https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Кухарка з Віцебска выйграла прэстыжны кулінарны конкурс ў Пекіне


Майстар вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Алена Полесава заваявала залаты медаль на міжнародным конкурсе прафмайстэрства «Майстры Шаўковага шляху», які праходзіў у Пекіне.
Алена — выпускніца каледжа і ўжо на працягу трох гадоў дапамагае навучэнцам асвойваць азы кулінарнага мастацтва. Нягледзячы на перамогі ў шматлікіх конкурсах рознага маштабу, гэтае спаборніцтва аказалася для дзяўчыны не толькі зверхадказным, але і новым.

Конкурс праходзіў дыстанцыйна: звыш 200 кухараў і кандытараў на працягу паўтара гадзіны пад прыцэлам відэакамер стваралі свае кулінарныя шэдэўры. За месяц да яго ўдзельнікі атрымалі заданні, дзе на кітайскай мове былі пазначаны інгрэдыенты. Гэта магло сыграць с кожным кулінарам злы жарт: напрыклад, «птушка» ў нас азначае розныя віды мяса — качку, індычку, а яшчэ адзін складнік стравы ў перакладзе з іерогліфаў азначаў ці то рыбу, ці то ялавічыну.

Кухарцы з Віцебска прыйшлося звяртацца па дапамогу да лінгвіста, а яшчэ яна адточвала тэхналогію прыгатавання конкурсных страў па пяць разоў. Аднак з усімі цяжкасцямі майстарка справілася, 90 хвілін прайшлі без эксцэсаў і прынеслі нечаканую перамогу.

У складзе нацыянальнай каманды Алена праходзіла дыстанцыйны этап у Магілёве на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. На суд міжнароднага журы дзяўчына прадставіла дзве стравы: курыны фаршаваны рулет, звараны па тэхналогіі су-від (тэхналогія прыгатавання ў вакуумнай упакоўцы) і гарачую страву з белай рыбы — сібаса. На гарнір — гародніна, розныя соусы, ажурныя чыпсы з цеста (асабістая распрацоўка маладога майстра) і нават пыл з мікразяленіва.

Па словах Алены, класнай «фішкай» гэтага прафесійнага спаборніцтва была ўмова прыгатаваць страву з мінімальнымі адходамі. Гэта не толькі аптымізуе рабочы працэс, але і падштурхоўвае да самых незвычайных ідэй. Менавіта таму мікрагрын ператварыўся ў натуральнае каляровае ўпрыгажэнне.

Каманда суддзяў ацэньвала стравы па некалькіх крытэрыях. Перш за ўсё яны звярталі ўвагу на падачу, правяралі, ці выканана тэхналогія прыгатавання, ці адпавядае страва меню, вымяралі тэмпературу і масу, ацэньвалі арганізацыю работы. За ўсімі падрыхтоўкамі эксперты сачылі анлайн дзякуючы тром камерам, размешчаным на рабочым месцы.

На высокі вынік Алена не разлічвала — занадта жорсткай была канкурэнцыя. Аднак амаль праз месяц на фінальнай трансляцыі, якая праходзіла на кітайскай мове, падчас аб`яўлення пераможцаў у розных намінацыях майстар пачула прозвішча, падобнае да яе. Яшчэ праз месяц у Віцебск прыйшлі заслужаныя ўзнагароды — залаты медаль і дыплом. А таксама — запрашэнне на асабісты ўдзел, калі палепшыцца эпідэмічная сітуацыя.

«Дасягнуць вышыні на конкурсе такога ўзроўню вельмі прыемна. Гэта не паказчык таго, што вышэй ужо нельга, а моцны стымул для новых перамог», — дзеліцца ўражаннямі дзяўчына.

У скарбонцы ўзнагарод Полесавай шмат пацвярджэнняў яе прафесійнага майстэрства, сярод апошніх — «срэбра» ў намінацыі «Кухарская справа» Размеркаванага Еўразійскага чэмпіянату 2022 года, наперадзе — удзел у чэмпіянатах World Skіlls і «ПрадЭкспа».

Агеньчык натхнення ў вачах маладога майстра вытворчага навучання запэўнівае, што далей будзе толькі лепш.

Аляксандра Гвоздзева
Звязда, 29 верасня 2022
 
Дата публикации:29.09.2022
Тематика:Бизнес, Культура
Просмотров:876
 
Ключевые слова:
Поварское дело Конкурс Віцебск Китай
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме