе ў працэса развіцця беларускай мовы добрыя перспектывы. "Калі захаваецца незалежнасць Беларусі і не будзе ўкраінскага сцэнару, — дадаў ён. — Сітуацыя з мовай захаваецца і ўмацуецца, калі не будзе вайны, прамой канфрантацыі з "усходнім братам", які надзвычай нервова рэагуе на любыя, нават самыя дробныя, праявы беларушчыны. Калі пачытаць іх сайты — воўкам выюць з-за гэтага, маўляў, Лукашэнка тут нацыяналізм развёў". 

У Міжнародны дзень роднай мовы ТБМ ладзіць першы этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая сёлета пройдзе ўжо ў дзявяты раз. У Мінску ўсіх ахвочых запрашаюць далучыцца да гэтай імпрэзы ў сядзібе ТБМ. Гэтым разам дыктоўку прапануецца пісаць па тэкстах Максіма Багдановіча, Макара Краўцова і Янкі Сіпакова. Наступныя этапы дыктоўкі адбудуцца 15 і 25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (Дзень Волі). 

Некамерцыйная арганізацыя — папулярызатар беларускай культуры "Арт Сядзіба" сёлета падрыхтавала некалькі мерапрыемстваў з нагоды Дня роднай мовы. Асноўная імпрэза ўжо адбылася 19 лютага ў сталічнай прасторы "Мёд", куды беларусаў запрашалі далучыцца да беларускамоўных настольных гульняў, паэтычнай вечарыны і музычнага канцэрту. 

Непасрэдна сёння "Арт Сядзіба" пакажа спектакль "Браніслаў. Сцэны з жыцця ды сноў" паводле аднайменнай п`есы Эльдара Бякірава, на які можна патрапіць паводле папярэдняга запісу. 

Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ладзіў імпрэзы з нагоды Дня роднай мовы ўвесь папярэдні тыдзень. Улічваючы, што сёлета гэты дзень прыпаў на нядзелю, калі БДУ не працуе, студэнты запрашаюць усіх ахвочых завітаць у Інстытут журналістыкі ў панядзелак, 22 лютага, каб палепшыць сваю моўную практыку на "Хуткіх размовах па-беларуску".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 21 лютага 2016
 
Дата публикации:21.02.2016
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:623
 
Ключевые слова:
Беларуская мова Международный день родного языка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме