У маладосці мой бацька любіў спяваць з сябрамі. Ён не меў ні выдатнага музычнага слыху, ні голасу. Але гэта было абсалютна няважна.
Асабліва яму падабаліся, як мне запомнілася з дзяцінства, дзве песні пра вайну — польская «Червонэ макі на Монтэ‑Касіна» і італьянская «Бэла Чао» («Бывай, каханая»). Спявалася апошняя, здаецца, на дзвюх мовах — па‑італьянску і па‑расійску. Памятаю радкі (прыводжу ў вольным перакладзе): «Я заўтра ўранку Пайду з атрадам Гарыбальдзійскіх партызан».
Пазней даведаўся, што, паводле легенды, напісаў яе адзін з партызанаў, якія змагаліся з фашыстамі ў Апенінскіх гарах. Якая сувязь паміж песняй часоў Супраціву і нацыянальным героем Італіі ХІХ стагоддзя Гарыбальдзі — шчыра кажучы, не ведаю.
Але яна настолькі зачароўвала, што я і цяпер выразна чую тую цудоўную мелодыю і прыпеў: «o bella ciao bella ciao bella ciao ciao ciao».
Нетыповы
Не памятаю, каб у кампаніі бацькі спявалі калі‑небудзь савецкія ваенныя песні. Хоць амаль усе яго сябры ўдзельнічалі ў вайне. Ніякіх «Ой, бярозы ды сосны…», а тым больш, пахмутаўскіх «песень партызан». Фальш у той кампаніі адчувалі імгненна.
Бацька быў, канечне, нетыповым ветэранам. Магчыма, таму, што ён пайшоў у партызанскі атрад, калі яму яшчэ не споўнілася 14, і запомніў вайну не такой, як большасць савецкіх ветэранаў. За ўсю вайну ён застрэліў толькі аднаго нямецкага салдата, выпадкова. Потым усё жыццё згадваў той эпізод — у тым ліку, у сваёй творчасці.
Ён ніколі не хадзіў на ветэранскія шэсці і ўрачыстыя сходы. Часам ездзіў толькі на сустрэчы партызан сваёй брыгады. Не чапляў ён і ўзнагароды на парадны пінжак, называў іх «цацкамі». (Хоць медалём «За адвагу», які атрымаў адразу пасля вызвалення Мінска ў 1944‑м, ганарыўся).
І ў страшным сне не можна сабе ўявіць, каб ён падпісваў лісты супраць назвы сайта «Беларускі партызан» ці пікетаваў бы «Народную волю» за «плявузганне» на савецкіх партызанаў.
Наадварот, ветэраны самі не аднойчы пісалі на яго публічныя палітычныя даносы, абвінавачвалі ў прыніжэнні подзвігу савецкага народа. За «акопную праўду» бэсцілі ў свой час і Васіля Быкава, ды іншых пісьменнікаў‑франтавікоў, з якімі бацька сябраваў.
Тым больш дзіўнай і нечаканай стала для яго прапанова Уладзіміра Мулявіна напісаць сцэнар для новай праграмы «Песняроў», прысвечанай 40‑годдзю Перамогі — «Праз усю вайну». Бацька напісаў не толькі лібрэта праграмы, куды ўвайшлі песні на словы Міхаіла Кульчыцкага, Аляксандра Твардоўскага, Навума Кісліка, іншых расійскіх паэтаў, якіх ён высока ацэньваў. Напісаў і некалькі сваіх тэкстаў.
Адзін з іх («Какие вам нужны полотна? Триумф? Парад? Но горы трупов не бесплотны — они смердят») выклікаў шок.
Тагачаснае партыйнае начальства патрабавала зняць кампазіцыю на гэтыя словы, але Мулявін катэгарычна адмовіўся, і праграма цалкам выйшла такой, якой была задумана. Некаторыя песні з яе, стылізаваныя бацькам пад песні ваеннага часу, — напрыклад, «Выпраўляла маці сына…», «Вяртанне» — надоўга сталі папулярнымі. Яны і дагэтуль гучаць на канцэртах, у беларускім тэле‑ і радыёэфіры. Праўда, далёка не заўжды называюць імя іх аўтара…
Брыгады ці банды?
Публікацыя мемуараў Іллі Копыла «Нябышына. Вайна» у газеце «Народная воля» — далёка не першая з тых, дзе апісваюцца злачынствы савецкіх атрадаў супраць мірнага насельніцтва Беларусі. Адмаўляць факты было б глупствам. Але ж як раней было немысліма пісаць і казаць пра злачынствы савецкіх партызанаў ці «асабістаў» у атрадах, так цяпер у пэўным асяродку «нямодна» згадваць злачынствы паліцаяў, здзейсненыя ў супрацоўніцтве з гітлераўцамі. У пісаннях некаторых аўтараў усе былыя паліцаі выглядаюць як выключна ідэйныя патрыёты, што змагаліся за незалежнасць Бацькаўшчыны. У тым ліку — з ненавіснымі яўрэямі. Ну, а беларускія партызаны былі, адпаведна, спрэс бандытамі, сярод якіх не было ніводнага прыстойнага чалавека.
Мне падавалася, што гэта нейкая адметная асаблівасць савецка‑беларускай ментальнасці. Але нядаўна трапіла ў рукі кніга выдатнага італьянскага пісьменніка і філосафа Умберта Эка «Поўны назад! «Гарачыя войны» і папулізм у СМІ» (A passo di gambero: guerre calde e populismo mediatico). Расійскі пераклад яе выйшаў у свет у 2007 годзе. У кнігу ўвайшлі эсэ, якія публікаваліся на пачатку «нулявых» гадоў у газеце Espresso. У адным з іх, якое выйшла ў 2004 пад назвай «Грамадзянскія войны, супраціў і тэраразм», Эка закрануў тэму вайны ў Іраку, дзе войскі ЗША і кааліцыі сутыкнуліся з масавым супрацівам.
Дазволю сабе прывесці цытату, якая падаецца мне надзвычай актуальнай.
Умберта Эка піша:
«Адметна, што значная частка тых, хто лічыць скандальным дзяліцца імем «супраціву» з іракцамі — гэта менавіта тыя, хто даўно імкнецца дэлегітымізаваць наш уласны Супраціў, сцвярджаючы, што партызаны былі бандытамі. Але хвілінку: мне падаецца, усе забыліся на тое, што «супраціў» — тэрмін тэхнічны, да яго нельга ўжываць крытэры маральнай ацэнкі.
Успомнім, ёсць і тэрмін «грамадзянская вайна» — гэта калі суайчыннікі, якія гавораць на адной мове, страляюць адно ў аднаго. Грамадзянскімі войнамі былі Вандэя і вайна ў Іспаніі, грамадзянскай вайной быў наш Супраціў (адны італьянцы ваявалі з іншымі італьянцамі). У нас, дарэчы, мелі месца адначасна і грамадзянская вайна, і супраціў, паколькі супрацівам завецца выступленне часткі грамадзянаў супраць замежнай інтэрвенцыі.
(…) Толькі ў рэдкіх выпадках грамадзянская вайна дасягае маштабу буйных палявых дзеянняў. Хоць у Іспаніі гэта было. Звычайна ў грамадзянскай вайне ўдзельнічаюць брыгады (інакш кажучы — банды). Яны налятаюць, наносяць удар і ўцякаюць. Такія ў іх звычкі. На фоне сутычак і закалотаў гуляюць на поўным раздоллі прыватныя арміі атаманаў, палявых камандзіраў, а таксама банды ўвогуле без прыпіскі, якім проста на руку бязладдзе».
Эпілог
Калі замяніць у тэксце Эка слова «супраціў» на звыклую нам «партызанку», ён надзіва падыходзіць для апісання сітуацыі вакол ацэнкі айчыннай гісторыі часоў Другой сусветнай вайны. Толькі не трэба казаць, быццам у нашых партызанскіх атрадах размаўлялі выключна па‑расейску, а сярод паліцаяў — адно па‑беларуску. У партызанах, з розных прычынаў і матываў, апынуліся не толькі савецкія «акружэнцы» ці гарадскія жыхары Беларусі, але шмат беларускіх сялян. А сярод калабарацыйных фармаванняў чаго вартыя расейцы-галаварэзы Гіль-Радзівонава.
Канечне, ні пра што падобнае мой бацька і яго сябры не думалі, калі спявалі песню пра «гарыбальдзійскіх партызан», якія змагаліся з фашыстамі. Рамантызм гэтай песні не мае, напэўна, нічога супольнага з жорсткай рэальнасцю вайны. Але ў ёй ёсць — прынамсі, для мяне — нешта такое, што міжволі прымушае сэрца біцца хутчэй і ўзнімаць вышэй галаву.
Летась бацькі не стала. Мне здаецца — ён пайшоў з атрадам гарыбальдзійскіх партызан.
Віталь Тарас (з Нашае Нівы)
Кoличество переходов на страницу: 2048
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |