https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Сэрцу мілыя, бо народныя


Жыццё можна спазнаваць з розных ракурсаў. Адзін з варыянтаў — праз народныя песні. Спяваючы іх і ўслухоўваючыся ў змест і інтанацыі выканаўцаў, расшыфроўваючы пасланне часоў, можна адкрыць новае ўспрыманне сябе і таго, што маеш. Менавіта народная творчасць ілюструе простую і такую важную ісціну: не губляючы набыткаў мінулага мы знаходзім саміх сябе. Ці не ў гэтым мудрасць? Фальклорная вандроўка здымачнай групы праграмы «Наперад у мінулае» ў вёску Курыцічы Петрыкаўскага раёна стала яшчэ адной ілюстрацыяй таго, як былое і сучаснасць спалучаюцца сёння ў глыбінцы.

Увогуле любоў да песні — добрая нагода для людзей сабрацца разам, пагаварыць пра важнае зразумелай усім бацькоўскай «мовай». Калектыў народнага фальклорнага ансамбля «Спадчына» налічвае 15 чалавек, што складае палову ад той колькасці ўдзельнікаў, з якіх усё некалі пачыналася. Ансамбль «Спадчына» ўзнік у 1975 годзе, але тады гэта быў хор. У 1992-м калектыў стаў «народным». Сабрала ўсіх Тамара Хаменя. Яна і сёння з’яўляецца нязменным кіраўніком суполкі аматараў спяваць, акампаніруе ім на баяне.

— Іграю на гармоніку я з чацвёртага класа. У нашай сям’і спявалі ўсе. На любое свята родзічы і суседзі збіраліся ў нашай хаце і без песень не абыходзілася. А я заўсёды чакала, пакуль госці за стол сядуць, каб на гармоніку пайграць. Раней наогул больш весяліліся і па-іншаму, — расказвае пра свае адносіны з музыкай Тамара Мікалаеўна. — Пасля заканчэння школы дырэктар прапанаваў мне паехаць на курсы баяністаў. Скончыўшы вучобу там, я паступіла ў Культпрасвет у Магілёве. Працавала і вучылася завочна.

Першая песня, нібы прывітальнае слова, гучыць у выкананні самадзейных артыстаў. Акампанемент баяна і гукі бубна, на якім іграе адзіны мужчына ў калектыве, надаюць песням асаблівы каларыт. Гэтая не выключэнне…

Ой, зялёна жыта, зялёна,

Харошыя госці ў мяне.

Ой, зялёна жыта ды авёс,

Харошыя госці Бог прынёс…

Ой, зялёна жыта, зялёна,

Харошыя госці ў мяне.

Ой, зялёна жыта, асака,

Харошыя госці здалёка…

За гады свайго існавання калектыў паказаў сябе на шматлікіх канцэртных пляцоўках, кожны раз дэманструючы публіцы, як прыгожа можа гучаць народная песня. У гастрольнай біяграфіі — фестывалі «Кліч Палесся», «Берагіня», «Беларусь мая, песня» і многія іншыя, неаднаразова ансамбль быў госцем тэлевізійных праграм. На адной з іх паказвалі мясцовы абрад «Прыданне». У ім дэманструецца святкаванне другога дня вяселля. Калі ад маладой госці ідуць да маладога, то… нясуць з сабой елку. Каб дрэва трапіла па прызначаным адрасе, здаралася, неслі яго амаль што ўпотай. Потым хлопцы з боку маладога павінны былі занесці елку ў хату і паставіць на стол, каб ніхто не забраў. Усё дзейства суправаджалася песнямі. Як патлумачыла мне адна з удзельніц калектыву Вера Шэлег, спявалі прыкладна наступнае: «Ой, ёлка, ёлка кучарава,/ У лесе расла — шуміла,/ Дарогаю шла звініла,/ На стале стала — заззяла,/ Усю сваю радзіначку сабрала./ Уся мая радзіначка, расступіся,/ Ідзе Ганначка на пасад./ Пасадзіла дружачак кругом сябе./ Сама села вышэй усех./ Бо моя головочка крашэ ўсех».

Вера Цітаўна нарадзілася ў вёсцы Рубча, што за Петрыкавам. А пасля замужжа змяніла месца жыхарства. Яна з тых жанчын, каго можна лічыць шчаслівымі, бо яны спазналі радасць мацярынства. Вера Шэлег мае 6 дзяцей, 11 унукаў і 15 праўнукаў. У «Спадчыне» яна з ліку старажылаў. А яшчэ ў ансамблі спявае яе дачка і ўнучка. І калі загаварылі пра жыццёвыя будні, то самая маладая артыстка ў ансамблі — Наталля Шэлег — таксама падключылася да размовы:

— Часы зараз іншыя, але ўсё роўна трэба прыслухоўвацца да старэйшых. Паважаць іх і заўсёды ставіцца з любоўю. Такія людзі ніколі дрэннага не пажадаюць, яны перадаюць нам свой лепшы вопыт. Напрыклад, у сямейным жыцці, як вучылі мяне, дзяўчына павінна быць добрай гаспадыняй. Важна не забывацца пра цярпенне і ўзаемаразуменне ва ўзаемаадносінах, — дзеліцца Наталля. — На маё ўспрыманне жыцця ў пэўным сэнсе паўплывала сямейнае захапленне народнай песняй. Мне вельмі падабаецца спяваць з жанчынамі больш сталага ўзросту. Бо так я магу пераймаць багаты вопыт — і жыццёвы, і што датычыцца майстэрства спяваць. Ад’язджаеш у горад і пачынаеш сумаваць па вясковых буднях.

Вёска Курыцічы, па словах старажылаў, была заснавана яшчэ да нападзення шведаў на Русь. А падчас нападзення ўсе жыхары былі знішчаны, жывымі засталіся толькі некалькі чалавек, якія схаваліся ва ўрочышчы Курчанка. Таксама праз вёску працякала рака з аднайменнай назвай, ад гэтага і пайшла назва Курыцічы. Спачатку на месцы сучаснай вёскі былі хутары, іх назвы ўтварыліся ад прозвішчаў людзей, якія тады засталіся жывымі: Корзун — Карзуны, Сапон — Сапонавічы, Мікіта — Мікіцічы, Лось — Лосевічы. Гэтыя найменні існуюць і сёння. Хутары хутка разрасталіся і з часам аб’ядналіся ў адну вёску. Яна знаходзілася між лясоў і балот. Школ тут не было. Але ў 1905 годзе было ўведзена хатняе навучанне. На той час у вёсцы знайшліся чатыры пісьменныя чалавекі. Пасля вайны 1812 года вёска належала пану Вярбоўскаму, а потым — пану Левяндоўскаму. І толькі пасля рэвалюцыі 1917 года тут з’явілася школа на 3 класы. Вялікая падзея адбылася ў 1929 годзе, калі праз вёску праклалі грунтавую дарогу, якая аб’яднала Петрыкаў і Капаткевічы. На сённяшні дзень вёска набыла статус аграгарадка, у якім налічваецца каля 80 жыхароў і ёсць умовы для камфортнага пражывання: школа, дзіцячы садок, крамы, пошта, ашчадная каса, амбулаторыя агульнай практыкі і Дом культуры. У клубе (так называюць у вёсках Дом культуры) мы і знаёмімся з творчасцю ансамбля «Спадчына». Як заўважаюць удзельнікі, назва гэтая ў пэўнай ступені сімвалічная, таму што любоў да народнага фальклору яны перанялі ад сваіх родных і ў сваю чаргу імкнуцца рабіць усё магчымае, каб перадаць назапашанае багацце наступным пакаленням.

Запрагу я пару коней.

Дай паеду у чыстэ поле,

Дай паеду у чыстэ поле.

Там дзяўчына проса поле.

Проса поле, грэчку вяжа,

Яна ж мне ўсю праўду скажа.

Ці мне цяпер жаніціся,

Ці па прэжней журыціся.

— Велю, мілы, ажаніцца

Дай па прэжней не журыцца.

Паспявалі ўсё: і працаваць, і гаспадарку весці, дзяцей гадаваць, і весяліцца. Вечарамі збіраліся па хатах, у каго большая, каб быў прастор і танцаваць, і спяваць, а нехта займаўся ў гэты час ткацтвам, вышыўкай альбо праў кудзелю ці лапці плёў. Калі электрычнасці яшчэ не было, такія вечары праводзілі пры лучыне. Гарманіста запрашалі з іншай вёскі. Днём яйкі збіралі ўпотай ад маці, каб вечарам музыканту аддаць — ён жа сям’ю карміў. І сядзелі да раніцы… А цяпер збіраюцца толькі ў клубе. «І часта чуюцца і спяваюцца тут песні родныя. Не забываюцца задушэўныя і лагодныя, сэрцу мілыя, бо народныя». Спяваць у ансамблі для ўсіх яго ўдзельнікаў вельмі важна. Не толькі таму, што так адчуваеш сябе патрэбным, не толькі ратуючыся ад адзіноты і надзённых клопатаў, але і для таго, каб захоўваць набыткі фальклорнага мінулага. Такім чынам зберагаецца асаблівая памяць пра тых, хто таксама жыў і любіў…

Жыў у вёсачцы дзядок.

Ростам быў маленькі.

Ён жаніцца захацеў,

Голуб наш сівенькі.

Дзед , дзедачка, дзядок, які ты харошы!

Дзед, дзедачка, дзядок, жонкі

любяць грошы.

Маладзіцу ён сустрэў,

І хадзілі чуткі,

Ён хацеў ёй падарыць

Сэрца і пачуцці.

Ён сустрэў яе ля крамы,

Лезе абдымацца.

— Ты машыну мне купі,

Перш чым цалавацца…

Гісторыі змяняюць адна адну пад акампанемент баяна. Той самы выпадак, калі душа то разгортваецца, то сціскаецца ад спагады… Радаваць гасцей песняй для гэтых людзей — добрая традыцыя і жаданне падзяліцца чымсьці асабістым. Яны гэта робяць настолькі шчыра, што міжволі хочацца аднойчы вярнуцца сюды зноў…

Алена ДРАПКО

Фота аўтара.

P.S. Чарговая вандроўка з праграмай «Наперад у мінулае» і знаёмства з фальклорным народным ансамблем «Спадчына» вас чакае ў нядзелю, 24 мая, на тэлеканале «Беларусь 3»: зможаце пачуць іх жывое выкананне і стаць сведкамі, як госці выпуску прадставяць сваю версію аўтэнтычнай песні.


 

Кoличество переходов на страницу: 573


Комментарии