https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


З-за адсутнасці замежнікаў беларускія санаторыі не прастойваюць


У гэтым сезоне беларускія здраўніцы працуюць, выконваючы супрацьэпідэмічныя патрабаванні.
Цяперашняя сітуацыя, калі выключаны замежныя падарожжы, дапаможа некаторым з нас адкрыць сваю краіну як з пункту гледжання пазнавальнага турызму, так і аздараўлення ў айчынных санаторыях. Менавіта аб санаторна–курортным лячэнні мы распавядзем у нашым аглядзе, тым больш, што з фінансавага боку пры пэўных абставінах такі адпачынак даволі прывабны.

Дзяржаўныя, прыватныя і нават ІП… Як купіць пуцёўку са зніжкай 60-70%

Многія ведаюць, што для членаў прафсаюза пуцёўкі на аздараўленне прадастаўляюцца са зніжкай 25%. Але ёсць і больш прывабны варыянт –– гэта набыццё пуцёўкі з прыцягненнем сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і рэспубліканскага бюджэту. Як яе атрымаць, нам расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна–курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі:

«На кожным дзяржаўным ці прыватным прадпрыемстве загадам кіраўніка ствараецца камісія па аздараўленні. Нават у індывідуальнага прадпрымальніка яна можа быць. У гэтую камісію работнік падае медыцынскую даведку аб неабходнасці санаторна-курортнага лячэння і заяву. Камісія накіроўвае заяўку ў тэрытарыяльнае прадстаўніцтва нашага цэнтра на атрыманне пуцёўкі неабходнага профілю. Перавага гэтага варыянту ў тым, што вялікую частку выдаткаў бярэ на сябе ФСАН, а работнік аплачвае прыкладна 30–40% ад кошту пуцёўкі».

Ёсць такая магчымасць і ў пенсіянераў. Ім таксама трэба ўзяць даведку ў паліклініцы і наўпрост звяртацца ў тэрытарыяльнае прадстаўніцтва цэнтра па месцы рэгістрацыі пенсіянера. Пажылыя людзі плацяць прыблізна 20% ад поўнага кошту пуцёўкі.

Генадзь Балбатоўскі таксама нагадвае, што непаўналетнім пры наяўнасці медыцынскіх паказчыкаў адзін раз у год пуцёўкі выдзяляюцца бясплатна, а для аднаго з бацькоў, які суправаджае дзіця, зніжка на пуцёўку складае 85%. Інваліды 1 і 2 груп таксама маюць права на бясплатнае санаторна–курортнае лячэнне раз у два гады.

Асаблівасцю пуцёвак, якія выдзяляюцца праз Рэспубліканскі цэнтр, з`яўляецца тое, што яны досыць працяглыя па сучасных мерках –– 18 дзён. Між тым, у ранейшыя часы пуцёўкі выдаваліся на 21 дзень. Па словах нашага суразмоўцы, 18 дзён –– гэта навукова абгрунтаваны тэрмін знаходжання ў санаторыі, які дае максімальны медыцынскі эфект.

Набываючы пуцёўку за поўны кошт, людзі часцей за ўсё выбіраюць перыяд 10–14 дзён. У кошт пуцёўкі ўваходзяць пражыванне, харчаванне, 5 лячэбных працэдур па профілі захворванняў.

Назва санаторыя / 100% кошт у суткі на 1 чалавека на ліпень–жнівень

«Залатыя пяскі»
47 руб., катэдж –– 62 руб.

«Бярэсце»
49,54 руб., падвышанай камфортнасці –– 66.05 руб.

«Парэчча»
65 руб., падвышанай камфортнасці ––78–165 руб.

«Нарач»
68 руб., люкс –– 140 руб.

«Юнацтва»
98,15 руб., паўлюкс –– 115,70 руб.

«Альфа-Радон»
196,72 руб., люкс –– 304 руб.

Ад эканом- да прэміум-класа

У 2006 годзе ў нашай краіне пачалася рэформа санаторна-курортнага лячэння. Былі распрацаваны крытэрыі, якім адпавядалі далёка не ўсе санаторыі, якія дзейнічалі на той момант. А было іх тады каля 200. Пасля аптымізацыі ж застаўся 101. З тых часоў ложкавы фонд санаторыяў складае каля 28 тысяч месцаў. Зараз статус санаторыя маюць 105 здраўніц. Вядома, ёсць сярод іх пабудаваныя паўстагоддзя таму, ёсць і новыя суперсучасныя. Аднак нават эканом-клас сёння –– гэта адрамантаванае памяшканне, прыстойная мэбля.

«Асноўная функцыя санаторыяў, і нават наш брэнд –– гэта аздараўленне з выкарыстаннем прыродных лячэбных фактараў, таму пастаянна пашыраецца і абнаўляецца пералік медыцынскага абсталявання, –– кажа дырэктар Рэспубліканскага цэнтра. –– З кожным годам нашы санаторыі прапануюць усё больш паслуг, у тым ліку дадатковых, сярод якіх стаматалогія, касметалогія. Штогод каля 15 % ад абаротных сродкаў ідзе на развіццё здраўніц, у мінулым годзе гэтая сума склала 78 млн. рублёў».

Здраўніцы, пуцёўкі ў якія прадастаўляюцца праз Рэспубліканскі цэнтр, удзельнічаюць у адкрытым конкурсе. У цэнтры не прапаноўваюць пуцёўкі ў люксы, але кожны сам можа выбраць ўзровень выгод, даплаціўшы за аднамеснае размяшчэнне або нумар падвышанай камфортнасці.

Са свайго боку, адміністрацыя санаторыяў стараецца рассяляць адпачывальнікаў па катэгорыях. Гэта значыць, бацькі з дзецьмі жывуць у адным корпусе, дарослыя –– у іншым.

Запаўняльнасць санаторыяў – 65%

Ёсць такі стэрэатып, што ў нашых санаторыях адпачываюць у асноўным расіяне і іншыя замежнікі. Але вось статыстыка: у мінулым годзе з 595 тысяч пуцёвак 242 тысячы выкупілі грамадзяне іншых краін. Што ж з запаўняльнасцю ў гэтым годзе? Па-першае, санаторыі адпрацавалі першы квартал у звычайным рэжыме. За гэты час у нас адпачылі 42,5 тыс. іншаземцаў, у мінулым іх было ў гэты ж час 42,4 тыс. А вось грошай ад іх у касы санаторыяў паступіла ў бягучым годзе 39,4 млн. руб., у мінулым –– 38,0 млн. На сёння, у адрозненне ад атэльнага бізнесу і турызму, санаторыям ўдалося ўтрымацца на плаву.

З мая па 15 чэрвеня ў беларускіх санаторыях з-за пандэміі каранавіруса быў прыпынены прыём ўсіх катэгорый грамадзян. У мінулым годзе ў гэты час запаўняльнасць складала 100%. У першыя два тыдні пасля адкрыцця, запаўняльнасць санаторыяў была 20%. Але попыт рос вельмі хутка, і ўжо ў ліпені занята больш за 65% месцаў. Гэта значыць, з–за адсутнасці замежнікаў санаторыі не прастойваюць. У сувязі з супрацьэпідэмічнымі мерапрыемствамі гэтая лічба лічыцца аптымальнай. Акрамя таго, масавых адмоваў ад расіян браніравання на жнівень–верасень не фіксуецца.

Без канцэртаў і з сацыяльнай дыстанцыяй

У гэтым сезоне беларускія санаторыі працуюць, выконваючы супрацьэпідэмічныя рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя і Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Яны досыць аб`ёмныя, аб самых галоўных, якія тычацца кожнага адпачывальніка, распавёў Генадзь Балбатоўскі:

«Цяпер пры паступленні чалавека ў санаторый патрабуецца даведка аб адсутнасці кантактаў з асобамі, якія хварэюць СОVID–19, і кантактамі першага ўзроўню. Тэрмаметрыя праводзіцца на ўзроўні шлагбаўма або рэсепшна. Калі ўсё добра, адпачывальнік гутарыць з доктарам, потым засяляецца. Штодня вымяраецца тэмпература, урач аглядае на наяўнасць сімптомаў ВРВІ. Адпачывальнікі размяшчаюцца па адным чалавеку ў нумары, выключэнне –– члены сям`і. Групавыя заняткі –– ЛФК, басейн, спелеалячэнне арганізаваны з улікам сацыяльнага дыстанцыявання. Што тычыцца харчавання, то некаторыя адмовіліся ад «шведскага стала», замяніўшы яго заказным меню. У сталовых выконваецца сацыяльная дыстанцыя, харчаванне можа быць арганізавана ў некалькі змен. Забароненыя масавыя мерапрыемствы –– экскурсіі, канцэрты».

Нашы здраўніцы за мяжой

Некалькі беларускіх санаторыяў размешчаны за межамі нашай краіны. У іх таксама можна набыць пуцёўкі праз Рэспубліканскі цэнтр. «Што тычыцца санаторыяў на тэрыторыі Расіі, то, мяркую, мы зможам накіроўваць у іх адпачывальнікаў з 1 жніўня, пакуль чакаем рэкамендацый ад расійскіх калегаў, –– кажа Генадзь Балбатоўскі. –– У нашых санаторыях, размешчаных у Літве і Латвіі, цяпер адпачываюць грамадзяне ЕС, беларусы змогуць паехаць пасля адкрыцця межаў».

Карысныя спасылкі:

https://rco.by
https://www.sanatorii.by

Аксана Яноўская
Звязда, 25 ліпеня 2020
 
Дата публикации:25.07.2020
Тематика:Бизнес, Спорт и Туризм
Просмотров:358
 
Ключевые слова:
Лечение в Беларуси Пандемия Коронавирус Санатории
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме