https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларускі танк, зброя з РФ, іранскія дроны: што паказваюць на МILEX-2023


Збройнікі многіх краін выстаўляюць на форуме ў Мінску найноўшыя распрацоўкі ў галіне ваенпрама.
У свеце ідзе маштабная гонка ўзбраенняў, у гэтых умовах беларускія кампаніі ваенпрама вымушаны ствараць новыя і мадэрнізаваць добра забытыя старыя ўзоры. Убачыць некаторыя з іх можна на выставе МILEX-2023, якая 17 мая пачала сваю працу ў Мінску.

За апошнія гады армію Беларусі папоўнілі сучасныя віды ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Частка з іх – ад замежных вытворцаў. Некаторыя распрацоўкі, як запэўнілі вытворцы, паспелі ўжо прайсці праверку.

Форум, які праходзіць раз у два гады і для прафесіяналаў ваенна-прамысловай індустрыі ўжо стаў доўгачаканым, адкрыўся з уласцівым яму размахам і ў традыцыйным месцы – на пляцоўках "Мінск-Арэны".

Госці ў пагонах і не толькі віталі адзін аднаго моцным афіцэрскім поціскам рукі, быццам не бачыліся цэлую вечнасць. Пасля паўтарагадзіннага канцэрта, дзе саліраваў акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных сіл Беларусі, яны заняліся аглядам найноўшых ваенных узораў, якія размясціліся як унутры, так і звонку комплексу.

Асаблівая цікавасць была да танка Т-72, ​​дакладней, да яго новай версіі Т-72 БМ2. Мадэрнізацыю беларуская бронемашына прайшла на 140-м рамонтным заводзе, спецыялісты якога беражліва прывезлі яе на выставу.

Што прынцыпова новага ў айчынным танку? Корпус абаронены спецыяльнымі супрацькумулятыўнымі рашоткамі, палепшана браня. Асноўная гармата тая ж, што і раней – 125-міліметровая. Пэўныя новаўвядзенні закранулі прыцэл, у якім устаноўлены новыя сістэмы балістычнага вылічальніка, камплект датчыкаў для павышэння дакладнасці стральбы, а таксама сістэма "Дубль", якая дае магчымасць камандзіру весці агонь са свайго месца ўсімі відамі боепрыпасаў у любы час сутак.

Разыначкай баявой машыны лічаць наяўнасць аўтаномнай устаноўкі сілкавання, якая дазваляе забяспечваць электраэнергіяй агрэгаты танка без запуску асноўнага рухавіка. Па словах распрацоўшчыкаў, танк ужо прайшоў выпрабаванні і ў хуткім часе будзе прыняты на ўзбраенне ў войскі.

"Кветка", "Сапфір" і бранявік ад МЗКЦ

Сярод іншых навінак беларускіх збройнікаў – мабільны комплекс радыёэлектроннай барацьбы Р-327 "Кветка", які здольны перахапляць і падаўляць аналагавыя і лічбавыя сігналы.

"Таксама ёсць магчымасць падаўлення спадарожнікаў, GPS і "ГЛОНАСС"-навігацыі. Акрамя таго, можна працаваць у спалучанай пары – пеленгаванне-месцавызначэнне. Падаўляць адначасова да чатырох частот", - распавёў прадстаўнік разліку.

Паводле яго слоў, комплекс, які складаецца з двух аўтамабіляў са складанай радыётэхнічнай апаратурай, здольны замяніць сем машын: ён адначасова ўлоўлівае сігнал, стварае перашкоды, праводзіць разведку і аналіз. У складзе разліку комплексу шэсць чалавек: два кіроўцы, два аператары, начальнік станцыі і камандзір аддзялення.

На адкрытай пляцоўцы і шмат іншай бронетэхнікі – абноўлены зенітна-ракетны комплекс "Страла-10", "Шылка".

Аднак асобна вылучаецца яшчэ адна навінка цяперашняга MILEX – лёгкабраніраваны аўтамабіль Мінскага завода колавых цягачоў. Распрацоўшчыкі правялі скрупулёзную працу па апдэйце штурмавога браневіка, які стаіць на ўзбраенні ва ўнутраных войсках і органах пагранічнай службы.

