28 ліпеня 1914 году Аўстра-Вугоршчына афіцыйна абвясьціла вайну Сэрбіі, аўстра-вугорскія войскі перасеклі сэрбскую мяжу, а аўстра-вугорская артылерыя пачала абстрэл Бялграду.
1 жніўня Нямеччына абвясьціла вайну Расеі і, без абвяшчэньня вайны, акупавала Люксэмбург. 3 жніўня Нямеччына абвясьціла вайну Францыі. 4 жніўня нямецкія войскі ўварваліся ў Бэльгію. Кароль Бэльгіі Альбэрт зьвярнуўся па дапамогу да краінаў-гарантаў бэльгійскага нэўтралітэту.
4 жніўня Вялікабрытанія абвясьціла вайну Нямеччыне і накіравала войскі на дапамогу Францыі.
6 жніўня Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну Расеі.
Пачаўся сусьветны ваенны канфлікт, які трываў да 11 лістапада 1918 году і каштаваў жыцьця 20 мільёнаў вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва; 21 мільён чалавек былі ў гэтай вайне параненыя і пакалечаныя.
У сувязі з гэтай гадавінай карэспандэнт балканскай службы нашага радыё Драган Стаўлянін задаў два пытаньні вядомым на Захадзе гісторыкам, якія займаліся вывучэньнем пэрыяду Першай сусьветнай вайны.
1. Мінула стагодзьдзе ад выбуху Першай сусьветнай вайны. Ці можна цяпер адказаць на адвечнае пытаньне — хто вінаваты?
Джон Кайгер, прафэсар эўрапейскай гісторыі і міжнародных адносін Кеймбрыджскага ўнівэрсытэту:
«Нават цяпер ня ясна, да якой ступені паасобныя тагачасныя звышдзяржавы адказныя за выбух той вайны. Я хацеў бы сказаць, аднак, што Нямеччына і Аўстра-Вугоршчына па-ранейшаму застаюцца асноўнымі віноўнікамі. Такое меркаваньне па-ранейшаму застаецца ў сіле. У цэлым, аднак, мне здаецца, што ў тыя апошнія тыдні ліпеня і ў пачатку жніўня 1914 году вайну выклікала група дэзарыентаваных палітыкаў, якія не пасьпявалі за падзеямі. Яны не заўсёды ведалі, што робяць. Яны не заўсёды ўсьведамлялі наступствы сваіх рашэньняў. І, як вынік, яны час ад часу апыналіся ў пастцы сваіх рашэньняў, якія паволі, паступова прывялі да выбуху вайны».
Герхард Гіршфэльд, прафэсар гісторыі Штутгарцкага ўнівэрсытэту:
«Калі зрабіць сьпіс тых, хто быў вінаваты, ён заўсёды будзе пачынацца з ультыматуму, выстаўленага аўстра-вугорскім урадам Сэрбіі і — гэта вельмі важна — разам з карт-блянш ад нямецкага ўраду, які сказаў: „Слухайце, вы можаце рабіць, што хочаце. Але зьніміце гэтае сэрбскае пытаньне раз і назаўжды“. Яны чакалі традыцыйнай вайны, у стылі ХІХ стагодзьдзя. А атрымалі вайну новага тыпу, амаль непадуладную розуму».
Шон МакМікін, прафэсар гісторыі Ўнівэрсытэту Коч у Стамбуле:
«Нямецкія і аўстрыйскія дыпляматы пасьля забойства ў Сараеве імкнуліся лякалізаваць канфлікт на Балканах. Гэта, магчыма, было нерэальнай мэтай, але ідэальны сцэнар як для Бэрліну, так і Вены палягаў у тым, каб Аўстра-Вугоршчына атрымала магчымасьць супрацьстаяць Сэрбіі без умяшаньня іншых дзяржаваў. Палітыка або пазыцыя Расеі, вядома, палягала ў тым, каб ахапіць крызісам, а затым канфліктам увесь кантынэнт. Каб гарантаваць, што ўмяшаецца і Францыя, і Вялікабрытанія. Каб гарантаваць, што калі справа дойдзе да вайны, то Англія і Францыя будуць змагацца на расейскім баку. У гэтым сэнсе ператварэньне канфлікту ў эўрапейскі і сусьветны пажар было насамрэч мэтай палітыкі Расеі. Гэта ня значыць, што Расея нясе поўную адказнасьць. Гэта значыць, што тут было спалучэньне аўстрыйска-нямецкай рэакцыі на Сараева з рэакцыяй Расеі на аўстрыйскія крокі супраць Сербіі. Гэта тое, што спарадзіла Вялікую вайну».
Аніка Момбаўэр, старэйшы выкладчык гісторыі ў Адкрытым унівэрсытэце ў Лёндане:
«Многія з тых, хто прымаў рашэньні, і, па сутнасьці, многія шараговыя эўрапейцы насамрэч адчувалі, што вайна ў канчатковым выніку немінучая. Акрамя імпэрыялізму, прыгадайце яшчэ іншы «ізм» — сацыяльны дарвінізм, перакананьне, што краіны і нацыі падлягаюць такім самым біялягічным законам, як жывёлы, і што ім наканавана альбо падняцца на вяршыню, альбо загінуць у суперніцтве за ўладу. Існуе такое адчуваньне, што калі вы хочаце быць вялікай дзяржавай, вы павінны весьці вайну супраць іншых вялікіх дзяржаваў і, зразумела, выйграць гэтую вайну, каб захаваць ваш статус вялікай дзяржавы. Шмат хто з тых, што прымалі рашэньні, прагнулі вайны, і вы можаце знайсьці тых людзей ва ўсіх сталіцах вялікіх дзяржаў. Але тады іх было сапраўды вельмі шмат у Вене і ў Бэрліне. І шмат хто зь іх тады казаў: «Ох, калі б толькі вайна пачалася раней, чым я пайду на пэнсію!».
Ёрн Леангард, прафэсар гісторыі ў Фрайбургскім унівэрсытэце:
«Я думаю, няправільна будзе казаць пра нейкую унікальную нямецкую віну за тую вайну, але мы павінны гаварыць пра розныя і вельмі часта ўзаемазьвязаныя віды адказнасьці. Уся тая гутарка пра нямецкую віну была моцна абумоўленая Вэрсальскім трактатам і міжваенным пэрыядам, калі сьцьвярджалася, што прыход Гітлера да ўлады быў магчымы толькі дзякуючы гэтай віне... Я думаю, што гэты дыскурс аб віне за вайну мае моцны маральны падтэкст і што мы цяпер маем патрэбу ў сапраўдным гістарычным аналізе. Калі мы зробім такі аналіз, то я лічу, мы ўбачым, што там было шмат розных відаў адказнасьці. Там быў ня толькі нямецкі карт-блянш для Аўстрыі — там быў таксама расейскі карт-блянш для Сэрбіі, безь якога Сэрбія, праўдападобна, не адказала б на ультыматум так, як яна адказала. І быў таксама свайго роду карт-блянш Францыі для Расеі».
2. Чуваць шмат меркаваньняў пра падабенства цяперашняй сусьветнай сытуацыі — скажам, сытуацыі ва Ўкраіне або спрэчкі паміж Кітаем і Японіяй за выспы і рэсурсы у Паўднёва-Кітайскім моры — і сытуацыі летам 1914 году. Ці бачыце вы нейкія паралелі і высновы, якія можна зрабіць адносна сёньняшняга сьвету?
Джон Кайгер:
«Я баюся, што так. Я — хутчэй пэсыміст, і думаю, што асабліва ва Ўкраіне, але, магчыма, і на Далёкім Усходзе існуе патэнцыял для таго, каб справы пачалі ісьці ў вельмі дрэнным кірунку. Хапіла б аднаго выпадку, у якім гонар нацыі быў бы пастаўлены пад пытаньне — як, напрыклад, забойства Франца Фэрдынанда 28 чэрвеня 1914 году — скажам, забойства важнай асобы ва Ўкраіне, якое адразу задзейнічала б розныя зьнешнія сілы, а яны ў сваю чаргу маглі б справакаваць вельмі сур’ёзны канфлікт. Гэта мяне непакоіць. Я ня думаю, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый змагла б шмат зрабіць у такім выпадку. Цяжка гадаць, але, напрыклад, калі б ва Ўкраіне быў забіты амбасадар Расеі, дык што адбылося б потым?»
Герхард Гіршфэльд:
«Я ня бачу паралеляў. Гісторыя не паўтараецца. Гісторыя па-свойму залежыць ад пэўных фактараў і абставін, якія адрозьніваюцца ад таго, што ў нас ужо было. Няма паралеляў паміж 1914 і 2014 гадамі. Сказаўшы гэта, трэба прызнаць, што ёсьць адзін элемэнт, які, я баюся, стварае пераемнасьць, і гэта — чалавечы фактар. Людзі не мяняюцца. Яны маюць усё тыя самыя пачуцьці, эмоцыі, амбіцыі, памкненьні да ўлады. Так што, калі справа даходзіць да ацэнкі чалавечага фактару і амбіцыі палітыкаў, я сказаў бы, што тут мы маем элемэнт пераемнасьці. Але гістарычны кантэкст кардынальна зьмяніўся. Мы ня мелі ў 1914 годзе ні НАТО, ні АБСЭ, ні Эўразьвязу. Тады не было міжнародных арганізацый і саюзаў, якія кантралявалі б элемэнты крызысу. У нас застаюцца такія самыя эмоцыі, як у мінулым, але зьмяніліся абставіны і гістарычныя структуры».
Шон МакМікін:
«Гісторыя ніколі не паўтараецца дакладна такім самым чынам. Я бачу прывабнасьць такіх аналёгій — што сёньня Кітай зьяўляецца колішняй Нямеччынай. Але, вядома, Кітай можа аднолькава добра быць і аналёгіяй Расеі 1914 году. Эканоміка Расеі расла з хуткасьцю амаль 9% у 1914 годзе. Насамрэч у шмат якіх адносінах Расея напярэдадні Першай сусьветнай вайны была нашмат лепшай аналёгіяй для сёньняшняга Кітаю. Праўдападобна, і гэта прызнаюць нават прыхільнікі традыцыйнай гістарыяграфіі, уся праблема была ў росьце расейскай магутнасьці, і гэта было тое, што насамрэч дэстабілізавала Эўропу — зусім ня рост нямецкай магутнасьці. Такім чынам, нават калі мы спрабуем рабіць высновы з гісторыі, мы прыводзім няправільныя аналёгіі і атрымліваем няправільныя высновы».
Аніка Момбаўэр:
«Гісторыкі і палітыкі часта азіраліся на ліпень 1914 году і іншыя гістарычныя падзеі, каб знайсьці дапамогу ў вырашэньні бягучых крызысаў. Я думаю, гэта цікава, што ліпеньскі крызіс 1914 году так часта згадваўся ў сродках масавай інфармацыі палітыкамі і гісторыкамі ў дачыненьні да крызісу ва Ўкраіне. Я ня ведаю, ці мы можам зрабіць для сябе якія-небудзь высновы з крызісу 1914 году, але калі можам, то я лічу, што яны ўжо былі зробленыя, бо на дадзены момант у Эўропе не грыміць ніякая сур’ёзная вайна. І я думаю, гэта часткова таму, што мы зрабілі высновы з гісторыі і павучыліся на мінулых памылках. Але я не лічу, што крызіс у мінулым можа паслужыць нам для вырашэньня якога-небудзь сучаснага крызісу».
Ёрн Леангард:
«Мы павінны пазьбягаць размовы аб непасрэдных аналёгіях. Калі мы паглядзім на лета 1914 году, мы ўбачым фактары, якія дапамогуць нам лепш зразумець цяперашнюю сытуацыю. Першае, што я згадаў бы, гэта палітыка гісторыі. У гісторыі застаецца свайго роду імпэрыялізм і страх перад імпэрыялізмам пасьля развалу імпэрый. Сёньняшняя Расея — гэта постімпэрская дзяржава. Калі вы паглядзіце на зону канфлікту ад Балтыі праз паўднёва-ўсходнюю Эўропу і да Блізкага і Далёкага Ўсходу, вы ўбачыце свайго роду ценявую зону трох былых імпэрый — расейскай, імпэрыі Габсбургаў і асманскай. Распад гэтых імпэрый быў наступствам Першай сусьветнай вайны. Можна аргумэнтаваць, што пасьля заканчэньня Першай сусьветнай вайны не зьявілася ніводная стабільная дзяржаўная структура, якая змагла б запоўніць прагалы ад гібелі гэтых імпэрый».
Радыё Свабода, 28 ліпеня 2014
Кoличество переходов на страницу: 645
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |