https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Паляшукі і Палявікі


Было ў бацькі дванаццаць сыноў, ўсе рослыя ды ўдалыя хлопцы. Жылі яны на вялікай палянцы, між цёмнага лесу. Вялі там сваю гаспадарку, палявалі на дзікіх звяроў і птушак. Стары бацька, сівы, як голуб, сядзеў сабе ў кажушку зімой і ўлетку ды толькі камандаваў. І былі ў той сям'і лад ды згода. Суседзі жылі ад іх далёка і не рабілі ім шкоды, бо баяліся дружнай сям'і.

Пажаніліся сыны, пайшлі ў іх свае дзеці. Вялікая вырасла сям'я. Ды ўсе слухалі старога бацьку і кажны рабіў сваю работу.

Але вось па некаторым часе памёр бацька, і пачаліся ў сям'і нялады. Жонкі братоў сварацца,  адна адну заядаюць, - рады няма. Такая пайшла між імі калатня, што й мужыкі нічога зрабіць ня могуць. Крычаць жонкі, хочуць дзяліцца.

-Ну, што-ж, - думаюць браты, - трэба дзяліцца.

Пачалі дзяліцца. Дый справа гэта не такая й лёгкая, як ім здавалася. Сяк-так з крыкам ды зыкам падзялілі дабро й жывёлу. А як дайшло да зямлі, дык тут ледзь адзін аднаго не пазабівалі: ніяк ня могуць падзяліць сваю палянку, каб нікому крыўды ня было. Перасварыліся браты з-за зямлі і сталі адзін аднаму ворагамі.

Толькі два малодшыя браты жылі між сабою ў вялікай згодзе: куды адзін, туды й другі. Не захацелі яны калаціцца з братамі за зямлю, пакінулі бацькаву хату ды падаліся ў свет шукаць іншага прытулку.

Зрабілі браты з двух дубоў вялікія сані, запрэглі ў іх шэсць пар валоў, наклалі дабро, пасадзілі жонак з дзяцьмі ды паехалі на санях па пяску. А каровы і дробная жывёла ззаду за імі пайшлі. Працягнулі крыху валы дубовыя сані па пяску ды сталі, як укопаныя. Калёс тыя браты ня мелі і нічога пра іх ня ведалі, бо нікуды яны з свайго лесу ня толькі ўлетку, але і ўзімку ня ездзілі.

Тады пачалі браты адпілоўваць круглыя калодкі ды падкладваць пад палазы. Коцяцца калодкі, і сані паўзуць уперад. Надакучыла меншаму брату падкладваць калодкі пад палазы, вось ён і кажа большаму:

- Давай зробім такую прыладу, каб калодкі самі круціліся пад палазамі!

І зрабілі яны першыя ў тым краі калёсы.

Лёгка пайшлі цяпер валы, так што браты і самі паселі на воз. Едуць і дзівяцца, як яны да гэтага часу абыходзіліся без калёс. Ехалі яны, ехалі, даехалі да вялікай ракі. Агледзелі раку - усюды глыбока, нідзе няма зручнага месца, каб пераехаць ўброд. А тут такая навальніца ўсхадзілася, што лес, як звер, раве. Ломіць навальніца дрэвы, як саломінкі, ды шпурляе ў раку. Плывуць яны па вадзе цэлымі сціртамі.

Паглядзеў на іх малодшы брат, падумаў і здагадаўся, як перабрацца цераз раку. Налавілі яны з братам дрэў, ачысцілі галлё, калоды звязалі адну з аднэй і зрабілі моцны плыт.А як сціхла навальніца, ўзвезлі свой воз на плыт. Самі стаяць на плыце ды кіруюць доўгімі жэрдкамі-бусакамі, а плыт плыве, як параход.

Убачылі каровы, што валы паплылі на другі бераг, кінуліся ў раку ды за імі наўздагон. Толькі свінні і авечкі не адважыліся скакаць у ваду. Стаяць на беразе, рохкаюць, мэкаюць. Вярнуліся потым браты з плытам назад і забралі іх. Гэтак усе і пераправіліся праз шырокую і глыбокую раку.

Паехалі яны далей і забраліся ў такую пушчу, што й канца ёй няма. Пачалі браты церабіць прасекі ў пушчы ды масціць грэблі. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусцей, а у ім такія нетры, што й выбрацца нельга.

Большы брат змарыўся, аслабеў.

- Застануся, - кажа ён меншаму брату, - я тут, бо ня хопіць ў мяне сілы з гэтага лесу выцерабіцца. І застаўся з сваёю сям'ёю жыць у лесе.

З таго часу і яго самога і увесь яго род пачалі зваць паляшукамі.

А малодшы брат не захацеў заставацца ў лесе. Быў ён дужы, як тур  і спадзяваўся на сваю сілу. Ён адзін церабіў прасекі, масціў грэблі і ехаў далей. І да гэтых часоў засталіся яшчэ на Палессі тыя прасекі ды грэблі, што нарабіу малодшы брат. Ці доуга ён так выбіраўся з цёмнага лесу, ці не, але вось нарэшце пачалі трапляцца прагаліны ды палянкі з пяскамі. Асеў малодшы брат на гэтых палянках, пачаў іх араць і сеяць збожжа.

І з таго часу празвалі яго самога і ўвесь яго род палявікамі.

А потым размножыліся паляшукі й палявікі, занялі новыя лясы і палі ды сталі добрымі суседзямі. Так і цяпер жывуць.


( З выдання: "Беларускія казкі".   Выдавецтва "Бацькаўшчына". Мюнхэн 1957.)


 

Кoличество переходов на страницу: 1602


Комментарии