https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ход канём дыпламата Верасава


Дакументальны аповед аднаго жыцця

Што праўда, тое праўда: першакурснік фізмата Белдзяржуніверсітэта Гаўрыла Верасаў ужо тады, у 1934 годзе, лічыўся самабытным творцам, які цаніў прыгажосць старадаўняй гульні вышэй за яе канчатковы вынік. За шахматным столікам ён адшукваў мізэрныя шанцы дзеля ўзмацнення пазіцыі свайго войска на чорна-белых клетках дошкі і пакідаў поле боя толькі ў тым выпадку, калі ўсе рэсурсы для перамогі былі вычарпаны.

Чым жа іншым, як не "захапленнем боем", можна былоГаўрыла Верасаў, 1936 год. ахарактарызаваць гульню Гаўрылы Верасава на чэмпіянаце СССР 1934 года? Менавіта тады ў горадзе на Няве 22-гадовы беларускі першакатэгорнік (гэта значыць, першаразраднік), па ўсёй турнірнай дыстанцыі прайшоў, не падпісаўшы аніводнага (!) мірнага пагаднення — выпадак у спаборніцтве такога высокага рангу проста ўнікальны. У наш час імя падобнага рыцара без страху і папроку, які ігнараваў само паняцце "нічыя", занеслі б у Кнігу рэкордаў Гінэса.

Дэбют

У сваю "скарбонку" Гаўрыла Верасаў паклаў дзевяць ачкоў за дзевяць перамог і дамогся дзеляжу 13—14 месцаў пры 20 удзельніках. І пры тым, што ў адной кампаніі з ім, дэбютантам, за тытул чэмпіёна Савецкага Саюза змагаліся знакамітыя майстры шахматнай сцэны — Рыгор Левенфіш, Уладзімір Алаторцаў, Вячаслаў Рагозін, Сяргей Белавенец, Васіль Паноў і іншыя. "Мацёрыя турнірныя ваўкі" бачылі ў студэнце Гаўрыле Верасаве "хлопчыка для біцця", але яны дужа пралічыліся: з першых паядынкаў ён сам даў зразумець вядомым гульцам: "Я не лыкам шыты".

Пасля вяртання з Ленінграда на "белым кані" Гаўрыла Верасаў — "аўтар няхай не вельмі гучнай, але ж адметнай сенсацыі" (гэтак ва ўсякім разе каменціравалі поспех дэбютанта з Мінска шахматныя аналітыкі), найперш ліквідаваў "хвасты" па заліках і экзаменах, а праз некалькі месяцаў здзівіў нечаканай "ракіроўкай": аднёс у дэканат БДУ заяву з просьбай перавесці яго на завочнае аддзяленне фізмата і, атрымаўшы "згоду", уладкаваўся на працу аглядальнікам беларускай газеты "Звязда".

Дэбют Верасава-шахматыста, як бачым, склаўся на здзіўленне ўдала, можна сказаць, шчасліва. А папярэднічала гэтай падзеі юнацкае імкненне лёгкага на пад'ём Гаўрылы: разам з сябрамі-выпускнікамі мінскай сярэдняй школы ён падаўся ў Магілёў на будаўніцтва фабрыкі штучнага валакна.

Захаваўся цікавы дакумент — "Личный листок по учету кадров". У ім рукой Гаўрылы Верасава пазначана, як ён год за годам (з 1929-га па 1935-ы) шукаў самы галоўны занятак у жыцці. Учытаемся:

"Арматуршчык на будоўлі фабрыкі ў Магілёве... Інструктар па арматуры на ўзвядзенні "Дома друку" ў Мінску... Інспектар Беларускага рэспубліканскага савета фізкультуры... Дырэктар шахматнай базы Маскоўскага савета прафсаюзаў... Рабочы-станкавы на Мінскім заводзе стандартных дамоў... Студэнт фізмата БДУ..."

"Увосень 1933 года Гаўрыла Верасаў паступіў на першы курс фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, — прыгадваў у сваіх нататках прафесар, заслужаны дзеяч навукі РСФСР, старшыня Шахматнай федэрацыі Масквы ў 80-я гады Фёдар Канстанцінаў. — Там мы і сустрэліся як студэнты. Ён узначальваў шахматную арганізацыю ўніверсітэта, я — камсамольскую. Разам вучыліся і працавалі, былі супрацоўнікамі рэспубліканскай газеты "Звязда". Неаднойчы Гаўрыла Верасаў казаў мне: "А ведаеш, Фёдар, я ганаруся, што браў удзел у будаўніцтве Дома друку. Верыш — гэта мой другі дом..." І я верыў, бо гэта былі не напышлівыя словы, не самалюбаванне здзейсненым, а чыстасардэчнае прызнанне тае часцінкі, няхай маленькай, працы будаўніка, пакладзенай ім у падмурак Дома друку, які існуе і па сёння на праспекце Незалежнасці, 79..."

Надышоў час браць чарговую шахматную вышыню — дамагацца звання майстра спорту СССР.

Званне майстра спорту СССР па шахматах тады, у трыццатыя гады, ставілі на адзін узровень са званнем прафесара ці вучонай ступені кандыдата навук. Знакамітых майстроў насамрэч называлі "Маэстра", іх лічылі амаль небажыхарамі, і здараліся нават выпадкі, калі ў правінцыяльных гарадах шахматных майстроў сустракалі з... аркестрам. Не дзіва. Бо шахматных Маэстра ў Краіне Саветаў на той час налічвалася няшмат, а ў Беларускай ССР Гаўрыла Верасаў быў другім, хто займеў гэта высокае і пачэснае спартыўнае званне...

І зноў восень, восень 1940 года. У Вялікай зале Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага, адбываўся ХІІ чэмпіянат СССР па шахматах.

Фініш чэмпіянату Гаўрылу Верасава не мог не радаваць: у яго актыве значылася 8 перамог, 5 нічыіх пры 6 паражэннях, а ў выніковай турнірнай табліцы прозвішча беларускага майстра суседствавала з прозвішчам шматразовага чэмпіёна Савецкага Саюза, будучага чэмпіёна свету Міхаіла Бацвінніка, які падзяліў 5—6 месцы, а Гаўрыла Верасаў — 7—9 (пры 20 удзельніках).

Ганарыўся беларус і сваёй прыгожай атакай у паядынку з вядомым сапернікам, пераможцам і прызёрам буйных міжнародных турніраў Паўлем Керэсам, што стала падставай для вось гэтай частушкі:

Объяснить я вам берусь,
Как играет Беларусь.
Керес Вересу намедни
Молвил коротко: "Сдаюсь!.."


З тае дваццаткі гросмайстраў і майстроў — удзельнікаў чэмпіянату СССР 1940 года — ніводзін нават не прадчуваў, што праз год шалёныя, азартныя дуэлі мужчын на чорна-белых палях шахматных дошак зменяць бітвы з ворагам і многім з іх давядзецца апрануць салдацкія шынялі...

Час імкліва імчаў не толькі на шахматных гадзінніках.

Дагарала восень сорак першага года. Над мірнай яшчэ зусім нядаўна зямлёй грукатала вайна. Пакідаючы крывавыя сляды, гітлераўскія арміі набліжаліся да Масквы...

Сведка тае трывожнае восені сорак першага — былы рэдактар дывізіённай газеты "Ворошиловский стрелок" Іван Стаднюк. У мемуарах "Исповедь сталиниста" ён апісаў адну гісторыю, пераказваць якую поўнасцю няма сэнсу, і я дазваляю сабе фрагментарна працытаваць аўтара.

"Неўзабаве з'явіўся ў нас яшчэ адзін супрацоўнік. Я літаральна адшукаў яго ў лесе: выпадкова напаткаў чырвонаармейца, які сядзеў на пяньку і гуляў сам з сабою... у шахматы. Убачыўшы мяне, ён спужаўся, ускочыў, падняў карабін, што ляжаў побач, павесіў на плячо, заправіў пад рэменем гімнасцёрку і вінавата ўсміхнуўся.

— Хто такі? — спытаў я, углядаючыся ў ягоны шырокі сялянскі твар, пільныя шэрыя вочы.

— Чырвонаармеец Верасаў! Пасыльны медсанбата сёмай гвардзейскай!

Разгаварыліся. Высветлілася, што ён вядомы беларускі шахматыст, майстар спорту ці нават гросмайстар.

Спытаў у яго, ці змог бы працаваць у дывізіённай газеце. Справа, маўляў, няхітрая: хадзіць на перадавую, збіраць "матэрыял" пра баявыя падзеі на фронце, пісаць нататкі, рэпартажы, артыкулы... З адказам Верасаў не спяшаўся. Прапанаваў мне згуляць партыю ў шахматы. Я прызнаўся, "што гуляць амаль не ўмею, хаця ведаю, як хадзіць кожнай фігурай".

— Я буду падказваць, — паабяцаў ён. <...>
Пачалі гуляць. Мне было прыемна ўслухоўвацца ў вытанчана-інтэлігентную гаворку Верасава. Раз-пораз ён крыху заікаўся, вымаўляючы словы, якія я сустракаў хіба што ў кнігах рускіх класікаў. Словам, я адчуў, што побач са мной адукаваны чалавек, і дзівіўся ў думках ад таго, што не знайшлі яму на фронце больш сур'ёзнай справы, чым быць пасыльным медсанбата. І вельмі здзівіўся, што завуць яго зусім проста — Гаўрылам (праўда, ён сказаў — Гаўрыіл). Мне прыйшоў на ўспамін адзін вясковы "зачуханы" мужычок, пастух Гаўрыла — худы, абарваны, заўсёды п'яненькі. І я нібыта займеў больш упэўненасці ў гульні: пачаў перасоўваць фігуры актыўней, спрабуючы прадугадаць чарговыя хады майстра. Верасаў звярнуў на гэта ўвагу і пачаў наўмысна, як мне падалося, "гуляць у паддаўкі..." <...>

Праз некалькі дзён Гаўрылу Мікалаевіча Верасава прызначылі літсупрацоўнікам "Ворошиловского стрелка". Ён аказаўся даволі здольным газетчыкам, хаця ў ваенных адносінах быў не вельмі падкаваны: не бачыў розніцы паміж гаўбіцай і пушкай, не мог вызначыць калібр мінамёта, прачытаць тапаграфічную карту. Затое вызначаўся адвагай, якая гранічыла з неасцярожнасцю: ён у сярэдзіне дня, здаралася, поўзаў у размяшчэнне баявой аховы і тым самым выклікаў на сябе агонь нямецкіх снайпераў і асуджальныя выкрыкі з нашых назіральных пунктаў.

Не памятаю, калі і куды адазвалі Верасава з рэдакцыі ці адбыў ён па раненні. Знаю толькі, што вайна злітавалася над ім..."

Вайна сапраўды злітавалася над Гаўрылам Верасавым, які пайшоў на фронт дабраахвотнікам у першыя тыдні Вялікай Айчыннай. Пасля цяжкага ранення ён некалькі месяцаў лячыўся у лазарэтных палатах, затым — зноў фронт, Калінінскі, дзе яму ўручылі першую баявую ўзнагароду; а яшчэ была служба ў рэдакцыі 2-га стралковага гвардзейскага корпуса "Савецкі гвардзеец", у палітаддзеле 39-й арміі і, у рэшце рэшт, курсы ўдасканалення каманднага саставу ў Калініне.

Дарогі франтавых журналістаў Івана Стаднюка і Гаўрылы Верасава больш не перасякаліся, а вось легенда пра "вядомага беларускага шахматыста Верасава" ў асяродку армейскіх газетчыкаў і палітработнікаў не-не дый ажывала, абрастаючы новымі падрабязнасцямі. Прычым ажывала пры самых што ні ёсць нечаканых абставінах месца і ваеннага часу.

Прапаную яшчэ адзін фрагмент з мемуараў пісьменніка Івана Стаднюка:

"Рэдакцыю газеты "Мужество" я знайшоў у лесе над Ловаццю паблізу вёскі Мануйлава. Маё паяўленне з рэчмяшком за спінаю заўважыў чалавек сярэдняга росту, усмешлівы і крыху губасты, з праніклівым поглядам шэрых вачэй. Апрануты ён быў у чырвонаармейскую форму, з інтэнданцкімі пятліцамі, у якіх, калі мне не здрадзіла памяць, было па дзве зялёныя "шпалы". Распытаўшы мяне, хто я, адкуль і чаму тут апынуўся, ён тут жа паведаміў, што друкарня рэдакцыі газеты "Мужество" месціцца паблізу, за лясной дарогай, але людзьмі яна яшчэ не ўкамплектавана. <...>

— А пакуль давай згуляем у шахматы, — прапанаваў мне незнаёмец (потым высветлілася, што гэта вядомы беларускі паэт Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў).

Я завагаўся.

— Што, не ўмееш?

— Крыху ўмею. Аднойчы выйграў у чэмпіёна Беларусі Верасава.

Куляшова нібыта ўджалілі. Ён рэзка павярнуўся да мяне ўсім целам і паглядзеў так, нібыта я змарозіў неверагоднае глупства. <...>

— З Гаўрылам Верасавым? — з недаверам прагучала пытанне.

— Так. З Гаўрылам Мікалаевічам.

— Дзе ты мог з ім сустракацца?

— Працавалі разам у рэдакцыі 7-й гвардзейскай дывізіі. — І я падрабязна распавёў усё, што ведаў пра Верасава.

— Значыцца, жывы, курылка! — усцешана зрабіў выснову Куляшоў. — У Мінску мы змагаліся з ім да пасінення. Выйграць у яго даволі-такі складана..."

Вайна тым часам пачала ўжо адкочвацца да заходняй мяжы. Краіна Саветаў станавілася на мірныя рэйкі, і ў Маскве, у зале Дома Саюзаў, 21 мая 1944 года пачаўся ХІІІ чэмпіянат СССР па шахматах. Некаторых удзельнікаў гэтага першынства адкамандзіравалі непасрэдна з фронту, а гвардыі капітана Гаўрылу Верасава выклікалі ў сталіцу са штаба партызанскага руху, які дыслацыраваўся ў адным з вызваленых раёнаў Беларусі.

Той чэмпіянат быў, бадай, самы моцны па складзе ўдзельнікаў, дый шахматы былі зусім іншага, больш высокага ўзроўню. Аднак разміначныя партыі, згуляныя ў часіны зацішша перад баямі ў паходных рэдакцыйных палатках, у шпіталях, а яшчэ сяброўскія дуэлі з Іванам Стаднюком і Аркадзем Куляшовым усё ж крыху дапамагалі майстру Гаўрыле Верасаву падтрымліваць неабходную гульнявую практыку, і ў выніковай табліцы чэмпіянату ён "акупіраваў" месцы з 8-га па 10-е, апярэдзіўшы знакамітых гросмайстраў...

Такім чынам адбылося вяртанне ў шахматны свет.

Пасля прыезду з чэмпіянату СССР Гаўрыла Верасаў атрымаў назначэнне на працу адказным рэферэнтам палітаддзела Міністэрства замежных спраў БССР, а праз чатыры месяцы, 21 кастрычніка 1944 года, яму ўручылі мандат, у якім значылася:

"Предъявитель сего тов. Вересов Гавриил Николаевич является представителем Совета Народных Комиссаров Белорусской Советской Социалистической Республики и Народного Комиссариата Иностранных дел при Польском Комитете Национального Освобождения по вопросам эвакуации и репатриации.

Зам. председателя Совета Народных Комиссаров БССР

Нарком иностранных дел БССР

(К. Киселев)".

Па дарогах рэгіёнаў Беларусі і Польшчы ўжо вызваленых ад нямецкіх акупантаў, на сустрэчных курсах — з усходу на захад і з захаду на ўсход, на спадарожным транспарце, а часцей пешкі з рэчмяшкамі і палатнянымі торбамі за плячыма, рухаліся групкі людзей. У гэтым вірлівым водавароце ваеннага ліхалецця чужынцы ішлі поруч з мясцовымі жыхарамі, а тыя — з чужынцамі: гэта былі бежанцы, ваенныя, цывільныя, вызваленыя з палону ці фашысцкіх канцлагераў, а яшчэ эмігранты — ім трэба было атрымаць у Беларускай ССР правы савецкага грамадзяніна...

Што і казаць — гэты ўшчэнт заблытаны клубок людскіх лёсаў давялося раскручваць яму, франтавіку, капітану запасу Гаўрылу Верасаву, прызначанаму паўпрэдам Саўнаркама БССР па справах рэпатрыяцыі і эміграцыі пры польскім урадзе. Даводзілася выязджаць то ў Брэст, то ў Гродна, то ў Беласток, то ў Люблін, то ў Варшаву... За 8 месяцаў, з кастрычніка 1944-га па май 1945-га, пры непасрэдным удзеле ведамства, якое ён прадстаўляў, дзясяткі тысяч суайчыннікаў змаглі вярнуцца з Польшчы ў родную Беларусь і амаль столькі ж палякаў з заходніх абласцей — Брэсцкай і Гродзенскай — выехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Польскую Народную Рэспубліку.

Дарогі, дарогі... Жыццё на колах...

Напрыканцы лета пасляваеннага 1946 года лёс зноў паклікаў Гаўрылу Верасава ў дарогу, даволі далёкую, — ажно ў Галандыю.

Маршрут быў пакручастым: Масква—Мінск—Брэст—Варшава—Берлін—Гаага... Фактычна давялося ехаць па дарогах мінулай вайны. І вось — Берлін. Дэлегацыя перш-наперш наведала месцы, дзе ішлі баі за Берлін у веснавыя дні 1945-га. Агледзелі разбураны рэйхстаг, над якім савецкія салдаты ўзнялі Сцяг Перамогі. Потым нечакана для ўсіх Верасаў павёў шахматыстаў у... атэлье па пашыве адзення. Гаўрыла Мікалаевіч пагутарыў тэт-а-тэт з закройшчыкам, і той пачаў лічыць па-нямецку: "Айн, цвай, драй, фір, фюнф..." Праз суткі ў атэль, дзе жылі савецкія шахматысты, пасланец з атэлье прывёз пяць шэвіётавых касцюмаў, сшытых па еўрапейскай модзе! "У той пасляваенны час, — успамінаў гросмайстар Васіль Смыслоў, — гэта быў сапраўдны шык-мадэрн. Як і якімі грашыма разлічваўся Гаўрыла Верасаў за абнову — аднаму Богу вядома..."

Чыноўнік беларускага Міністэрства замежных спраў Гаўрыла Мікалаевіч Верасаў на гэты раз выступаў у нязвыклай для сябе іпастасі — кіраўніка савецкай спартыўнай дэлегацыі, якая накіроўвалася на поўнач Галандыі, у горад Гронінген, дзе павінен быў стартаваць першы пасляваенны міжнародны турнір з удзелам мацнейшых на той час шахматыстаў — пяці гросмайстраў з СССР і яшчэ 16 са Старога і Новага свету.

Арганізатары турніру накіравалі запрашэнні ажно 21 удзельніку, але не ўлічылі, што ўсе і прыедуць. А згодна з рэгламентам, павінны былі гуляць толькі 20. Хто стане "лішнім"? Дзіўна, аднак "месца пад сонцам турніру" ніхто з прыехаўшых нават не меў на мэце ўступаць. Пачалі агітаваць зняць кандыдатуру "гаспадара поля" — галандскага шахматыста Лодэвейка Прынса. А той — на дыбы: "Чаму мяне?.."

Сітуацыя склалася патавая, так бы мовіць, тупіковая. І тады "дыпламатычны ход канём" зрабіў Гаўрыла Верасаў:

— Гамлетаўскае пытанне — "быць ці не быць удзельнікам турніру?" —  павінен вырашаць сам пан Прынс... Я ж, як кіраўнік савецкай дэлегацыі, упаўнаважаны заявіць наступнае: "У выпадку адмовы я даю пану Прынсу гарантыю, што ў парадку кампенсацыі ён у бліжэйшы час будзе запрошаны ў Савецкі Саюз на буйны міжнародны шахматны турнір..."

"Ход канём" Г. М. Верасава быў пераканаўчым, і Лодэвейку Прынсу нічога не заставалася, як прыняць умовы, прапанаваныя прадстаўніком Масквы.

Буйны міжнародны турнір у Гронінгене завяршыўся перамогай савецкага чэмпіёна Міхаіла Бацвінніка. Васіль Смыслоў заняў трэцяе месца, і гэты двайны поспех яшчэ вышэй узняў прэстыж савецкага шахматнага мастацтва.

Праз чвэрць стагоддзя пасля турніру ў Галандыі ў кнізе ўспамінаў Міхаіл Бацвіннік адшукаў словы, адрасаваныя і Гаўрыле Верасаву — словы крыху іранічныя, але па-сяброўску цёплыя:

"Майстар Верасаў заўсёды сядзеў у цэйтнотах — быў ён тугадум, вельмі рассеяны, увесь час пра нешта думаў... Нарадзіўся ж ён, аднак, у шчаслівай кашулі, і ўсё ў яго атрымлівалася вельмі ўдала..."

Мітэльшпіль

На "экватары" ХХ стагоддзя (гэта быў год 1950-ы) слухач Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС Гаўрыла Верасаў з галавой акунуўся ў навуковыя пошукі, рыхтаваўся да абароны дысертацыі, пісаў манаграфію "СССР і барацьба народна-дэмакратычнай Польшчы за заходнія землі". Гэтую тэму ён абраў невыпадкова: вывучаць гісторыю імкнуўся не толькі па падручніках — аргументы і факты браў з жывога жыцця.

А што шахматы? Яны, безумоўна, адышлі на другі план, аднак развітанне з любімай гульнёй было хуткацечным. Па рашэнні ФІДЭ (Міжнароднай шахматнай федэрацыі), у тым жа 1950-м эліце савецкіх і замежных шахматыстаў прысвоілі званні міжнародных майстроў. У абойме знакамітых у свеце гульцоў — Уладзіміра Алаторцава, Васіля Панова, Міхаіла Юдвіча (усе з СССР), Светазара Глігарыча (Югаславія), Людэка Пахмана (ЧССР), Даніэля Яноўскага (Канада), Гёста Штольца (Швецыя) і іншых — звання міжнароднага майстра быў удастоены і беларус Гаўрыла Верасаў.

На пачатку 1952 года ствараецца Беларускае таварыства культурных сувязяў з замежжам (БЕЛТКС). Старшынёй Праўлення таварыства прызначаецца выпускнік Акадэміі, кандыдат гістарычных навук Гаўрыла Мікалаевіч Верасаў.

Штодзённая занятасць, паездкі па гарадах Беларусі і за яе межы, прыёмы дэлегацый з многіх краін свету, удзел у партыйных пленумах і сесіях Вярхоўнага Савета БССР не дазваляі Г.М. Верасаву як след рыхтавацца да таго ці іншага шахматнага турніру і таму даводзілася гуляць з "чыстага ліста". Можа быць, па гэтай прычыне ён так і не змог узняцца на тую вышыню, на якую заслужана прэтэндаваў, хаця спартыўныя дасягненні ўражвалі: пяць (!) разоў ён станавіўся чэмпіёнам БССР.

Мітэльшпіль (з нямецкай мовы Mіttеlsріеl ад Mіttеl — сярэдзіна і Sріеl — гульня), як бачым, у шахматыста Гаўрылы Верасава склаўся ўдала.

З маналогу міжнароднага майстра, літаратара Абрама Ройзмана:

"Прозвішча шахматнага майстра Гаўрылы Верасава я ўпершыню пачуў, адно як і сам навучыўся гуляць. Ішоў перадваенны 1940 год. Захапленне шахматамі на той час было масавым, кожны вечар па радыё перадавалі падрабязныя справаздачы з чэмпіянату СССР у Маскве, і прозвішча Верасаў каментатары прыгадвалі разам з іншымі вядомымі шахматыстамі — Бацвіннікам, Смысловым, Бандарэўскім, Керасам, Рагозіным...

Пазнаёміліся мы з ім на пачатку 50-х гадоў. Пасля аспірантуры Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС Гаўрыла Мікалаевіч узначаліў Беларускае таварыства культурных сувязяў з заграніцай, а я быў студэнтам. Ягоную пасаду ў тую пару лічылі на ўзроўні міністэрскай, Верасаў ездзіў на ўрадавым ЗІЛе, сустракаўся і прымаў у асабняку на вуліцы Захарава афіцыйныя дэлегацыі з Еўропы, Амерыкі, Азіі. Пасада адказная, а ён фактычна заставаўся дзеючым шахматыстам майстрам — прымаў удзел у чэмпіянатах БССР, гуляў на Усесаюзных турнірах, у таварыскіх матчах зборнай каманды БССР з камандамі Венгрыі, Польшчы, ГДР...

Ён і сам неаднойчы карыстаўся магчымасцю наведваць "высокія кабінеты". Менавіта Верасаў "прабіў" для прыхільнікаў старажытнай гульні спачатку пакойчык у цокальным паверсе дома па-суседску з паркам Горкага, а ўрэшце адваяваў у Міністэрства гандлю будынак па вуліцы Змітрака Бядулі, 6, дзе адкрыўся рэспубліканскі шахматна-шашачны клуб. Выпадак унікальны, падобнага я не ведаю: чыноўнік высокага рангу, ён жа — дзеючы шахматыст са званнем міжнароднага майстра".
Нібыта Зямлю спадарожнікі, Гаўрылу Верасава акружалі грамадскія справы: дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, член камісіі па замежных справах, член камісіі па справах ЮНЕСКА, старшыня рэспубліканскай шахматнай секцыі, член прэзідыума Усесаюзнай шахматнай секцыі...

У сваю чаргу, Г.М. Верасава акружалі і цікавыя людзі: ён сябраваў з пісьменнікамі, артыстамі, спартсменамі, само сабой — з шахматыстамі. Яго кватэру наведвалі чэмпіён свету Міхаіл Бацвіннік і міжнародны гросмайстар з сусветнай вядомасцю Сало Флор, паэт Аркадзь Куляшоў, драматург Андрэй Макаёнак, пісьменнікі Максім Лужанін і Іван Шамякін.

Пры любых абставінах Гаўрыла Мікалаевіч паводзіў сябе так, каб кожны, хто знаходзіўся побач, адчуваў сябе камфортна, меў талент увайсці ў кантакт: кіраўнікі з высокімі пасадамі цанілі Верасава за адказныя адносіны да паручанага ўчастка працы, падначаленыя — за тое, што не быў злапамятным, сябры — за тое, што ў яго не было ні "чорнай", ні "белай" зайздрасці, а шахматысты — за тое, што ён, як кажуць, быў "сваім у дошку"...

Верасаў добра ведаў, чаго хацеў дамагчыся ў жыцці. Шахматыст, навуковец, ён апантана служыў дзвюм багіням — багіні шахмат Каісе і багіні гісторыі — Кліа. А яшчэ Гаўрыла Мікалаевіч быў аналітыкам, яго любімы занятак — глыбока ўнікаць у сутнасць пазіцыі, каб потым абвергнуць задумы слынных гросмайстраў, пераканаўча даказаць, што ў той ці іншай партыі, да прыкладу, чэмпіён свету Міхаіл Бацвіннік згуляў... слаба ці даў промах геніяльны Роберт Фішар, а Марк Тайманаў і ўвогуле "пайшоў не тым "шляхам""...Аўтарытэтаў Верасаў не прызнаваў і не ўтойваў, што знаходкі ў яго творчай лабараторыі больш пераканаўчыя, чым у іншых аналітыкаў і каментатараў. Гэта яго натхняла, стымулявала на пошук шахматнай ісціны.

З маналогу філосафа і журналіста Аляксандра Ратайкі:

"Гаўрыла Верасаў бачыцца мне як чалавек надзвычай апантаны, азартны: няхай гэта была вучоба, праца, навуковыя пошукі, захапленне паэзіяй, выступленні з лекцыямі ў студэнцкай аўдыторыі, гульні ў настольны тэніс, у шахматы. Гульню ў карты ён таксама абагаўляў і лічыў яе дадаткам да шахмат, балазе і там і там перакрыжоўваюцца выпадак, рызыка, інтуіцыя, шанец, усмешка Фартуны...

Прэферанс аб'яднаў розных па прафесіях, характарах і захапленнях людзей: драматурга Андрэя Макаёнка, акцёра Купалаўскага тэатра багемнага Рамана Філіпава, аўтара гэтага маналогу і, вядома, Гаўрылу Верасава, чыя кватэра па вуліцы Захарава ў 1960-я гады была культавым месцам карцёжнікаў.

Вечарамі не заняты ў спектаклі Раман Філіпаў з'яўляўся без спазненняў і ўжо з парога казаў: "Чур, сёння я гуляю белымі!.." За дошкай балагур Філіпаў, шахматныя ідэі адразу пераўвасабляў у мастацкі вобраз, гульцом быў моцным, і ў партыі з ім Верасаў "паддаўкі" не прызнаваў.

Пакуль акцёр асэнсоўваў чарговы ход, Гаўрыла Мікалаевіч выходзіў у калідор, набіраў нумар тэлефона і вымаўляў кароткую фразу: "Алё... Чакаем-с!.." Гэта быў пароль. І Андрэй Ягоравіч Макаёнак, які жыў паверхам ніжэй, праз колькі хвілін з'яўляўся ў суседа: "О, я так і думаў — яны зноў у шахмоцці рэжуцца!.."

Пачыналася другая дзея — прэферанс...

Гульня захапляла, і чацвёрка патанала ў густых аблоках цыгарэтна-папіроснага дыму...

Картачныя нашыя забавы з цягам часу пайшлі на спад. Раман Філіпаў пераехаў у Маскву, працаваў у Малым тэатры, здымаўся ў камедыйных фільмах "Чарадзеі", "Брыльянтавая рука", "Джэнтльмены ўдачы"... Андрэй Макаёнак на дачы пісаў п'есы, а ў Мінску з'яўляўся наездамі, я таксама быў вельмі заняты навуковай працай у Інстытуце філасофіі Акадэміі навук БССР.

Дружны квартэт гульцоў у карты разладзіўся..."

Дацэнт Мінскага інстытута замежных моў Г.М. Верасаў пасля прысваення яму звання "Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР" у 1974 годзе стане персанальным пенсіянерам, спакваля адыдзе ад практычнай гульні ў чэмпіянатах і ўвесь вольны час будзе бавіць за любімым заняткам — аналітычнай працай.

"Што ёсць, так бы мовіць, новае? — задаваўся пытаннем Гаўрыла Верасаў. — Можа быць, забытае старое? Дэжавю? Не-не! Я — за пошук новага, за пошук ісціны..."

І ён настойліва шукае. І знаходзіць. А вынікам пошукаў і напрацовак у рэшце рэшт становіцца дэбют, які адразу патрапіць у шахматныя падручнікі пад назвай "Дэбют Верасава": 1. d4 d5 2. Kс3 Kf6 3. е4 з падрыхтоўкай хода белых Сg5 і гэтак далей... У 12-га ў гісторыі шахмат чэмпіёна свету Анатолія Карпава сваё, так бы мовіць, эксклюзіўнае бачанне "Дэбюту Верасава": "У чым жа прыгажосць сістэмы Гаўрылы Верасава? Што робіць яе прывабнай не толькі для шахматных гісторыкаў, але і для практыкаў, прычым нават гросмайстарскага ўзроўню? Адказ у адным слове — самабытнасць".

У сваіх досведах па дэбютнай тэорыі, тактыцы і стратэгіі ў сярэдзіне гульні (мітэльшпілі) шукальнік ісціны Гаўрыла Верасаў на чарговым вітку ўзросту і вопыту чэрпаў з "кладоўкі памяці" самы каштоўны матэрыял — уласныя партыі, згуляныя на чэмпіянатах СССР, БССР і міжнародных турнірах з гросмайстрамі і майстрамі з Венгрыі, Польшчы, ГДР (а такіх ён назапасіў сотні (!).

За аналітыку Гаўрыла Мікалаевіч узяўся з імпэтам, балазе гэта была не механічная праца, а праца навукоўцы і даследчыка з боскай іскрай у душы. Ён ведаў тое, пра што хацеў расказаць шахматыстам-прафесіяналам і аматарам старажытнай гульні.

Разгортваючы думку пра заканамернасці памяці аўтаматычнай і лагічнай, Гаўрыла Верасаў піша:

"Для доказу прыгадаю прыклад са свайго вопыту. Мне пашчасціла ў дні маладосці сустрэцца з Эм. Ласкерам і ўдзельнічаць у сумесным аналізе (27—28 лютага 1936 года Мінск наведаў другі ў гісторыі шахмат чэмпіён свету, доктар філасофіі і матэматыкі Эмануіл Ласкер, які адзначыў, "што мінскія шахматысты першай катэгорыі не слабейшыя за гульцоў першай катэгорыі з Масквы". — І. К.). Аналізавалі мы, як я памятаю, адно з тыповых палажэнняў ферзевага пачатку, дзе чорныя ідуць на размен каня на белага слана на полі е3, пасля чаго ў белых з'яўляецца групка пешак — d4, е4... На той час я ведаў выснову тэорыі: "размен на карысць чорных", і таму мяне здзівіла ласкераўская ацэнка — "не ясна, праблемна". У маім усведамленні мільганула зневажальная думка пра Ласкера: "Няўжо ён не ведае высноў тэорыі?" Толькі пазней, калі я стаў дарослым, да мяне дайшло, што ў тую, ужо далёкую пару сустрэліся, з аднаго боку, юны ідалапаклоннік друкаванага слова, які прымаў кожнае слова тэорыі, як ісціну ў апошняй інстанцыі, а з другога — сталы мысліцель".

Эндшпіль
(нямецкае Еndsріеl — канец гульні)

У адзін з вечароў напрыканцы восені 1979 года пасля запісу тэлепраграмы "Гамбіт" яе аўтар і вядучы Віктар Купрэйчык (на той час яшчэ міжнародны майстар) і галоўны рэдактар рэдакцыі прапаганды Дзяржтэлерадыё БССР Юрый Новікаў (фанат шахмат, сам, дарэчы, кандыдат у майстры) вырашылі наведаць Гаўрылу Верасава, які жыў непадалёку ад тэлецэнтра.

Разам з гаспадаром візіцёры абмеркавалі падрыхтоўку да маючага адбыцца чэмпіянату СССР у Мінску. Гэтай падзеі старэйшына беларускіх шахмат Г. М. Верасаў чакаў даўно. Яшчэ з 60-х гадоў ён "прабіваў" у спартыўных колах Масквы ідэю правесці прэстыжны турнір з удзелам мацнейшых гросмайстраў Саюза менавіта ў роднай для яго беларускай сталіцы.

Потым азартны гулец Юрый Новікаў прапанаваў праверыць на практыцы апошнія шахматныя напрацоўкі ў бліц-турніры на высадку. І панесліся ў атаку драўляныя коні...

Развітваючыся, Новікаў і Купрэйчык дамовіліся з Гаўрылам Мікалаевічам правесці ў бліжэйшы час сяброўскі бліц-рэванш...

На жаль, рэванш не адбыўся.

Недзе праз месяц завяршыўся зямны шлях франтавіка, дыпламата, навукоўца, пяціразовага чэмпіёна Беларусі, тэарэтыка і прапагандыста шахматнага мастацтва Гаўрыла Мікалаевіча Верасава.

Іосіф Калюта
Звязда, 14 ліпеня 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1007


Комментарии

29.07.2012 13:43 - Вольф
Дзякуй аўтару за цікавы артыкул. Некалькі ўдакладненняў:

Г. Верасаў не быў другім па ліку майстрам спорту па шахматах у БССР. Да яго гэтае званне заваявалі Уладзіслаў Сіліч з Віцебска (1929) і Ісак Мазель з Мінска (1931).
“Міхаіла Юдвіча” – трэба “Юдовіча”
“"Дэбют Верасава": 1. d4 d5 2. Kс3 Kf6 3. е4 з падрыхтоўкай хода белых Сg5 і гэтак далей...” – трэба “1. d4 d5 2. Kс3 Kf6 3. Сg5 з падрыхтоўкай хода белых е4”, а ход 3. е4 проста аддае пешку.
“У сваіх досведах па дэбютнай тэорыі…” – мабыць, “доследах”?

“З тае дваццаткі гросмайстраў і майстроў — удзельнікаў чэмпіянату СССР 1940 года — ніводзін нават не прадчуваў, што праз год шалёныя, азартныя дуэлі мужчын на чорна-белых палях шахматных дошак зменяць бітвы з ворагам і многім з іх давядзецца апрануць салдацкія шынялі...” Напісана прыгожа, але стварае ўражанне, быццам СССР быў увосень 1940 г. “белым і пухнатым”, а шахматысты – людзьмі, адарванымі ад рэальнага жыцця… Думаю, што пасля “паходу на Польшчу” ў 1939 г. і вайны з Фінляндыяй у 1939-40 гг. многія прадчувалі будучыя “бітвы з ворагам”. Не ведаю, як іншыя шахматысты, а Верасаў – той у 1939 г. актыўна падтрымліваў і паход на Польшчу, і агрэсію супраць Фінляндыі. Пра гэта ёсць сведчанні ў тагачасных газетах.

rubinczyk[at]yahoo.com