https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


У часіну горкага хлеба


Памяці маіх прадзедаў Чарапкоўскага Уладзіміра Дзям'янавіча, разведчыка-ветэрана ВАВ, і Ходаса Андрэя Сцяпанавіча, салдата, які не прыйшоў з вайны, прысвячаецца...

Гэты твор нешта накшталт сачынення на зададзеную тэму. Уражвае шчымлівая пачцівасць дзяўчынкі-школьніцы з Глыбокага Рагнеды Юргель да мінулага, да памяці сваіх продкаў. І не толькі гэта, а тое, што не-не ды прабліскае за трапяткасцю пачуццяў непадробнасць, здольнасць гаварыць уголас родным матчыным словам. І гаварыць па-мастацку. Вобразна і яскрава.

Адзінае, што мне хацелася дадаць да твайго, Рагнеда, твора: дзякуй і нізкі паклон твайму настаўніку беларускай мовы і літаратуры М. Я. Літвіну. І яшчэ якое дзіўнае спалучэнне: настаўнік Літвін, вучаніца Рагнеда...

Віктар Казько

---   ---   ---
У час нямецка-фашысцкай акупацыі на чыгуначнай станцыі Крулеўшчына размяшчаўся буйны гарнізон варожых войск, які ахоўваў чыгуначны вузел і забяспечваў перавозку вайсковых грузаў.

Станцыя была абкружаная сістэмай абарончых умацаванняў: дзотаў, хадоў зносін, акопаў і некалькі радоў агароджы з калючага дроту. На больш небяспечных напрамках падыходы да апорных пуктаў былі дадаткова перакрытыя спіралямі Бруно і замініраваны.

17-га жніўня 1943 года партызаны 1-й Антыфашыскай брыгады (камандзір У.У. Гіль-Радзіёнаў) штурмам авалодалі чыгуначнай станцыяй, разграмілі варожы гарнізон, знішчылі ўсё абсталяванне станцыі, паравознае дэпо, спалілі нафтабазу.

У 1964 годзе на пероне вакзала ў гонар баявой аперацыі партызан пастаўлена стэла-помнік Партызанскай Славы.

( З кнігі "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобл./А.Н. БССР, Інстытут Мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мн.: Беларус. сав. энцыклапедыя, 1985.)

частка першая...


Стомленае за дзень жнівеньскае сонца не спальвае зямлю. Яно задуменна і ласкава перабірае промнямі лісце дрэў і залоціць іх. Вечар пахне мёдам, травою і збожжам. Босыя ногі сагравае дарожны пыл. Ля ценяў на абочыне дарогі крочыць змрок.

Людзі стомлена падымаюць галовы, прыслухоўваюцца да цішыні. Добра, што сёння яны не сустрэлі нямецкіх патрулёў. Добра, што дзень быў спакойны. Рэдкія яны, спакойныя дні.

Два гады ўжо ідзе вайна з Германіяй. Фашысты ўсюды: у Глыбокім, у Шуневічах, часта заходзілі і на хутары. Але сёння ціха. Воз рыпіць на выбоінах. Уладзімір зрэдку пакрыквае на аднавокага коніка:

— Ну-у, Ферта! Пайшоў!

Коніка гэтага немцы пакінулі замест рэквізаванага. Уладзімір доўга лаяўся, аглядаючы нямецкую жывёліну: "Зломак, а не конь! Адно слова — Пферт!"

Забіралі немцы не толькі коней. Лавілі і качак, і гусак, выводзілі з хлява авечак. Аднойчы, на вачах у Арыны, расстралялі з аўтамата курыцу, а назаўтра ўваліліся ў хату і запатрабавалі:

— Матка, яйкі! Млеко! Шпэк!

"Каб табе доўбняй па фашысцкай тваёй макаўцы "шпэкнула", — думала Арына са злосцю.

Лета даўно перакуліла ўжо за палову, і людзі ў полі стараліся зрабіць як мага больш: сушылі і вазілі сена, жалі, вязалі і ставілі ў бабкі-таўстухі пшаніцу і жыта, касілі ячмень.

І ў той дзень работы было шмат, таму есці селі, калі ўжо добра звечарэла. Паеўшы, дзеці палезлі на палаці.

Праз колькі хвілін у хаце стала ціха. Газніца кідала водбліскі на сцены. Шэрыя матылі глуха стукалі па шыбах мяккімі крыламі. Яны ратаваліся ад цемры, што пагрозліва паглядала праз вокны.

Арына дамывала посуд, штосьці ціхенька мармычучы сабе пад нос. Уладзімір "устаўляў граблям зубы" — так аднойчы ахрысціла гэтую работу маленькая Рэня, зялёныя вачаняткі якой хітра паглядвалі на бацьку з-за падушкі. Не спалі і астатнія пяцёра дзяцей. Яны зрэдку перашэптваліся паміж сабой, але не смяяліся і не дурэлі.

— Здаецца ўсё, дарабіў, — уздыхнуў з палёгкай Уладзімір, адставіўшы граблі.

Ён устаў, прайшоўся па хаце, але потым, нібы раздумаўшы, сеў зноў.

— Ішоў бы ты спаць. Позна ўжо, — нязлосна параіла яму Арына.

— Насплюся яшчэ. Хутка, відаць, задажджыць. Усе прыкметы на гэта паказваюць.

— Нічога, — Арына стомлена ўсміхнулася. — Колькі таго сена засталося? Звязём, няхай толь...

Хтосьці асцярожна пастукаў у дзверы.

І адразу трывога ахапіла ўсіх, хто быў у хаце: дзеці глыбей зашыліся ў коўдры, Арына ледзь не выпусціла з рук лыжку, са страхам паглядаючы, як муж памкнуўся адчыняць таму, хто прыйшоў.

— Не з дабром, пэўна, прыходзіць чалавек ноччу. Асабліва цяпер, — думала жанчына.

Пасля непрацяглых перамоў у сенцах бразнуў крук, на які закрываліся дзверы. З цёмнага чатырохкутніка ў дзвярах вынырнуў прышлы мужчына. Знешне — такі ж вясковец, толькі з вінтоўкай за плячыма.

— Вечар добры ў хату.

— Добры, — насцярожана адгукнулася Арына.

— Што, гаспадынька, не пазнала? Я ж сваяк ваш — Яўхім, з Шайтраўкі, Анэлін муж.

— Анэлін Яўхім? — памкнулася разгледзець госця жанчына. — Казалі ж, што ты сышоў некуды, а цяпер раптам тут. Ды нейкі зарослы, учарнелы.

— Час такі, змрочны, і я такі ж, як час, — нявесела пажартаваў мужчына. — Ты, Арынка, глянь там, што ў рот укінуць, а мне з гаспадаром паталкаваць трэба.

Гаспадыня не вельмі ахвотна пачала збіраць              пачастунак: з сенцаў прынесла агуркоў, кіслага бярозавага квасу. Вагаючыся, адрэзала невялічкую ружовую лустачку сала. "Няхай ужо, — падумалася, — не чужы". Разам з падсохлым (пякла цяпер рэдка — праз два, а то і тры тыдні) кавалкам хлеба прынесла на стол.

— Еш.

Яўхім падсеў бліжэй да стала, а Уладзімір адазваў жонку ў сенцы.

— Мне трэба будзе пайсці на дзень-два. Укінь у торбу перакусіць чаго.

— Куды? — перасохлымі вуснамі выдыхнула жанчына. — А мы? А што з намі?

Уладзімір прытуліў жонку:

— Я ведаю і ўсё разумею, але лепш за мяне ніхто не ведае сцежак праз лес і дрыгву. Я правяду іх, куды трэба, і вярнуся. Станцыя ж недалёка, мо і абыдзецца...

Праз колькі хвілін мужчыны выйшлі з хаты. Арына, якая праводзіла іх да веснічак, перахрысцілася: ёй здалося, што следам за мужам пайшлі ў ноч... дрэвы?! Яна выразна ўбачыла, як да дзвюх постацяў далучыліся яшчэ тры.

— Ды гэта ж людзі, што з Яўхімам прыйшлі, — здагадалася і адразу з'явіліся іншыя думкі: "Што ж цяпер будзе?!.."

...другая

Пачатак жніўня. Ноч цёплая, але ногі студзіць раса. Цемень такая — хоць вока выкалі, ды ісці па дарозе нельга: можна нарвацца на патруль. Іншая справа: чаго яго цяпер сюды панясе? Месяц яшчэ не ўзышоў, таму Уладзімір амаль не бачыў сваіх спадарожнікаў. Сярод змроку людскія постаці выглядалі чорнымі рухомымі плямамі.

Пачаўся імшок.Так называўся невялікі лясок, з дзвюма рачулкамі, месцамі забалочаны, а месцамі нават падтоплены. У паўднёвую частку імшку дзецям хадзіць катэгарычна забаранялася. Можна было трапіць у вокны (бяздонныя ямы, запоўненыя вадой, а часам і зарослыя зверху імхом і рознай расліннасцю). Дрэвы сумна ківалі вершалінамі, абступалі вузкую сцежку. З-пад куста раптам вырваўся напалоханы заяц.

— Лажыся! — піхнуў Уладзіміра ў плечы Яўхім і тут жа апынуўся на зямлі сам. Сцягнуўшы з плячэй зброю, іншыя таксама пападалі, ляснулі затворы. Чаканне. Пасля досыць працяглай паўзы пачуўся няўцямны голас Уладзіміра: "Вы чаго?"

— Цьфу! — плюнуў адзін з партызанаў. — Каб ты выпруціўся! Заяц! А мы ледзь не пачалі страляць.

Збянтэжаныя людзі пачалі падымацца.

— Ваякі адважныя, — прамовіў Яўхім.

— Ага, упяцёх аднаго касавокага забаяліся, — гэты голас быў ужо ніякавата-насмешлівы. — Героі — волаты.

Заўсміхаліся. Ускінулі зброю за плечы. Пайшлі.

— Ты, гэта, не думай чаго, — Яўхім крануў правадніка за рукаў. — Нам ужо двойчы на нечаканыя сустрэчы "шанцавала". Стася паранілі.

— Ды я нічога такога і не думаю. У мяне зараз свой клопат — тарфянік перайсці.

Ісці па імшку ноччу Уладзімір не баяўся. Тут усе сцежкі не толькі вядомыя, а і некаторыя нават самім ім "удасканаленыя": дзе жэрдкі пакладзеныя, дзе лазовая галіна, колькі год назад падторкнутая, порасць пусціла, ад нетрані абараняе. Ды і кожнае месца па-свойму пахне: тут вось сырасцю і багнай — трэба сцерагчыся, тут — дух сунічны, салодкі, зямля цяплом дыхае — смела ступай, не сумнявайся. А ў гэтым месцы, з моцным пахам лісця і пылу, лепш разявакам не быць: можна і ў лоўчую яму трапіць або з ляснымі мурашамі пазнаёміцца.

Праз нейкую гадзіну імшок застаўся ззаду.

— Цяпер не шкодна было б крыху курнуць ды перадыхнуць, — прапанаваў праваднік. — Далей ісці будзе надта цяжка і небяспечна.

Пасля невялічкага прывалу рушылі зноў. Уладзімір кіраваў да Тадорына лугу.

Тадорын луг — сапраўднае тарфяное балота, з тых, дзе зямля дыхае пад нагамі. Купіны, зарослыя травой, скарлючаныя дрэўцы і велізарная тоўшча торфу. Гэты торф мясцовыя сушылі і карысталі як паліва, але ісці па яго адважваліся не ўсе.

Уладзімір з дзяцінства чуў жудасныя гісторыі пра гэта прапашчае месца. Утапілася ў "чортавых вокнах" не адна карова. Парыкае, пакутніца, колькі разоў — і ўсё. Гаспадар і дабрацца бліжэй да сваёй худобы не паспее. Ды каб і паспеў, усё адно нічым бы не дапамог. Хадзілі і больш страшныя чуткі пра гэтыя мясціны.

Прайсці праз балота Уладзімір не адважваўся, таму скіраваў у лес, што рос па ўскрайку. Тут таксама хапала ўсякага, але ісці было больш бяспечна.

...трэцяя


"Паміраць збірайся, а жыта сей", — кажуць у народзе. Ну, а калі пасеяў, то трэба і жаць. Арына жала. Старэйшыя дзеці дапамагалі ёй, малеча пасвіла жывёлу, збірала для свіней ахрап'е. Потым гуртам даставалі дзежку, у якой салілі агуркі, дружна тапілі яе ў сажалцы, каб ссохлае дрэва набрыняла і не прапускала ваду.

За цэлы дзень набегаешся, галава гудзіць ад сонца, рукі гараць, паколатыя жытнім асцём,спіна нямее так, што хочацца стаць ільном, і каб цябе мялі і раўнялі, раўнялі і мялі. Адпачынак здаваўся самай жаданай радасцю, але да поўнай цемнаты яшчэ далёка. Ля хлява рыкае карова — кліча гаспадыню, у катушку пляцкае парася, якое ўжо атрымала сваю вячэру. З хляўца чуецца кудахтанне курыцы. Гэта Надзейка, сярэдняя дачушка, не вельмі пачціва выкідвае квактуху і забірае яйкі. Патрэбная гэта, аказваецца, рэч — яйкі: на іх можна і солі выменяць, і сярнічак, і, калі колькі дзясяткаў збярэцца, ад чаргі на прымусовыя работы ў абозе адкупіцца. А вось самім іх паесці ўсё ніяк не атрымоўваецца — "разліковая адзінка". Таму і на вячэру, часцей за ўсё, бывае не яечня і нават не малако, а "путра". І гэты раз вячэралі ёю.

Арына перахрысцілася, прашаптала малітву. Пасля агульнага "амінь" лыжкі дружна нырнулі ў міску. За ежай маўчалі. Арына, аглядаючы "араву", уздыхала. Ёй есці не хацелася. Цяпер, калі ўсе сабраліся ў хаце, выразна стала адчувацца тая трывога, што ўвесь дзень таміла і скубла сэрца. Шасцёра. Што з вамі будзе, калі, крый Божа, Уладзімір не вернецца! Што калі трапіць разам з іншымі да ворага? Тады — здзекі, смерць. Не, лепш пра гэта не думаць.

Сёння на хутары быў патруль. Сабралі даніну малаком, яйкамі і пайшлі. Пра Уладзіміра яны не пыталіся, і таму гаспадыня была задаволеная.

— Можа, і заўтра не папытаюцца, а там ужо і вернецца, тады адгаворку прыдумваць не трэба будзе, — падбадзёрвала сябе жанчына, — Крулеўшчына ж блізка. Усяго дзве гадзіны добрага ходу па бальшаку.

Да думак пра мужа вярнулася і пасля вячэры, калі, стомленыя за дзень, дзеці ўжо паснулі.

...Спяць дзеткі. Аж сэрца заходзіцца, калі думаеш пра іх. Вайна, чужынцы паўсюль, ліхія, бязлітасныя. Старэйшага сына вывезлі ў Нямеччыну, і вестачкі ад яго няма. Ці жывы хоць? За малых сэрца баліць. Хоць бы з імі не сталася чаго благога. А цяпер і муж невядома дзе.

Злосць пачала закіпаць у сэрцы жанчыны: "Пайшоў дарогу паказваць. Забаву знайшоў, а пра сям'ю і клопату мала. Ведае, што бывае з тымі, хто партызанам памагае. Калі дазнаюцца фашысты, то ні вялікіх, ні малых не пашкадуюць.Колькі людзей пабіта! А гэтыя — ідуць і ідуць са сваёй Германіі, зводу ім няма. Рабуюць, забіваюць, ні Бога не ведаюць, ні праўды, як звяры".

У хаце было душна. Ад духаты і цяжкіх думак разбалелася галава. Спаць расхацелася, і Арына выйшла на двор.

Начное паветра, такое густое і вязкае, бы саладуха, не прынесла ёй спакою. Напружаная, свінцовая, стаяла вакол цемра. Ледзь чутна ўздыхалі дрэвы, калі іх лісцяў кранаўся гарачы вецер. З боку Бацілоўшчыны напаўзала дымна-чорная хмара, з жаўтаватымі краямі, якая прагна абцягвала неба. Дзесьці далёка пагрозліва варочаўся гром. Знерваванай Арыне гэта падалося выбухамі снарадаў. У вушах зашумела. Сэрца памкнулася кудысьці прыхавацца, заціснуцца пад плячо.

Хмара набліжалася...

...чацвёртая

Днее... Яшчэ якую гадзіну — і ўсё, дадому. Хлопцы ўжо што маглі — выгледзелі, вылічылі: якая ахова, дзе знаходзіцца, колькі яе, якія ўмацаванні. І , наогул, што толькі ім было трэба. І што змаглі пры гэтых абставінах, зрабілі. "Спяцы". Я ні за што не здагадаўся б, што тая, зусім звычайная, куча ламачча — прыхаваная "агнявая кропка", а на гэтай пожні і атаўкі пакасіў бы. Слаўная атаўка, з дзятлінкай, — кароўка са смакам з'ела б. А што плямкамі крыху трава жаўцейшая — і ўвагі не звярнуў бы. Аказваецца, поле міннае! Вось і меў бы атаўку.

Дождж, які збіраўся, напэўна, увесь апошні тыдзень, нарэшце вызваліўся з "палону" і з імпэтам уцекача забарабаніў па спакутаванай ад спёкі зямлі. Галіны дрэў адразу ж намоклі, пацяжэлі, раскалмаціліся. Пыл на траве, перамешаны з вадзянымі патокамі, ператварыўся ў сапраўдны кісель, у якім прыходзілася ляжаць. Спачатку гэта было нават няблага: прыемная прахалода змывала распараную млоснасць з твару і плеч, астуджала паветра, у якім ужо, здавалася, не асталося нічога жывога, ратавала сасмяглыя вусны. Затым задавальненне прайшло. "Гразевыя ванны" хутка астылі, і знаходзіцца ў іх было непрыемна: дрыжыкі праціналі ўсё цела, сполахі маланкі асвятлялі кожны кусцік лепш за варожыя пражэктары. Хацелася шчыльней уціснуцца ў шматметровую тоўшчу Рамжанскага тарфянога балота, з векавых глыбінь якога ішло цяпло...

* * *

Партызаны дабраліся да месца назірання напярэдадні. За мінулую ноч перайшлі Тадорын луг, Жукаўскі лес, некалькі безыменных ляскоў і кустоўяў. Ужо на досвітку падышлі да першых рубяжоў абароны станцыі. Партызаны загадалі Уладзіміру затаіцца, а самі... зніклі.

Дзень быў марудны і цягучы, як патака, і такі ж ліпуча-пякотны. Колькі разоў прайшоў патруль з сабакам. На шчасце, паўдзённы сухавей, які рабіў з узмакрэлай на целе вопраткі сапраўдны кабат, адносіў пах у другі бок, і сабака не ўчуяў на тарфянішчы людзей. Пад ноч змянілася варта на "сакрэтах". Раз-пораз лагчыну пераразала яркае святло пражэктараў. Абходы патруля пачасціліся. Крыху пазней загрукатала. Да свету пражэктараў дадаліся ўсплескі маланкі. Вецер падужэў. Колькі імгненняў цішыні — і дождж, напачатку нясмелы, а затым усё больш моцны і упэўнены, ператвараўся ў сапраўдны лівень.

— Адыходзім, — тузанулі за штаніну Уладзіміра.

...пятая

Арына пякла хлеб. Ён быў цяжкі, шэры,амаль напалову з лебядой, — горкі хлеб ліхалецця. Ці ж такі хлеб клаўся на паліцу перад вайной?! Караваі, пульхныя, важкія, былі напоўненыя святлом і сонцам. Ад іх святлела на сэрцы і святлела ў хаце. Рукі дужэлі, спіны выпростваліся, цягнуліся-крапчэлі дзеці. А хлебны пах! Яго, здавалася, можна было чэрпаць лыжкай — такі густы і сытны.

Дзе яна, тая пара-часіна? За якія горы, за якія долы сышла, адкацілася? Дзе шукаць яе? Якімі шляхамі кіравацца? Сядзі цяпер ціхутка, носу не выторкваючы: нічога не бач — нічога не чуй? Яно, мо, і няблага, але і ціхмянага карася рыбак выцягвае. Кінуць-рынуць усё, пайсці у лес? Ды куды ж кінеш шасцёра малых дзетак? Няхай сабе большая, Соня, дарослая ўжо. Сама вызначыць, сама рашыць можа, але якое рашыць?! Дзякуй цётцы, матчынай сястры, схавала ў сябе пляменніцу. Карослівай аб'явіла, у рыззё закутала. Каб не гэтая хітрасць, ужо і яе, Соню, як і старэйшанькага, вывезлі б у Германію. Якая бяздонная яна, гэта Германія: колькі дабра вывезена, колькі людзей, колькі жывёлы! А ўсё ідуць і ідуць цягнікі, вязуць і вязуць нарабаванае. Калі ўжо зойме ёй дух, ды лопне ненажэрнае чэрава?!

Ходзяць чуткі, што саветы неўзабаве вернуцца, што павярнула вайна ў другі бок. Намуляла сабе карак, не па сіле хапіўшы! Няхай бы ўжо хутчэй Чырвоная Армія прыйшла, прагнала гэтую навалу. Нядоўга перад вайной пабыла Савецкая ўлада — два гадкі якія, але і за гэты час людцы сонца ўбачылі, жыццё на смак пачулі, сябе на людзей прымералі.

Плывуць думкі, то пераскокваючы адна да другой, то павольна, задуменна. Розныя яны — думкі, як і часіны, калі яны нараджаюцца. Змрочныя і светлыя, сумныя і вясёлыя, горкія і ўсцешныя — розныя думкі.

У руках нараджаўся хлеб...

* * *

Той ноччу Арына так і не заснула. Вярнулася ў хату, пасядзела на лаве ля акна, прычакала дождж. Паставіць апару вырашыла раптоўна.

У дзежку, дзе заўсёды заставалася рошчына, дасыпала мукі, даліла цёплай вадзіцы, замяшала. Два разы падышло. Абціснула. Замясіла. Сфармавала. Пакуль цеста падыходзіла, прапаліла бярозавымі паленцамі печ. Нашморгала кляновага лісця. Калі трэба было закрываць юшку, гусіным крылом змяла попел, пасцяліла пад іспод лісце.

У гэты час пачуліся знаёмыя крокі.

— Ну, вось і я, — на парозе стаяў і ўсміхаўся Уладзімір.

— Угу, — Арына наўмысна прыхавала радасць, якая рвалася з грудзей. — Падай лапату. Час садзіць хлеб...

* * *
Мой прадзед, Чарапкоўскі Уладзімір Дзям'янавіч, 1900 года нараджэння, быў прызваны ў Чырвоную Армію ў 1944 годзе. Служыў у разведбатальёне Ракасоўскага, на Другім Беларускім фронце. З баямі прайшоў Беларусь, Польшчу. Пры ўзяцці Варшавы быў цяжка паранены і кантужаны. Быў камісаваны і вярнуўся дадому.

Узнагароджаны 11 медалямі. Два з іх — "За адвагу".


23 снежня 2010 года
Звязда
Рагнеда Юргель


 

Кoличество переходов на страницу: 1238


Комментарии