У выніку машына стала больш манеўранай і эфектыўнай, з’явілася больш цягавітая лябёдка, узмоцнены пярэдні буфер, святлодыёдныя блок-фары і галагенавыя фары-пражэктары. Наведвальнікі, сярод якіх былі ў тым ліку замежныя ваенныя аташэ, ацанілі навінку.
Гледачы змаглі паглядзець і на дапрацаваны айчынны гранатамёт "Сапфір". Максімальная далёкасць паражэння цэлей – кіламетр. Зброя важыць каля 5 кілаграмаў, даўжыня – 800 міліметраў, таму яго цалкам можна назваць мабільным.

У лютым гэтага года вайскоўцы завяршылі яго выпрабаванні, якія вяліся дастаткова доўга, таму неўзабаве навінку можна чакаць ва Узброеных Сілах краіны.

Расія, Кітай і Іран

Большая частка выставы размясцілася ўнутры канькабежнага стадыёна "Мінск-Арэна", а таму цікавасць да тамашніх экспазіцый была куды большай. Беспілотнікі, аўтаматы, кулямёты, вінтоўкі, боепрыпасы да іх, а таксама сістэмы кіравання – свае распрацоўкі прадставілі не толькі беларускія збройнікі, але і прадпрыемствы ВПК з Расіі, Кітая і Ірана.

Танк Т-90МС і іншую расійскую броне- і авіятэхніку, якія былі абяцаны да паказу, прывезлі ў паменшанай копіі – у выглядзе макетаў. Прадстаўнікі аднаго з прадпрыемстваў растлумачылі: з дастаўкай "арыгінальных" машын у Мінск "узніклі цяжкасці".
Затое ў поўнамаштабнай версіі прадстаўлены найноўшы рэактыўны агнямёт МРА-А і вялікая колькасць стралковай зброі.

"Рособоронэкспорт" упершыню на MILEX паказвае высокадакладныя вінтоўкі Bespoke Gun з эфектыўнай далёкасцю стральбы да паўтара кіламетра, а таксама "снайперку" Чукавіна, якая заклікана замяніць легендарную СВД. Вялікая ўвага прыкавана да "навічкоў" – пісталета-кулямёта ППК-20 і пісталета Лебедзева.

Цікаўную экспазіцыю прэзентуе адна з прыватных расійскіх зброевых кампаній, якая займаецца цюнінгам вінтовак, аўтаматаў і пісталетаў. Асноўным матэрыялам для апдэйта служыць шклонапоўнены поліамід, з яго дапамогай атрымліваюць палегчаныя прыклады, дзяржальні і іншыя складальнікі стралковай зброі.

Беспілотнікі – на любы густ

Што да беспілотнікаў (у тым ліку пад маркай "Made in Belarus"), іх таксама не абмінулі ўвагай наведвальнікі зброевага форуму. Патэнцыяльных заказчыкаў цікавіць прадукцыя кампаній з Ірана і Кітая, стэнды якіх заняты ў асноўным тактычнымі і ўдарнымі дронамі. Прадстаўнікі замежных кампаній адзначаюць, што беларускі рынак – вельмі перспектыўны, хоць і канкурэнтны.

Асобнае месца на выставе занямаюць распрацоўкі беларускіх вучоных ("Бусел") і 558-га авіяцыйнага завода ("Чакан" і "Лоўчы").
"Выпрабаванні ўжо завершаны, ідзе асваенне вытворчасці мадэлі "Чакан". Падчас прэзентацыі прэзідэнту на Абуз-Лясноўскім палігоне мы адпрацавалі адразу два беспілотнікі і знішчылі ўсе цэлі", - расказаў прадстаўнік ААТ "558-ы авіяцыйны рамонтны завод".

Паводле яго слоў, "Чакан" будзе выкарыстоўвацца ў войсках "ужо зусім хутка". Акрамя таго, на прадпрыемстве вядуць працу над стварэннем новых беспілотнікаў з большай баявой нагрузкай.

Праца выставы МILEX-2023 працягнецца па 20 мая. У гасцей форуму ёсць яшчэ тры дні, каб ацаніць поспехі айчыннага і замежнага ваенпрама.

Sputnik, 18 траўня 2023
 
Дата публикации:18.05.2023
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:201
 
Ключевые слова:
МILEX-2023 Выставка Вооружение Технологии Инновации
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме