https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускія лекі недарагія, але якасныя


У Нацыянальнай акадэміі навук прайшло выязное пасяджэнне экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі на тэму «Аб актуальных праблемах развіцця фармацэўтычнай галіны Рэспублікі Беларусь».
Як адзначыла Cтаршыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, адкрываючы пасяджэнне, фармацэўтычная галіна ў цэлым у свеце развіваецца эфектыўна і паспяхова ўносіць значны ўклад у развіццё кожнай краіны.

Паводле ацэнак экспертаў, аб’ём сусветнага фармацэўтычнага рынку перасягнуў ужо $1 трлн са штогадовым прыростам каля 8 адсоткаў.

У перспектыве чакаецца, што рост сусветнага фармацэўтычнага рынку да 2030 года адносна 2017-га складзе 60 адсоткаў і больш. Наталля Качанава звярнула ўвагу, што ў нашай краіне на бягучую пяцігодку фармацэўтычная галіна вызначана адным з прарыўных пунктаў росту прамысловасці.

Прамысловую вытворчасць лекавых прэпаратаў у Беларусі ажыццяўляюць 40 фармацэўтычных прадпрыемстваў, у галіне занята 11 тысяч чалавек. Штогод растуць аб’ёмы вытворчасці, адкрываюцца вытворчасці новых відаў лекавых прэпаратаў.

Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што на развіццё фармгаліны паўплывала пандэмія 2020 года. А санкцыйны ціск адбіўся на зніжэнні паставак беларускіх лекавых сродкаў на знешнія рынкі, скарачэнні аб’ёмаў экспарту. «Прадпрыемствам прыйшлося пераарыентаваць прадукцыю на ўнутраны рынак, а таксама шукаць новыя рынкі збыту ў іншых краінах. Хоць гэта тэма для нас абсалютна не новая. Прэзідэнт краіны яшчэ раней гаварыў аб неабходнасці развіцця свайго фармацэўтычнага рынку, выпуску новых фармпрэпаратаў і лекавых сродкаў. І тады ўжо была пастаўлена задача, што ў нашай краіне павінна выпускацца больш як 50 працэнтаў лекавых сродкаў айчыннай вытворчасці.

Гэта лекавая бяспека. А з улікам санкцыйнага націску Прэзідэнт дакладна сказаў: мы павінны зрабіць усё, каб нашы людзі не адчулі на сабе гэтыя санкцыі», — адзначыла спікер. Сёння, па яе словах, трэба ведаць, дзе закупляць сыравіну, якую раней закуплялі на традыцыйных рынках Украіны і заходніх краін. Айчынныя вытворцы сёння гэтым займаюцца.

«Я наведвала прадпрыемствы фармацэўтычнай галіны. Вядома, тут трэба будзе работа на апярэджанне. Мы павінны маніторыць увесь рынак лекавых сродкаў і прадумаць тое, што сёння нам трэба. Акрамя таго, мы ўжо неаднаразова гаварылі аб умовах рэгістрацыі нашых лекавых сродкаў. Бо недзе гэта часам зацягваецца неправамерна доўга. Вядома, гэта здароўе людзей, і спяшацца тут ні ў якім разе нельга. Усё павінна быць праверана, пратэставана. Але разам з тым жыццё дыктуе новыя ўмовы, і мы мусім больш аператыўна рэагаваць», — акрэсліла асноўныя пытанні Наталля Качанава.

Удзел у пасяджэнні экспертна-кансультатыўнага савета прынялі міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, вучоныя, кіраўнікі прадпрыемстваў фармгаліны. Удзельнікі савета абмеркавалі работу айчынных фармпрадпрыемстваў, праблемы, з якімі сутыкнулася вытворчасць пасля ўвядзення санкцый супраць Беларусі.

Наталля Качанава ў размове з журналістамі адзначыла, што беларускія лекавыя прэпараты недарагія, але якасныя. «Я праехала, пабывала практычна на ўсіх фармпрадпрыемствах. Магу адказна запэўніць, што там цудоўныя ўмовы, якія адпавядаюць усім нормам і патрабаванням, што прад’яўляюцца да такіх прадпрыемстваў. Таму якасць гарантавана», — расказала яна. Па словах спікера, 90 працэнтаў лекавых сродкаў у нашых установах аховы здароўя — айчыннай вытворчасці. Яны эфектыўна выкарыстоўваюцца для лячэння розных захворванняў, у тым ліку анкалагічных, дзе лекі вельмі дарагія. І гэта сведчанне таму, што нашы прэпараты высокага ўзроўню.

«Стаўка робіцца на айчыннага вытворцу, таму што гэта іншая цэнавая палітыка. Сёння дзяржава ў гэтыя пытанні ўнікае самым сур’ёзным чынам. Мы бачым, што фармпрамысловасць не дапусціла вялікага росту цэн. Пры інфляцыі ў 13 працэнтаў па гэтай галіне рост цэн склаў 5,1 працэнта. Гэта няшмат», — канстатавала Старшыня Савета Рэспублікі.

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што айчынная навука, вытворцы ў фармгаліне павінны не проста працаваць на перспектыву, але і дзесьці больш аператыўна. «Фармрынак — сур’ёзнае ўліванне ў эканоміку кожнай краіны, і тыя лагістычныя ланцужкі і сувязі, якія былі парушаны з увядзеннем санкцый у адносінах да нашай краіны, і тыя задачы, якія раней ставіў Прэзідэнт, сведчаць аб тым, што ў гэтай сітуацыі трэба працаваць аператыўна», — растлумачыла яна.

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо ў размове з журналістамі падкрэсліў, што фармацэўтычнае пытанне — гэта пытанне нацыянальнай бяспекі.

«Сучасныя лекі — супертэхналогіі, самы высокі ўзровень развіцця і навукі, і медыцыны. Развіваючы ўласную фармпрамысловасць, мы вырашаем галоўную задачу: забяспечваем наша насельніцтва якаснымі медыцынскімі прэпаратамі, з іншага боку, мы ствараем перадумовы для развіцця навукі, прамысловасці. У нас з’яўляецца магчымасць заняць у свеце тыя нішы, якія на сёння вызваліліся», — сказаў Алег Румо. Ён расказаў, што ў свеце існуе некалькі кампаній, якія з’ўляюцца сусветнымі лідарамі ў вытворчасці лекаў для транспланталогіі. Гэтыя тэхналогіі даступныя і ў Беларусі.

«Беларускія джэнерыкі дастаткова якасныя. Выкарыстоўваюцца абсалютна ва ўсіх галінах нашай спецыяльнасці. А спецыяльнасць высокатэхналагічная, вельмі складаная, такая, якая не даруе дробязяў. Фармальна можна мець адзін і той жа прэпарат, але калі гэты прэпарат будзе няякасны, то вынік — ніякі. І праца каласальнай колькасці людзей, якія ўклалі ў выратаванне жыцця пацыента ўвесь свой інтэлект, знікне. А самае галоўнае — жыццё гэтага чалавека будзе пад пагрозай. Аднак у нас ёсць і вытворчыя магутнасці для выпуску такіх прэпаратаў, ёсць неабходныя субстанцыі для таго, каб рабіць гэтыя прэпараты якасна і забяспечваць нашых грамадзян. А сёння аперацыі па трансплантацыі органаў праведзены больш як 6 тысяч беларусаў», — адзначыў Алег Румо.

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 14 кастрычніка 2022
 
Дата публикации:14.10.2022
Тематика:Товары из Беларуси, Разное
Просмотров:907
 
Ключевые слова:
Фармацевтика Медицина Здравоохранение Национальная безопасность Лекарственные препараты Импортозамещение Санкции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме