Сёлета 12 ліпеня, праз 104 гады пасля трагічных падзей, у вёсцы Дражна Старадарожскага раёна Мінскай вобласці з удзелам жыхароў, землякоў і кіраўніцтва раёна быў адкрыты мемарыяльны знак наступнага зместу: «Мемарыяльны знак усталяваны ў памяць нявінна загінулых 32 мірных жыхароў падчас польска-савецкай вайны 1919–1921 гадоў, калі ад рук польскіх карнікаў 12 ліпеня 1920 года былі ўшчэнт спалены 179 хат вёскі Дражна».
У гэты дзень мемарыяльныя знакі былі ўсталяваныя таксама ў вёсцы Залужжа, дзе польскія карнікі спалілі 148 дамоў, і вёсцы Падарэссе, дзе было спалена 200 хат. Усяго ў трох вёсках загінула 89 бязвінных жыхароў, у асноўным дзеці, жанчыны, старыя людзі.
Гісторыя трагічных падзей бярэ пачатак з 1918 года, калі адноўленая польская дзяржава мела прэтэнзіі на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, нягледзячы на тое, што яны былі заселены беларусамі, украінцамі і літоўцамі. Усе гэтыя народы імкнуліся да самастойнасці. Але кіраўніцтва Польшчы распрацавала план стварэння федэрацыі народаў былой Рэчы Паспалітай, у якой Польшчы адводзілася галоўная роля. У сваю чаргу маладая Савецкая дзяржава, што ўзнікла ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, таксама мела жаданне стварыць федэрацыю, але ў адзінай сацыялістычнай краіне.
У такім цяжкім ваенна-палітычным становішчы 1 студзеня 1919 года была абвешчана Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (ССРБ).
Эскалацыя напружанасці ў рэгіёне прывяла спачатку да ваеннага супрацьстаяння, а потым да паўнамаштабных баявых дзеянняў, якія ўвайшлі ў гісторыю як Польска-савецкая вайна. Яе молах прайшоў амаль па ўсёй Беларусі, у тым ліку па маёй малой радзіме — Старадарожчыне. Са жніўня 1919 да ліпеня 1920 года яна знаходзілася пад акупацыяй Войска Польскага.
Мае землякі аказвалі палякам усямернае супраціўленне. На тэрыторыі раёна дзейнічалі шматлікія партызанскія атрады, якія самааддана змагаліся з легіянерамі польскага корпуса Даўбар-Мусніцкага.
У другой палове 1920 года Войска Польскае пад ударамі рэгулярных часцей Чырвонай Арміі, якую ўзначальваў палкаводзец М.М.Тухачэўскі, пачало адступленне ад Смаленска. 12 ліпеня 1920-га каля паўдня па бальшаку Асіповічы-Слуцк рухаўся конна-пяхотны атрад палякаў колькасцю каля трохсот чалавек. Атрад абмінуў вёску Вялікі Бор, наблізіўся да Дражна. Большасць жыхароў паселішча знаходзіліся на сенажаці, у полі на сельгасработах. Жанчыны і падлеткі збіралі ў бліжэйшым лесе ягады і грыбы. У хатах засталіся ў асноўным дзеці, жанчыны з немаўлятамі, старыя людзі.
Коннікі, ахапіўшы падковай сяло, пачалі паліць паходнямі хаты і гаспадарчыя пабудовы. Вёска напоўнілася жудасным крыкам дзяцей, жанчын, старых, якія выбягалі з палаючых дамоў. Польскія карнікі бязлітасна калолі іх штыкамі вінтовак, расстрэльвалі.
У цэнтры вёскі мясцовыя будаўнікі даводзілі да ладу новы дом і знаходзіліся на даху. Конныя легіянеры з гіканнем і крыкамі «пся крэў» расстралялі восем чалавек і спалілі будынак. Многія жыхары спрабавалі схавацца ад агню, куль і штыкоў у агародах, бульбяніку, жыце, але і там іх знаходзілі карнікі і забівалі да смерці.
Відавочцы трагедыі ўспаміналі, з якой асалодай карнікі палілі праваслаўны храм, што знаходзіўся каля мясцовых могілак. У ліпеньскі спякотны дзень праз дзве гадзіны мірная вёска ператварылася ў папялішча. Карнікі Войска Польскага ў той дзень забілі 32 мірныя жыхары, спалілі 179 хат у вёсцы Дражна.
У той жа дзень трагічны лёс Дражна зазналі вёскі Залужжа і Падарэссе, што знаходзіліся ў 5 і 6 кіламетрах.
Майму тату Несцеру Іванавічу Дражыну ў той час было шэсць гадоў. Разам з бацькам Іванам Андрэевічам і маці Марыяй Акімаўнай ён цудам застаўся жывы. Я запомніў іх аповеды, як потым узнаўляліся вёскі Дражна, Залужжа, Падарэссе. Гэта была неймаверная праца, жылі ў наспех пабудаваных зямлянках, хлявах для жывёлы.
У пачатку жніўня 1920 года, дзякуючы актыўным дзеянням рэгулярных часцей Чырвонай Арміі, амаль уся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад палякаў. Але мірнае жыццё наладзілася не адразу. На беларускія землі прабіраліся польскія атрады Булак-Балаховіча, якія тэрарызавалі мясцовае насельніцтва.
Рыжскі мірны дагавор, які быў падпісаны 18 сакавіка 1921 года, паставіў кропку ў Польска-савецкай вайне. Па меркаванні гісторыкаў, гэта быў «пракляты дагавор». Краіна Саветаў несла значныя страты. Толькі Беларусь страціла 100 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,7 мільёна чалавек, абсалютная большасць з якіх з’яўляліся беларусамі. Польскія ўлады адразу распачалі апалячванне. За тры гады пасля падпісання Рыжскага дагавора былі закрыты ўсе беларускія настаўніцкія семінарыі. Колькасць беларускіх школ скарацілася ў 20 разоў, гімназій — у два разы.
А да 1939 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі не засталося ніводнай беларускамоўнай школы.
Палітыка польскіх улад закранула і міжканфесійныя адносіны. Праваслаўныя храмы закрывалі, на іх месцы адкрывалі касцёлы. Толькі за 1930 год па рашэнні польскіх судоў пад касцёлы было гвалтоўна аддадзена 300 праваслаўных храмаў. Гэта быў праект знішчэння праваслаўнай веры, накіраваны супраць праваслаўных хрысціян. Усё зводзілася да таго, каб давесці праваслаўе да галечы і бяспраўя. У аснове зямельных адносін таксама быў гвалтоўны захоп у сялян лепшых зямельных надзелаў і перадача іх польскім асаднікам. Для беларусаў уводзіліся квоты на пасады ў дзяржаўным кіраванні, арміі, паліцыі. Гэта была палітыка асіміляцыі і каланізацыі. Дыскрымінацыі падвяргаліся ўсе нацыянальныя меншасці: украінцы, літоўцы, рускія, яўрэі, немцы.
Справядліва, што 17 верасня 1939 года на землі Заходняй Беларусі прыйшла Чырвоная Армія. І гэта быў вызваленчы паход. Амаль 20 гадоў беларусы знаходзіліся пад прыгнётам Польшчы. Пасля прыняцця заканадаўчых актаў Вярхоўным Саветам БССР 14 лістапада 1939 года тэрыторыя Беларусі павялічылася са 125,6 да 225,6 тысяч квадратных кіламетраў, а колькасць насельніцтва з 5,6 да 10,3 мільёнаў чалавек.
Трагічныя падзеі, якія адбыліся больш за 100 гадоў таму ў Старадарожскім раёне, нельга выкрасліць з гісторыі і памяці чалавечай. За ўсталяванне мемарыяльных знакаў аб трагічных падзеях 12 ліпеня 1920 года ў вёсках Дражна, Залужжа, Падарэссе словы шчырай удзячнасці маім землякам, кіраўніцтву Мінскага аблвыканкама, Дражнаўскаму сельскаму савету і ўсім тым, хто дапамагаў нам у гэтай высакароднай справе. Устаноўленыя мемарыяльныя знакі стануць месцам памяці аб нявінна загінуўшых мірных жыхарах гэтых вёсак.
Разам з тым яшчэ ў цяні застаюцца трагічныя падзеі, шматлікія ахвяры сярод мірнага насельніцтва Беларусі ў часы Польска-савецкай вайны 1919–1921 гадоў. На мой погляд, увекавечыць іх памяць можна ў рамках унікальнага праекта «Жыць і помніць» пад эгідай Беларускай праваслаўнай царквы. Упэўнены, што гэтую ідэю падтрымаюць мае землякі, кіраўнікі гаспадарак і тэрыторый. Усё гэта патрэбна нам як напамін аб трагічным мінулым, якое ніколі не павінна паўтарыцца.
Уладзімір Дражын
Звязда, 28 ліпеня 2024
Звязда, 28 ліпеня 2024
Кoличество переходов на страницу: 34
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |